Sunday, April 10, 2011

АКАФІСТ ЗВЫШГОДНАЙ МАРЫІ ЭГІПЭЦКАЙ

Кандак 1
Абраная Богам ад паўшага роду подзьвігам цяжкім атрымаўшая вялікую славу на нябёсах, мы, на зямлі народжаныя, пакорліва зьвяртаемся да цябе, сьвятая Марыя, малі за нас Госпада Бога, ды ўздыме нас з рову запалу нас, праслаўляючых цябе сьпевам: Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Ікас 1
Анёлы зьдзівіліся раптоўнай зьмене ў табе, Звышгодная Маці, як ты ў адну імгненьне пакінула шырокі шлях, вядучы ў згубу і ўступіла на вузкую трапу выратаваньня. Прымі ад нас, Хрыстова сьвятая, гэты радасны сьпеў:
Радуйся, Боскую Маці маліўшая, каб удастоіцца прыпасьці да Крыжа; радуйся, чыстую Дзеву прасіўшая, ды прабачэньне вымаліць у Хрыста.
Радуйся, Дзеве сьвятой абяцаўшая не вяртацца на згубны шлях; радуйся, горкія сьлёзы ліўшая на хворыя звышгодныя грудзі.
Радуйся, бо Абаронцай хутка ў малітве была пачутая ты; радуйся, бо ў тое ж імгненьне здолела да Крыжа падысьці.
Радуйся, дрэва зь замілаваньнем цалаваўшая, на якім жа раскрыжаваны быў Хрыстос; радуйся, ўсёй існасьцю трымцеўшая, брую сьлёз праліваючы.
Радуйся, тут жа рашэньне прыняўшая не павяртацца назад; радуйся, крыж Хрыстовы і цяжар Ягоны абраўшая ўзяць на плечы свае.
Радуйся, бо цьвёрдым рашэньнем гэтым сатану ў галаву ўразіла; радуйся, бо аб адным падобным рашэньні радасьць вялікая ёсьць на нябёсах.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 2
Бачачы невымоўную любоў да цябе Боскай Маці, Звышгодная. Бо па сьлёзнай малітве тваёй зрабіла ў тое ж імгненьне вольны ўваход табе да Усячыстага Дрэва Крыжа ў сьвята годнага ягонага ўзьняцьця, і ўдастоіла пацалаваць яго, ты ж, у радасным трымценьні аб міласьці Боскай, засьпявала Яму: Алілуя.
Ікас 2
Розумам і сэрцам прыняла ты, сьвятая Марыя, няўхільнае рашэньне ад гэтай хвіліны не вяртацца на шлях запалаў, у замілаваньні сэрца моліш Усясьвятую Дзеву Багародзіцу ўказаць табе месца выратаваньня і раптоўна пачула ты таямнічы голас, указваючы месцам гэтым пустыню Ярданскую. Прымі ад нас, Звышгодная, гэты сьпеў праслаўляючы:
Радуйся, дзякуючая Абаронцы Сьвета за вольны ўваход да Крыжа; радуйся, паручыцелькай Дзеву абраўшая ў абяцаньні служыць толькі Хрысту.
Радуйся, чыстую Дзеву маліўшая шлях выратаваньня табе ўказаць; радуйся, ад іконы прыняўшая голас, што месцам выратаваньня табе пустэльню назваў.
Радуйся, бо ў той жа час зраклася мітусьні сьвету гэтага; радуйся, у той жа час на караблі адплыўшая да берагу Ярданскага.
Радуйся, бо ў зямлі пустэльні Боская Маці ахоўвала цябе; радуйся, сьветам грахоўным нябачная, пазьбегнуўшая ягонай мітусьні.
Радуйся, бо напады сатанінскія Крыжам адбіла; радуйся, у подзьвігу цяжкім абраная, вясельле прыняўшая з Хрыстом.
Радуйся, страх і голад перацярпеўшая дзеля Яго; радуйся, асалоды сьвету зьняважыўшая дзеля Адзінага Хрыста.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 3
Сілай зь вышыні ўмацаваная была ты ў пустэльні, звышгодная Маці, дапамогай Госпада захаваная, няспынна сьпявала Яму: Алілуя.
