Monday, September 27, 2010

СЛОВА НА ГОДНЫ І ЖЫВАТВОРЧЫ КРЫЖ І НА ДРУГІ ПРЫХОД, А ТАКСАМА АБ ЛЮБОВІ І МІЛАСЬЦІ

звышгодны Яфрэм Сірын
Усялякае сьвята і ўсялякая дзея Госпада нашага Ісуса Хрыста – нам, вернікам, выратаваньне і пахвала. Але пахвала пахвал – крыж; але сьвята сьвятаў – калі “бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас” (1 Кар. 5:7), лепш жа казаць, калі паўстаў зь мёртвых Ягня Боскае, “узяўшы грэх сьвету” (Ян. 1:29). Гэта – уладар і цар сьвятаў.
Але і ўсе іншыя сьвята сьвятыя і годна шанаваныя, і, адрозьніваючыся паміж сабой славай, асьвячаюцца зьзяньнем Боскасьці. Годным жа чынам шануе і правільна сьвяткуе іх выканаўца запаветаў Боскіх. А нягодныя і збэшчаныя грахамі і ў сьвята не сьвяткуюць. Цудоўнае і прыемнае Богу сьвята – пакаяньне са сьлязамі, устрыманьне ад грахоў, пазнаньне Бога і жаданьне вечных дабротаў. Калі так сьвяткуюць, і на нябёсах бывае радасьць, і Царква весяліцца і радуецца, і склікае ўсіх праведнікаў, гаворачы: “Будзем есьці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся” (Лк. 15:23 – 24). Цудоўнае і жаданае Богу сьвята там, дзе разам сьвяткуе Хрыстос, дзе зьдзяйсьняюцца Ягоныя сьвята, і праслаўляецца Боскае Пісаньне. Хрыстос жа разам сьвяткуе там, дзе сьвяткуючыя зьяднаны ва імя Бога любоўю, без усялякае варожасьці і без усялякае крывадушнасьці. Хрыстос прысутнічае на сьвяце там, дзе прыслугоўваюць жабракам, дзе суцяшаюць сірот, дзе кладуць спачываць вандроўнікаў. Хрыстос разам сьвяткуе там, дзе праслаўленьне Бога “псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі” (Эф. 5:19). Так сьвяткуючыя зьяднаны ва імя Ягонае. Пасярод іх, па абяцаньню, прысутнічае Хрыстос. Паколькі ж Уладыка пасярод іх; ніхто не зробіць ім шкоды.
Так будзем сьвяткаваць сьвята Госпада не ўрачыста, але па боскаму, не па сьвецкаму, але мірна. “Адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла. … будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб'ядзеньні і п'янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці” (Рым. 13:13). Не пакідай справы Боскія дзеля трапэзы; не парушай богаслужбы дзеля асалоды шлунку, працуючы марна. Але пакінем гэта тым, каго “канец - пагібель, іхні бог - чэрава, і слава іхняя - у ганьбе” (Піл. 3:19). Мы ж усе разам, маладыя і старыя, мужчыны і жанчыны, і манахі, будзем праслаўляць сьвята Госпада, як навучаныя, па хрысьціянскі і набожна, з псальмамі і сьпевамі духоўнымі. Увянчаем прыход сьвята, як хрысьціяне, а не як Эліны, вянчаючыя іх ляўровымі галінамі і кветкамі, і іншымі рэчамі, як у звычаях у Элінах і Юдэях. Цень закону мінула, расквітнела праўда, як чуем ад Апостала, які кажа: “Старажытнае мінула, цяпер усё новае” (2 Кар. 5:17). Ідальскае спакушэньне адкінутае, сьмерць пазбаўлена сваёй здабычы, паланёныя пеклам вызвалены, царства шматбожжа зваяванае, чалавек вызвалены, царуе Бог, весяліцца тварэньне, уладарыць крыж, якому пакланяюцца ўсе плямёны і народы, рады і мовы, якім хвалімся, прамаўляючы зь сьвятым Паўлам: “Я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста” (Гал. 6:14). Таму і на дзьверы нашы, і на твар, і на вочы свае, і на вусны, і на грудзі, і