Sunday, January 10, 2010

СЬВЯТЫ ЦАР І ПРАРОК ДАВЫД

Памяць 31 сьнежня

Сьвяты цар і прарок Давыд быў восьмым апошнім сынам старэйшыны горада Бэтлеем. У юнацкім веку Давыд пасьвіў статкі айца. У гадзіны вольнага часу ён практыкаваўся ў сьпеве і ігры на гусьлях. Дадзеную ад Бога здольнасьць да гэтага мастацтва ён зьвярнуў на служэньне Богу: апяваў прамудрасьць і дабрыню Цара Нябеснага.

У 18 гадоў ён уславіўся і заслужыў усеагульную любоў народа. На зямлю Ізраіля напалі філістымляне. Волат Галіяф выклікаў на паядынак ізраільцяніна. Давыд, які прынёс на поле бітвы ежу братамваярам, без зброі перамог Галіяфа: камень, трапна пушчаны з прашчы Давыдам, стукнуў у лоб волата з такой сілай, што Галіяф зваліўся і не устаў. Узрадаваны Саўл, цар Ізраілю, паставіў Давыда генэралам, кіраўніком тысячы. І на гэтай пасадзе Давыд паступаў ва усіх справах разважліва, чым і заслужыў яшчэ вялікую любоў народу.

Саўл ведаў ад прарока, што Госпад адпрэчвае ад яго царства і аддае іншаму. У Давыдзе ён бачыў свайго пераемніка, і гэта яго непакоіла. Таму Саўл пачаў шукаць сьмерці Давыда. Да самой сваёй сьмерці цар перасьледваў Давыда, але Бог ратаваў свайго абраньніка.

Пасьля сьмерці Саўлу Давыд стаў царом Ізраільскай дзяржавы. Мудра кіраваў краінай новы цар. Ён клапаціўся аб дагаджаньні Богу і карысьці народнай. Ізраіль рабіўся магутнай дзяржавай. Свой дарунак сьпявака ён ужываў для выхаваньня ў сваім народзе духу веры і набожнасьці, любові да айчыны і іншых дабрадзейнасьцяў.

У валадараньне Давыда была пабудаваная новая сталіца Ізраілю — Ерусалім (г.з. горад міру), якая хутка заквітнела пышна і багата, і пасьля Ерусалім зрабіўся знакамітым горадам ва усім сусьвеце.

У гады выпрабаваньняў, зь адмысловай развагай унікаючы ў шляхі Здабычы, ён праліваў перад Богам глыбокую скруху сваю і прасіў Яго дапамогі. Пры гэтым нярэдка ад адчуваньня уласных пакут гнаны складальнік псальмаў у прароцкім духу пераносіўся ў сьпевах сваіх у далёкую будучыню і сузіраў пакуты Хрыста Выратавальніка сьвету. Боганатхнёныя апавяданьні Давыда пасьля сабраныя былі ў адну кнігу Псальмаў або Псалтыр.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.