У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня, у сярэдзіне Вялікага пасту, Сьвятая Праваслаўная Царква шануе Сьвяты Крыж Гасподні, той Крыж, на якім Хрыстос Выратавальнік прынёс Сябе ў ахвяру за выратаваньне роду чалавечага. Гэта глыбока сымбалічна, бо, калі сілы падзьвіжнікаў слабеюць і хрысьціяне стамляюцца, Царква усталявала вынесьці Сьвяты Крыж на сярэдзіну сьвятога храма для сузіраньня і цалаваньні. Выносіцца ён для таго, каб з глыбокай павагай гледзячы на яго і прыкладваючыся да яго, чэрпалі мы ад гэтай сьвятыні для сябе бадзёрасьць духу і ішлі на далейшае зьдзяйсьненьне цяжкага, але дабрадатнага подзьвігу Вялікага посту.
Бо перад вачамі нашымі ляжыць для поўнай глыбокай пашаны і цалаваньня Крыж Гасподні, сіла якога часта услаўляецца ў царкоўных малітвах і гімнах; то я жадаю, дарагія браты і сёстры, сказаць вам некалькі слоў пра ягоную сілу, месца ў нашым праваслаўным жыцьці. Калі думаем пра Сьвяты Крыж Гасподні, то зь аднаго боку усюды бачны яго дзіўную сілу і не ведаем на чым спыніцца, які выпадак узяць для прыкладу жыватворчай сілы Крыжа, яго вечнага месца ў справе нашага выратаваньня.
Крыжам адзначана усё жыцьцё хрысьціяніна — ад нараджэньня да самай сьмерці. Пры Таямніцы хрышчэньня на нас ускладаецца сьвятаром крыжык, які мы павінны насіць заўсёды на сваіх грудзях, не здымаючы яго ні пры якіх акалічнасьцях нашага жыцьця. Калі ў храм прыходзіць шлюбная пара для зьдзяйсьненьня Таямніцы Шлюбу, адной зь сямі Таямніц нашай царквы, то ў канцы Чыну Шлюбу сьвятар абводзіць шлюбную пару вакол аналоя, на якім ляжаць Сьвятое Эвангельле і Крыж Гасподні. Гэта знак таго, што цэнтрам, стрыжнем жыцьця гэтай новай пары, якая нясе новае жыцьцё ў наш сьвет, павінны быць крыж і слова Боскае — Эвангельле…
Не будзем забываць: Сьвяты Крыж для хрысьціяніна зьяўляецца і непераможнай зброяй. Сьвятая Царква ў сваіх песьнях кажа нам: “Гасподзь, зброя на сатану - Крыж Твой даў нам: бо трапеча і трасецца, не можа глядзець на сілу ягоную”. Крыж агароджвае хрысьціяніна ва усіх акалічнасьцях ягонага жыцьця.
Адзін афонскі манах, кажучы пра мэту свайго жыцьця, сказаў: “Маім жаданьнем ёсьць тое, каб у гэтым жыцьці заслужыць крыж на сваёй магіле…” Удумаемся ў гэтыя словы, бо быць Праваслаўным у духу — гэта значыць ісьці за Хрыстом. Менавіта пра гэта нагадвае Царква ў сярэдзіне Вялікага пасту, калі ў цэнтар храма выносіцца Крыж Гасподні і калі на Літургіі гучаць уладныя словы Выратавальніка: “Хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам” (Мк. 8, 34).
Аднак сёньняшняя нядзеля павінна стаць для нас зь вамі не толькі днём глыбокай пашаны сьвятому жыватворчаму Крыжу Госпада, але і днём разважаньня: А што ж азначае для нас, праваслаўных, гэты Крыж?