на ўсе члены сябе гэты жыватворчы крыж; узброімся гэтае непераможнае зброяй хрысьціян, гэтым пераможам сьмерць, гэтае надзеяй верных, гэтым сьвятлом пакорных, гэтае зброяй адчыняючай рай, зьвяргаючым ерась, гэтае апорай праваслаўнае веры, выратавальнай славай Царквы. Не на адну гадзіну, не на адно імгненьне не будзем хрысьціянамі, пакідаючы яго, паўсюды носячы зь сабой і без яго не пачнём нічога рабіць; але ці сьпім, ці ўстаём, працуем, сілкуемся, крочым у шлях, плаваем па мору, пераходзім рэкі, – усе члены свае будзем упрыгожваць жыватворчым крыжам. “Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае, ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.” (Пс. 90:5–6) Калі яго, браце, заўсёды будзеш браць сябе ў дапамогу; то “ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць” (Пс. 90:10). Бо варожыя сілы, бачачы яго, трымцяць і ва ўцёкі зьвяртаюцца. Крыж скасаваў спакусу ідалаў. Ён адукаваў увесь сусьвет. Ён прагнаў цемру і павярнуў сьвятло. Ён ад захаду і поўначы, ад мора і ўсходу, сабраў народы ў адзіную Царкву, да адзінае веры і адзінаму хрышчэньню, зьвязаў іх любоўю.
О, якія вусны і якая мова ўсхваляць, як належна, гэтую неразбуральную сьцяну праваслаўных, гэтую пераможную зброю вялікага Уладара Хрыста! Крыж – уваскрэсеньне мёртвых. Крыж – надзея хрысьціян. Крыж – жазло кульгавым. Крыж – суцяшэньне бедных. Крыж – аброць дзеля багатых, зьневажэньне ганарлівых. Крыж – помнік перамогі над дэманамі, выхавальнік моладзі. Крыж – месца дзеля збору, надзея безнадзейных, карміла дзеля плаваючых. Крыж – прыстанак у буры, сьцяна дзеля атачоных ворагам. Крыж – бацька сірот, дарадца праведнікаў. Крыж – суцяшэньне смуткуючых, ахоўнік немаўлят, слава мужоў, вянец старых. Крыж – сьвятло сядзячых у цемры. Крыж – упрыгожаньне цароў, жаданая мудрасьць дзеля варвараў. Крыж – свабода рабоў, мудрасьць невукаў. Крыж – пропаведзь Прарокаў, спадарожнік Апосталаў, пахвала мучанікаў. Крыж – нявіннасьць дзеў, радасьць сьвятароў. Крыж – падмурак Царквы, замацаваньне сусьвету. Крыж – разбурэньне храмаў ідалаў, спакуса дзеля Юдэяў. Крыж – моц нямоглых, лекар хворых. Крыж – ачышчэньне апаганеных, аднаўленьне моцы ў расслабленых. Крыж – хлеб жадаючых, крыніца ў спрагу. Крыж – добранадзейнасьць манахаў, пакрыў голым. Ён усталяваны пасярод сусьвету, пасаджаны на лобным месцы, і адразу ўзрасьціў гронку жыцьця. Гэтае сьвятой зброяй Хрыстос адчыніў усяпаглынаючае чэрава пекла і зачыніў злыя вусны сатаны. Пабачыўшы гэта, сьмерць затрапятала і жахнулася, і вызваліла ўсіх, каго паланіла ад першароднага. Ім ўзброіўшыся, сьвятыя Апосталы скарылі ўсе сілы варожыя, і, у сеткі свае злавіўшы ўсе народы, сабралі іх на пакланеньне крыжу. У яго апрануліся, як у браню, мучанікі і ваяры Хрыстовы зьняважылі ўсе задумы катаў і зь адвагай прапаведавалі. Яго ўзяўшы і нясучы на сябе, дзеля Хрыста адмовіўшыся ўсяго ў сьвеце зь вялікае радасьцю пасяляюцца ў пустэльні і гарах, у пячорах і правалах зямных. О, бязьмежная і непараўнальная мілата шчодрасьці Боскае! Колькі дабротаў дараваў Бог крыжам роду чалавечаму! Слава Яму – Чалавекалюбцу, і пакланеньне, і ўлада на вякі вякоў! Амін.
