Saturday, January 7, 2012

НАРАДЖЭНЬНЕ ХРЫСТОВА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Нараджэньне Хрыстова нам кажа і пра Бога, і пра чалавека; і ў адносінах да Тога і іншага яно адчыняе перад намі велічэзную надзею, але надзею, якую мы павінны апраўдаць.
Што ж нам кажа нараджэньне Хрыстова пра Бога? Яно нам кажа пра тое, што Бог, Які ў Старым запавеце уяўляўся неспасьціжным, вялікім, сьвятым і страшным, перастае быць страшным. Ён робіцца нам родным, таму што раптам мы выяўляем, што любоў Ягоная да чалавека такая, што Ён гатовы зрабіцца адным з нас. А гэта значыць, што Ён бярэ на Сябе усе наступствы Свайго творчага дзеяньня, што Ён нас не стварае проста з тым, каб мы потым перад Ім адказвалі за тое, што не здолелі жыць так, як Ён пачаў марыць пра нас. Нараджэньне Хрыстова нам кажа пра тое, што Бог нас прымае, якімі мы ёсьць, з усёй любоўю і з усёй адказнасьцю. Ён бярэ на Сябе асабіста адказнасьць за Свой творчы акт і за чалавечае адпадзеньне і грэх. Ён робіцца чалавекам, не робячыся грэшнікам, але прымаючы на Сябе усе наступствы чалавечага адпадзеньня, гэта значыць граху. Ён адзін з нас, і ў Ім мы можам бачыць ідэал чалавека, поўнасьць таго, для чаго мы закліканы.
Але акрамя таго, Нараджэньне Хрыстова кажа нам таксама і пра значэньне чалавека. Бо падумайце: для таго, каб Бог мог зрабіцца чалавекам, чалавек павінен быць так глыбокі, валодаць такой бясконцай ёмістасьцю, што ён можа зрабіцца месцам паселішча бажаства. Пра гэта кажа сьвяты Рыгор Палама. Калі яму паставілі пытаньне пра тое, якім чынам Бог можа зрабіцца чалавекам – і чалавек не згарае ў гэтым полымі, і полымя не згасае ў холадзе чалавецтва, ён адказвае: Увасабленьне падобна на тое. быццам мы уклалі ў жароўню меч. Калі мы яго укладваем, ён халодны, цёмны, калі мы яго вымаем, ён увесь гарыць, ён зьзяе і – над цудам цуд! – зараз можна рэзаць полымем і паліць жалезам. І вось гэта і здарылася ў нараджэньні Хрыстовым.
Але Хрыстос не для таго толькі нарадзіўся, каб нас ратаваць. Ён нам даручыў таямніцу выратаваньня сьвету. Ён нас заклікаў не да таго толькі, каб мы сталі Яго спадчыньнікамі ў Царстве Божым, але каб мы узялі на сябе працу ператварэньня гэтага сьвету.
І вось зараз, калі над нашае Радзімай павісла новая трагедыя, калі страх бярэ за яе лёс, калі перад намі адкрываюцца новыя магчымыя бездані, але таксама і магчымыя цуды - мы усё закліканы памятаць, што Бог увайшоў у грэшны сьвет для таго, каб яго зьмяніць. А нам Ён сказаў: Я вас пасылаю ў сьвет, як авечак сярод ваўкоў… Ён нас паслаў для таго, каб мы сваім жыцьцём і сьмерцю, сваім прыкладам і словам, сваёй верай і любоўю гэты сьвет зьмянілі, зрабілі з яго Царства Боскае.
А Царства Боскае зусім не азначае месца, дзе Бог пануе; гэта тое месца поўнай волі, поўнае узаемнае любові паміж Богам і чалавекам, і паміж чалавекам і чалавекам. Уступаючы ў новы год, які пачынаецца з Нараджэньня Хрыстова, давайце, усё прыкладзём высілкі да таго, каб перамагчы усякую розьніцу, усякую падазронасьць, адкрыцца адзін аднаму, але адкрыцца ў праўдзе, у рашучасьці стаяць за усё тое. што зьяўляецца праўдай і ісьцінай, і добрай годнасьцю, і сьвятасьцю сьвету і чалавека - і тады пераможа дабро. І на гэты подзьвіг – ды дабраславіць нас Бог, каб мы яго зьдзяйсьнялі Ягонае сілай і Ягонае любоўю.
Дабраслаўленьне Госпада на вас, Ягонае мілатой і чалавекалюбствам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін!

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.