мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Хрост Госпада часта выклікае зьдзіўленьне: навошта Хрысту трэба было хрысьціцца? Бо Ян Хрысьціцель, выходзячы на пропаведзь, заклікаў усіх каяцца ў сваіх грахах, ачысьціцца ад усякай брыдоты, выправіць у сваім жыцьці тое, што пайшло крыва і наўскос, накіраваць усё сваё жыцьцё, і душу, і розум, і волю ў дзеяньне на глыбокую пашану і служэньне Богу. Але хіба гэта трэба было Хрысту? Ён жа быў вольны ад граху, Ён жа быў Сам Бог, зрабіўшыся чалавекам; навошта ж хрост? Адзін заходні багаслоў, адукаваны і тонкі пратэстанцкі пастар мне так гэта растлумачыў, — і мне яго тлумачэньне запала ў душу: ён казаў, што ў нараджэньні Хрыста чалавечае цела, чалавечая асоба Хрыста як бы пасіўная; Ён — нованароджанае дзіця. І ў нейкі момант Ён павінен як чалавек узяць на Сябе тое даручэньне, якое Яму дадзена Богам і Айцом. У Сваёй Боскасьці Ён адзіны зь воляй Айца; але зараз, у Сваім чалавецтве, Сваёй чалавечай воляй Ён павінен злучыцца зусім зь воляй Боскай і пачаць Свой шлях. І вось Ён прыходзіць на Ярдан, дзе Хрысьціцель заклікае усіх пагрузіцца ў ярданскія воды, каб абмыцца, ачысьціцца ад грахоў. І гэтыя воды, вобразна кажучы, зараз зь жывых, простых вод робяцца тым, што рускія казкі завуць "мёртвай вадой": увесь чалавечы грэх, змыты, застаецца ў іх забойным цяжарам. І Хрыстос апускаецца ў гэтыя воды: як чысты, белы лён, як чыстая, белая матэрыя апускаецца ў фарбоўні ў фарбу. І Ён, Сам па Сабе вольны ад граху, выходзіць з гэтых вод, носячы на Сабе увесь цяжар чалавечага граху. Ён апускаецца не ў воды, а ў грэх, Ён апускаецца не ў воды, а ў сьмерць, і выступае з гэтых вод, гатовы да таго, каб падзяліць увесь чалавечы лёс: жыць і памерці як чалавек, застаючыся нязьменна Жывым Богам.
А памерці як чалавек, гэта значыць не толькі быць халодным і галодным, стамляцца і мучыцца, гэта значыць у нейкі момант перажыць адчужэньне ад Самага Бога, страціць Бога, як страціла Бога чалавецтва — і ад гэтага мы усё паміраем. “Божа Мой, Божа Мой, навошта Ты Мяне пакінуў?” — самы страшны крык, які зямля калі-небудзь чула; Сын Божы, жадаючы да канца падзяліць лёс чалавецтва і кожнага чалавека, прымае на Сябе гэту апошнюю бязьдольнасьць, страту Бога, і памірае. І гэты шлях хросны — хросны шлях чалавека Ісуса Хрыста, як Яго заве апостал Павел — пачынаецца ў дзень Ягонага хрышчэньня, калі Ён апускаецца ў сьмерць і грэх, застаючыся Сам несьмяротным і чыстым, але прымаючы нашу сьмерць і наш грэх, і прыносячы іх на крыж у дзень Вялікай Пятніцы. Амін.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.