(14 верасьня)
Сьвята Ўзьняцьця ёсьць слаўная ўрачыстасьць годнага і жыватворчага Крыжа Госпада. Яно запачаткаванае ў памяць дзьвюх сьвятых падзеяў у гісторыі Царквы Хрыстовай. Першай падзеяй ёсьць цудоўная зьяўленьне і знаходка Крыжа ў час цараваньня Канстантына Вялікага. Канстантын не зьяўляўся хрысьціянінам, але, па загаду свайго бацькі, да хрысьціян ставіўся прыхільна.
Кесар Італіі Максэнты агаласіў вайну Канстантыну, каб адпомсьціць яму за сьмерць свайго бацькі Максэміяна і ў асобе Канстантына зьнішчыць моцнага абаронцу хрысьціян. Сьвяты Яўсевій апавядае, што войска Канстантына прайгравала варожаму войску ў колькасьці і сіле. Ён адчуваў, што яму неабходна дапамога зь вышыні, і ён шукаў яе. Мудры цар ведаў, што шмат дзяржаўных дзеячаў зьвярталіся да розных багоў, але яны не дапамагалі. А яго бацька Канстантый усё сваё жыцьцё маліўся да адзінага Бога, які заўсёды дапамагаў. Канстантын пачаў маліцца да адзінага Бога і прасіць, каб Ён зьявіўся і дапамог яму.
Цар апавядае, што ў 312 годзе, 28 кастрычніка, калі сонца пачало садзіцца, ён пабачыў на небе выяву Крыжа Госпада і надпіс зь зорак: “Гэтым пераможаш”. А ў наступную ноч ва сьне Канстантын пабачыў самога Ісуса Хрыста, які загадаў яму зрабіць на вайсковых сьцягах крыж і апавясьціў, што Канстантын пераможа ў гэтай бітве.
Канстантын зрабіў такі крыж зь золата і каштоўнага каменьня. Падобныя крыжы былі зроблены для ўсёй арміі. І сапраўды, яго войска, сярод якога было шмат хрысьціян, у наступны дзень перамагло ў бітве і пераможна ўвайшло ў Рым. Сілай Боскай Канстантын зьнішчыў ворага, які, цікаючы, быў скінуты зь мосту ў рэчку Тыбр і патоплены. Пераможца ўрачыста ўвайшоў у горад, дзе яго сустракалі людзі зь вясёлымі тварамі і добрымі сэрцамі, зь дабраслаўленьнямі і вялікае радасьцю. Ён не хваліўся і не ганарыўся сваёй перамогай, а адразу ж прынёс падзяку Госпаду сваёй малітвай да Яго. У сваім выступе прад народам ён паказаў вялікую сілу выявы Крыжа Госпада. Пасьля гэтага ў горадзе была пастаўлена статуя цара з крыжам у правай руцэ. На ёй зроблены надпіс: “Гэты ратуючы крыж, ісьціны сьведка мужнасьці, якім я выратаваў і вызваліў горад наш ад ярма мучыцеля і павярнуў рымскаму сэнату волю і былую славу.”
І ў далейшым Канстантын і ягоныя ваяры неаднаразова пераконваліся ў вялікай сіле і дапамозе Крыжа. Калі ворагі бачылі сьцяг з крыжам, то адразу ўцякалі. Сьцяг ахоўвала пяцьдзесят моцных ваяроў. Сам цар распавядаў, што аднойчы адзін зь ахоўнікаў сьцяга спужаўся і, перадаўшы сьцяг іншаму, пабег з полю бою. Але яго нагнала страла, уразіла яго ў жывот, і ён памёр. Гэта была яму кара за баязьлівасьць і няверу. А той ахоўнік, што падхапіў сьцяг, застаўся жывы. Сілай крыжа Канстантын перамог не толькі аднаго Максэнтыя, але і Аўгуста Лікінія, скіфаў і сарматаў.
Крыж, які быў у язычнікаў прыладай сьмяротнае кары, з часоў зьяўленьня і дапамогі Канстантыну ў перамогах над ворагам, зрабіўся знакам перамогі хрысьціян над язычнікамі ў рымскае імпэрыі.
Годнае і шляхетнае зьяўленьне крыжу ўсяліла ў Канстантына Вялікага любоў да хрысьціянства. Ён адмяніў сьмяротнае пакараньне на крыжы. Сьцягі і зброю ўпрыгожыў выявай крыжа. Заўсёды зь сабой меў стала жыватворчы крыж, для якога паставіў асобны намёт у лягеры, дзе маліўся да Бога. Да таго ж, у гонар жыватворчага крыжа ён вырашыў пабудаваць храм у Ерусаліме на месцы пакут і ўваскрошаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста. У выкананьні яго добрых намераў яму дапамагала яго набожная маці Алена.
У 326 годзе сьвятая раўнаапостальная царыца Алена зь лістом цара дасягнула Ерусаліму, каб адшукаць Крыж Госпада нашага Ісуса Хрыста на Галгофе. У юдэяў быў звычай закопваць прыладу пакараньня сьмерцю недалёка ад месца страты.
