Прыйдзіце, усьцешымся аб Госпаду, / тлумачачы цяперашняе Таямніцу: / падзяляўшая нас з Богам сьцяна разбураная, / палымяны меч павяртаецца назад / і Херувімы адыходзяць ад дрэва жыцьця / і я прылучаюся да дабрыні раю, / зь якога быў выгнаны за непаслушэнства. / Бо нязьменная Выява Айца / і Напісаньне вечнасьці Ягонай / аблічча слугі прымае, / ад не ведаючай шлюбу Маці нараджаючыся / не пацярпеўшы пры гэтым зьмены. / Бо Ён застаўся, чым быў — Богам праўдзівым, / і прыняў на Сябе тое, чым не быў, / чалавекам зрабіўшыся як чалавекалюбца./ Засьпяваем Яму: / “Божа, народжаны ад Дзевы, памілуй нас!”
Вершыра на “Госпада клічу”, тон 2
Упадабаныя архіпастыры, пастыры і вернікі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дзеці зямлі Беларускай!
Сёньня зазьзяла Калядная Зорка над нашай Сьвятой Беларусьсю, над усім сусьветам зазьзяла, і мы, як старажытныя мудрацы, крочым да ясьляў Нованароджанага Хрыста. Што прынясем мы ў дарунак Яму ў гэты сьвяты дзень? “Золата, ладан і сьмірну” (Мц. 2:11) – прынесьлі яму мудрацы. У чым жа ёсьць “золата, ладан і сьмірна” нашага дарунка?
Найпершым нашым дарункам будзе вера. Тая вера, праз якую аддаём усяго сябе ў рукі Госпада. Вера ў Праўду Хрыстову і Вялікую перамогу гэтай Сьвятой Праўды, за якую незьлічоныя мучанікі, вядомыя і невядомыя, пайшлі на пакуту і сьмерць… І сёньня для беларусаў гэта не толькі словы. Зь верай у Праўду Хрыстову і на змаганьне з “князем сьвету гэтага” выйшлі дзесяткі сыноў і дачок беларускага народу на вуліцы Менска, дзе ўласную кроў і пакуты мучанікаў Праўды прынесьлі як найкаштоўны дарунак да ясьляў Немаўля Хрыста. Гэтым сьведчаньнем веры нашых новых спавядальнікаў жывіцца Дрэва Жыцьця і Вольнасьці нашага Беларускага народу. Дык прынясём да Бэтлеемскае пячоры каштоўны дарунак нашай праваслаўнае веры, каб кожны зь нас мог пераймаць Багародзіцы і ў час пакліканьня адказаць Хрысту: “Вось, слуга Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго” (Лк. 1:38).
Другім каштоўным дарункам будзе выкананьне запавету Любові, бо казаў Хрыстос: “Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою” (Ян. 13:35). Любоў да Бога, да нашай, Богам дадзенай Радзімы – Сьвятой Беларусі; любоў да бліжняга свайго… Мелі мы ў мінаючым годзе вялікі прыклад сапраўднае Хрыстовай любові ў нашым беларускім народзе, калі ў адзінай малітве, адзіным парыве дапамогі зьяднаўся люд беларускі, каб дапамагчы ўсім зьняволеным, пацярпеўшым, параненым… І гэты парыў любові да блізкіх працягваецца і, як мы ўсе спадзяемся, будзе бясконцым. Калі ў нашых сэрцах і душах канчаткова запануе Любоў, дык павернецца да лепшага і пакутлівая доля нашага народу.
І нарэшце трэцім дарункам хай будзе еднасьць беларускага народу. У той час, калі наша краіна, наш народ церпяць сапраўдны генацыд, калі надышоў адказны час змаганьня за жыцьцё не толькі Беларускай дзяржавы, а і самога беларускага народу, мусім пачуць словы сьвятога Апостала Паўла: “Малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы, з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго, імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру” (Эф. 4:1–3). Гэтыя словы датычацца не толькі палітычных партый і рухай, яны датычацца кожнага зь нас. Нават наша Сьвятая Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ў гэты адказны для Айчыны момант апынулася падзеленая… Падзелена не праз багаслоўскія праблемы, а праз асабісты грэх гонару асобных людзей. Будзем маліцца, каб Гасподзь дапамог усім нам пазбавіцца гэтага граху і ў надыходзячым годзе наша Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква зьядналася ў Таямніцах і малітвах, зрабілася здольная несьці праўду Сьвятога Праваслаўя “нават па край зямлі” (Дзеі. 1:8). Бо менавіта да адзінства заклікаў нас Нарадзіўшыся ў Бэтлееме Ісус Хрыстос.
Мы вітаем Вас са сьвятам Нараджэньня Хрыстовага, дзеці Сьвятой Беларусі, віншуем усіх і молімся за ўсіх. Хай Бэтлеемская Зорка заўсёды асьвячае душы і сэрцы нашы, дае сілы і вытрываласьць крочыць па цяжкаму шляху Хрыстоваму. Бо Хрыстос дае нам здароўе, мір, моц духоўную. Ён заўсёды зь намі ў час змаганьня за Праўду і вядзе нас да Перамогі – Уваскрэсеньня.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста ды будзе са ўсімі намі! Амін.
†архіяпіскап Ёван, старшыня Сьвятога Сыноду БАПЦ.
2010/2011
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.