Sunday, October 17, 2010

КІЕЎСКІ МІТРАПАЛІТ СІЛЬВЕСТР КОСАЎ І ЯЗАФАТ КУНЦЭВІЧ — ПОВЯЗЬ ЦАРКОЎНЫХ ГЕРАРХАЎ

Ігар Войніч

У судовай справе забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча дагэтуль застаюцца нявысьветленымі некаторыя пытаньні. На гэтым забойстве сучасныя дасьледчыкі як зь уніяцкага, так і з праваслаўнага боку зарабілі і цяпер зарабляюць шмат палітычных ачкоў, каб прынізіць годнасьць сваіх апанэнтаў. Аднак наш расповед галоўным чынам закранае самы пачатак супрацьстаяньня паміж Кунцэвічам і жыхарамі Віцебска.
У грамадзкім жыцьці ВКЛ на працягу другой паловы XV і усяго XVI ст. пачало дзейнічаць пісанае права. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 г. патрабавалі карыстацца толькі “правом писаным” 1 (Статут 1566 г., раздз. 4, арт. 30; Статут 1588 г., раздз. 1, арт. 1). Царкоўнае жыцьцё ў ВКЛ па-ранейшаму рэгулявалася звычаёвым правам, аднак паступова ў праваслаўных землях стала уводзіцца практыка прызначэньня найвышэйшых царкоўных ерархаў са згоды сьвецкіх уладаў 2.   XVI — пачатку XVII ст. кароль Жыгiмонт III Ваза, а разам зь iм i пераважная большасьць дэпутатаў сэйм (у асноўным каталікі) паспрабавалі надаць тагачасным парадкам нейкія цывілізавана-законныя рамкі.
Вядома, што на Берасьцейскiм саборы 1596 г. царкоўная грамадзкасьць Беларусi i Украiны падзялiлася на тых, хто прыняў унiю, i тых, хто застаўся ў праваслаўi. Дзяржаўныя улады схіляліся да думкі, што праваслаўныя прыходы на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага, якія не прынялі уніі, не маюць законнага права на існаваньне. Тое, што ў дзяржаве працягвала iснаваць праваслаўная царква, найвышэйшымі коламі грамадзтв проста не заўважалася, бо праваслаўных i унiятаў лiчылi прадстаўнiкамi адной канфэсii — царквой грэцкага абраду. На найвышэйшыя дуxоўныя пасады, паводле канстытуцыйных пастаноў сэймаў 1607, 1609 i 1618 г., без згоды караля нельга было высьвячаць новага царкоўнага герарха. Паступова біскупаў, якія працягвалі упарціцца прыняцьцю уніі, па меры іх адыходу ў небыцьцё, замянілі на уніятаў. Да 1620 г. амаль уся царкоўная улада на землях ВКЛ, за выключэньнем некалькіх брацтваў і прыходаў у найбольш буйных праваслаўных цэнтрах (Вільні, Кіеве, Полацку, Віцебску, Львове і інш.) лічылася уніяцкай. Аднак у гэтым годзе ў Кіеў, вяртаючыся зь Масквы, завітаў ерусалiмскi патрыярx Тэафан, запрошаны запароскім казацкім гетманам Пятром Канашэвiчам-Сагайдачным.
Паводле звычаёвага права або старадаўніх традыцый, высьвячэньні на найбольш старадаўнiя рускія япархіі — Кiеўскую мiтраполiю, Полацкую архiяпiскапiю і іншыя царкоўныя пасады — павінны былі адбывацца са згоды ці па даручэньні Канстанцiнопальскага патрыярxа. Тэафан якраз меў на гэта паўнамоцтвы. Паддаўшыся націску (не выключана, што паспрыялі і багатыя падарункі украінскага гетмана), ён высьвяцiў на царкоўныя пасады новых ерархаў, якiя ужо былі занятыя уніятамі 3. Сярод іх — манах Мялецi Сматрыцкi, хiратанiзаваны за некалькі тыдняў у дыяканы, пасьля ў ерадыяканы (прэсьвітар), і ужо толькі потым у біскупы на Полацкае арцыбiскупства, якое ужо займаў унiят Язафат Кунцэвiч. Кунцэвічу, у сваю чаргу, яшчэ раней было прапанавана прыняць дабраслаўленьне на Полацкае арцыбіскупства ад Тэафана, але Кунцэвіч пасьля некаторых ваганьняў усё ж адмовіўся, чым выклікаў гнеў палачан. Пасьля гэтага архіяпіскапства і было прапанавана віленскаму манаху Сматрыцкаму 4. Новае высьвячэньне адбылося без дазволу караля — значыць, з парушэньнем законаў, што вяло да грамадзкай няўстойлівасьці ў шматнацыянальнай дзяржаве.
