Monday, May 23, 2011

СЛОВА Ў НЯДЗЕЛЮ САМАРАНКІ

прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!
Сёньня мы зь вамі чулі эвангельскае апавяданьне пра гутарку Выратавальніка зь жанчынай у студні Якава ў Самарыі. Акалічнасьці гэтай гутаркі незвычайныя ў шматлікіх адносінах.
Хрыстос зьвяртаецца з просьбай і навукай не толькі да грэшнай жанчыны, бо Ён і раней размаўляў з грэшнікамі, але да жанчыны народу, які юдэі лічылі адпрэчаным, лічылі паганцамі… Нават зносіны зь самаранамі яны лічылі для сябе зьнявагай.
Узгадаем, Гасподзь Ісус Хрыстос зьвярнуўся да яе зь незвычайнымі словамі: аб Вадзе Жывой, аб пакланеньні Богу ў духу і ісьціне, а скончыў Сваю вельмі глыбокую па зьместу размову зь самаранскай тым, што прама і адкрыта назваў Сябе Мэсіяй, Хрыстом.


Усё гэта было настолькі незвычайна, што ў самаранкі пачынаюцца усякія здзіўленьні і сумневы чыста зямнога парадку: як Ён, Юдэй, просіць піць у яе, Самарянкі? Бо ж юдэі зь самарянамі не паведамляюцца. І яшчэ Ён кажа: калі б яна ведала, хто Ён, - то яна сама папытала б у Яго піць, і Ён даў бы ёй ваду Жывую. Як Ён можа даць ёй піць? Бо ў Яго і запазычыць няма чым, а студня глыбокі. Бо жыцьцёва гэта немагчыма. Ды і што гэта за “Жывая вада”? Хрыстос кажа пра рэчы нябесных, духоўных, а яна усё разумее па зямному, па жыцьцёваму.
Падумайце, браты і сёстры, такое стаўленьне Самаранкі да слоў Хрыста вам нічога не нагадвае? Бо ж мы так часта просім у Госпада нейкія зямныя даброты, часам, на нашу думку, вельмі ўзьнёслыя, якія нам здаюцца неабходнымі, вельмі і вельмі патрэбнымі для нашага зямнога жыцьця. А Бог нам іх не дае… Але малітва наша ніколі не бывае дарэмнай. І прыклад – просьба Самаранкі. Яна прасіла ў Хрыста вады, прастой, звычайнай вады… Ён і даў ёй ваду, вось толькі не тую прастую і зямную ваду, якую яна прасіла, а іншую – Ягоную ваду, якая ёсьць крыніцай Жыцьця вечнага. Хрыстос даў ёй Жыцьцё Вечнае….
Яшчэ адзін вельмі істотны момант: Ісус адкрывае самарянцы тое, што адмовіўся адкрыць юдэйскаму першасьвятару, рымскаму пракуратару, тое, што зь вялікай асьцярожнасьцю толькі прыадчыняў Апосталам. А менавіта, што Ён і ёсьць той доўгачаканы Мэсія, пра якога казалі прарокі.
Гутарка Хрыста зь самарянкай была першай пропаведзьдзю Новага Запавету перад тварам паганскага сьвету. Яна складала ў сабе абяцаньне Выратавальніка пра тое, што менавіта гэты паганскі сьвет прыме Хрыста. Стары закон не мог напаіць чалавечую душу, якая прагне праўды. Жывая вада мілаты Новага Запавету дала Жыцьцё Вечнае шматлікім паганскім народам, у тым ліку – беларускаму і ўкраінскаму народам.
Сёньня гэты момант асабліва важны, бо Жыцьцё Вечнае атрымалі не тыя, хто называў сябе “богаабраным народам”, “народам мэсіі”… Гэты факт вельмі добра ілюструе і прадказвае долю новых “законьнікаў і фарысэяў”, “новых богаабраных” – апалягетаў т.зв. “рускага міру”. Яны таксама, як і тыя старажытныя жыды, лічаць сябе “абранымі”, таксама са зьнявагай ставяцца да іншых народаў.
І тут нам варта паглядзець: Чаму менавіта жанчыне самаранцы, а потым і ўсім самаранам, адкрыўся Хрыстос.
Згадаем, што ўсхваляваная гутаркай з Госпадам Ісусам Хрыстом, Самарянка пакінула свой ваданос і пасьпешна пайшла ў Сыхем, каб распавесьці жыхарам яго пра незвычайнага Юдэя, які ведаў усе справы яе жыцьця і што назвала Сябе Мэсіяй – Хрыстом. Яна клікала сваіх суграмадзян пайсьці і самім паглядзець, ці не ён Хрыстос. І яны, якія не бачылі яго цудаў, не чулі раней яго пропаведзяў – яны проста прыйшлі і паверылі…
Удумайцеся, браты і сёстры: яны не слухалі шматлікія пропаведзі Хрыста; не бачылі дзівосныя рэчы, якія адбываўся ў тыя некалькі гадоў, калі Хрыстос прапаведаваў юдэям, а проста паверылі…
Як часта мы, пераймаючы тым старажытным жыдам, чакаем цудаў… Як часта кажам, адкрыта альбо прыхавана: вось зьдзейсьніцца цуд – тады я паверу; вось здарыцца на маіх вачах нешта незвычайнае – тады я пайду за Хрыстом. І як часта мы нават не хочам заўважаць знакі, нават цуды, бо нам усё здаецца – іх мала, яны не пераканаўчы… Мы зноў і зноў патрабуем цуда… І Гасподзь, у Сваёй невымоўнай любові і дабрыні, нам гэтыя цуды паказвае. Але мы, як тыя жыды, застаёмся зачыненымі для Бога… А патрэбна проста паверыць і адчыніць сэрца Хрысту.
Але каб праўдзіва паверыць успрыняць гэту ваду Хрыстову, нам, як і Самарянцы, трэба прынесьці пакаяньне. І тады Ён адкрыецца нам і скажа: “Гэта Я, размаўляючы з табою”. І ў нас будзе такая радасьць, што мы не зможам утрымаць яе ў сабе. Мы, самі таго не заўважаючы, пачнём прапаведаваць Хрыста. І не словамі толькі, а усім нашым жыцьцём. У нас тады зьявіцца і сіла вынесьці усё дзеля Хрыста, нават самыя лютыя катаваньні, як іх пераносілі мучанікі Хрыстовы… Як іх выносілі сотні і тысячы нашых спавядальнікаў і мучанікаў ХХ стагодзьдзя, якія ў веры сваёй узялі крыж свой і пайшлі за Хрыстом… І сёньня Гасподзь дае сілы тым, хто шчыра верыць, шчыра і аддана служыць Беларусі і беларускаму народу.
Будзем жа, браты і сёстры, жыць чыстай верай, каб тыя, хто сёньня па-за Царквой, хто яшчэ паланёны князем сьвету гэтага, тыя няшчасныя людзі, якіх вакол нас яшчэ вельмі і вельмі багата, у адзін дзень прыйшлі да Госпада і сказалі нам: “Не па вашым словам веруем, а бачачы жыцьцё вашае, якое вы прысьвяцілі Яму, мы даведаліся і паверылі, што Ён сапраўды Выратавальнік сьвету Хрыстос!” Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.