памяць 20 сьнежня
Сьвяты Ігнат Баганосец мае адмысловае значэньне для нас, таму што ён блізка меў зносіны зь апосталамі, непасрэдна ад іх чуў хрысьціянскае вучэньне і быў сьведкай распаўсюджваньня і разьвіцьця першых хрысьціянскіх грамад. У сваіх сямі лістах ён захаваў для нас апостальскую эпоху.
Сьвяты Ігнат нарадзіўся ў Сірыі ў апошнія гады жыцьця Выратавальніка. Ягоны жыцьцяпіс апавядае, што ён быў тым юнаком, якога Госпад узяў на рукі і сказаў: “Калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае” (Мц. 18:3). Баганосьцем ён названы таму, што, дужа любячы Госпада, ён як бы насіў Яго ў сваім сэрцы. Ён быў вучнем апостала і эвангеліста Яна Багаслова. З пасланьня сьвятога Ігната да сьмірнянаў відаць, што ён быў асабліва блізкі да апостала Пятра і суправаджаў яго ў некаторых яго апостальскіх вандраваньнях. Незадоўга да разбурэньня Ерусаліму ў 72 годзе сканаў Эвад, адзін зь сямідзесяці вучняў Хрыстовых, і яго пераемнікам на Антыёхійскае катэдры (у сталіцы Сірыі) зрабіўся Ігнат.
Сьвяты Ігнат кіраваў Антыёхійскае Царквой на працягу 40 гадоў (67-107 г.г..) У адмысловым бачаньні ён удастоіўся убачыць нябеснае богаслужэньне і пачуць анёльскі сьпеў. Па узоры анёльскага сьвету, ён увёў на богаслужбах антыфоны сьпеў, у якім два хоры чаргуюцца і як бы перагукваюцца. Гэты сьпеў зь Сірыі хутка распаўсюдзілася ў раньняй Царкве.
У 107 годзе падчас паходу супраць армян імпэратар Траян праходзіў праз Антыёхію. Яму даклалі, што сьвяціцель Ігнат вызнае Хрыста, вучыць пагарджаць багацьце, захоўваць цноту і не прыносіць ахвяру рымскім багам. Імпэратар выклікаў сьвяціцеля і запатрабаваў, каб ён спыніў сваю пропаведзь аб Хрысьце. Старац адмовіўся. Тады яго ў кайданах паслалі ў Рым, дзе на пацеху народа ён быў аддадзены на разарваньне зьверам у Калізэі. Па шляху ў Рым ён напісаў сем пасланьняў, якія захаваліся да нашых дзён. У сваіх пасланьнях сьвяты Ігнат просіць хрысьціян не спрабаваць выратаваць яго ад сьмерці: “Умольваю вас, не аказвайце мне непатрэбнае любові. Пакіньце мяне быць ежаю зьвяроў, каб праз гэта дасягнуць Бога. Я — пшаніца Боская. Хай зьнішчаць мяне зубы зьвяроў, ды зраблюся чыстым хлебам Хрыстовым”. Пачуўшы аб мужнасьці сьвяціцеля, Траян спыніў ганеньні на хрысьціян. Мошчы яго былі перанесеныя ў Антыёхію, а пасьля вернутыя ў Рым і пакладзеныя ў цэрквы ў імя сьвятамучаніка Клімэнту, папы Рымскага.
У сваім пасланьні да Эфесянаў сьвяты Ігнат пісаў: "Захоўваеце веру і любоў і на справе паказвайце сябе хрысьціянамі. Вера і любоў іста пачатак і канец жыцьця. Вера — пачатак, а любоў — канец, абедзьве ж у злучэньні сапраўды справа Боская. Усё іншае, што адносіцца да дабрадзейнасьці ад іх адбываецца. Ніхто вызнаючы веру не грашыць, і ніхто здабыўшы не ненавідзіць".
Трапар Ігнату Баганосцу
Апостальскага нораву пераймальнік / і пасаду іх суспадкаемец, / архірэяў прыклад / і мучанікаў слава, Боганатхнёны, на вагонь і меч пайшоў дзеля веры / і слова ісьціны выконваючы, / да крыві пацярпеў ты, сьвятамучанік Ігнат. / Малі Хрыста Бога, / каб выратаваліся душы нашы.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.