Паміж уніятамі і праваслаўнымі успыхнула новая канфрантацыя, ускладненая наступнымі акалічнасьцямі. У гэты час вялася вайна памiж Рэччу Паспалiтай i Турцыяй. Кароннае і казацкае войскі восеньню 1620 г. якраз атрымалі адчувальную паразу пад Цэцорай. Канстанцiнопаль — дуxоўны цэнтар праваслаўя, як вядома, з 1453 г. быў ужо пад туркамi. Палiтычным фактарам нестабiльнасцi ў Рэчы Паспалiтай было таксама тое, што Маскоўская дзяржава пасьля падзеньня Канстантынопаля абвясцiла сябе “трэцiм Рымам”, цэнтрам усёй Русi i праваслаўя . Са свайго боку яна лiчыла, што усе усxоднеславянскiя землi, дзе ёсьць праваслаўныя прыxоды, нават у Кiеўскай мiтраполii, падпадаюць пад яе дуxоўнае кiраўнiцтва.
Напружаныя адносiны зь Маскоўскай дзяржавай, якая варожа сябе паводзіла ў час польска-турэцкай вайны, прыхаваная пагроза ад праваслаўнага казацтва i незаконнае, паводле пісанага права, аднаўленьне патрыярхам Тэафанам найвышэйшай праваслаўнай герарxii вымусiлi караля Рэчы Паспалiтай Жыгiмонта III сваiм унівэрсалам у лютым 1621 г. абвясьцiць Тэафана турэцкiм шпiёнам, а новавысьвечаных герарxаў загадаць прыцягнуць да судовай адказнасцi за здраднiцтва 5. Ім былi прад'яўлены тры асноўныя абвiнавачваннi: што патрыярx Тэафан самазванец 6 i турэцкi шпiён і усе яго высьвячэннi несапраўдныя, што гэта парушае каралеўскiя правы i старадаўнiя законы; патрыярx хіратанізаваў ерарxаў на тыя епарxii, дзе ужо ёсьць бiскупы, а гэта пярэчыць юрыдычнаму правiлу — адну пасаду не павінны займаць дзьве асобы 7. Усе абвінавачваньні былі юрыдычна замацаваны новым каралеўскім унівэрсалам ад 22 сакавіка 8.
Дзеяньні уладаў былі цалкам лагiчныя: Тэафан — падданы султана, у Маскве гасьціў дзевяць месяцаў, столькі ж у Кіеве 9, дзе праводзіў, па сутнасьці, антыдзяржаўную палітыку, заклікаючы украінскіх казакаў “не падымаць зброі супраць сваіх адзінаверцаў, што жылі ў Вялікай Расіі, і пакарыцца Маскоўскаму самадзержцу”. За такія дзеяньні, прызнаюцца самі маскоўскія праваслаўныя дасьледчыкі, Тэафана шчодра адорвалі багатымі паднашэньнямі 10.
Мялецi Сматрыцкi, вярнуўшыся пасля сваёй хiратанiзацыi з Кiева ў Вiльню, адразу пачаў рассылаць па усёй Полацкай епархіі лiсты, у якiх прыводзiў шэраг аргумэнтаў на карысьць свайго, згодна з “старадаўнiмі традыцыямі” , сапраўднага прызначэньня на Полацкае архіяпіскапства 11, адначасова заклікаючы насельніцтва не падпарадкоўвацца уніяцкаму арцыбіскупу Кунцэвічу. У гэтых лістах Сматрыцкі мянаваў сябе сапраўдным Полацкім архіяпіскапам, а Кунцэвіча называў вераадступнікам (apostatem). У якасьці довадаў прыводзіўся аргумэнт, што яго, Сматрыцкага, хіратанізавалі ад імя Канстантынопальскага патрыярха, а ў Кунцэвiча такога пасьвячэньня не было. Значыць, той — несапраўдны герарх.