Не толькі юдэі, але і язычнікі, што зьмянілі юдэяў у нянавісьці да Хрыста і хрысьціян, прыклалі ўсе сілы, каб зьнішчыць Боскі помнік пакут, сьмерці і ўваскрошаньня Хрыста Выратавальніка. У 119 годзе язычнікі па загаду Андрыяна, які выгнаў юдэяў зь Ерусаліму, завалілі пячору зямлёй, замасьцілі каменьнем і закрылі ідальскім капішчам. Царыца Алена знайшла месца пакут і сьмерці Хрыста на Галгофе і арганізавала расчышчэньне яго. Пры раскопках было знойдзена тры крыжа і дошку зь надпісам: “Ісусу Назаранін – Цар Юдэйскі”. Гэты ж словы, як чытаем у Эвангельлі, па загаду Пілата – кіраўніка Юдэі, былі над галавой Укрыжаванага Ісуса (Ян. 19:19). Аднак цяжка было адрозьніць Крыж Госпада ад іншых крыжоў, паколькі таблічка зь надпісам ляжала асобна. З гэтай падставы Боскае дрэва Крыжа Госпада заставалася яшчэ невідомым і патрэбна было засьведчыць зь вышыні. Бог не дапусьціў, каб хрысьціяне замест Крыжа Госпада аддавалі пашану крыжу разбойніка. Таму адбылося выява цудатворнай сілы Жыватворчага Крыжа. Адбылося вылячэньне жанчыны ад цяжкай хваробы і уваскрэсеньне памёршага, калі паклалі адзін з крыжоў на іх. Выратавальны Крыж, якой тады адшукалі, знаходзіцца ў Ерусаліме ў срэбраным каўчэгу, а частку адправіла свайму сыну Канстантыну.
Пры знаходцы Крыжа, апрача царыцы Алены, былі прысутны Ерусалімскі патрыярх і шмат хрысьціян і няверуючых. Дабрашчасная Алена, патрыярх, усе людзі з радасьцю і набожным ушанаваньнем схілілі свае галовы прад Жыватворчым Крыжам, пакланяючыся яму да зямлі, цалуючы яго і сьпяваючы: “Госпадзі, памілуй!”
Такім чынам, дзень адшуканьня Крыжа зрабіўся пачаткам штогадовага сьвяткаваньня Ўзьняцьця Крыжа і тых маленьняў, пакланеньня, цалаваньня, якія захаваліся ў Праваслаўнае Царкве ад дня Ўзьняцьця Крыжа.
З таго часу пачалі будаваць храмы ў гонар яго. Такія храмы пабудавала і царыца Алена ў Ерусаліме на месцы адшуканьня Крыжа і Канстантынам Вялікім у Рыме.
Пасьля адкрыцьця храму ў Ерусалім сыходзілася шмат веруючых. У V ст., у іх ліку была звышгодная Марыя Эгіпэцкая, якая пакланілася храму Госпада. У VІІ ст., сьв. Андрэй Крыцкі ў казаньні на Ўзьняцьця Крыжа казаў: “Крыж уздымаецца, і ўсе верныя сыходзяцца. Крыж узьняўся, і горад радуецца, і народы сьвяткуюць. Узьняўся Крыж не толькі таму, што Хрыстос быў укрыжаваны на ім, але і таму, што Крыж быў знойдзены і выкрыў вар’яцтва юдэяў. Таму і мы цяпер сьвяткуем, што ў сёньняшні дзень знойдзена сьвятыня, што гэты схаваны скарб быў выняты зь зямлі і зазьзяў як золата.”
У VІІ ст. зь сьвятам Узьняцьця Царква павязала ўспамін і аб іншай сьвятой падзеі, якая зноў уславіла Жыватворчы Крыж Госпада. Гэта было слаўнае вяртаньне Жыватворчага Крыжа з Пэрсіі.
У час цараваньня грэцкага імпэратара Фокі (602-610) Хазрой ІІ, цар пэрсаў, агаласіў яму вайну пад прывадам помсты за сьмерць Маўрыкія і яго дзяцей.
Пэрсы перайшлі Ярдан, апустошылі Палестыну і Ерусалім, забілі багата сьвятароў і хрысьціян, спалілі Ерусалімскі храм Уваскрошаньня, парабаваўшы яго і захапіўшы дрэва Крыжа Госпада. Патрыярх Захарыя і шмат людзей былі ўзяты ў палон. Сьвятыня чатырнаццаць гадоў знаходзілася ў руках язычнікаў. Ведаючы моц Крыжа, язычнікі не адважыліся датыкнуцца да Крыжа і ківоту, у якім ён захоўваўся. Сын Хазроя заключыў мір з Грэцкім царом Іракліям і ў канцы 628 году павярнуў палонных і сьвяты Крыж.