Ікас 3
Меў сапраўды вялікае жаданьне звышгодны Засіма бачыць абраную, Боскай вышынёй жыцьця свайго яго перабольшваючую, калі надышлі дні сьвятой Чатырохдзесятніцы, адышоў у пустэльню за Ярдан і атрымаў воляй Боскай цябе, Звышгодная, ты ж дзеля пакоры, не жадаючы зьяўляцца людзям, раней уцякала ад яго, але потым умаліў цябе звышгодны ўдастоіць размовы зь ім, не пагрэбуй і зь намі размовай пакорнай, сьвятая Боская, і прымі такі пахвальны сьпеў:
Радуйся, у пустэльні пакаяньне прыносіўшая; радуйся, дні і ночы ў ёй плакаўшая.
Радуйся, сьлязамі ўсю зямлю арасіўшая; радуйся, нябеснай вышыні дасягнуўшая.
Радуйся, ад смуроду жыцьцёвага ўцякаўшая; радуйся, адшукаўшая ў пустэльні спакой.
Радуйся, пад цяжарам крыжа пакуту прымаўшая; радуйся, бо заўсёды Гасподзь быў з табой.
Радуйся, за подзьвігі Хрыстом праслаўленая; радуйся, праслаўленьне гэтае яшчэ на зямлі прыняўшая.
Радуйся, празорлівасьцю Госпада вылічаная; радуйся, бо таямніча па імю Засіма назвала ты.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 4
Бурай жаху сьвятога ахінуты быў звышгодны Засіма, калі ты, ніколі не ведаючы ягонага імя, умаліла распавесьці яму жыцьцё свае дзіўнае. Ты ж, пакорлівая падзьвіжніца, не схавала прад ім свайго ранейшага жыцьця грахоўнага, ды праславіцца ў табе Гасподзь, шчодра ўзнагароджваючы прыносячых пакаяньне. Мы ж дзякуем Стваральніку, молячы Яго, ды не адкіне Ён і нашага пакаяньня, і ў радасным спадзяваньні сьпяваем Яму: Алілуя.
Ікас 4
Чуў звышгодны Засіма, як ты зь мужнасьцю перацярпела ўсе цяжкасьці жыцьця пустэльніцкага ў барацьбе са спакусамі і нападамі сатанінскімі, дзіваваўся і зь замілаваньнем сьпяваў табе:
Радуйся, толькі карэньнем сілкаваўшая цела свае ў пустэльні; радуйся, на Госпада ўсё спадзяваньне ўсклаўшая, ды не пакіне ў смутку стварэньне Свае.
Радуйся, шматлікіх перабольшваючая ў сваім цяжкім подзьвігу; радуйся, у рай за гэта ўвайшоўшая і ўвенчаная сьветлым вянком.
Радуйся, Боскім Духам навучаная ў пустэльні пісаньню; радуйся,бо ад Усядобрага атрымала сьвятой прыгажосьці дарунак.
Радуйся, бо Духа Сьвятога сасудам ўдастоілася ты, Марыя, быць; радуйся, бо на шляху сваім цяжкім імкнулася для Госпада пажыць.
Радуйся, руку на арала паклаўшая і не азірнуўшаяся назад; радуйся, усёй сутнасьцю сваёй Хрыста палюбіўшая і мілату Ягоную прыняўшая.
Радуйся, кветкай прыгожай у пустэльні ўсё жыцьцё ты квітнела; радуйся, ялеем водарным для Госпада Бога была ты.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 5
Праліцьцём крыві Боскай збавіў нас Ты, Гасподзь, і не паклікаў ты праведных на пакаяньне, але грэшнікаў. Таму ўдастой і нас пераймаць жыцьцю сьвятой Тваёй – Марыі Эгіпэцкай і ва ўсе стагодзьдзі ўдзячным сэрцам праслаўляць Цябе сьпевам раю: Алілуя.
Ікас 5
Бачыў цябе, Звышгодная, Засіма, на паветры стоячую і малітвы ўздымаючую, трымценьнем ахінуты быў, як ў падзеньні быўшы раней, чалавек такой мілаты ўдастоіўся. Таму замілавана дзякаваў Госпаду і сьпяваў так:
Радуйся, сьвятасьцю жыцьця дасягнуўшая дарунку прадбачаньня; радуйся, таямніцы манастыра раскрыўшая прад Засімай сваімі вуснамі.
