Monday, February 14, 2011

КАНОН АНЁЛУ АХОЎНІКУ

Трапар, тон 6

Анёл Божы, захавальнік мой сьвяты, / жыцьцё мае захавай у глыбокай павазе прад Хрыстом Богам, / розум мой зацьвердзі на праўдзівым шляху, / і любоўю да нябеснага запалі душу маю, / каб табою накіраваны, / атрымаў я ад Хрыста Бога вялікую міласьць.
Багародзічны: Сьвятая Уладарка, / Хрыста Бога нашага Маці, / як усіх Творцу неспасьціжна нарадзіўшая, / малі дабрыню Яго бесьперастанку, / з захавальнікам маім Анёлам, / выратаваць душу маю, запалам апантаную, / і прабачэньне грахоў дараваць мне.

Thursday, February 10, 2011

СТАНІСЛАЎ БУЛАК—БАЛАХОВІЧ

А. Грыцкевіч
Пасьля доўгага замоўчваньня беларускімі гісторыкамі савецкага часу ужо у 90—я гады мінулага стагодзьдзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго зь найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў — генэрала Станіслава Булак—Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага зь Мінска. Артыкулы, прысьвечаныя генэралу і яго паходу ў Палесьсе, плянаванаму як пачатак вызваленьня Беларусі ад панаваньня ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў "Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі" і "Беларускую Энцыкляпэдыю". У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага "Генэрал Станіслаў Булак—Балаховіч. Забыты герой". Вывучэньне біяграфіі С. Булак—Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасьці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.

Tuesday, February 8, 2011

КАНОН ПАКАЯНЬНЯ ДА ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА

тон 6

Песьня 1

Ірмас: Як па сушы прайшоў Ізраіль / па бяздоньню ступнямі, / і сьпяваў, ганіцеля фараона бачачы тонучым: / “Богу пераможную песьню засьпяваем”!
Прысьпеў: Памілуй мяне Божа, памілуй мяне!
Сёньня прыйшоў я, грэшны і абцяжараны, / да Цябе, Уладару і Богу майму; / але не адважваюся пазіраць на неба, / толькі малю, прамаўляючы: / “Дай мне, Гасподзь, розум, / каб аплакваў я горка справы мае!”
Прысьпеў: Памілуй мяне Божа, памілуй мяне!
О гора мне, грэшнаму! / Больш усіх людзей зласьлівы я: / няма ва мне пакаяньня. / Дай мне, Гасподзь, сьлёзы, / каб аплакваў я горка справы мае!
Слава: Бяздумны, няшчасны чалавек, / ты час губляеш у ляноце! / Падумай аб жыцьці сваім / і зьвярніся да Госпада Бога, / і плач горка аб справах сваіх!
Цяпер: Маці Боская ўсячыстая! / Зірні на мяне, грэшнага, / і ад сетак сатаны пазбаў мяне, / і на шлях пакаяньня скіруй мяне, / каб аплакваў я горка справы мае.

АРХІЯПІСКАП БАПЦ СЯРГЕЙ (АХАТЭНКА)

12(25).03.1890 – 2.10.1971
прат. Сяргей Горбік
Мы ўсе, праваслаўныя ўкраінцы і беларусы, былі, ёсьць і будзем роднымі дзецьмі Маёнткавай Кіеўскай Царквы
З пропаведзі архіяпіскапа Сяргея на Вялікдзень 1959 г.
Кожны народ мае сваіх праведнікаў, якія прысьвяцілі усё сваё жыцьцё сваёй краіне і нацыі. Усе яны заслужылі прызнаньне і памяць сваіх народаў, а некаторыя рабіліся годнымі і Вышэйшай славы — вянкоў Госпада нашага Ісуса Хрыста. Але якой нявыказанай любоўю Гасподняй трэба палаць, што б у цяжкіх акалічнасьцях добраахвотна узяць на сябе і другі крыж — крыж дапамогі іншаму, хай і братэрскаму народу, зразумець яго боль, вывучыць мову, стаць і яго сьвяцільняй праваслаўнай веры… Менавіта такім быў архібіскуп БАПЦ Сяргей (Ахаэнка).