Чулі вы, умілаваныя і хрысталюбівыя, якая ёсьць сіла крыжа, наколькі пасьпяховая ягоная дзея, колькі дабротаў ад яго. Гэта добры кіроўца, задаволіўшы сабой усё жыцьцё наша і зьмірыўшы яго, зрабіўся дзеля нас падрыхтаваньнем будучага вечнага жыцьця. Бо гэты ж годны крыж першы зьявіцца зноў і ў другім прыходзе Хрыста, як годны, жыватворчы, годна шанаваны і сьвяты скіпэтар Цара Хрыста, па слову Ўладыкі, Які кажа, што “зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе” (Мц. 24:30). Такім чынам, крыж першы зьявіцца на небе са ўсім войскам анёльскім, асьвячаючы ўсю зямлю ад межаў і да межаў яе, больш сьвятла сонечнага, і абвяшчаючы прыход Уладара Хрыста. І гэтага хопіць аб крыжы.
А што датычыцца будучыны, то якая яна? – Перабольшвае ўсялякае слова і разуменьне, вышэй усялякага апавяданьня, і ўражае ўсялякі слых, браты мае хрысталюбівыя. Згадаў я аб часе гэтым і затрымцеў; і ад вялікага страху жадаў бы спыніць прамову, думаючы аб будучыне, што адкрыецца пры зьяўленьні жыватворчага крыжа. І хто апіша гэта, альбо хто адважыцца пераказаць? Якія вусны абвесьцяць аб гэтым? Якой мовай прамовіць? Які голас абвесьціць, альбо які слых умесьціць гэта? Бо калі Сілы нябесныя зрушацца, хто тады не захістаецца? Хто не спужаецца, не затрымціць і не будзе хавацца ў той час, калі Цар царуючых устане з пасаду славы Сваёй, і, сышоўшы, наведае ўвесь сусьвет і пачне “зрахавацца з рабамі сваімі” (Мц. 18:23), каб як праведны Судзьдзя, узнагародзіць годных і пакараць нягодных? Такім чынам, думаючы аб гэтым, напаўняюся страхам, члены мае цалкам зьнясіліліся, вочы ад жаху льюць сьлёзы, голас нямее, вусны дзервянеюць, язык прыляпае да нёба, думкі сыходзяць. Любоў прымушае мяне прамаўляць дзеля карысьці вашае, а страх стрымлівае мяне і загадвае маўчаць: бо страх мой вялікі і бязьмежны. Падобных вялікіх і страшных цудаў не было ад пачатку стварэньня, і ня будзе ва ўсе часы. І цяпер часта, калі неспадзявана больш моцна блясьне маланка альбо гукне гром, то ўсялякага чалавека яны кідаюць у жах, і ўсё нахінаецца да зямлі. І калі жахаюць нас гэтыя малаважныя зьявы, то як выцерпім голас трубы, трубячае зь нябёсаў гучней ўсялякага грому і абуджаючы ўсіх спачыўшых ад стагодзьдзя, і праведных і няправедных. Тады косткі роду чалавечага ў пекле, пачуўшы голас трубы, пазьбіраюцца зь дасканаласьцю, і кожная будзе шукаць свой касьцяк. Калі пабачым, што ўздымаецца ўсялякі чалавек, кожны зь месца свайго, і ўсе ад канцоў зямлі сабраныя прад судом: хто вытрымае такі жах і трапятаньне? Бо вялікі Цар, маючы ўладу над усялякае плоцьцю, загадае, і адразу аддадуць і зямля сваіх мёртвых, і пекла сваіх мёртвых. І што разадраў зьвер, зьнішчыла рыба, скрала птушка, усё ўстане як бы ў імгненьне вока, і не загубіцца ніводны волас. О, як вытрымаем мы, браты, калі пабачым вогненую рэчку, якая падобна злому мору, зьядае горы