Радуйся, Анёлам пераняўшая чыстаты сваёй зьзяньнем; радуйся, бо стаяць удастоілася ў паветры, сьвятая падзьвіжніца.
Радуйся, прад Засімай жорсткія подзьвігі схаваўшая; радуйся, зь нябёсаў шматлікія зьявы прыхавала ты.
Радуйся, дзеля сьвятога выратаваньня ўсё гэта толькі ў сэрцы сваім трымаўшая; радуйся, Засіме загадаўшая маўчаць аб усім да скону твайго.
Радуйся, быць праслаўленай не пажадаўшая на зямлі ад людзей; радуйся, бо сорак сем гадоў без людзей у пустэльні жыўшая.
Радуйся, па шляху крыжовым жадаючы невядомай прайсьці; радуйся, бо аблягчэньне цяжару ад людзей прыняць на ім адмовілася.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 6
Прапаведуюць Анёлы на нябёсах дзіўнае жыцьцё твае, сьвятая пустэльніца, як ты ў нямоглым целе атрымала сілу духа вялікую і разбурыла ёй усе напады сатанінскія. Мы разам зь Анёламі праслаўляем Госпада, даўшага табе крэпасьць дабрынёй Сваёй, і сьпяваем Яму: Алілуя.
Ікас 6
Зазьзяла ў табе, падзьвіжніца Боская, вялікае жаданьне атрымаць Усячыстыя Хрыстовы таямніцы, прасіла Засіму прыйсьці на будучы год, у сьвяты Вялікі Чацьвер са сьвятымі Дарамі на бераг ракі Ярдан, ды ўдастоіўшыся ты гэтага сьвятога Дару. Мы, жаданьне твае шчыльнага зьяднаньня з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом праслаўляючы, так сьпяваем табе:
Радуйся, спрагай сьвятой ахінутая да прычашчэньня сьвятымі Дарамі; радуйся, у сэрцы сваім захоўваючая да Госпада Бога любоў.
Радуйся, усю сябе ты нявестай зрабіла, Звышгодная, Выратавальніку Хрысту; радуйся, сьціпласьцю і пакорай атрымаўшая Анёльскую чысьціню.
Радуйся, хутка зь Засімай разьвіталася, жанчына прыгажосьці сьвятой; радуйся, Марыя, адразу зь вачэй ягоных сышоўшая ў глыбіні пустэльні.
Радуйся, у сэрцы Засімы пакінуўшая радасьць замілаваньня; радуйся, розум старца скіраваўшая да бруі думак добрых.
Радуйся, бо як жамчужыну каштоўную, думку аб табе ён унёс; радуйся, бо ўвесь шлях да манастыра арасіў ён сьлязамі радасьці.
Радуйся, бо доўга ў вачах яго старэчых вобраз твой стаяў; радуйся, бо толькі праз год пабачэньнем старац сябе суцяшаў.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 7
Жадаючы выканаць статут сьвятога манастыра, адпускаў ігумен манахаў сваіх на подзьвіг маўчаньня і няспыннай малітвы ў пустэльні далёкія. Звышгодны ж Засіма не здольны пайсьці праз хваробу, аб якой прадказала яму ты, сьвятая Марыя, з радасным трымценьнем чакаў Вялікі Чацьвер, бо ў гэты дзень па дамове, абяцаўшы прычасьціцца, схіляўся прад неспасьціжнымі шляхамі Боскімі, сьпяваючы Богу: Алілуя.
Ікас 7
Новым сьвятым трымценьнем ахінутая была душа звышгоднага старца, калі надышоў Вялікі дзень зьдзяйсьненьня таемнай Вячэры Госпадам, узяўшы зь сабой сьвятыя Дары, крочыў на бераг ракі, сьвятая, каб прычасьціць цябе, Маці сьвятая, мы ж разам са старцам набожна схіляемся прад Госпадам, ідучым да цябе ў таямніцах Сваіх усячыстых. І табе, годнай нявесьце Ўсясалодкага Жаніха, зь любоўю ідучай на шлюб, замілавана сьпяваем:
Радуйся, бо сьвятым Пастырам выканана просьба твая; радуйся, бо са сьвятымі Дарункамі прыйшоў ён на бераг у трымценьні.
