Saturday, September 4, 2010

СУПРАСЬЛЬСКІ ДАБРАВЕШЧАНСКІ МАНАСТЫР

Сярод сьвятых мясьцін Кіеўскае Царквы заслужаным шанаваньнем карыстаецца Супрасьльскі Дабравешчанскі манастыр – пэрліна беларускага праваслаўя.

Супрасьльскі Дабравешчанскі манастыр быў заснаваны ў 1498 г. праваслаўным беларускім ваяводам і маршалкам Вялікага Княства Літоўскага Аляксандрам Хадкевічам у сваёй рэзыдэнцыі ў Грудцы. У новаствораны манастыр зьехалася вялікая колькасьць манахаў з Кіеўскіх манастыроў.

Грудак у той час быў досыць мітусьлівым горадам, да таго ж блізасьць да двара ваяводы перашкаджала манаскаму жыцьцю. Таму, атрымаўшы дазвол на перанос манастыра, у 1500 годзе браты перасяліліся на бераг ракі Супрасьлянцы. Як распавядае легенда, браты апусьцілі крыж з часткай Жыватворчага Крыжа Госпада у раку. Крыж спыніўся насупраць урочышча Сухі Хруд.

Гэтым быў пакладзены пачатак Супрасьльскаму манастыру. Першым храмам, пабудаваным у 1500 годзе, была драўляная царква Сьвятога апостала Яна Багаслова, нябеснага апекуна бацькі Аляксандра Хадкевіча, загінуўшага ў турэцкім палоне. Недалёка ад храму быў пабудаваны манастырскі корпус. З 1503 па 1511 гады быў пабудаваны каменны сабор Дабравешчаньня Ўсясьвятой Багародзіцы. Будынак храму яднаў у сябе бізантыйскі і гатычны архітэктурныя стылі. Новы храм быў асьвячоны Кіеўскім мітрапалітам Іосіфам (Солтанам), які прывёз зь сабой дзеля новастворанага храму сьпісак зь цудатворнага абраза Маці Боскае Смаленскае. Прывезены ім абраз у будучым атрымаў назву Супрасьльскі. У Дабравешчанскім саборы існуюць два прадзелу – сьвятога Феадосія Пячорскага і сьвятых Барыса і Глеба. Трэці храм – Уваскрэсеньня Хрыстовага – пабудаваны ў час росквіту манастыра, а менавіта ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя. Прыблізна ў той жа час, у 1557 годзе, майстры іканапісу на чале зь сэрбам Няктарыям расьпісалі саборны храм Дабравешчаньня цудоўнымі фрэскамі, выкананымі ў традыцыі балканскае школы.

У другой палове XVI стагодзьдзя Супрасьльскі манастыр робіцца адным зь выбітных цэнтраў беларускае культуры, які моцна ўплываў на культуру ўсёй Кіеўскае мітраполіі. Ён падтрымліваў кантакты зь іншымі цэнтрамі манаскага жыцьця на Афоне, Кіеве, Слуцку, Вільні, нават у Сэрбіі і Баўгарыі. Паступова ў манастыр была сабрана вялікая бібліятэка, адна зь найлепшых у Кіеўскае Царкве. Да 1557 года ў манастырскае бібліятэцы было сабрана каля 209 рукапісаў і друкаваных кніг, а да 1645 года іх колькасьць павялічылася да 587 адзінак. Паміж рукапісамі захоўваліся такія пэрліні, як Мінея ХІ стагодзьдзя, пазьней названая Супрасьльскім кодэксам, Царская зь летапісам, Часаўнік зь летапісам, “Касмаграфія” Косьмы Індыкаплова.

Супрасьльскія манахі цікавіліся гісторыяй Беларусі. Арыгіналы рукапісаў яны атрымлівалі ня толькі зь іншых манастыроў, але і ад прыватных асоб. Адной зь дабрачынцаў была ўдава Аляксандра Ягелончыка – княгіня Алена. У манастыры знаходзілася “Летапіс Аўраамкі”, у якой апісвалася гісторыя беларускае дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Манастыр старана зьбіраў сьведчаньні не толькі аб падзьвіжніках Кіеўскае Царквы, а і іншых праваслаўных народаў. Так, у 1593 годзе, выхадзец зь Масковіі Іван Праскура, склаў у Супрасьлі жыцьцё сьвятога Сяргея Раданежскага. У бібліятэцы манастыра знаходзіліся таксама і помнікі баўгарскае сярэднявечнае літаратуры, зьвязаныя зь дзейнасьцю сьвятых Кірыла і Мяфодзія. Тут знаходзіліся пахвальныя словы ў гонар сьвятога Клямэнція Ахрыдскага, жыцьцяпіс сьвятога Савы Сэрбскага, а таксама казаньні і лісты Кіеўскага мітрапаліта Рыгора Цамблака.