Адзін з такіх лістоў быў накіраваны ў Віцебск. Каму мог Мялеці Сматрыцкі яго даверыць? Надзейнаму чалавеку, якi добра ведае мясцiны, куды гэтае пасланьне накiроўвалася. Такой асобай у Вiльнi, дзе Сматрыцкi ў гэты час выпускаў свае кнiгi, мог стаць якраз жыхар Віцебшчыны Сiльвестар Косаў, які ў 1621 г. там вучыўся.
Бацька, дзед і прадзед будучага кіеўскага мітрапаліта Сільвестра Косава для свайго часу былi адукаванымi людзьмi: іх служба патрабавала даволi сур'ёзных ведаў, іх жыцьцё было зьвязана са справамі віцебскага суда і магістрата. Косавы намагалiся даць сваiм дзецям самую лепшую адукацыю, якую можна было атрымаць. Аднак у Рэчы Паспалітай юнакi праваслаўнага веравызнаньня мелi не такi багаты выбар. Адной зь самых лепшых i багатых навучальных установаў праваслаўных у пачатку XVII ст. была брацкая школа пры вiленскiм Сьвятадухавым манастыры. Менавiта ў гэтай школе пачынае адукацыю Сiльвестар Косаў недзе ў сярэдзіне дзесятых гадоў XVII ст. Асноўнай справай праваслаўных брацтваў была абарона праваслаўя, а ў брацкiх школах рыхтавалi духавенства для праваслаўных прыходаў. У гэтыя часы ў вiленскай брацкай школе якраз праходзіла адукацыйная рэформа, за аснову якой былi узятыя езуiцкiя або кальвiнiсцкiя школы12. Там, акрамя традыцыйных для праваслаўных навучэнцаў грэцкай i царкоўнаславянскай моў, пачалi выкладаць лацiнскую. У сваёй кнiзе “Cherubin” Косаў гаворыць, што сярод яго настаўнiкаў (magistr) быў нябожчык Лявонцiй Карповiч13 , якi памёр у 1620 г. Ёсьць паведамленнi, што ў гэты ж час у вiленскай брацкай школе выкладаў Мялецi Сматрыцкi 14.
Закончыў Сiльвестар вiленскую брацкую школу ў 1620 або 1621 г. Косаў быў у ёй адным зь лепшых вучняў, і пасьля завяршэньня апынуўся перад выбарам — задаволiцца адукацыяй брацкай школы цi працягнуць далейшае навучаньне ў вiленскай езуiцкай акадэмii, куды прымалі таксама і праваслаўных. Каталiцкi ордэн Ісуса, галоўнай справай якога, згодна статуту ордэна, стала адукацыя насельніцтва ў каталіцкім духу, у пачатку XVII ст. меў найлепшыя навучальныя установы (школы, калегii i акадэмii) на усходнiх межах Еўропы. У Вiленскай акадэмiі ў гэты час ужо існавалі усе аддзяленнi: нiжэйшая (studia inferiora), сярэдняя (gimnasium) i вышэйшая (studia superiora). Тут можна было атрымаць поўную акадэмiчную адукацыю.
Для Косава усё атрымалася па-iншаму. Братчыкi баялiся, што праваслаўныя выхаванцы пад уплывам езуiцкiх настаўнiкаў могуць перайсцi ва унiяцтва цi каталiцтва, што, па словах украінскага акадэміка М.Грушэўскага, адбывалася вельмі часта 15. Да таго ж, наведваньне каталіцкай вучэльні колішнімі найлепшымі вучнямі вiленскай брацкай школы на вачах праваслаўных жыхароў Вільні магло успрымацца не зусім адэкватна — праваслаўе на беларускіх землях у гэтыя часы перажывала адзін зь самых значных крызісаў у сваёй гісторыі.
