Wednesday, February 24, 2010

ІЛЮСТРАЦЫЯ ЕРАСІ, АЛЬБО ЯШЧЭ РАЗ АБ КАТАЛІЦКАЙ “ІКАНАГРАФІІ”

– Што гэта?

– Каталіцкі абраз…

– Ня можа быць…

(зь размовы з рыма–каталіцкім ксяндзом)

Восеньню 2009 г. на прасторах інтэрнэту выбухнуў чарговы скандал павязаны зь адкрыта антыхрысьціянскім і, па нашаму меркаваньню, блюзьнерскім падыходам каталіцкіх (грэка–каталіцкіх) царкоўных уладаў да багаслоўя іконы. Маецца на ўвазе асьвячэньня япіскапам Каламійска – Чарнавецкай япархіі Украінскай Грэка–Каталіцкай Царквы Мікалаем (Сімкайлам) “іконы”, дзе сядзячы на руках Багародзіцы Дзіця Хрыстос трымае футбольны мяч і прысутнічае выява футбольнага поля. Вышэйшая герархія ЎГКЦ і наогул Каталіцкага касьцёлу квола і абсалютна індыфэрэнтна адрэагавала на падобнае блюзьнерства: афіцыйныя каталіцкія сайты, ужо пасьля трывалага абмеркаваньня ў інтэрнэце, абмежаваліся мала зразумелай адпіскай, якая фактычна апраўдвала ўладыку – блюзьнера. Падобнага стаўленьня да хрысьціянскай іканаграфіі не вытрымалі нават украінскія міране–уніяты і ўжо ў студзенскім нумары часопісу “Патрыярхат” Маркіян Філевіч друкуе артыкул “Багародзіца – пэнальці” з рэзкай крытыкай падобнага падыходу да багаслоўя іконы…

Але, як высьветлілася, блюзьнерства герарха ЎГКЦ – гэта дробнае свавольства ў параўнаньні зь афіцыйна задэкляраванай ерасьсю Рыма–Каталіцкага Касьцёла на сусьветным узроўні, даведацца аб якой нам дапамог адзін з чытачоў “Беларускай Аўтакефаліі”, што даслаў у рэдакцыю яшчэ адзін “шэдэўр” каталіцкае “іканаграфіі” (падаецца як ілюстрацыя да дадзенага тэксту).

Дадзены “абраз” ёсьць афіцыйнае іконай так званага “Легіёну Марыі” – сусьветнай каталіцкай сьвецкай арганізацыі дзеючай зь дазволу і пад патранатам РКЦ. Разумеючы ўсю ерась падобнае “іканаграфіі”, мы зьвярнуліся да ераманаха Эладскай Праваслаўнай Царквы а.Рыгора (Карнуракіса):

– Слава Ісусу Хрысту! Ойча, як Вы пракамэнтуеце зьяву “футбольнай іконы”, а таксама “легіянэрскі” абраз?

– Слава навекі! Мусім разумець, што Каталіцкі Касьцёл без малага тысячу год знаходзіцца ў ерасі. За гэтыя стагодзьдзі адбылося руйнаваньне праўдзівай хрысьціянскай сьвядомасьці каталікоў. Сёньня, гледзячы на Ватыкан, мы бачым не Царкву Хрыстову, а карпарацыю па наданьню пэўных паслуг. І тут, як у кожнай камэрцыйнае карпарацыі, “кліент заўсёды правы”… Менавіта адсюль сыходзіць асьвячэньне коцікаў і сабачак; аднаполых шлюбаў; прамая ерась экумэнізму, калі каталіцкія герархі моляцца зь яўнымі язычнікамі, юдэямі і нават прыхаванымі сатаністамі. Таму зьяўленьне падобных “іконаў” ёсьць у каталіцтве зьява не выпадковая – гэта зьява прадбачаная і натуральная.

– Ойча, пракамэнтуйце, калі ласка, гэтую “ікону”.

– На мой погляд, дадзены “абраз” ёсьць іскравым сьведчаньнем не толькі дэградацыі разуменьня іконы ў Рыма – Каталіцкім Касьцёле, а і сьведчаньнем ерасі каталіцызму. Тут прысутнічае цэльны букет ерасі, яна сьведчыць аб поўным адыходзе каталікоў ад праўдзівага разуменьня хрысьціянства..

Сама выява ёсьць кампіляцыяй некалькіх ікон, але кампазыцыйным падмуркам яе зьяўляецца адлюстраваньне другога прыходу Ісуса Хрыста. Менавіта падобная выява прысутнічае ў шэрагу выданьняў “Апакаліпсіса” зьдзейсьненых італьянскімі грэкамі–уніятамі (т.зв. грота–фэрацкая традыцыя) у канцы ХVII – пачатку ХVIIІ стагодзьдзя. Вось толькі цэнтральнае месца займае выява Ісуса Хрыста… і ніякіх цмокаў ды легіянэраў няма. На пярэднім пляне людзі сапраўды сустракаюць Хрыста па рознаму: нехта радасна, нехта ўпаў у жаху, нехта ў чаканьні суду на каленях прыносіць апошняе пакаяньне…

Калі наогул казаць аб кампілятыўным стылі “іконы”, то тут прысутнічаюць сюжэты абразоў: Дабравешчаньня Багародзіцы і сьв. Георгія.

