Памяць 30 лістапада
Андрэй з роду жыдоўскага, зь Віфсады Галілейскай, рыбак і брат Апостала Пятра. Спачатку ён быў вучням Яна Хрысьціцеля. Як толькі Папярэднік, паглядзеўшы на Ісуса, які прыйшоў, сказаў: “Вось Агнец Боскі!”, Андрэй пайшоў за Ісусам і зрабіўся Яго першым вучням. Ён названы Першапакліканым. Калі Ісус праходзіў каля мора Галілейскага, то Пятро і Андрэй лавілі рыбу. Госпад іх паклікаў за Сабой, прамовіўшы: “І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.” (Мц. 4:18–19)
Ён займае другое месца сярод Апосталаў. Хрыстос даў Апосталам уладу над нячыстымі духамі, каб Апосталы іх выганялі, каб вылечвалі ўсялякую хваробу і нямогласьць (Мц. 10:1). У ліку чатырох вучняў Госпада Андрэй ўдастоены Яго даверу слухаць Ягонае прароцтва аб будучай доле Царквы і сьвету (Мк. 13:3–5).
Паслаўшы на Апосталаў Духа Сьвятога, Ісус Хрыстос, разам зь іншымі Апосталамі, даў Андрэю ўладу прабачаць грахі (Ян. 10:23). Слова Боскае Андрэй прапаведаваў у шматлікіх краінах Азіі і Эўропы. Для пропаведзей Эвангельля ён зьдзейсьніў тры вандроўкі ў Ерусалім.
Першая вандроўка была ў Антыёхію Сірыйскую, у Ціану, у Сыноп. Зь Сынопу Першапакліканы паехаў у Амасію, якая знаходзіцца на берагу Понта; наведаў таксама Трапэзунд, адтуль накіраваўся ў Іверыю, а далей у зямлю Парфян і павярнуўся ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
Пасьля сьвята Пяцідзесятніцы сьвяты Апостал Андрэй вырушыў у сваю другую вандроўку для пропаведзі Эвангельля і пабудовы Цэркваў. Зь Ерусаліму ён зноў прыбыў у Антыёхію Сірыйскую, у Эфэс, у Лаёдзікію, у Нікею, дзе Апостал знаходзіўся два гады і шматлікіх язычнікаў навярнуў да веры Хрыстовай. Далей накіраваўся ў Нікамідзію. Адтуль адплыў морам у Віфанскае месца Халкідон, потым наведаў Іраклію і Амастрыду, у якіх застаўся на трывалы час, адукоўваючы шматлікіх сьвятлом Эвангельля.
Зь Амастрыды прыбыў у горад Харакон. Далей паплыў у Сыноп. Зь вялікім посьпехам прапаведаваў веру Хрыстову ў Неакесарыі, дасягнуў горада Самасата ў Армэніі, адтуль павярнуўся ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
Зь Ерусаліму Андрэй Першапакліканы вырушыў у трэцьцю і апошнюю сваю вандроўку для зьвяртаньня ў веру Хрыстову язычнікаў і юдэяў. Прыбыў у Эдэм, наведаў Сванецію, дайшоў да Асэтыі. Зь Асэтыі пайшоў у Абхазію і спыніўся ў горадзе Сявасці (Сухумі), адсюль морам дасягнуў зямлі Джэстаў. Далей наведаў прыморскі горад Васпор (Керч). Крочачы па паўднёваму берагу Таўрыі, наведаў Феадосію, а далей накіраваўся ў Херсанэс. Дапускаюць, што Апостал паплыў па Дняпру ў Скіфію. Зь прац пісьменьнікаў ІІІ стагодзьдзя Іпаліта і Арыгена вядома, што Апостал Андрэй наведаў месца, дзе ў далейшым вынік Кіеў. Летапісец Нестар апавядае: “Бачыце горы гэтыя, сказаў Апостал сваім вучням; на гэтых гарах зазьзяе мілата Боская, і будзе вялікі горад і багата цэркваў будзе пабудавана Госпадам”. Не месцы, дзе знаходзіўся Апостал, ён паставіў крыж і пабудаваў храм Апостала Андрэя Першапакліканага. Ад гор Кіўскіх Апостал Андрэй дайшоў да возера Ільмень. Павярнуўшыся ў Херсанэс, сьвяты Андрэй зноў наведаў Васпор, адтуль пераплыў Понт і трэці раз пабываў Сынопе, дзе ўжо замацавалася хрысьціянства. Далей ён