Сын Божы кажа: “Хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем” (Лк. 14, 27). Крыж — гэта наш жыцьцёвы шлях, шлях жалобы, бедзтваў, пакут, гора, што нярэдка перасьледуюць чалавека зь дзяцінства да самай сьмерці. Гэты крыж зьяўляецца доляй кожнага чалавека на зямлі. І прытым у кожнага зь нас ёсьць свой крыж, які мы павінны несьці, жадаем гэтага ці не. Ніхто не вольны ад гэтага нясеньня крыжа. І добра таму, хто нясе свой крыж пакорліва, годна праваслаўнага хрысьціяніна. Мы павінны быць вучнямі Хрыстовымі не па імю толькі, але і па жыцьці. Напрыклад, наведала нас цяжкая хвароба ці згубілі мы сваіх родных, сяброў і дабрадзеяў, якіх забрала няўмольная сьмерць, ці хтосьці нас дарма бэсьціць, ці іншая якая бяда ці крыўда - мы не павінны стогнуць і падаць духам, але усё цярпець і лічыць няшчасьце цалкам заслужаным і нават малым у параўнаньні зь нашымі грахамі. Гэта — крыж наш, які дастаўся нам у гэтым жыцьці, яго трэба узяць і несьці па прыкладу Выратавальніка.
Але разам з грозным напамінкам пра суд і жалобу, Сьвяты Крыж нагадвае усім нам і пра тое, што Крыж Хрыстоў зьяўляецца і знакам любові, невымоўнае, бязьмежнае любові да нас Выратавальніка і Бога, што гэта менавіта бясконцая любоў давяла Яго да Крыжа, да сьмерці, а нам адкрыла шлях выратаваньня і браму Царства Нябеснага.
Сёньня, калі мы стаім у сярэдзіне Вялікага пасту, Царква нагадвае нам у Эвангельскім чытаньні пра той Крыж, які кожны зь нас павінен несьці на сваіх плячах. І гэта невыпадкова. Тыя нягоды, якія мы вольна ці мімаволі з радасьцю ці са смуткам усклалі на сябе падчас Вялікага пасту, далі нам адчуць: Што ёсьць крыж, які кожны нясе на сваіх плячах у гэтым сьвеце, што такое той крыж, які нам запавядаў несьці Выратавальнік. Хтосьці са скрухай, а хтосьці, спадзяюся, з радасьцю адчуў ягоны цяжар на сваіх плячах і адчуў, тым самым, што папярэднія некалькі тыдняў Вялікага пасту не прайшлі дарэмна. Ён пачаў яшчэ больш ясна адчуваць, што зямны жыцьцёвы шлях — гэта хросны шлях.
Будзем жа памятаць, што нясеньне Крыжа на сваіх плячах — гэта сапраўды подзьвіг, што, калі мы адважваемся зваць сябе хрысьціянамі і насіць на сабе Крыж Гасподні, мы павінны быць гатовымі да таго, што наша жыцьцё будзе напоўнена не радасьцю, а смуткам, не весялосьцю, а пакутай, і толькі тады мы штосьці зразумеем у царкоўным жыцьці, толькі тады мы штосьці зразумеем у хрысьціянстве. Крыж зьяўляецца знакам таго, што мы з годнасьцю і мужнасьцю, якія былі ў Бога нашага Ісуса Хрыста, з пакорай і любоўю, якімі Ён адорваў усіх людзей у гэтым сьвеце, пойдзем за Хрыстом і з Хрыстом. І Крыж, які некалі зьяўляўся прыладай сьмерці, зробіцца і для нас зь вамі прыладай выратаваньня, і тады той маленькі крыжык, які мы носім на сваіх грудзях, зробіцца сапраўды знакам нашай сапраўднае хрысьціянскае годнасьці перад Богам.
Будзем моліцца Богу нашаму, што б блаславіў нас у гэту, Крыжапаклону, нядзелю, каб мы сапраўды прасякнуліся гэтымі словамі пра важнасьць крыжа, каб гэты знак зрабіўся для нас той пуцяводнай зоркай, за якой Бог заклікае нас крочыць. Амін.
прат. Сяргей Горбік
Львоў, 5/18 сакавіка 2012 л.Б.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.