Sunday, February 6, 2011

НЯДЗЕЛЯ АБ ЗАКХЕІ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы уступілі сёньня ў другі падрыхтоўчы тыдзень да Вялікага паста. На першым тыдні выявай сьляпога, жабрака Варцімея, вылечанага Хрыстом, нам нагадвалася пра тое, што усе мы духоўна сьляпыя, што усе мы асьлеплены бачным і няздольныя бачыць нябачнае, якое зьяўляецца адзінай усяканечнай рэальнасьцю жыцьця: Бога.
У сёньняшнім Эвангельлі гаворыцца нам аб Закхее—мытару; пра чалавека, які здолеў перамагчы самае, можа быць, цяжкая і самую сталую спакусу нашага жыцьця, а менавіта — ганарыстасьць. І праз гэта, аддаўшы сябе на суд Божы і занядбаўшы меркаваньне і суд чалавечы, ён зрабіўся здольным быць дзіцем Царства Боскага. Ганарыстасьць — гэта сьцьвярджэньне, што мы самадастатковыя, што нам не патрэбен ні Творца, ні Прамысьліцель, ні Судзьдзя, ні Бог, ні чалавек. Гэта сьцьвярджэньне, што мы  — закон, пачатак і канец. Але ў ганарыстасьці, як кажа сьвяты Ян Лесьвічнік, мы робімся дзёрзкімі перад Богам і баязьлівымі перад людзьмі; таму што пыхлівы чалавек, гэта чалавек, шукаючы ухвалы ад людзей, аддаючы сябе чалавечаму суду, забываючы пра тое, што над ім — суд Божы, суд вечнай праўды.

Tuesday, February 1, 2011

СЬВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ БАРЫС ДАНІЛЮК

28 студзеня 2011 г., пасьля цяжкай хваробы пайшоў зь жыцьця спадар Барыс Данілюк.
Барыс Данілюк нарадзіўся 5-га красавіка 1923 года ў вёсцы Старыя Дзевяткавічы на Слонімшчыне, ў сям’і беларускага сьвятара, удзельніка Слуцкага паўстаньня Хведара Данілюка. Падчас нямецкай акупацыі, ў часе 2-й Сусьветнай вайны, працаваў у беларускіх арганізацыях у Слоніме, браў удзел у працы Другога Усебеларускага Кангрэсу. У ліпені 1944 года разам зь сям’ёй вымушаны пакінуць Беларусь перад надыходам савецкіх акупантаў. Да 1950 году жыў у францускай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, вучыўся на інжынэра будаўніка ў Мюнхэнскім унівэрсытэце, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня, уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 
Пасьля пераезду ў ЗША, спадар Данілюк прымаў актыўны ўдел у арганізацыі беларускага царкоўнага і грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы. На працягу доўгіх гадоў уваходзіў у Раду і Кансысторыю Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, кіраваў царкоўным хорам у Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку, з’яўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса “Царкоўны Пасланец”. Спадар Барыс таксама вядомы як аўтар і перакладчык шматлікіх духоўных вершаў. 
Асаблівую падтрымку і павагу заслужыў Барыс Данілюк ад новай хвалі беларускае эміграцыі, якую ён шчодра падтрымліваў і навучаў.
Дзякуй Вам за ўсё, спадару Барысе!
Няхай Гасподзь супакоіць душу Ягоную, дзе ўсе Праведнікі спачываюць. 
Вечная памяць! 
Парахвіяльная Рада Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага 
Барыс Данілюк будзе пахаваны 1 лютага на Беларускім Магільніку ў Іст Брансвіку, у штаце Нью Джэрсі . Заўпакойная літургія і адпяваньне будуць адпраўленыя ў царкве Жыровіцкае Іконы Божае Маці, (9 River Road, Highland Park, NJ 08904, tel. 1-732-247-9173). Пачатак - а 10-й гадзіне раніцы.

