Sunday, September 5, 2010

АБ БОСКАЕ ЛІТУРГІІ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!

Выратавальнік у Эвангельлі нам кажа, што дзе двое ці трое зьбіраюцца ў Яго імя, там Ён будзе сярод іх. Ці аддаём мы сабе справаздачу ў тым, што мы сёньня перажываем, што сёньня было? Сабралася нас крыху народу, але наколькі больш таго, чым трэба для таго, каб Хрыстос Выратавальнік, наш Бог быў у нашым асяродзьдзі! Ён быў тут сярод нас. Не сьвятар сваёю сілаю зьдзяйсьняе Боскую літургію, не ён сваёй рукой прапануе нам прычасьце Сьвятых Таямніц. Зьдзяйсьняльнік літургіі, зьдзяйсьняльнік абедні — Сам Гасподзь Ісус Хрыстос, наш Бог, наш Выратавальнік. Сьвятар прамаўляе словы, ён зьдзяйсьняе дзеяньні, але сіла дзеючая — ад Самага Бога. Толькі што зьдзейсьніўся цуд у нашым асяродзьдзі — Хрыстос стаяў і зьдзяйсьняў Літургію. Бачна зьдзяйсьняў яе я, нябачна зьдзяйсьняў яе Выратавальнік Хрыстос. Ён быў сярод нас. І калі мы падыходзілі да прычасьця, і я, і вы — мы атрымалі прычашчэньне Сьвятых Таямніц нябачна Ягонае рукой. Хіба гэта не дзівосна, хіба гэта — не такі цуд і не такая радасьць, каб нам увесь тыдзень, больш таго, можа быць, усё жыцьцё яе пранесьці зь сабой. Зь намі быў Бог, мы былі зь Ім, і не як чужыя — як Яму родныя, як самыя Яму блізкія людзі, зь якімі Ён жадаў падзяліць абед Свой, Сваю Таемную Вячэру, даць нам той хлеб, які Ён ператварыў у Сваё Цела, даць нам тое віно, якое Ён ператварыў у Сваю Кроў, каб не толькі мы былі сёньня зь Ім, але каб Ён хлебам і віном, Целам і Крывёй Сваёй увайшоў у нас, зрабіўся намі, і мы зрабіліся, колькі мы можам гэта панесьці, тым, што Ён ёсьць, такім чалавекам, якім Ён быў на зямлі.

Таму будзем з поўнае глыбокае пашанай ставіцца да самай службы, трымцячы на яе прыходзіць, але зь якой радасьцю, зь якой радасьцю пра тое, што Гасподзь у нашым асяродзьдзі, што Ён зьдзяйсьняе служэньне, што Ён нам дае прычасьце, і што мы робімся удзельнікамі Яго чалавечай, але, па слову апостала Пятра, і Боскай прыроды. Мы усё сыдзем, кожны ў свой бок, а зь намі пойдзе Хрыстос. Ягоная Кроў бяжыць у нашых сасудах, Ягонае Цела праймае нашу цялеснасьць. Дзе б мы ні былі, нават тады, калі мы пра гэта не думаем, нават калі мы гэтага не усьведамляем, зь намі прыходзіць Хрыстос да тых людзей, якія, можа, Яго не чакалі, але так у Ім маюць патрэбу, — людзі без веры, людзі без надзеі, людзі без любові, людзі без радасьці, людзі без чысьціні, людзі, што ў поцемках. Мы, прыходзячы ў іх асяродзьдзе, у сабе, як у сьвятой пасудзіне, прыносім Хрыстову прысутнасьць. Хіба гэта не радасьць? І як мы павінны сябе захоўваць, ведаючы гэта! Калі б Царква нам даручыла вось гэту сьвятую Чару са Сьвятой Крывёй і са Сьвятым Целам Хрыстовым, як бы мы захоўвалі! Мы баяліся б дакрануцца да яе, мы глядзелі б на яе трымцячым сэрцам. Так павінны мы ставіцца да сябе самім і адзін да аднаго, таму што мы больш гэтай Чары. Гэта Чара застаецца срэбрам, мы робімся роднымі Хрыста Выратавальніка, братамі, сёстрамі Ягонымі, як Ён нас Сам заве ў Эвангельлі.

Будзем таму прыходзіць у царкву як да найвялікай радасьці, будзем стаяць разам, ведаючы, што не толькі зь намі Хрыстос, але што кожны зь нас нясе ў сабе прысутнасьць Хрыстова, і што мы павінны служыць адзін аднаму з глыбокай павагай, зь любоўю, зь ласкай, ахвярна, як Хрыстос нам паслужыў жыцьцём і сьмерцю.

Які гэты цуд, якая гэта радасьць! Падзякуем Бога за гэта. Палюбім адзін аднаго дзеля гэтага любоўю Гасподняй, і тады наш збор зробіцца іншым, ён зробіцца, як сьвятло, як радасьць для усіх, хто вакол яго, і Хрыстос усьцешыцца пра нас — што не дарма Ён жыў, не дарма Ён памёр, што Ён пакінуў за Сабой весьнікаў Яго хроснай любові, Яго пераможнага уваскрэсеньня. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.