Tuesday, November 24, 2009

КАР’ЕРЫСТКА ПА ХРЫСЬЦІЯНСКУ

Нядаўна ў Германіі звольнілі з тэлеканалу вядучую за тое, што яна крытыкавала фэмінізм і заклікала немак да сямейнага жыцьця на супрацьвагу кар’еры. Ці сапраўды жаночы кар’ерызм такі небясьпечны для сям’і? Для тых, хто сядзіць дома зь дзяцьмі, для тых, хто матаецца па камандзіроўкам і для ўсіх іншых аб гэтым распавядае магістар багаслоўя, супрацоўнік прэс – службы Патрыярхіі ЎАПЦ і галоўны рэдактар інтэрнэт – сайту “Украінская Аўтакефалія” пратаярэй Яўген Заплетнюк.

– На якія жыцьцёвыя каштоўнасьці павінна раўняцца хрысьціянка, у тым ліку і ў прафэсійнае сфэры.

– Відавочна, што для хрысьціянкі ўвесь сьветапогляд павінны фармаваць у першую чаргу хрысьціянскія каштоўнасьці. Ну, а як сьледзтва гэтага – усе іншыя сфэры шматграннага жыцьця чалавека будуць ужо пабудаваны на такім моцным і стабільным падмурку. Хрысьціянства не дае канкрэтных ці тым больш прымусовых “парадаў” адносна жыцьця. Але яно паказвае на нешта найбольш багатае і важнае: як падрыхтавацца да сустрэчы з Богам. Ну, і ўласна, здаровая дзейнасьць можа ў гэтым мець пэўную ролю. Для адных прафэсійная дзейнасьць прыносіць дабро, для іншых, відавочна – толькі спакусы і, як сьледзтва, пакуты.

– Значыцца няма такога, што гэта прафэсія лепш для хрысьціянкі, а іншая горшая? Што афіцыянтка, што дзелавая жанчына, што гандлярка – усе роўныя?

– Здаецца, што гэта “сьвет” прыдумаў рэйтынгі прафэсій, дзе вызначаюцца якая больш “аўтарытэтная”, “запатрабаваная” ці проста больш аплачваюцца. Думаю, што для чалавека найбольш лягічна ставіць пытаньне – дзеля чаго яна наогул ходзіць штодня на працу. У псыхалёгіі ёсьць вельмі добрае слова аб якім варта ўзгадаць – “матывацыя”. Вось і для Бога вельмі важна не тое, куды ходзіць жанчына і які касьцюм яна носіць, а тое, што менавіта прымушае яе штодня ранкам уставаць зь ложка, каб пачаць свой новы працоўны дзень. У нас у сярэдзіне ёсьць такое месца, называем яго сэрца. Так вось там, па сьведчаньню сьвятых айцоў, у нас і адбываецца галоўная “праца”. І больш таго – у нейкага там нават і барацьба, ці сапраўдная вайна за ўзгаданыя вамі каштоўнасьці.

– А калі прафэсія прадугледжвае камандзіроўкі, працу па выходным, забірае час, які магчыма прысьвяціць сям’і, дзецям?

– Гэта ўжо, напэўна, залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека. Магчыма губляць час на працы, як бы “дзеля развагі” (пагадзіцеся, ёсьць і сапраўды цікавыя прафэсіі), але магчыма проста такі ахвяраваць жыцьцём, нясучы цяжар не толькі за сябе, але і за ўсю сваю сям’ю. Тут прыгадаю, што славянскае слова “супругъ” раней азначала пару валоў, які запражныя разам, для агульнае працы. Так вось, калі чалавек ахвяруе працай на супрацьвагу сям’і, трэба ўздымаць пытаньне вось аб той узгаданай намі матывацыі. Што ёй кіруе: патрэба развагі і ўніканьне адказнасьці прад сям’ёй, ці сапраўды штодзённае ахвяраваньне сабой дзеля дзяцей, мужа і іх агульнае будучыні. У першым выпадку такая праца, звычайна, ёсьць грахоўнаю.