Паводле: http://www.belapc.org/naviny---galounaa/svetlajpamacibarysdaniluk

Monday, January 31, 2011

МІТРАПАЛІТ МЕЛХІСЕДЭК (ПАЕЎСКСКІ) (1878 – 1931)

Беларускі праваслаўны архірэй, мітрапаліт Мескі і Беларускі, герарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, рэлігійны і грамадзкі дзеяч, удзельнік беларускга нацыянальнага праваслаўнага руху ХХ стагодзьдзя. Нарадзіўся 30 (н. ст.) верасьня 1878 года ў вёсцы Вітуліна Бельскага павету Холмскае губэрніі. Паходзіў зь сям’і беларускага праваслаўнага сьвятара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома і ў манастырскае школе. Пазьней працягваў адукацыю ў Віленскае праваслаўнае сэмінарыі, а потым паглыбляў свае веды ў Казанскае духоўнае праваслаўнае акадэміі і унівэрсытэце. Там жа, у Казані, прыняў манаскі пострыг зь імям Мелхіседэк. Пасьля заканчэньня вучобы ў акадэміі рукапаложаны ў сьвятара і як ераманах накіраваны ў Магілёўскую япархію. Зь восені 1904 г. працаваў выкладчыкам маральнага багаслоўя ў Магілёўскае сэмінарыі і гімназіях гораду.

ПРАВІЛА АД АПАГАНЕНЬНЯ

Калі нехта спакусіцца ў сьне па дзее сатанінскае, ён, устаўшы зь ложка, зьдзяйсьняе паклоны, прамаўляючы:
Божа, будзь міласэрны да мяне, грэшнага.
Затым пачатак звычайны.
Прыйдзеце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзеце, паклонімся й прыпадзем да Хрыста, Уладара, нашага Бога.
Прыйдзеце, паклонімся й прыпадзем да самога Хрыста, Уладара й Бога нашага.

Псальма 50

Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае! Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне: бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною. Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім. Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне. Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся. Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае. Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне. Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай. Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навярнуцца. Вызвалі мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю. Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе: бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца. Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае. Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.

ПАМЯЦЬ ЗВЫШГОДНАГА АНТОНІЯ ВЯЛІКАГА

17 студзеня
мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы служым не кожны дзень, і таму праходзяць міма нас імёны сьвятых і вучэньне сьвятых, ад якіх мы маглі б шмат чаму навучыцца, але якіх рэдка хто памятае. Так, учора сьвяткаваўся дзень заснавальніка манаскага подзьвігу ў эгіпэцкай пустэльні, сьвятога Антонія Вялікага, у памяць і гонар якога названы усё, хто пасьля насіў гэта імя, уключаючы і заснавальніка кіеўскага манаства, Антонія Пячорскага.
І мне жадаецца зьвярнуць ваша увагу на адну толькі падзею зь ягонага жыцьця. Ён сышоў у пустэльню, першы зь усіх падзьвіжнікаў, для таго, каб змагацца са злом, якое існавала ў ягоным сэрцы. Ён не уцякаў ад сьвету: ён сыходзіў у пустэльню на адзінаборства, каб пазмагацца тварам да твару са злом больш складаным, больш страшным і разбуральным, чым тое зло, якое нас атачае ў сьвеце гэтым.

КАНОН ЗВЫШГОДНАМУ АНТОНІЮ ВЯЛІКАМУ

Тон 8
Песьня 1
Ірмас: У старажытнасьці калясьніцы фараона патапіў Майсей, цудатворным жазлом правобразам крыжа падзяліўшы воды. Праз гэта і ўцекачы выратаваліся, песьню Богу сьпяваючы.
Прысьпеў: Антонія боскага ўшануем прыгожа.
Несьмяротнасьць жыцьця і ягоны вечным сэнс пакажы, і Траістасьць Зоркі, ойча, напоўні, асьвяці мілатой асьветы змрочную душу маю, малюся, ды годна апяю цябе.
Юнак узростам плоці, мудра новы шлях дабрадзейнасьці абраў, якім добра крочыў, Новаму Запавету Выратавальніка падпарадкаваўся, вялебны, і жыватворчаму запавету Эвангельля пераймаў.
Траістым зьзяньнем, прамудры, асьвячоны, спакусы, запалы, злосьць нячысьцікаў і зданяў зьвяроў напады, таксама раны балючыя перамог ты, запалены жаданьнем Боскасьці.
Багародзічны: Як Маці Боская, адвагу маючы да народжанага ад Цябе, Адзінароднаму Слову, і адвечнаму Айцу, і Сьвятому Духу, маліся няспынна аб збаўленьні ад бед, Усячыстая, аб праслаўляючых Цябе, Багародзіцу.