Радуйся, бо ў ноч пакуты Хрыстовай жадала прычасьніцай быць; радуйся, бо праз гэтыя пакуты на нябёсах будзеш зь Ім жыць.
Радуйся, бо засмуціла звышгоднага доўгай адсутнасьцю сваёй; радуйся, бо зьдзіўленьне выклікала твая пераправа ракі.
Радуйся, бо ў зьзяньні месяца ты паказалася ў далі; радуйся, стопамі крочыўшая да супрацьлеглага берага ракі.
Радуйся, знакам крыжа выратавальная Ярдан асяніўшая; радуйся, бо як па сухому без засмучэньня рэчку перайшла.
Радуйся, бо праз бачаньне гэтага страхам ахінуты быў Засіма–сьвятар; радуйся, радуйся, бо яго супакоіла словамі тваімі сьвятымі.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 8
Вандроўнікі і прышэльцы мы ўсе на зямлі, па слову апостала, вандроўніцай была і ты ў пустэльні сваёй да дня адыходу свайго, Марыя, Падзьвіжніца Хрыстова, ды ад Ерусаліму зямнога перасялілася ў Ерусалім Вышэйшы, праслаўляць Творцу сьвятым райскім сьпевам: Алілуя.
Ікас 8
Усёй салодкасьцю, усім жаданьнем тваім быў Гасподзь Ісус, Яго ж ты прымаеш з трымценьнем ў таямніцах усячыстых з рук сьвятога старца. Мы ж, гледзячы на цябе, сапраўды годную прычасьніцу гэтага Дарунка сьвятога, зь любоўю табе сьпяваем:
Радуйся, у таямніцах сьвятых заручоная зь Несьмяротным тваім Жаніхом; радуйся, Ім за гэта ўпрыгожаная райскім нятленным вянцом.
Радуйся, бо цябе пасьля прычасьця ахінула дзівоснае сьвятло; радуйся, бо на цябе быў няздольны без страху Засіма глядзець.
Радуйся, зь вясельлем ціхім Сімяёна малітву прачытаўшая; радуйся, позірк свой замілаваны на руках да неба адразу ўзьнёсшая.
Радуйся, ежы нябеснай укусіўшая, зямную не жадаючая прымаць; радуйся, бо дарункі любові – тры зярняткі ў Засімы ўзяўшая.
Радуйся, бо да адзіноты пустэльні ўсёй душой цягнулася; радуйся, бо пасьля свайго прычасьця не доўга на берагу знаходзілася.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 9
Усялякі чын анёльскі і чалавечы дабраслаўляе Госпада, бо падае Ён сілу нямоглым людзям, умацоўваў і цябе, шматпакутная падзьвіжніца, у подзьвігу сваім пустэльніцкім трываючая ў аголенасьці тваёй холад і сьпякоту нясьцерпную, страх і голад, і шматлікія спакусы сатанінскія. Ты ж за гэтую дапамогу ад Госпада, заўсёды сьпявала Яму: Алілуя.
Ікас 9
Мудрацоў мова не здольная выказаць, што тварылася ў душы праведнага Засіма пасьля адыходу твайго, таямнічая пустэльніца, ты вобразам сваім, напоўненым мілатой Духа Сьвятога, скіравала духоўны позірк старца ў роздумы вышэйшыя, як Бог простага чалавека неспасьціжнай магутнасьцю Сваёй уздымае да Анёльскай вышыні, дык прымі разам зь Замай пакорлівы сьпеў хвалы нашай:
Радуйся, ад мітусьні сьвету ў пустэльню ўцякаўшая; радуйся, у ёй жа розум свой захаваўшая, не раскіданы спакусаў запалам.
Радуйся, бо цяжарам была сустрэча зь людзьмі сьвету гэтага; радуйся, хутка ў пустэльню імкнулася ты да размовы зь Анёламі.
Радуйся, там у цішыні дні і ночы малілася, нябачная сьветам; радуйся, бо ад усіх уцякла ў пустэльню ты, дзеля выратаваньня душы сваёй.
