Sunday, May 23, 2010

ПЯЦІДЗЕСЯТНІЦА. ТРОЙЦА. СЫХОД СЬВЯТОГА ДУХА НА АПОСТАЛАЎ

Калі прайшло пяцьдзесят дзён, усе вучні Ісуса разам зь Маці Боскай і некаторыя сьвятыя жанчыны і юдэі, якія верылі ў Яго, сабраліся ў адным доме на Сіёнскае гары – агулам каля 120 людзей. Як заўсёды, яны маліліся і чакалі сыход Сьвятога Духа, як абяцаў Гасподзь. І нечакана пачаўся шум зь неба, як бы бура раптоўна зьявілася, і напоўніла ўвесь той дом, дзе яны сядзелі. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як вогненыя, і на кожнага зь іх па аднаму сеў. Усе яны напоўніліся Духам Сьвятым і пачалі размаўляць рознымі мовамі, як ім Дух даў прамаўляць.

У гэты дзень было юдэйскае сьвята Пяцідзесятніцы, усталяванае ў памяць наданьня юдэям закону на гары Сінайскае і ў Ерусаліме з гэтае нагоды знаходзілася шмат людзей з розных краін. Пачуўшы нязвыклы шум у паветры, людзі пачалі сыходзіцца да будынку, дзе былі апосталы. Яны дзіваваліся, бо кожны зь іх тут пачуў, што апосталы размаўляюць іх уласнымі мовамі.

Вось як аб гэтым распавядаюць “Дзеі Сьвятых Апосталаў”: “І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся, Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты, Крыцяне і Аравіцяне, - чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя? І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае? А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном. А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае: яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня; а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем”. (Дз. 2:7–16)

Далей Пётр пачаў ім тлумачыць, што той Ісус, якога яны раскрыжавалі, – ёсьць Сын Божы, Мэсія, аб Якім казалі прарокі, што Ён уваскрэс, чаму сьведкі ўсе апосталы. “Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.” (Дз. 2:33) Калі яны гэта пачулі ад Пятра, то расчуліўся народ сэрцам і пачаў пытаць Пятра ды іншых апосталаў, што ім трэба рабіць.

Бог Айцец паслаў да нас Сына на зямлю; Бог Сын навучыў нас любіць Бога і блізкіх, пацярпеў на крыжы за грахі людзей, уваскрэс і ўзьнёсься на Неба, абяцаючы вучням Суцяшальніка – Духа Сьвятога; і цяпер Гэты Дух Сьвяты сышоў на вучняў і напаўняе заснаваную Хрыстом Царкву.

Дух Сьвятой сышоў на апосталаў не толькі дзеля таго, каб адукаваць іх і натхніць на працу і подзьвігі. Ён сышоў, каб застацца ў Царкве Хрыстовай да канца вякоў. Апосталы ня толькі атрымалі права і ўладу раздаваць дар Духа Сьвятога вернікам, але і перадаваць гэтае права сваім наступнікам, япіскапам, сьвятарам, а тыя – сваім. І так у нашай Царкве гэтая пераемнасьць існуе і да цяпер. Таму наша праваслаўная царква мае найбольш шчыльную сувязь з Хрыстом і апосталамі. Наша Царква – гэта справа Боская, гэта справа Хрыста і Сьвятога Духа. Іншымі словамі, нашу Царкву не мы стварылі, але атрымалі яе ў спадчыну ад Хрыста і Духа Сьвятога, ад апосталаў, ад айцоў і настаўнікаў Царквы. Наша праваслаўная вера – гэта вера апосталаў, вера хрысьціцеляў зямлі Беларускай Аскольда і Тура, якія прынялі яе зь Усходу ад Канстантынопаля. Патрэбна захоўваць і цаніць нашу веру…

У Беларусі са старажытнасьці існаваў наступны звычай: У дзень Пяцідзесятніцы, пасьля Сьвятой Літургіі, крочылі хросным ходам да крыніц альбо калодзежаў і крапілі іх сьвятой вадой; тыя з вернікаў, якія жадалі поўнага асьвячэньня сваіх дамоў, выносілі да брамы стол, накрывалі яго сьвяточным абрусам, а на абрус клалі хлеб і соль. Сьвятар спыняўся каля стала і, прачытаўшы Эвангельля, захадзіў у хату і крапіў сьвятой вадой усе сьцены, а потым крапіў і ўсе іншыя пабудовы, што існавалі ў гаспадарстве.

Трапар сьвята

Дабраслаўлёны Ты, Хрысьце Божа наш, / выявіўшы прамудрымі рыбакоў, / паслаўшы ім Духу Сьвятога / і праз іх які улавіў сусьвет. / Чалавекалюбца, слава Табе!


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.