З часоў намесьніцтва архімандрыта Сяргея (Кінбара) Супрасьльскі манастыр набывае годнасьць лаўры, а ягоныя настаяцелі малі годнасьць падпісваць саборныя пастановы Кіеўскае мітраполіі адразу за архімандрытамі Кіева–Пячорскае лаўры.

Браты манастыра несьлі цяжкі крыж абароны чысьціні Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. У сьценах манастыра было створаны і памножаны не адзін палемічны твор. Сярод найбольш вядомых твораў XVI стагодзьдзя можна назваць: “Пасланьне да ўгорскага караля Яна Заполіі ад манахаў Сьвятой Гары Афон”; “Пасланьне да лацінян”; “Размова хрысьціяніна зь юдэям аб веры і абразах”; “На богапраціўную, на паганую лаціну, якую папы, што ў іх, выдумалі ў іх паганае веры”. Таксама на беларускіх і ўкраінскіх землях Вялікага Княства Літоўскага быў добра вядомы твор “Пісаньне супраць лютараў”, напісаны ў 1570 годзе супрасьльскім манахам Яўстахіям.

Адным зь найбольш вядомых настаяцеляў манастыру быў архімандрыт Іларыён (Масальскі), які актыўна змагаўся зь насаджэньнем Берасьцейскае ўніі. Бачачы стойкасьць у Праваслаўі архімандрыта Іларыёна, мітрапаліт Міхайла (Рагоза) асабіста прыехаў у манастыр і схіляў манахаў да прыняцьця ўніі, але браты засталіся вернымі Сьвятому Праваслаўю. Іх мужнасьць і стойкасьць так паўплывала на мітрапаліта Міхайлу, што ён да самай сваёй сьмерці больш не ўздымаў гэтага пытаньня. Пасьля сьмерці мітрапаліта Міхайла ў 1598 годзе, новы ўніяцкі мітрапаліт Іпацій (Пацей), прыехаўшы ў Супрасьльскі манастыр, абвясьціў манахам аб пераходзе манастыра ў унію. Манахі не згадзіліся з такім рашэньнем і, абвясьціўшы ўніяцкага мітрапаліта Іпація ерэтыкам, адмовіліся яму падпарадкоўвацца. Неўзабаве архімандрыт Іларыён за няпослух япіскапу быў пакліканы на царкоўны суд, а 19 студзеня 1602 года акруговай граматай караля Сігізмунда ён быў адхілены ад кіраваньня манастыром. Чатыры гады выпала вандраваць архімандрыту Іларыёну, пакуль пасьля просьбы Ераніма Хадкевіча кароль не адмяніў свой загад, і ён здолеў павярнуцца ў радны манастыр.

У 1609 годзе, пасьля сьмерці архімандрыта Іларыёна, новым настаяцелям манастыра робіцца архімандрыт Герасім, які яшчэ ў 1603 годзе склаў зь сябе прысягу ўніяцкаму мітрапаліту. Пры архімандрыце Герасіме ў манастыры захоўваецца праваслаўе, але наступны намесьнік – архімандрыт Самуіл (Сечанка) пагадзіўся на саступкі ўніятам. У 1631 годзе манастыр пераходзіць у падпарадкаваньне ўніяцкаму мітрапаліту, а ў сакавіку 1635 года ў ім быў прыняты новы Статут. Пераход манастыра ў унію не мог не адбіцца на ягоным духоўным жыцьці. У Дабравешчанскім саборы ў гэты час зьяўляецца барочны іканастас, зроблены гданскім рэзчыкам Андрэем Мадзелеўскім. У другой палове XVIII стагодзьдзя моцна зьмяніўся ўвесь унутраны выгляд храму. Фрэскі XVI стагодзьдзя былі замаляваны белай фарбай.

З 1645 па 1652 гады былі пабудаваны пакоі архімандрыта. У 1695 – 1697 гадах узьведзена званіца. У 1702 годзе яна згарэла і была пабудавана зноў у першае палове XVIII стагодзьдзя. Актыўнае будаўніцтва вялося ў час намесьніцтва ўніяцкага мітрапаліта Льва (Кішкі). У 1695 годзе пры манастыры была адчынена друкарня, у якой друкаваліся богаслужэбныя кнігі на беларускім ізводзе царкоўнаславянскае мовы. Тыпаграфія была узмоцнена ў 1709 – 1728 гадах.

