мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньняшняе эвангельскае чытаньне зьяўляецца часткай шэрагу гутарак Хрыстовых аб судзе. Гэтыя гутаркі пачынаюцца яшчэ ў папярэдняй, 24-й частцы Эвангельля ад Мацея. Вучні Выратавальніка, бачачы складнасьць і як быццам неразбуральную крэпасьць гораду Ерусаліму, які расьсьцілаецца пад іх нагамі, калі яны знаходзяцца на гары Эліёнскае, пытаюць Яго пра лёс гэтага гораду. Хрыстос папярэджвае іх пра тое, што ад усёй гэтай крэпасьці і сілы не застанецца нічога, і што ім трэба быць пільнымі, што ім трэба быць гатовымі. Далей дае Ён ім тры прыпавесьці.
Першая кажа пра тое, што можа апынуцца позна, што суд Божы можа засьпець нас зьнянацку, калі ужо позна што-небудзь дзеяць. Гэтая прыпавесьць аб дзесяці дзевах, зь якіх пяць апынуліся гатовымі да сустрэчы Госпада, а пяць — вар'ятак — апынуліся негатовымі. У гэтым — першае нам папярэджаньне: суд будзе, суд будзе, і кожнае імгненьне чалавек павінен быць гатовы, таму што суд нас засьпее, калі мы не чакаем яго. Прыйдзе ён, як кажа Гасподзь, як злодзей ноччу.
Другая прыпавесьць, якую мы сёньня чыталі — прыпавесьць пра таленты...Самае ў ёй важнае вось што: кожнаму чалавеку Гасподзь дае нешта, што зьяўляецца яго талентам, падарунак яму ад Бога. Гэтыя здольнасьці розныя, але усе яны павінны прынесьці плён, і Гасподзь нас не судзіць па тому, колькі мы прынесьлі плёну, а па тым, як мы паставіліся да дадзенага нам таленту. “Супраць сілы чалавека”, г.зн. адпаведна яго сілам, Хрыстос дае і здольнасьці. Аднаму гаспадар уручыў дзесяць срэбных манэт, талентаў, іншаму пяць, а трэцяму — адну. Але зь іх толькі першыя два прынесьлі нейкі плён, трэці ніякага плёну не прынёс. Гасподзь не робіць ніякага адрозьненьня паміж першым і другім, хоць першы прынёс багаты плён, а другі — напалову менш; але Гасподзь асуджае трэцяга за яго маладушнасьць: ён не асьмеліўся рызыкнуць усім, каб Госпаду прынесьці плён. Ён закапаў свой талент, ён усьцярог яго, ён прынёс яго назад Госпаду, якім ён быў. Як быццам Госпаду і жаліцца не на што, і раб Яму так і кажа: “Ты Сваё атрымаў цалкам”. Але не для таго быў дадзены талент Госпадам, каб ён застаўся бясплодным, а для таго, каб чалавек, атрымаўшы талент, зрабіўся іншым чалавекам, новым чалавекам. Тое, чаго не хапіла ў гэтага нявартага раба, была мужнасьць, была адвага, была здольнасьць усім ахвяраваць і усім рызыкаваць, каб не апынуцца бясплодным. Вось за гэту маладушнасьць і за гэту слабасьць душы ён і быў асуджаны.
Трэцяя прыпавесьць чытаецца перад самым Вялікім Постам. Яна кажа нам пра тое, што плён, які мы павінны прынесьці, гэта плён праўдзівай людзкасьці. Вы памятаеце прыпавесьць пра казлах і авечках. Бог не судзіць людзей за тое, што яны не багасловілі, за тое, што яны не былі вялікія, а за тое, што яны не былі годныя свайго чалавечага званьня, за тое, што былі жорсткія сэрцам, чэрствыя і неспагадлівыя. Вось прыпавесьці, якія стаяць перад намі зараз: папярэджаньне пра тое, што суд будзе, папярэджаньне пра тое, што ён прыйдзе раптам, як злодзей ноччу, і што мы можам апынуцца негатовымі, папярэджаньне пра тое, што кожнаму зь нас дадзена досыць, каб прынесьці плён у радасьць Госпаду і ў выратаваньне сваёй душы, і гэты плён бясконца просты: будзь чалавекам, і будзеш ты здольны прыняць Госпада.
Удумайцеся ў гэтыя словы — гэта шлях просты, а разам з тым, у канцы яго стаіць суд, ад якога нічога нас выратаваць не можа, бо таму, хто апынецца нявартым свайго званьня чалавека, няма шляху ў Царства, дзе мы закліканы быць падобнымі Самаму Богу. Амін.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.