Памяць 26 кастрычніка
Сьвятой велікамучанік Зьміцер, сын шляхетных і набожных бацькоў, паходзіў з гораду Салуні, дзе ягоны бацька быў ваяводам. У той час нягодныя цары ўзьнялі на хрысьціян жорсткія прасьледаваньні; таму бацька Зьміцера, таемна верачы ў Госпада нашага Ісуса Хрыста і выконваючы Ягоныя запаветы, не адважваўся яўна спавядаць усясьвятое імя Ягонае, апасаючыся жахлівых пагрозаў язычнікаў. Унутры палаца свайго ў таямнічым пакоі ён меў дзьве сьвятыя іконы, упрыгожаныя золатам і каменьнем; на адной зь іх была выява Госпада нашага Ісуса Хрыста, а на іншае – Усясьвятой Боскае Маці; прад гэтымі абразамі ён запальваў сьвечкі, кадзіў водарам. У гэтым адасобленым храме ён разам зь сваёй жонкай часта ўздымаў малітвы Праўдзіваму Богу, у вышынях жывучаму, Адзінароднаму Сыну Ягонаму і Ўсячыстае Ўладарцы. Гэтая набожная пара шчодра абдорвалі жабракоў і ніколі не адмаўлялі людзям патрабуючым. Толькі адно засмучала іх: не было ў іх дзяцей. Яны старана малілі Госпада, каб Ён дараваў ім насьледніка, і праз некаторы час іх жаданьне спраўдзілася.