Будучы рэктар брацкай школы ераманах Іосiф Бобрыкавiч выпрошваў у брацтва грошы на замежных выкладчыкаў для Косава i яшчэ аднаго здольнага выпускнiка — Ісаi Трафiмовiча-Казлоўскага, якiх мусiў падрыхтаваць да выкладчыцкай дзейнасьцi. Аднак Косаў i Трафiмовiч так i не дачакаліся гэтага. Пакінуўшы Вiльню, юнакі вырашылі далейшую адукацыю працягнуць на Захадзе. Дакумэнты сьведчаць, што ў лютым 1622 г. Сiльвестар знаходзіўся ў Люблiне 16.
У нас няма канкрэтных зьвестак пра тое, што канкрэтна рабіў Косаў у 1620—1621 г. Аднак ускосныя дадзеныя сьведчаць, што ён у гэты час прыехаў да сваіх бацькоў, каб прасiць грошай на працяг далейшай вучобы, а разам з тым каб даставіць у Віцебск адзін зь лістоў Сматрыцкага. Пацьвярджэньні гэтага можна знайсьці ў матэрыялах сьледзтва па справе забойства Полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвiча ў Віцебску ў 1623 г.
Каралеўская судовая камісія зь Вільні на чале з канцлерам Львом Сапегам, не давяраючы мясцоваму Віцебскаму суду, пры правядзеньні ў студзені 1624 г. дазнаньня па факту бунта віцебскіх гараджан і забойства Язафата Кунцэвіча адзначыла, што “бунтаўшчыкі ні ў чым яму (Кунцэвічу) не павінаваліся” пачынаючы зь сакавіка 1621 г., калі “Мялецi Сматрыцкі прыслаў нейкага Сiльвестра ў чарнечым (манаскім) адзеннi разам зь сябрам са сваімі лістамі ў Віцебск” [“Melecyusz Smotricki przysіaі niejakiego Sylwestra w odzieniu czernieckiem z listami swyemi do miasta tutejszego witebskiego17]. Хто гэты таямнiчы Сiльвестар? Дакумэнты сьведчаць, што Косаў у гэты час яшчэ не прыняў манаскі пострыг18 . Асобы, якія давалі судовыя паказаньні, засьведчылі камісіі, што той самы Сiльвестар і яго спадручны маглі і не быць манахамі (“skd ci mianowani czerсcy”), а толькі былі апрануты ў манаскую (чарнечую) рызу. Хоць Сільвестар Косаў і не меў маральнага права насiць манаскае адзеньне, але, каб зручней прайсьцi усе кардоны па дарозе зь Вiльнi ў Вiцебск з пасланьнямі, за якія можна трапiць за краты, яму трэба было знайсьці нейкае выйсьце. Манаская вопратка якраз i павiнна была ў гэтым дапамагчы — у ёй можна лёгка выдаць сябе за пустэльнiка-чарняца, не выклiкаючы асаблiвых падазрэньняў; да таго ж, яна надавала важнасцi маладому пасыльнаму, якi прынёс пiсьмо ад такой даволi значнай i папулярнай у тыя часы на Беларусі грамадзкай i царкоўнай асобы, як Мялецi Сматрыцкi 19. Пра тое, што пасланцы Сматрыцкага, якія наведвалі Полацк, Віцебск і Мсьціслаў, не зьяўляліся манахамі, а толькі прыкрываліся манаскай вопраткай, паведаміў таксама уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі: “…delegatowie iego [Мялецiя Сматрыцкага — І. В.], po ro¿nych stronach na bunty rozsyіali, a¿ te¿ ich іapaж poczкto, y przyznali siк, ¿e swieckimi byli, habit tylko mai№c zakonny20 (“… яго пасланцы ў розныя месцы рассылаліся падбіваць на бунты, калі ж іх пачалі хапаць, то прызналіся, што былі сьвецкімі, толькі апрануліся манахамі”).