Досыць дзіўная, калі не казаць больш жорстка, і каляровая гама гэтай “іконы”. Яна наогул не ўпісваецца ў колер нармальнай іканаграфіі.

– Ойча, давайце павернемся да багаслоўя гэтае “іконы”.

– Пачнём з цэнтральнага сюжэту. Як бачым, Багародзіца зьяўляецца ці не асноўным змагаром зь сатаной (намаляваным у выглядзе цмока). Менавіта Марыя насылае на яго агонь і, на погляд аўтара “іконы”, у будучым канчаткова пераможа сатану. Ужо гэта супярэчыць праваслаўнаму, ды і наогул хрысьціянскаму, багаслоўю: Бо адзіным пераможцам пекла і сатаны ёсьць Ісус Хрыстос (Узгадаем: сьмерцю сьмерць зваяваў і зруйнаваў браму пекла). А Багародзіца ніколі не ёсьць змагаркай. Абаронцай, покрывам, малельніцай – так, зьяўляецца. Але ніколі сама не ўступае ў бой, Яе атачаюць палкі анёльскія – менавіта яны змагаюцца, калі гэта патрэбна. Але ў бой яны ўступаюць праз загад Бога, адданы па малітве Ягонай Маці.

Мы мусім усьвядоміць – Багародзіца ня ёсьць Богам. Яна – чалавек. Праз Яе наш Бог Ісус Хрыстос атрымаў чалавечую прыроду, чалавечае цела… Ерэтычны каталіцкі догмат аб “непарочным зачацьці”, прыняты ў ХІХ ст., паступова трансфармаваў сьвядомасьць каталікоў такім чынам, што яны пачалі бачыць у Багародзіцы фактычна “чацьвертую асобу Тройцы”. І, як наступства ерасі, надзяляць Багародзіцу сілай і ўласьцівасьцямі Бога. Тут, на разглядаемым малюнку, гэта ерась атрымала свае выяўнае ўвасабленьне.

Таксама раю паглядзець на німб Багародзіцы. Ён крывавы, чырвонага колеру. Гэта, на мой погляд, хутчэй адзнака сьмерці чым славы. Што ён сымбалізуе? Кроў і сьмерць? Але ж гэта супярэчыць усёй хрысьціянскай дагматыцы.

Кампазыцыйная кампаноўка “іконы” такая, што і Багародзіца, і сатана як бы стаяць на ўваходзе да раю. Тут адбываецца “вечнае і апошняе змаганьне” Але ж апошнім судзьдзёй ёсьць толькі Бог. Толькі Ён будзе вырашаць нашу долю, вяршыць апошні суд. Няздольны сатана зачыніць прад праведнікам дзьверы раю… А Багародзіца здольная толькі маліць Сына свайго аб міласэрнасьці да грэшніка…

– А што Вы, ойча, скажаце аб людзях на “іконе”?

– Уласна для мяне застаецца таямніцай задум аўтара малюнку, калі ён намаляваў упаўшых. Бо нават адпаўшы ад Хрыста праз грэх здатны павярнуцца праз пакаяньне… Загінуць за Хрыста, магчыма толькі целам. Слугі сатаны ў гэтым сьвеце могуць забіць цела, але не душу хрысьціяніна. А загінуўшы за Хрыста ніколі не ёсьць упаўшым… Тут жа, зь агляду на шчыты, упалі як раз змагары за Хрыста. А загінуўшыя ў праўдзе – гэта сьвятыя... Такім чынам, згодна выкладзенаму на “іконе” багаслоўю, ёсьць магчымасьць цалкам загінуць… у змаганьні за Хрыста, а гэта ўжо нават сюжэт няварты камэнтару.

Варта таксама разгледзіць і саму выяву “легіянэраў” на “іконе”. Відавочна, што аўтар у іх постацях намаляваў зборную выяву сяброў “легіёну”. Гэта значыцца – гераічнае іх змаганьне зь сатаной. Але ж, гэта ёсьць ужо сапраўдны грэх ганарлівасьці…

– Але ж, па сьведчаньню аднаго “легіянэра”, гэтая “ікона” была афіцыйна зацьверджана і асьвячоная Рымам…

– У пачатку нашае размовы я ўжо выказаў думку: каталіцтва ёсьць своеасаблівай “камэрцыйнай карпарацыяй”. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што па меркаваньням мэтазгоднасьці (ці нейкім іншым) зацьвярджаюцца і асьвячаюцца падобныя “іконы”. Часам звычайныя каталіцкія ксяндзы не разумеюць дзеяў ватыканскай улады.

Напрыклад, я паказаў дасланую вамі “ікону” аднаму знаёмаму ксяндзу (дарэчы, доктару багаслоўя). Дык ён спытаў у мяне: “Што гэта?” А калі я адказаў: “Каталіцкі абраз…”,– дык на ягоным твары чыталася толькі зьдзіўленьне. У канцы ён здолеў толькі вымавіць: “Ня можа быць…”

У канцы мушу яшчэ раз заклікаць усіх праваслаўных да стойкасьці ў нашае сьвятой праваслаўнай веры. Пажадаць годнага Вялікага посту і радаснай сустрэчы Ўваскрашэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста.

пераклад з грэцкае “Беларускай Аўтакефаліі”


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.