– Штодзённае ахвяраваньне сабой дзеля дзяцей, мужа і агульнай будучыні гэта як? Гэта калі сям’я памерла б, калі адзін зь яе катаржна не працаваў бы? Што Вы маеце на ўвазе?

– Ну людзі не толькі духоўныя істоты, але духоўна–фізычныя. І часам складаюцца розныя выпадкі, калі скажам, асноўны цяжар па фінансаваму забесьпячэньню чалавека лажыыца (у сілу самых розных абставін) на аднаго зь сям’і. І тут у прынцыпе не так ужо і важна хто гэта: муж альбо жонка. І вось на плячах гэтага чалавека фактычна ляжыць уся будучыня сям’і: ці яны памруць з голаду, ці будуць ламаць галаву на які востраў паедуць адпачываць у гэтым годзе. Так вось, на праўду геройскае жыцьцё праводзяць тыя людзі, якія бяруць на сябе адказнасьць забесьпячэньню сям’і фінансава. Разам з тым, не ў апошнюю чаргу варта згадаць і тых, якія прыносяць сябе ў ахвяру ўласным абставінам: маюць і церпяць мужоў – алкаголікаў, беспрацоўных, бунтароў ці нават проста інвалідаў, ці з пэўнымі фізычнымі недахопамі. І заўважым, пры гэтым, не намагаюцца пазбавіцца гэтага цяжару пры першым – лепшым выпадку. Вось гэта і ёсьць сапраўдны крыж, і сучаснае пакутніцтва.

– Калі муж працуе вечарам, жонка працуе вечарам, дзеці з бабулямі, нянямі, бачаць бацькоў толькі ў выходныя і то не ва ўсе, што пагражае такой сям’і?

– Не трэба быць прарокам, каб пабачыць: сям’я, у якой людзі не працуюць над сабой (маецца на ўвазе духоўная праца), можа быць прырэчная на крах нават з першых дзён шлюбу. Нават царкоўны шлюб і ўсе пышныя абрады не даюць людзям аніякай гарантыі, што іх жыцьцё зробіцца шчасьлівым аўтаматычна. Добры шлюб – гэта плод сталай працы абодвух партнэраў. І вось дзень за днём нас адносінамі трэба працаваць. Гэта складаны шлях, і шмат хто не ў сілах супрацьстаяць цяжару такой працы. Людзі, якія маюць унітарныя псыхалягічныя альбо духоўныя праблемы і не жадаюць працай іх ліквідаваць, падобныя на зьмяю, што пажырае ўласны хвост. Праблемы патрэбна вырашаць, а не ігнараваць, ці проста пры першае нагодзе капітуляваць. Калі здараецца так, што людзі замест галоўных прыярытэтаў (царква, сям’я, сябры) абіраюць памылковыя каштоўнасьці – грошы, кар’еру і г.д., то немінуча прыходзіць момант, калі пачынаюць лавіць сябе на думцы, што рэальнае сям’і ў іх ужо няма…

– Калі сям’я патрапляе ў падобнае становішча, якія ёсьць практычныя Богажаданыя крокі да выхаду зь яго?

– Не проста як тэарэтык багаслоўя, але як сьвятар з пэўным стажам духоўніка, жадаю тут сказаць рэч, якая шмат каму не спадабаецца: практычных і ўнівэрсальных парад, якія б падашлі адначасна ўсім і ўсюды няма, і ў прынцыпе не можа быць, як няма і абсалютна аднолькавых людзей. Разам з тым, магу толькі падказаць просты выхад: намагайцеся больш маліцца за вырашэньне гэтае праблемы, абмяркоўвайце яе ў коле сваёй сям’і, і асноўнае – заўсёды райцеся зь вашым сьвятаром. У кожнага нармальнага чалавека ёсьць “свой” лекар альбо цырульнік. Чаму б вам не падумаць аб сяброўстве з праваслаўным сьвятаром? Лічу, гэта не толькі цікава, але і рэальна карысна.

Размаўляў журналіст Уладзімір Торбіч


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.