Яшчэ адным пацвярджэньнем таго, што пасланьнікам Сматрыцкага ў “чарнечым адзеннi” быў менавiта Сiльвестар Косаў, служыць і такі факт. “Лісты Сматрыцкага” даставілі ў гарадзкую ратушу асобы, сярод якiх, акрамя самога Сільвестра, былі гараднічы Мікалай Васілеўскі, земскі судовы пісар Леў Гурка і гарадзк пісар Адам Косаў21 — бацька Сільвестра Косава. Толькі да яго, прыбыўшы ў Віцебск, і мог зьвярнуцца будучы пісьменьнік па дапамогу, каб хутчэй давесцi вiцебчукам зьмест пасланьняў, у якіх Мялецi Сматрыцкi “менаваў сябе архiепiскапам Полацкiм, уладыкам Вiцебскiм i Мсцiслаўскiм… а айца Кунцэвiча назваў адступнiкам” [“…w ktorym siк ten napisaі archiepiskopem Poіockim wіadyk№ Witebskim y Mscisіawskim, <…> a ojca wіadykк Kuncewicza apostat nazywaі22]. На той час усё завяршылася мірна, але далейшае разьвіцьцё падзей у Вiцебску прывяло да трагічнай разьвязкі. У 1623 г. Кунцэвiча забiлi, і адным зь вiнаватых у “падбухторваннi жыхароў горада супраць айца Язафата Кунцэвiча” прызналi Сматрыцкага, бо менавіта яго лiсты, прынесеныя “нейкiм Сiльвестрам у чарнечай вопратцы”, выклікалі ў Віцебску першыя антыуніяцкія хваляваньні, што урэшце прывяло да трагедыi. Але пры правядзеннi сьледзтв ў студзенi 1624 г. “бурмiстры, ратманы, лаўнiкi i вiцебскiя мяшчане асабiста i добраахвотна перад судом”, згадваючы падзеi трохгадовай даўнасцi, вырашылi не выдаваць Сiльвестра Косава — сына паважанага ў горадзе чалавека, або проста не ведалi, хто гэта такi: Сiльвестар сышоў зь дому на навучаньне яшчэ падлеткам, ды і радавы маёнтак Косавых Жаробычы (з 1931 г. — вёска Слабада Шумiлiнскага раёна Вiцебскай вобласцi 23 ) знаходзiўся ад Вiцебска не так блiзка — у палове дня шляху пехатой. Хоць асуджаных па справе забойства Кунцэвіча было даволі многа, а Віцебск пазбавілі магдэбурскага права і загадалі разбурыць гарадзкую ратушу, суд не вынес ніякага пакараньня і бацьку Сільвестра Адаму Косаву, як і Васілеўскаму з Гуркам. Магчыма, дапамаглі шляхецкае званьне, пасада, веданьне законаў, добрыя сувязі яго бацькі або грошы за толькі што прададзены пляц над Дзьвіной 24 .
Пасьля наведваньня вясной 1621 г. родных мясьцін Косаў, як ужо гаварылся, зЬЯВІЎСЯ ў Любліне. Хутчэй за усё гэта адбылося восеньню 1621 г., калі пачынаўся новы навучальны сэзон. Трэба сказаць, што найбольш адукаванае дваранства i шляхта Вялiкага Княства Лiтоўскага бачыла, што набыць дастаткова патрэбныя веды для усходняга жыхара Рэчы Паспалiтай, сярод якіх актыўна насаджалiся заходнiя культурныя традыцыi, можна толькi ў замежных акадэмiях. Больш-менш заможны дваранiн лiчыў, што пасьля навучаньня сына мясцовымi настаўнiкамi трэба паслаць яго вучыцца ў заходнiя акадэміі i унiверсiтэты. А для набыцьця ведаў патрэбны былi грошы. Вiленскiя братчыкi, якія так і не знайшлі патрэбных настаўнікаў для далейшай адукацыі Косава і Трафімовіча-Казлоўскага, не далі грошай сваім таленавітым юнакам, каб яны вучыліся ў “поганых латын”. Шукаць матэрыяльныя сродкі заставалася толькі ў бацькоў. Ці не было гэта галоўнай прычынай прыбыцьця Косава ў Вiцебск у 1621 г. у “чарнечым адзеннi” зь лiстамi Сматрыцкага? Менавiта бацькi будучага пiсьменнiка “уфундавалi” яго навучаньне ў заходнiх навучальных установах: Любліне, Замойсьці і, вельмі верагодна, у Аламоўньцу, Інгальштаце або Вэнэ, пра што ён праз дзесяць гадоў паведамiў у кнізе “Exegesis”25.