Радуйся, бо толькі зоркі нябесныя былі сьведкамі сьлёз тваіх; радуйся, бо ў гэтыя хвіліны цудоўныя, на цябе зь любоўю Сам Хрыстос глядзеў.
Радуйся, бо Паручыцельку дзівосную ты весяліла сабой; радуйся, дапамогай Яе моцнай вечнага супакою дасягнуўшая.
Радуйся, зноў Засіму прасіўшая, праз год у пустэльню прыйсьці; радуйся, яго спадзяваньне зноў цябе пабачыць абудзіўшая.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 10
Нам, выратаваньня жадаючым, будзь малітоўніцай у Пасаду Ўсявышняга, звышгодная Маці, ды і мы, пазьбегнуўшы ўсіх спакусаў, удастоімся разам з табой няспынна праслаўляць Госпада і сьпяваць Яму: Алілуя.
Ікас 10
Сьцяной ёсьць Ты ўсім падзьвіжнікам, Усясьвятая Багародзіца, ад злых нападаў сатанінскіх, выратавала і абраўшую Цябе Паручыцелькай прад Сынам Тваім, не пасароміла яе спадзяваньні, Усячычтая, і давяла да жаданай брамы райскае. Удастой і нас, грэшных, годна праслаўляць сьвятую падзьвіжніцу Тваю, Марыю Эгіпэцкую, сьпевам гэтым:
Радуйся, бо з трымценьнем радасным чакаў сьвяты Засіма цябе; радуйся, гэтым спадзяваньнем салодкім ён суцяшаў сябе.
Радуйся, бо зь любоўю крочыў у пустэльню ў дні Вялікага посту; радуйся, бо да месца пабачэньня ён дваццаць дзён вандраваў.
Радуйся, у смутку гора старац шукаў цябе; радуйся, бо хваляваньнем ахінуты старац не памятаў сябе.
Радуйся, бо адшукаў цябе, сьвятлом нябесным на жвіры асьветленую; радуйся, бо са сьветам гэтым ты разлучаная, у вечны адышла спакой.
Радуйся, з горкім рыданьнем старац сьвяты над целам схіліўся тваім; радуйся, бо не верыў Засіма вачам сваім старэчым.
Радуйся, бо даўно ўжо перасялілася ты ў дзівосны нябесны палац; радуйся, вечна ты вяселісься, сышоўшы ад смуткаў і трывог.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 11
Сьпевам анёльскім праслаўленая і хорам іх атачоная, узьнеслася душа твая праведная да Пасаду Ўсявышняга, у хоры радасным апяваць Госпада Боскім прыгожым сьпевам: Алілуя.
Ікас 11
Сьвятым Духам Боскім асьветлены быў твар твой звышгодны, старац жа Засіма ў вялікае засмучэньне прыйшоў, пакуль не пабачыў імя твайго, падзьвіжніца, каля галавы тваёй напісанага на зямлі. Мы ж, гэта ведаючы, так сьпяваем:
Радуйся, бо даведаўся Засіма аб дне спачыну твайго; радуйся, бо пакорлівай Марыяй была названа ты ў сьпевах.
Радуйся, бо адышла да Бога яшчэ ў годзе мінулым; радуйся, бо ў дзень сьвятога прычасьця ўдастоілася адысьці.
Радуйся, раптам з пустэльні гэтай пякельнай са страхам два ільва падышлі; радуйся, бо лапамі магутнымі вырыўшы магілу і сышлі.
Радуйся, бо зь малітвай гарачай аддаў зямлі ён твой прах; радуйся, бо доўга стаяў над магілай старац у сьлязах замілаваньня.
Радуйся, ціха вуснамі трымцеўшымі старац малітву зьдзяйсьняў; радуйся, у шляхах Неспасьціжнага зь любоўю ён праслаўляў.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 12
Мілату выпрасі нам у Бога, чыстая Хрыстова нявеста Марыя, ды памілуе Ён нас ў дзень страшнага суду Свайго і ды далучыць да абранага свайго статку, і ды ўдастоіць няспынна сьпяваць Яму: Алілуя.