і пагоркі, і спальвае ўвесь сусьвет і ўсе справы ў ім. Тады, умілаваныя, ад полымя ўсе рэкі скончацца, крыніцы зьнікнуць, мора высахне, зоркі ўпадуць зь нябёсаў, сонца патухне, месяц ператворыцца ў кроў, неба згорнецца як сьвітак. Тады пабачым, браты, пасланых Анёлаў, які крочаць з руплівасьцю, і ад краю да краю неба зьбіраюць абраных слуг Боскіх; калі пабачым, па абяцаньню Госпада, неба новае і зямлю новую: як вытрымаем гэта, хрысталюбівыя? Калі пабачым падрыхтаваны страшны пасад, калі пабачым Сына чалавечага, што зьявіўся на небе, і жыватворчы крыж, асьвятляючы ўсю зямлю, калі ўсе пабачаць у вышыні зьявіўшыся гэты Ягоны царскі скіпэтар: тады кожны даведаецца, што ў сьлед за ім зьявіцца Цар царуючых. У час той кожны будзе думаць, як сустрэцца яму зь Судзьдзём, і, асэнсаваўшы свае грахі, зробіцца голым і адчыненым, чакаючы прысуду, якой будзе яму. Бо кожны тады пабачыць прад тварам сваім ўсе справы свае, і добрыя, і злыя. Тады ідучыя шляхам цесным і вузкім і ўсе шчыра прынесшыя пакаяньне, усе міласьцівыя і годныя будуць стаяць вясёлыя зь вялікае радасьцю, чакаючы добрае надзеі і зьяўленьне вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Бо крочыць Ён разьвесяліць жыўшых ў працы, малітвах, посьце і дабрыні. Крочыць разьвесяліць плачучых. Крочыць разьвесяліць і ўзвысіць згалелых у імя Ягонае, не любіўшых ні сьвету, ні сьвецкае асалоды, але ўсё пакінуўшы і Яму адзінаму служыўшых і пераймаўшых. Крочыць не зь зямлі, але зь неба, падобна жахлівае маланцы. Тады будзе вялікі енк; закрычаць і прамовяць: Гэта Жаніх крочыць; гэта набліжаецца Судзьдзя; гэта адкрываецца Судзьдзя судзьдзяў; гэта крочыць Бог усіх судзіць увесь сусьвет і адплаціць кожнаму па справах ягоных. Тады, браты мае ўмілаваныя, ад крыку гэтага ўздрыгнуць і падмуркі зямлі ад канца і да канца яе, і мора, і ўсе бяздоньні. Тады будзе страх і цесната, і жах ахіне кожнага чалавека ад крыку гэтага і ад гука трубы, і да страху, і чаканьня таго, што насоўваецца на сусьвет. Тады Сілы нябесныя ўзрушацца. Тады закрочаць войскі Анёлаў, і зь імі палкі архангелаў, Херувімы і шматвокія Серафімы, моцна ўскрыкнуць: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Гасподзь Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і прыйдзе” (Адкр. 4:8). Тады ўсялякае стварэньне, на нябёсах і на зямлі, і пад зямлёй, моцна закрычыць: Дабраслаўлёны крочачы Цар ва імя Госпада! Тады адчыняцца нябёсы, і адкрыецца Цар царуючых, падобна жахаючай маланкі, зь вялікае сілай і непараўнальнае славай. “І ўгледзіць яго кожнае вока, і тыя, што “пракалолі Яго”; і заплачуць перад Ім усе плямёны зямныя” (Адкр. 1:7). Тады неба і зямля зьвярнуцца на ўцёкі, як прадвясьціў Ян, кажучы: “Угледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля” (Адкр. 20:11). “Тады сядзе на троне славы Сваёй і зьбяруцца перад Ім усе народы” (Мц. 25:31–32).
