(26 кастрычніка)
Сьвятая Царква ад першых стагодзьдзяў хрысьціянства высока ценіць заслугі мучанікаў, іх шануе, ставіць нам як узор гераічнае любові да Бога і вызнаньня сьвятой веры. Некаторыя зь іх, якія асаблівы вызначыліся сваёй рэўнасьцю і мужнасьцю ў вызнаньні сьвятой веры і цудамі, якімі іх Госпад Бог пасьля сьмерці ўславіў, маюць у царкоўным годзе ўрачыстыя сьвята. Да іх належыць сьвяты мучанік Зьміцер, якому сьвятая Царква дала тытул велікамучаніка і міроцечнага.
Сьвяты Зьміцер жыў у другой палове ІІІ ст. у горадзе Салуні, дзе яго бацька быў высокім службоўцам імпэратара. Пасьля сьмерці бацька імпэратар Максіміліян зрабіў яго салунскім праконсулам. Зь дзяцінства сьв. Зьміцер выхоўваўся ў хрысьціянскае веры, якую неўзабаве з рэўнасьцю прапаведаваў. За апостальскую дзейнасьць імпэратар Максіміліян кінуў яго ў вязьніцу. Знаходзячыся ў вязьніцы, ён дабраславіў сьвятога Нестара на бой зь непераможным імпэратарскім глядыятарам Ліям. Сьвяты Нестар выступіў супраць Лія з крыжам у руках і перамог яго. Імпэратар, даведаўшыся, што Зьміцер дабраславіў Нестара на змаганьне зь Ліям, паслаў сваіх салдат, і яны пракалолі яго дзідамі. Гэта было ў 306 г. пасьля Нараджэньня Хрыстовага. Памяць сьвятога Нестара Царква адзначае ў наступны дзень пасьля памяці сьвятога Зьміцера.
Вялікую веру сьвятога Зьміцера ўславіў Госпад Бог не толькі рознымі цудамі пасьля ягонай сьмерці, але таксама нятленнасьцю цела і міроцечнасьцю. Амаль праз сто гадоў пасьля ягонай сьмерці адчынілі труну – яго цела засталося нятленным, а зь яго костак цякло водарнае міро – алея, якая вылечвала хворых.
Дарам цудаў, нятленнасьцю цела і міроцечнасьць робяцца крыніцай вялікага і шырокага шанаваньня сьвятога Зьміцера. Да яго труны штогод ідуць сотні і тысячы пілігрымаў. У V ст. над ягонай труной пабудавалі велічны храм. А на Балканах ёсьць больш двухсот цэркваў у гонар сьвятога Зьміцера.
Культ сьвятога Зьміцера прыйшоў з хрысьціянскае верай і на землі Кіеўскае Русі. Пачалося ўсё зь атачэньня Канстантынопаля кіеўскім князям Алегам. Калі кіеўскія войскі перамаглі сілы грэкаў, то грэкі казалі, што гэта не Алег, а сьвяты Зьміцер пасланы на іх Богам. А неўзабаве, калі хрысьціянства пашырылася на землях Кіеўскае Русі, князі, а таксама ўсе верныя аддалі сябе пад апеку сьв. Зьміцера.
Князь Ізяслаў Зьміцер Яраславіч пабудаваў у Кіеве ў 1057 г. манастыр у гонар сьв. Зьміцера. У 1197 г. вялікі князь Усевалад Зьміцер Юр’евіч атрымаў у падарунак зь Салуні дошку з труны і кашулю сьв. Зьміцера. Зь дошкі цякло міро, якое вылечвала хворых. У гонар сьв. Зьміцера гэты князь пабудаваў храм ва Ўладзіміры, перадаўшы туды ўзгаданыя падарункі. На землях Кіеўскае Русі было пабудавана шмат храмаў у гонар сьв. Зьміцера.
Сьвятая Царква ўслаўляе сьв. Зьміцера як мужнага воіна Хрыстовага і спавядальніка, як цудатворцу, які вылечвае хваробы душы і цела, дапамагае людзям у цяжкія хвіліны.
Трапар сьвята
Вялікага ў бедах абаронцу набыў увесь сусьвет у табе, / пераможцы ворагаў. / Таму, як гонар Лія зьняважыў ты / і на подзьвіг натхніў сьмеласьць Нестара, / так, сьвяты Зьміцер, маліся Хрысту Богу, / каб падаў нам вялікую міласьць
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.