Thursday, January 21, 2010

ЧУВАЦЬ З ГОСПАДАМ

“Душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною”

(Мц. 26:38)

Гэты наказ, альбо, хутчэй, просьба, Выратавальніка да вучняў, але зьнямоглыя, стомленыя вучні яе не выканалі. “дух бадзёры, а плоць нядужая” (Мц. 26:41); нават у апосталах чалавечая плоць перамагла духоўную бадзёрасьць. Ці не зьвернуты часткова і да нас гэты заклік выратавальніка: “ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною”? Ён нас не пакідае; хоць і нябачна, Ён заўсёды зь намі. Пры гэтай думцы зямное жыцьцё наша пераўтвараецца ў нешта ўрачыстае і сьвятое.

“Чувайце са Мной” – кажа Госпад, і чакайце Майго пакліканьня. Чакайце, нават пасярод скрухі і пакуты, але з позіркам, заўсёды скіраваным да ўзыходзячай зары, у цьвёрдай упэўненасьці, што Ён бачна ўстане прад намі. Мы пачуем Ягоны голас, завучы нас: “устаньце, хадзем”, – ўжо не да Галгофы, не да крыжа, але да уваскрэсеньня, да нябеснай айчыны. У вечную радасьць!

“Чувайце са Мной”. Мы ніколі не бываем адны ў нашай скрусе; "Блізкі Ты, Госпадзі!" (Пс. 118:151). Так блізкі, што кожны наш шэпт Яму чутны, кожны уздых Ім заўважаны. Айцец Нябесны спагадае нам і чакае той хвіліны, калі Ён знойдзе нас гатовымі прыняць Яго дапамогу; тады Ён пашле нам палягчэньне. Выратавальнік Сам патрабаваў спагады, але па целавай сваёй немачы вучні не здолелі ў цяжкую хвіліну падтрымаць Яго гэтай спагадай. Хто жа лепш Яго можа зразумець нашу нуду? Ён заўсёды да нас блізкі і Сам дапаможа нам адказаць на Яго заклік: “Чувайце са Мною”. Так, Госпадзі! Дапамажы нам, абудзі нас ад сну грахоўнага, дай нам настолькі быць у яднаньні з Табою, каб нам немагчыма было драмаць душою, калі Твая справа кліча нас, калі Табе патрэбныя нават нямоглыя слугі і работнікі Твае! “Жніва многа, ды работнікаў мала” (Мц. 9:37) – Ты Сам прамовіў. Ты Сам сышоў на неба, але справа Твая засталася на зямлі; зрабі так, каб па нашай нядбаласьці, не было шкоды гэтай сьвятой справе.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.