Ці адшукаецца душа, у якой хопіць цьвёрдасьці, калі пастаўлены будуць пасады, і Судзьдзя сядзе, і кнігі разгарнуцца? Тады пабачым незьлічоныя анёльскія сілы, у страху стоячыя вакол. Тады справы кожнага прачытаны будуць прад Анёламі і людзьмі. Тады спраўдзіцца прароцтва Данііла, які казаў: “Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі троны, і сеў Спрадвечны днямі; адзеньне на Ім было белае, як сьнег, і валасы на галаве Яго - як чыстая воўна, трон Яго - як вогненнае полымя, колы ў ім - палымяны агонь. Агнявая рака плыла і праходзіла перад Ім; тысяча тысяч служылі Яму і цьма цьмоў стаялі перад Ім; судзьдзі селі, і разгарнуліся кнігі.” (Дан. 7:9 – 10) Вялікі страх, браты, у гэты час, у які будуць напісаны справы нашы і словы нашы, і ўсё, што зрабілі мы ў гэтым жыцьці, і аб чым думалі, што можа быць і схавана гэта будзе ад Бога выпрабоўваючага сэрцы і душу; напісаны будуць нашы справы і думкі ўсіх, кепскія і добрыя. О колькі сьлёз патрэбна нам дзеля гэтае гадзіны, і мы не стараемся! Бо сьлязам магчыма чалавеку сьцерці напісаныя ў тых кнігах правіны; іншаму магчыма зрабіць гэта і добрымі справамі. О як будзем тады ўздыхаць і жаласна плакаць, калі вачамі нашымі пабачым невымоўнае нябеснае ўладарства, калі пабачым паказаныя жахлівыя пакуты! Пасярод жа ўсяго гэтага род ад Адаму да таго, хто нарадзіўся пасьля ўсіх; пабачым, што ўсе пакланяюцца, прыпадаючы тварам да зямлі! Тады спраўдзіцца ўсё напісанае: “Жыву Я, кажа Гасподзь: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога” (Рым. 14:11).
Тады, браты мае ўмілаваныя, усё чалавецтва, знаходзячыся паміж царствам і асуджэньнем, паміж жыцьцём і сьмерцю, паміж радасьцю і смуткам, і ўсе, гледзячы ўніз, і не сьмеючы ўзьняць вачэй, будуць стаяць прад судам дапытаныя і жорстка выпрабаваныя, асабліва ж мы, якія жылі нядбала. І бачачы гэта, падумаюць аб усіх справах сваіх. І кожны пабачыць уласныя справы свае, злыя і добрыя. І ў каго ёсьць добрыя справы, тыя з радасьцю наблізяцца да суду, у надзеі атрымаць вянец. Калі ж хто, маючы на сябе цяжкія грахі, перасяліцца зь жыцьця без пакаяньня, то, бачыўшы іх тады стаячых прад ім, выкрываючымі і асуджаючымі яго, з болем прамовіць: “Чаму я, няшчасны, не змагаўся зь імі, але губляў час, забаўляючыся і сам будучы забаўкай? Чаму не пакаяўся? Чаму не мілаваў? Чаму зайздросьціў брату свайму, ненавідзеў, зласловіў і не мірыўся? Гэй, гэй, рабіў я як бяздумны. Чуў я і аб пакутах, чуў і аб гэтым страшным дні: чаму ж не пакаяўся прад Узяўшым грэх сьвету, але марнаваў гады свае ў спакусах; бачачы посьнікаў і малітоўнікаў, сьмяяўся? Яны стаяць вясёлыя, просячы ўзнагароду ў Судзьдзі. Што ж я буду рабіць? Час пакаяньня скончыўся”.
Размаўляючы аб гэтым сам зь сабой, пачуюць яны страшны голас Судзьдзі, Які ўсклікне і прамовіць: “Пакажыце справы, прыміце ўзнагароду.” У той час ўзрушацца ўсе чыны чалавечыя, архірэі, сьвятары, дыяканы і ўсе чыны царкоўныя, як прамовіў Апостал: “Кожны ў сваім парадку” (1 Кар. 15:23), аддаць славу Госпаду. Тады затрымцяць ад страху ўладары, мудрыя і багатыя; бо надышоў час, у які справы кожнага зрабіліся вядомыя і Анёлам, і людзям, і кожны пажне, што пасеяў.
