Браты саслужыцелі і умілаваныя ў Госпадзе дзеці,
“Неба і зямля ў гэты дзень злучыліся пры нараджэньні Хрыста. У гэты дзень Бог на зямлю прыйшоў, / а чалавек на нябёсы узышоў!” (вершыра на ліціі сьвята нараджэньня Хрыстовага).
Адлегласьць і прорва паміж Богам і чалавекам, якія утварыліся з прычыны чалавечага граху, скасаваліся поўным успрыманьнем Адзінародным Сынам і Прадвечным Словам Божым чалавечай існасьці.
Увасабленьне Сына, па “дабраслаўленьню Боскаму”, гэта значыць паводле першага і суцэльнага жаданьня, касуе любыя адлегласьці, злучае неба і зямлю і зьвязвае тварэньне з Творцам!
“Сёньня дабраваленьне Боскае пераўтварэньне і выратаваньне людзей прапаведуецца,” – сьпявала Царква на сьвята Ўвядзеньня Ўсясьвятой Багародзіцы, адчыніўшы, дзякуючы пасьвячэньню дабрашчаснай Марыі храму і Яе падрыхтоўцы да таго, каб зрабіцца ёмішчам неўмяшчальнага Бога, шлях да Боскага Домабудаваньня ў плоці і прадвяшчаньне нашага выратаваньня.
“У гэты дзень выратаваньня нашага пачатак / і прадвечнай таяміцы зьява: / Сын Божы Сынам Дзевы робіцца”, – зноў сьпявала Царква на сьвята Дабравешчаньня, калі адбылося ад Сьвятога Духа без насеньня зачацьце. Неспасьціжнага ў сьвятым удоньні Богамаці, і Боская існасьць пачала “складацца” з чалавечай, і Бог зрабіўся Чалавекам, “каб мы зрабіліся багамі”, па выразу сьвяціцеля Афанасія Вялікага.
Такім чынам, “дабраваленьне”, якое віталася на сьвята Ўвядзеньня, і выратаваньне, якое “зрабілася галоўным” і зьявілася на Дабравешчаньне, цяпер, у вялікі і сьвяты дзень Нараджэньня Хрыстовага, зрабілася відавочнай сапраўднасьцю! Сёньня “Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас” (Ян. 1:14) і анёлы ўрачыста сьвяткуюць гэтую падзею, сьпяваючы: “Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля!” (Лк. 2:14)
Увасабленьнем і Ачалавечаньнем Слова ужо патэнцыйна зьдзейсьнілася выратаваньне роду чалавечага. Паколькі тыя, хто, паверыўшы ў Хрыста, жывуць жыцьцём, паводле гэтай веры, запаведзям і усяму вучэньню Ісуса, узносяцца дзякуючы такога богадагоднага жыцьця і робяцца сябрамі і супольнікамі Бога! Яны робяцца “супольнікамі Божае Прыроды” (2 Пят. 1:4), багамі па мілаце! І гэта адбываецца выключна ў Царкве, дзе чалавек адраджаецца ў Хрысьце, усынаўляецца Айцом у сьвятым хросьце і далей, дзякуючы сьвятым таямніцам і апрацоўцы дабрадзейнасьці, напаўняецца Боскай мілатой і Духам Сьвятым і узрастае “у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты” (Эф. 4:13), да таго часу, пакуль не прамовіць зь апосталам Паўлам:“ Ужо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос.” (Гал. 2:20) Удасканаленых такім чынам Хрыстос лічыць не проста Сваімі сябрамі або братамі, а прызнае іх чальцамі Свайго цела. Таму зь вышыні Крыжа Ён казаў Боскай Маці аб эвангелісьце Яне: “Жанчына! вось, сын Твой”, а Яну “вось, Маці твая!” (Ян. 19:26–27)
Такім чынам, Каляды шырока адчыняюць чалавеку дзьверы для таго, каб стаць Хрыстом і богам па мілаце, і менавіта дзеля гэтага “сьвяткуе ў радасьці ўсё тварэньне, і нябёсы зь намі вяселяцца” (вершыра на хваліце 28 сьнежня) у гэты вызначальны і выратавальны дзень
З гэтымі радаснымі і усяляючымі надзею словамі, зь цёплымі сьвяточнымі віншаваньнямі і сардэчнымі патрыяршымі пажаданьнямі мы зьвяртаемся зь нагоды “галоўнага сьвята” зь асьвячонай катэдры Сусьветнага Патрыярхату на Фанары да усіх у міры ветлівым і жаданым дзецям найсьвяцейшай Маці-Царквы, да сьвятароў усіх ступеняў, манахаў і парафіянаў, кіруючым і падпарадкаваным, малым і вялікім, да усіх, хто знаходзіцца ў пошасьцях, скрухі, галечы і выпрабаваньнях.
Хай які нарадзіўся ў пячоры і ў ясьлях ляжаўшы Прадвечны Сын Божы і дзеля нас Сын Чалавечы зробіць усіх нас годнымі Сваёй замілаванай любові і Свайго сьвятога і палонячага домабудаваньня у целе!
+ Патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей.
Фанар, Нараджэньне Хрыстова, 2009 год.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.