Радуючыся і дзякуючы Богу за вялікую міласьць да хрысьціян – вяртаньня сьвятыні, сам цар з патрыярхам і народам з прыхільнасьцю сустрэлі Крыж у Канстантынопалі і адсюль у 629 годзе перадалі яго ў Ерусалім. Дакрочыўшы да гары Эляёнскай, цар прыняў Крыж на свае плечы, каб унесьці яго ў храм Уваскрошаньня. Патрыярх Захарый, які суправаджаў Крыж, казаў цару, што Сын Божы нёс дрэва Крыжа на Галгофу не ў царскай вопратцы, а крочыў як пакорлівы раб.
Уражаны парадай сьвяціцеля, цар зьняў царскую вопратку і абутак, басы ўнёс Жыватворчы Крыж у храм і паставіў на тое месца, дзе ён стаяў раней. Хрысьціяне з радасьцю назіралі ўрачыстасьць Крыжа Госпада. У храме, згодна старажытнаму звычаю, Крыж быў зноў узьняты рукамі патрыярха, і людзі, радуючыся. Сьпявалі “Госпадзі, памілуй!”
Адшуканьне і вяртаньне Крыжа Госпада ў Царкву зьяднаны ў адно сьвята Ўзьняцьця. Яно далучана да дванадзесятых сьвятаў і аб’яднана з постам.
Далейшая доля дрэва Крыжа Госпада наступная: ён знаходзіўся ў Ерусаліме ў час крыжовых паходаў ад 1099 па 1245 г., часта выносіўся да ваяроў у час баёў. Быў забраны ў Багдад мусульманамі, але неўзабаве быў павернуты ў Ерусалім.
Цяпер мы не можам пабачыць Крыж цэлым. Часткі ад яго раздаваліся для асьвячэньня па ўсяму сьвету. Частка Крыжа знаходзіцца ў Кіеўскім Сафійскім саборы, а таксама ў старажытнасьці захоўвалася і ў Полацку. Такім чынам, Крыж Госпада дастаўся ўсім часткам сьвету, дзеля выратаваньня якога Хрыстос быў укрыжаваны на Крыжы. Найбольшая частка Крыжа захоўваецца ў Ерусаліме, у храме Уваскрошаньня, у алтары саборнае царквы грэкаў у асаблівым каўчэгу.
Сьвяткуючы Ўзьняцьця Крыжа, Царква ўслаўляе яго асаблівую Боскую сілу, як паруку яго перамогі і жыцьця, называючы Крыж Жыватворчым. У VІІ ст. Андрэй, япіскап Крыцкі, у VІІІ – Кузьма Маіўмскі, Феафан Канстантынопальскі – спавядальнік, сьв. Ян Дамаскін, у ІХ – Іосіф Студыт, Леў імпэратар мудры ды іншыя склалі ў гонар сьвята песьні, якія і цяпер услаўляюць Годны Крыж.
Пры богаслужбах сілу Крыжа Царква назірае ў старазапаветных вобразах і прароцтвах (Быц. 22:10; Друг. 21:4; Вых. 15: 15:22–27; 16:1; Іс 60:11–16.) Па словах Царквы, Крыж ёсьць дрэва жыцьця і выратаваньня, дрэва несьмяротнасьці, дрэва розуму, азначэньне невымоўнае Тройцы.
На ўсяночным богаслужэньні Крыж упрыгожваюць кветкамі, як сымбаль дрэва жыцьця, і кладуць на сьвяты пасад, туды дзе ляжыць Эвангельля, кладуць на горнае месца. Прад Крыжам ставяць сьвяцільнік на ўсю ноч. Чытаецца Эвангельля паводле сьв. Яна (Ян. 12:28-35)
Пасьля вялікага славаслоўя сьвятар ва ўсім аблачэньні, тройчы кадзіць пасад, на якім ляжыць крыж, сьпяваючы “Сьвяты Божа”, далей ўзносіць сьвяты Крыж на галаву і ў суправаджэньні сьвечканосцаў і пад гук звона выносіць яго на сярэдзіну храму да вернікаў для пакланеньня і цалаваньня.
Статутам усталяваны вялікі чын Узьняцьця Крыжа праводзіцца на чатыры бакі і двойчы на ўсход. Пасьля трохразовага дабраслаўленьня вернікаў, Крыж ўздымаецца і апускаецца. Пры пакланеньні сьпяваецца “Госпадзі, памілуй!” восемдзесят разоў і пры ўзьняцьці столькі ж, уздымаючы і зьніжаючы голас.
Вернікі пакланяюцца яму і цалуюць пры сьпеве “Крыжу Твайму пакланяемся, Уладыка, і сьвятое Ўваскрошаньне Тваё услаўляем”. У Эвангельлі Царква ўзгадвае аб судзе Пілата і аб укрыжаваньні Хрыста (Ян. 19:7-24).
У дзень адданьня сьвята Ўзьняцьця 21 верасьня Крыж, пасьля каджэньня прад ім, урачыста ўздымаецца зь аналою на галаву сьвятара і адносіцца на пасад.
Трапар сьвята, тон 1
Збаў, Госпадзі, людзей Тваіх / і дабраславі спадчыну Тваю, / перамогі верным над непрыяцелямі даруючы / і Крыжам Тваім захоўваючы Твой народ.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.