У 1824 г. Супрасьльскіе манахі выказалі добраахвотнае жаданьне вярнуцца ва улоньне праваслаўя, што і адбылося пасьля Полацкага сабору ў 1839 г. Насельнікі манастыра неўзабаве аднавілі праваслаўныя традыцыі манаскага жыцьця. У 1887 г. са сьцен Дабравешчанскага сабора была зьнятая пабелка, так што храм шмат у чым набыў свой першапачатковы выгляд. У 1889 1890 гадох была пабудавана царква сьвятога. апостала. Яна Багаслова. У 1901 г. уладкаваныя новыя праваслаўныя могілкі, на якіх зьявілася царква сьвятога велікамучаніка. Георгія.

У 1915 г., пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны, быў выдадзены адмысловы указ аб прымусовай эвакуацыю жыхароў Супрасьлю углыб Расіі. Разам з гараджанамі зьехалі і манахі, узяўшы з сабой цудатворную Супрасьльскую ікону Боскай Маці і царкоўнае начыньне. Пасьля Першай сусьветнай вайны утварылася самастойная Польская дзяржава. У 1919 годзе мясцовыя улады зачынілі і апячаталі Дабравешчанскую царкву, а манастыр перайшоў у валоданьне дзяржаўнага казначэйства. У 1922 годзе манастырскія будынкі былі перададзены школе і братоў выгналі зь манастыру. Неўзабаве беларускі праваслаўны прыход у Супрасьлі перастаў існаваць. Храм сьвятога апостала Яна Багаслова быў аддадзены пад патрэбы Каталіцкае Царквы. У 1935 г. частка будынкаў манастыра атрымалі ў арэнду айцы салезіяне, якія уладкавалі ў Багаслоўскім храме гімнастычную залю.

Становішча не зьмянілася і з пачаткам Другой сусьветнай вайны. У 1939 г. Беластотчына, як і іншыя землі Заходняе Беларусі, былі акупаваныя Чырвоным войскам. У царкве Дабравешчаньня былі ўладкаваныя мэханічныя майстэрні і гамарня, а ў царкве сьвятога Апостала Яна Багаслова кухня і сталовая.Пасьля прыходу нямецкіх войскаў беларускаму праваслаўнаму духавенству было дазволена зьдзяйсьняць богаслужбы ў храме сьвятога Яна Багаслова. Гэта царква была зноў урачыста асьвячоная ў 1942 годзе. У Супрасьль вярнуліся праваслаўныя манахі, аднак 21 ліпеня 1944 г. падчас свайго адступленьня нямецкія войскі падарвалі Дабравешчанскі сабор.

Пасьля канчатка вайны новыя улады Польшчы зноў выгналі праваслаўных манахаў, а ў манастырскія будынкі вярнуліся каталікі – селязіяне і школа. Каталікі адабралі ў праваслаўных храм сьвятога велікамучаніка. Панцеляймона разам з могілкамі. . У манастырскіх будынках была ўладкаваная рамесная вучэльня.У 1955 г. мясцовымі уладамі было прынятае рашэньне пра тое, што праваслаўныя вернікі павінны пакінуць храм сьвятога Яна Багаслова, які меркавалася разабраць. Але вернікам удалося прадухіліць гэтыя плян. Пасьля шматлікіх прашэньняў у 1958 г. улады вярнулі храм, і прыхадзкое жыцьцё аднавілася.

Адраджэньне рэлігійнага і манастырскага жыцьця ў Супрасьлі пачалося тады, калі Беластоцка–Гданьскую япархію узначаліў архіяпіскап Сава. Па яго ініцыятыве ў 1982 году ў Супрасьль прыехаў манах Мірон (Хадакоўскі).У 1984 г. было прынята рашэньне пра аднаўленьне разбуранага Дабравешчанскага сабора. 4 чэрвеня 1984 г. япіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава, зьдзейсьніў закладку першага каменя пад будаўніцтва сабору.У гэтым жа году аднавілася манаскае жыцьцё ў Супрасьльскім манастыры. Першапачаткова тут была Манаская хата, які ў 1989 г. набыў статут мужчынскага манастыра Дабравешчаньня Ўсясьвятой Багародзіцы. Намесьнікам манастыра зрабіўся ігумен Мірон (Хадакоўскі). Напачатку 90-х гадоў Праваслаўная Царква зьвярнулася з просьбай пра вяртаньне ёй усяго комплексу манастыра. Рашэньнем Рады Міністраў з 1993 г. манастыру былі вернутыя яго будынкі, але праз шматлікія пратэсты з боку Каталіцкае Царквы рэалізацыя гэтага рашэньня зацягнулася да 1996 года.

З 1 ліпеня 1999 года, па дабраслаўленьню япіскапа Беластоцкага і Гданскага Якава, у манастыры зноў пачала дзейнічаць друкарня.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.