На жаль, браты мае хрысталюбівыя, жадаю сказаць, што будзе пасьля гэтага, і маруджу ад страха, сьлёзы цякуць, і кружыцца галава мая: бо апавяданьне жахлівае. Тады, хрысталюбівыя, на кожным зь нас будзе агледжана пячатка хрысьціянства, якую прыняў ён на сябе з хрышчэньнем у сьвятой і сусьветнай Царкве. І з кожнага зь нас вытрабуюць справаздачу, як захоўваў ён веру чыстай, пачатку цэлай, і хітон незабруджаны, і тая цудоўная споведзь, якую склаў пры шматлікіх сьведках: “Адмаўляемся сатаны і ўсіх спраў ягоных”, не аднаго, не двух, альбо пяці спраў сатаны, але ўсіх спраў станы. Так у гэтым цудоўным адмаўленьні запатрабуюць у нас справаздачы ў той час. І шчасьлівы той, хто захавае яго, як абяцаў. Бо ў адзіным адмаўленьні выракся ад усялякае сатанінскае кепсае справы: пралюбадзеі, блуду, забойства, нягоднасьці, ілжывага слова, зайздрасьці, крадзяжу, раздражненьня, злапомнасьці, варожасьці, сваркі, марнаслоўя, лаянкі, ганарыстасьці, пяшчоты да сябе, сьмеху, гуляньня на цымбалах, няверы, гневу, любові да грошаў, да братоў кепскіх адносінаў. Гэтага і падобнага гэтаму зракаецца ўсялякі хрысьціянін ў сьвятой купелі. У гэтым зраканьні запатрабуюць у нас, браты, справаздачы ў той час.
Але жадаецца мне прамовіць і іншае; праўда, стрымлівае мяне страх і хвароба, і я не ў стане вымавіць гэтага; аднак жа скажу з подыхам і сьлязамі; бо гэта будзе апошняе, і немагчыма распавядаць аб гэтым без сьлёз. Пасьля таго, як выпрабаваны будзе кожны пры Анёлах і людзях, і скасавана будзе ўсялякае кіраўніцтва і ўлада, і ўсе ворагі Боскія будуць пакладзены да ног Боскіх; тады, нарэшце, як казаў Гасподзь, “і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч” (Мц. 25:32 – 33). Авечак, у якіх ёсьць добрыя плады, якія ведаюць добрага Пастыра, захавалі пячатку сваю цэлай, пайшлі за сваім Пастырам, прамовіўшым: Крочце ў сьлед за Мной, не апаганілі веры зь ерэтыкамі – такіх авечак паставіць па правы бок ад Сябе. А казлоў, гэта значыцца бясплодных, усіх, якія засмучалі Пастыра, пасьвіліся разам зь ерэтыкамі і зьняважылі сьвятую веру, якія скакалі, жылі ў раскошы, радаваліся і, сабраўшы сябе бяду, перасяліліся зь жыцьця пазбаўленыя ўсялякае добрае справы і напоўненыя ўсялякім грахом, – гэтых бачачы, Гасподзь, у той час, адвядзе ад іх вочы Свае. “Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: “Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету”” (Мц. 25:34). Прыйдзіце, сыны сьвятла, спадкаемцы Майго царства; прыйдзіце дзеля Мяне даваўшыя і жадаўшыя, адмовіўшыя сьвецкасьць, і ўсяго таго, што ў сьвеце зямным; прыйдзіце дзеля Мяне пакінуўшыя сьвет, родзічаў, сяброў, бацькоў і дзяцей; прыйдзіце, жывучыя ў пустэльні, на гарах, у пячорах, і ў правалах зямных; цяпер жывіце зь Анёламі на нябёсах. “Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: “ідзеце ад Мяне, праклятыя”” (Мц. 25:41), поўныя нянавісьці, бязьлітасныя, ненавідзячыя братоў і хрыстапрадаўцы; вы не мілавалі, і не будзеце памілаваны; вы не слухалі Маіх годных Эвангельляў і добрых вучняў, і Я не пачую вас; вы жылі ў раскошы на зямлі, “ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім” (Лк. 16:25). Я кожны дзень крычаў да вас у сьвятым Маім Пісаньні, і вы, чуючы, сьмяяліся чытаючым, і цяпер кажу нарэшце: Не ведаю вас, ідзіце ад Мяне праклятыя ў полымя вечнае, прыгатаваны сатане і слугам ягоным. І ідуць у гэтую пакуту вечную.
