Sunday, January 23, 2011

НЯДЗЕЛЯ ПАСЬЛЯ БОГАЗЬЯЎЛЕНЬНЯ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньняшняе Эвангельле нам кажа пра краіны, якія ляжаць у цемры і цені сьмяротнай, у якіх, аднак, зазьзяла вялікае сьвятло. Ці не датычыцца гэта і ў нашы дні да таго сьвету, у якім мы жывём? З тых часоў, як у Галілею і ў Прымор'е Сьвятой Зямлі зазьзяла сьвятло нараджэньня, жыцьця, пропаведзі, сьмерці і Уваскрэсеньня і Ушэсьця Хрыстовых, эвангельская вестка разьнеслася па усім сьвеце, але успрынятая яна была так па рознаму. Для некаторых яна апынулася новым жыцьцём, вечным жыцьцём, ужо дасягнуўшай да іх, жыцьцём вечным ужо тут на зямлі. Але для большасьці людзей — і, скажам сумленна: для большасьці зь нас! — гэта вестка, якая ёсьць вечнае жыцьцё для усёй зямлі, для сусьвету, зрабілася толькі стройным, прымальным, натхняльным, але, на вялікі жаль, не зьмяняючым нас да канца сьветапоглядам. Як казаў яшчэ ў XIX стагодзьдзі адзін з рускіх пісьменьнікаў, Ляскоў, краіна наша была хрышчоная, але не была адукаваная... І усе мы ў тым жа стане, як наша Русь родная, як землі Захаду, у якіх мы жывём: вестка да нас дайшла, сэрца наша завагалася, уразіла нас складнасьць і прыгажосьць вучэньня Хрыстовага, дзівоснасьць Ягонай асобы, і увайшлі мы ў гэты струмень таямнічага жыцьця. І аднак, так часта гэты струмень нас нясе, нібы мы — іншароднае цела, трэска; мы не робімся тым, чым зьяўляюцца гэтыя жыватворныя воды струменя вечнага жыцьця.
І як тады Выратавальнік Хрыстос, выходзячы на пропаведзь, зьвяртаўся не да людзей, сядзячых у цемры і цені сьмяротнай, а да таго народа, які стагодзьдзямі ужо захоўваў жывое і жыватворнае Боскае слова, зь заклікам: Павініцеся! — так і зараз, слова пра пакаяньне, першае слова пропаведзі Хрыстовай, зьвернутае да нас, да тых зь нас, якія сябе завуць і лічаць вернікамі, да тых зь нас, якія носяць імя Хрыстова, да тых зь нас, па каму людзі, сядзячыя ў цемры і цені сьмяротнай, судзяць пра Бога, пра Ягоную перамогу ці пра Ягоную паразу. Таму што калі яны не бачаць у нас ніякіх пладоў Ягонай пропаведзі, ніякіх пладоў Ягонага жыцьця і сьмерці, ніякіх пладоў таямніц Царквы — як могуць людзі, чужыя Хрысту, чужыя Богу, паверыць Яму, навярнуцца?
І вось, да нас зьвернутае гэта слова: павініцеся! Павініцеся — гэта не значыць: плачце над сабой, гэта не значыць: гаруйце пра свой бядотны, сапраўды бядотны стан, таму што мы жабракі — не ў зямным стаўленьні, гэта б нічога! — але жабракі ў адносінах да Царства Боскага, пазбаўленыя таго, што яго складае. Не, гаворка не пра тое, каб аплакваць нашу галечу і гараваць, а пра тое, каб душой, усёй думкай, усёй крэпасьцю, усёй істотай, усім сэрцам зьвярнуцца да жыцьця — не да таго дробнага, жаласнага, напаўмёртвага жыцьця, якім мы жывём, а да таго струменя жыцьця, якое уяўляюць сабою вечнасьць, Бог. Да нас зьвернутае гэта слова, і мы адкажам, рана ці позна, за тое, што вакол нас зямля усё яшчэ так страшна падобная на шаты сьмяротныя, на вобласьць цемры.
Сьвятло зазьзяла, мы павінны быць яго сьветачамі. Ці зьзяем мы ў цемры? Ці адчыняем мы сабой славу новага жыцьця?.. Павінімся; павернемся тварам да Бога, павернемся тварам да блізкага, зь любоўю, з глыбокай павагай выканаем запавет Хрыстовы, запавет любові, запавет клапатлівасьці, запавет спачуваньня, запавет радасьці, і прынясём у гэты сьвет, у якім мы жывём, сьвятло, жыцьцё і радасьць. Тады апынецца, што мы прынесьлі плады пакаяньня.
Да нас зьвернутае гэта слова: павініцеся!. Павінімся ж, і тады зробіцца сьветла вакол нас. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.