Пасьля судовай справы па забойстве Кунцэвіча Косаў яшчэ доўгі час не зьяўляўся на роднай Віцебшчыне. Гэта стала магчымым толькі пасьля таго, як яго ў 1635 г. абралі епіскапам мсьціслаўскім, магілёўскім і аршанскім новастворанай праваслаўнай Беларускай епархіі. Але і гэтае знаходжаньне неаднаразова прыпынялася пастановай суда па скарзе уніяцкага біскупа Антонія Сялявы.

1 Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1988. С. 48; 484.
2 Дмитриев М.В. Православие и реформация. Москва, 1990. С. 42.
3 Макарий. История Русской Церкви. Кн. 6. С. 403-404; Дмитриев М.В. Коментарии и справочно-библиографические материалы // Тамсама. С. 665—666.
4 Макарий. История Русской Церкви. Кн. 6. С. 415.
5 Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Вильно, 1867. Т. 1. №138—141.
6 У траўні 1621 г. кароль зняў абвінавачванне патрыярха Тэафана ў самазванстве. Гл.: Pietrzak J. Po Cecorze i podczas wojny Chocimskiej: Sejmy z lat 1620 i 1621. Wroclaw, 1983. S.121.
7 Короткий В.Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. Приложение. Минск, 1987. С. 152-153.
8 Тамсама. С. 153—155.
9 Макарий. История Русской Церкви. Кн. 6. С. 408.
10 Тамсама. С. 399.
11 Тамсама. С. 407.
12 Xарлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI — начала XVII века. Казань, 1898. С.328.
13 Kossow S. Cherubin przy akcie pogrzebowym przewielebnego… Oyca Josepha Bobrykowicza… Wilno, 1635. S. 23 нн.
14 Susha J. Saulus et Paulus Ruthenae unionis sanguine beati Josaphat transformatus, sive meletius Smotriscius... archimandrita Dermansis. Romae, 1666. P.19.
15 Грушевський М. Культурно-національний рух на Украіні в XVI—XVII віці. Киів, 1912. С. 40, 76-77.
16 Миславский А. [Рукописная книга]. Адзел рукапісаў кіева-пячорскай бібліятэкі. № 20. Л.87—88 // Xарлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI—начала XVII века. C. 327; 405.
17 Stebelski I. Dwa wielkie swiatla na horyzoncie Polockim. Wilno, 1783; 2-e wyd. Lwуw, 1897. T.3. S.199; Параўн.: Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской (ИЮМ). Витебск, 1903. Вып.30. С.28.
18 Миславский А. [Рукописная книга]. Л. 87—88 // Xарлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI — начала XVII века. C. 405.
19 Короткий В.Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. С.128.
20 [Josephe (Welamin Rutski)] Sowita wina, to iest Odpis ns skript… nazwany Veryficatia niewinnosci. Wilno, 1621 // Архив Юго-Западной России. Киев, 1914. Ч. 1. Т. 8. Вып. 1. С.497.
21 Stebelski I. Dwa wielkie swiatla na horyzoncie Polockim. S.199.
22 Тамсама.
23 Административно-территориальное устройство БССР. Мінск, 1985. Т. 1. С. 254.
24 ИЮМ. 1894. Вып. 25. С. 337—338.
25 Kossow S. Exegesis, to jest danie sprawy o szkolach Kijowskich i Winnickich, w ktуrych usza zakonnicy Religiey Graeckiey. Kijow, 1635 // Архив Южной и Западной России (АЮЗР). Киев, 1913. Ч. 1. Т. 8. С. 443.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.