Абвяшчаю ж вам, браты мае, і аб разных пакутах, як чулі мы ў Эвангельлі. Такім чынам, там “цемра вонкавая” (Мц. 8:12); а з гэтага бачна, што ёсьць і ў сярэдзіне “геенея вогненная” (Мц. 5:22) – іншае месца; “скрыгат зубоў” (Мц. 13:42) – асаблівае месца; “вагонь непагасны” (Мк. 9:43) – асаблівая краіна; рака палымяная – іншае месца. На гэтыя пакуты аддадзены будуць няшчасныя, кожны па меры грахоў сваіх. І як ёсьць адрозьненьне ў грахах, так ёсьць адрозьненьні ў пакуце: значыцца, інакш мучыцца пралюбадзей; інакш – блуднік; інакш – забойца, інакш – злачынца альбо п’яніца. А якія збэсьцілі сябе ерасьсю, тыя пачуюць: “ня будзе зважаць на веліч Госпада.” (Іс. 26:10). У каго паміж сабой варожасьць, і не памірыліся яны ў жыцьці, не знойдуць няўмольнае асуджэньне. І братоў ненавідзячыя адасланыя будуць адасланыя ў цемру поўную, як ненавідзячыя Хрыста, прамовіўшага: Любіце адзін аднаго, прабачайце адзін аднаму правіны. Гора любіцелю блуду, пралюбадзею, п’яніцы! Гора волхавам і прадракальнікам, і ўжываючым віно зь музыкай і вясельлем. Гора згаджацца на ерэтычны бруд! Гора абражаючым боскім і сьвятым Пісаньнем! Гора згубіўшым час пакаяньня ў безуважнасьці і сьмеху! Яны будуць шукаць, і не адшукаюць часу, якое кепска згубілі; са сьлязамі і вялікім смуткам будуць клікаць і не адшукаюць памілаваньня. Гора прамаўляючым у апраўданьне нягоднага праз падарункі! Гора крадучым чужое! І прамоўлю карацей: Гора ўсім вінаватым! Таму што засмуцяцца, затрымцяць і паскрыгочуць зубамі, калі пачуюць: Не ведаю вас. Тады нарэшце зь вялікім страхам будуць выгнаны з прыводзячага ў жах суду і перададзены ў рукі сьмерці, ды выратуюся я, ад таго, што напісана (Пс. 48:15). Балючае апавяданьне аб тым трымцячым і жахлівым часе, браты мае хрысталюбівыя. На жаль, браты, хто асьмеліцца апісваць гэта? Альбо хто трывала выслухае гэтае жахлівае апавяданьне? Хто жадае праліваць сьлёзы, тыя ды прыступяць, і ды выслухаюць, што чакае нас. І будзем працаваць над сваім выратаваньнем.