Ікас 12
Поюще твое покаяние, емуже удивишася Ангелы на небеси и вси страдания твоя безпримерныя, их же не можеши изобразити некий язык человеческий с любовию и радостию ти вопием:
Апяваючы твае пакаяньне, яму ж дзіваваліся Анёлы на нябёсах, таксама і пакутам тваім, што не маюць прыкладаў. Іх жа няздольная апісаць аніякія словы чалавечыя, але мы так радасна апяваем цябе:
Радуйся, бо за цела аголенае цяпер цудоўнай рызай пакрытая ў раю; радуйся, сьпёкай у пустэльні спаленая, на нябёсах струменямі прахалоды ахінутая.
Радуйся, увесь час голад цярпела, цяпер у нябёсах нагадаваная хлебам Хрыстовым; радуйся, усялякія скрухі перацярпеўшая, цяпер у радасьці сьпяваюць вусны твае.
Радуйся, бо ў цяжкім змаганьні зь сатаной знаходзілася ты семнаццаць гадоў; радуйся, бо за перамогу праслаўлена, атачае цябе дзівоснае сьвятло.
Радуйся, бо як прамудрая Дзева не згасіла ты сьвяцільнік свой; радуйся, бо ад Крыжовага Дрэва – няўхільны да выратаваньня быў шлях подзьвігу твайго.
Радуйся, Дзеве Сьвятой абяцаўшая, зь Яе дапамогай не сыходзіць са шляху; радуйся, шмат у пустэльні пацярпеўшая, але не сышоўшая са шляху.
Радуйся, бо знакам крыжа разбурала задумы ворагаў; радуйся, бо цяпер удастоена Боскай шчодрасьці і дароў.
Радуйся, звышгодная Маці Марыя, Анёлаў подзьвігам сваім зьдзівіўшая.
Кандак 13
О, сьвятая, праслаўленая і пераможная падзьвіжніца Хрыстова, Марыя Эгіпэцкая, пакаяньня прыклад дасканалы! Молім цябе, выпрасі нам у Хрыста Бога сілу мілаты Ягонай, прабачыць нам шматлікасьць грахоў нашых, зь сьлязамі шчырымі пакаяньня ды ўдастоімся ў сялібе годных атрымаць суцяшэньне вечнае па праўдзіваму абяцаньню, і з хорам Анёльскім апяваць Усясьвятую Тройцу анёльскім сьпевам: Алілуя, Алілуя, Алілуя.
Апошні кандак сьпяваецца тройчы, потым ікас 1 і кандак 1
Малітвы да звышгоднай Марыі Эгіпэцкай
Малітва першая
О вялікая Хрыстова падзьвіжніца, звышгодная маці Марыя! Пачуй нягодную малітву нас, грэшных, збаў нас, звышгодная маці, ад запалаў, паўстаўшых на душы нашы, ад усялякага смутку і надыходзячай бяды, ад раптоўнай сьмерці і ад усяго злога. У час за разьвітаньня душы і цела, адгані, сьвятая падзьвіжніца, усякую злую думку і злых нячысьцікаў, каб прыняў душы нашы зь мірам у месцы сьветлым Хрыстос, Гасподзь Бог наш, бо ад Яго прабачэньне грахоў, і Ён ёсьць выратаваньнем душаў нашых. Яму ж належыць усялякая слава, гонар і пакланеньне, зь Айцом і Сьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Малітва другая
О Вялікая Хрыстова падзьвіжніца, звышгодная Марыя! На нябёсах каля Пасаду Боскага стоячы, на зямлі ж духам любові зь намі знаходзячыся, маеш ты адвагу да Госпада, таму малі аб выратаваньні слуг Ягоных, да цябе зь любоўю прыцякаючых. Выпрасі нам ў Усяміласьцівага Ўладыкі і Госпада веры няўхільнае выкананьне, краіны нашай умацаваньне, ад голаду і згубы збаўленьня, смуткуючым суцяшэньне, хворым вылячэньне, паўшым – ўздыманьне, заблукаўшым – адукаваньне, у добрых справах посьпеху, удовам і сіротам – абарону, а адышоўшым зь жыцьця гэтага – вечны спакой, усім жа ў дзень Суду Страшнага па правую руку стаць і добры голас Судзьдзі пачуць: Прыйдзіце, дабраслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну падрыхтаванае вам Царства і там жыцьцё вечнае атрымайце. Амін

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.