Monday, January 3, 2011

КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА БЕЛАРУСАЎ АРГЕНТЫНЫ, БРАЗЫЛІІ І УРУГВАЮ

архіяпіскап Апанас (Мартас)
“Хрыстос нараджаецца, услаўляйце!”
У маўчаньні і цішыні Бэтлеемскае ночы зьдзейсьніўся “вялікі і прыслаўны цуд, бо Бог у плоці зьявіўся жывучым у цемры і цені сядзячым”. “Цар Нябесны праз чалавекалюбства на зямлі зьявіўся і зь людзьмі жыве, ад Дзевы чыстай плоць прыняўшы”. “Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды” (Ян. 1:14). У Бэтлееме нарадзіўся “Бог моцны, Уладар, Цар сусьвету, Айцец будучага стагодзьдзя”. Пераможца граху, Выратавальнік прыносячых пакаяньне грэшнікаў. Сябра абцяжараных і працуючых. Увасабленьне Бога Слова ёсьць таямніца ад стагодзьдзя прыхаваная, неспасьціжная розумам чалавечым, але чыстай верай успрынятае.
Уся гісторыя чалавецтва круціцца каля гэтай цудоўнай падзеі. Яно паслужыла зыходным пунктам каляндарнага летазьлічэньня нашай эры. Яго урачыста сьвяткуюць усе хрысьціянскія народы праз усе стагодзьдзі і пакаленьні. Кожны па-свойму усхваляе Хрыста Народжанага і на сваёй мове сьпявае Яму гімны.
Урачыста славілі Немаўля Нованароджанае Бога ад старажытнасьці ў Беларусі . Зь вялікай радасьцю сустракалі нашы продкі Нараджэньне Хрыстова; з поўным глыбокай пашаны пачуцьцём і сардэчным трапятаньнем услухоўваліся яны словам анёльскай песьні: “Слава ў вышынях Богу і на землі мір, у людзях добрая воля!” Для іх гэтыя словы былі па праўдзе нябеснымі гукамі, абвяшчаючымі Боскую волю.
На услаўленьні Хрыста стагодзьдзямі стваралася хрысьціянская культура Беларусі, зрабіўшая шляхетнымі дзікія норавы грубых язычнікаў, якія прынялі веру праваслаўную. Язычніцкая Беларусь зрабілася Сьвятою Беларусьсю, якая дала мноства сьвятых Боскіх і празьзяла высокай набожнасьцю беларускага народу.
У наш час ва усім сьвеце і на Радзіме нашай усё ідзе па-іншаму. Чалавецтва зьмянілася ва усіх адносінах. У Беларусі разбэшчваюць хрысьціян бязбожнікі, там уладарыць дух Антыхрыста, а на чужыне абцяжараныя сьвецкімі справамі дзеці Беларускай Царквы раскалоліся на згубныя юрысдыкцыі, разьдзіраючы на часткі нятканны хітон Хрыстоў — Царкву Сьвятую. Хрысьціяне усіх народаў не узносяць належным чынам славу ў вышынях Богу, а таму на зямлі няма сьвету і ў людзях няма добрай волі.
Нараджэньне Хрыстова ёсьць сьвята хрысьціянскае, царкоўнае, сьвята веруючых душаў. Адпаведна гэтаму яго варта праводзіць рэлігійна і набожна. Крыклівыя рэклям крам, прыбрана упрыгожаныя елкі ў хатах, сьвяточныя падарункі адзін аднаму і шумныя забаўкі, якія наладжаны паўсюдна ў дні Нараджэньня Хрыстовага, гасяць рэлігійнасьць у душы чалавека і адцягваюць яго ад Хрыста. Таму неабходна кожнаму зь нас быць уважлівым да сябе, каб не упасьці ў спакусу і не змарнатравіць дарма свой духоўны стан у сьвятыя дні.
Па прыкладзе набожных продкаў сваіх вы прыбудзеце і ў гэтым годзе ў Калядныя сьвяты ў родныя храмы і узьнесяце малітвы свае да Бога Усявышняга аб сябе саміх і аб родных і блізкіх сваіх. Тут вы акуняцеся ў родную стыхію Сьвятога Праваслаўя, што дапаможа вам ярчэй запаліць полымя веры сьвятой у змучанай душы вашай. Да роднай стыхіі Сьвятога Праваслаўя прылучацца і дзеці, якіх вы прыведзяце ці прынесяце ў храм Божы. Ціхая радасьць напоўніць сэрца ваша і мілата Боская ахіне вас.
У ясьляў Боганемаўля Хрыста аб'ядналіся цары, вешчуны—мудрацы і пастухі. Ці не знак у гэтым усеагульнага яднаньня пад шатамі Царквы, дзе “Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе” (Гал. 3:28). У Цэрквы павінны быць сьвет, любоў і яднаньне — гэта няўхільны закон Хрыстоў. Аднак некаторыя суайчыньнікі нашы, прасякнутыя духам стагодзьдзя гэтага, уносяць на месцах у Царкву расколы, якія моцна шкодзяць справе выратаваньня душаў праваслаўных беларусаў. Мы верым, аднак, што наступіць царкоўнае аб'яднаньне і тады зь вялікай радасьцю будзем усхваляць Хрыста ў сьвятыя дні Ягонага хвалебнага Нараджэньня.
Сьвяты Апостал Павал кажа нам: “Калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам, каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне. А як што вы - сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: “Абба, Войча!” Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.” (Гал. 4:4 – 7)
Вітаю вас, умілаваныя мае беларусы, дзеці мае духоўныя, са сьвятам Нараджэньня Госпада Бога і Выратавальніка нашага Ісуса Хрыста і вельмі прашу вас усяляк захоўваць у сабе падараваную вам мілата Сьвятога Духу, а таксама высокае званьне сыноў Божых. Тады зноў сыдзе да нас на зямлю Хрыстос, і Дух Ягоны будзе жыць у нас; тады гукі анёльскай песьні нябесным матывам прагучаць у душах нашых, напаўняючы іх невымоўнай радасьцю. Амін!
1957 г.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.