Тады разлучаны будуць япіскапы зь япіскапамі, прэсьвітэры з прэсьвітэрамі; тады разлучаны будуць жахлівай гэтае разлукаю сьвятары зь сьвятарамі, дыяканы зь дыяканамі, іпадыяканы і чытальнікі з падобнымі ім; тады разлучаны будуць некалі цараваўшыя, і заплачуць як немаўляты, і зробяцца падобнымі чацьвераногім; тады ўздыхнуць уладары, паглядзяць туды і сюды, і не знойдуць памагатага, бо золата і не бачна там, і дагаджаючыя не стаяць прад імі. Тады разлучаны будуць жывучыя ў неруплівасьці манахі, ненавідзячыя, праўда, сьвет, але думаючыя аб сьвецкім. Тады разлучаны будуць бацькі зь дзецьмі, бацька і сын, маці і дачка, сябры зь сябрамі, родныя з роднымі. Тады разлучаны будуць нягодныя пары, не захаваўшыя ложкі чыстымі. Але шмат чаго ў апавяданьні абыду маўчаньнем; бо страх стрымлівае мяне ад апавяданьня аб гэтым. Тады выгнанцаў будуць біць і штурхаць неміласэрныя анёлы; а яны, часта будуць зьвяртаць позірк назад, пачнуць скрыгатаць зубамі і наблізяцца да таго непрыемнага месца, дзе зноў будуць разлучаны на розныя пакуты. Тады бачачы рашучы прысуд сябе, між тым як ніхто за іх не моліць, няма ім паслабленьня, ні надзеі павярнуцца назад, – тады гучна зарыдаюць і прамовяць: “О, колькі часу згубілі мы, жывучы ў нерадзеньні! Як пасьмяяўся над намі мітусьлівы сьвет! Чаму, слухалі мы Сьвятое Пісаньне, і сьмяяліся, зьдзекаваліся над чытаючымі яго? Там Бог прамаўляў у сьвятым Сваім Пісаньні, і мы не слухалі; цяпер клічам мы, і Ён адварочвае ад нас твар Свой. Якую карысьць далі нам сьвецкія задавальненьні? Дзе бацька, нарадзіўшы нас? Дзе маці, ва ўлоньні насіўшая нас? Дзе дзеці? Дзе сябры? Дзе багацьце? Дзе народная павага і вячэры? Дзе шматлюдныя і няўчасныя зборы? Дзе родныя і знаёмыя? Дзе цары і ўладары? Дзе мудрацы і прамоўцы? Чаму ад усяго гэтага няма аніякае карысьці нам, няшчасным?”
Тады бачыўшы, што абсалютна пакінуты яны і Богам, і сьвятымі, і подыхам і горкімі сьлязамі прамовяць: “Прабачце, айцы сьвятыя і праведныя, зь якімі разлучаны мы! Прабачце, сябры і родныя! Прабачце бацькі і маці! Прабачце, сыны і дачкі! Прабачце, Апосталы, Мучанікі, Прарокі Госпада! Прабач, чын манаскі! Прабач і Ты, Уладарка Багародзіца, шмат прасіўшая за нас, каб выратавацца нам, але мы не пажадалі пакаяцца і выратавацца! Прабач і ты, годны і жыватворчы крыж! Прабач рай салодкасьці, насаджаны Госпадам! Прабач, горны Ерусалім, маці першародных, не маючы канца! Прабач, царства нябеснае! Прабачце нас усе разам! Ад сёньня не пабачым ужо нікога зь вас, бо адыходзім на вызначаную нам пакуту, якой няма канца, ні паслабленьня”. Нарэшце, пойдзе кожны ў падрыхтаванае яму месца, якое сам сябе падрыхтаваў, не пажадаўшы пакаяцца і пазбавіцца ад гневу і гэтае бяды.
Чулі вы, браты, што атрымаюць раўнуючыя аб сябе і жывучыя набожна, і як тыя, хто не рупіўся і не прынёс пакаяньне будуць пасланыя на цяжкую і вечную пакуту. Чулі вы аб той страшнае гадзіне. І аб гэтым часе сьвятое Пісаньне, ад усходу да захаду, абвяшчае ў цэрквах і кажа: “Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас” (Мц. 11:28). І яшчэ кажа: “Я – уваскрэсеньне, і праўда і жыцьцё” (Ян. 11:25; 14:6). Такім чынам, браты, палюбім гэты шлях і гэтую праўду, каб атрымаць нам у спадчыну жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе Гасподзе нашым, бо Яму належыць ўсялякая слава, гонар і пакланеньне, зь Адвечным Яго Айцом і зь Усясьвятым добрым і жыватворчым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.