наведаў Візантыю. Там ён рукапаклаў япіскапа Стахія, аднаго зь сямідзесяці вучняў Хрыстовых. Зь Візантыі Апостал Андрэй прыбыў у Фракскі горад Іраклій і там шматлікіх язычнікаў навярнуў да веры Хрыстовай. Потым Апостал зацьвердзіў веру хрысьціянскую ў Пэлапанэсе і ў Ахайскам горадзе Патрах. Тут кіраўнік вобласьці, злы язычнік Эгэй, пабачыўшы, што шмат язычнікаў пачалі верыць у Хрыста і ў тым ліку ягоная жонка, пасадзіў Апостала ў вязьніцу. Гэтая вязьніца зрабілася для Апостала храмам, куды сыходзіліся хрысьціяне паслухаць ратавальнае слова Апостала. Тады Эгэй засудзіў Апостала Андрэя да сьмерці, укрыжаваным на Крыжы. Паколькі крыж, на якім ён быў укрыжаваны, меў форму Х, ён цяпер называецца крыжам Апостала Андрэя. Два дні трывалі пакуты Андрэя, ён жа да самай сьмерці працягваў навучаць людзей, якія сабраліся каля крыжу. 30 лістапада 70 года пасьля Нараджэньня Хрыстовага Апостал памёр. Прэсьвітэры і дыяканы Ахайскія пахавалі сьвятое цела Андрэя і апісалі гісторыю ягоных пакут у невялікім пасланьні, якое захавалася да нашых дзён.
У 355 годзе Імпэратар Канстантын, даведаўшыся ад аднаго сьвятара аб мошчах Апосталаў Андрэя і Лукі, арганізаваў іх перанясеньня ў храм сьв. Апосталаў. Мошчы Андрэя Першапакліканага былі перанесены і пахаваны паміж трунамі Эвангеліста Лукі і сьв. Цімафея – вучня Апостала Пятра. Ад часу перанясеньня мошчаў сьв. Апостала Андрэя Першапакліканага, ягоную памяць пачалі сьвяткаваць 30 лістапада яшчэ больш урачыста.
У IV стагодзьдзі сьвятыя айцы Рыгор Багаслоў, Ян Залатавусны, Прокл і іншыя ўслаўлялі Апостала Андрэя ў сваіх казаньнях. У V стагодзьдзі Анатоль Канстантынопальскі, у VІІ – Андрэй Ерусалімскі, у VІІІ – Ян Дамаскін, Герман Канстантынопальскі і іншыя напісалі шмат пахвальных песьняў, якія і цяпер сьпяваюць у Праваслаўнае Царкве ў гонар сьвятога Апостала Андрэя. Восьмага траўня 1208 года, у часы крыжакоў, мошчы Першапакліканага былі перанесены ў Італію, у горад Амальфі. Галава Апостала Андрэя пры імпэратары Канстантынопаля Канстанціне перанесена ў Рым, дзе і зараз знаходзіцца ў Ватыканскай базыліцы сьвятога Апостала Пятра.
Вялікая прыхільнасьць старажытных хрысьціян да Апостала Андрэя захавала для нашчадкаў ягоны зьнешні выгляд: ён быў вялікага росту, крыху згорблены, нос меў арліны, вочы мелі шляхетны выраз, бровы, валосься і барада густыя.
Праваслаўныя хрысьціяне заўсёды вельмі шанавалі Апостала Андрэя. 30 лістапада ў Канстантынопалі патрыярх служыць урачыстую літургію на якой разам зь ім служаць 12 архірэяў, гэта падзея адбываецца толькі чатыры разы ў год: на Вялікдзень, на Нараджэньне Хрыстова, у Пяцідзесятніцу і 30 лістапада.
У дзень памяці Андрэя Першапакліканага Царква славіць яго: “Цябе, Першапакліканага, адшукаў Хрыстос, як найлепшага таямніцам служыцеля, Андрэй Слаўны, што запаветы Ягоныя шчыра па ўсяму сусьвету прапаведаваў, аблятаючы яго, як на крылах, адукаваўшы грамады народаў і ўдастоіўшы нашу зямлю сваім наведваньнем і дабравесьцем Хрыстовым. Малі Хрыста, каб падаў нам вялікую міласьць”.
Трапар сьвята
Як Першапакліканы зь апосталаў / і як вярхоўны брат, / Уладару ўсіх, Андрэй, маліся, / каб мір сусьвету падаў / і душам нашым вялікую міласьць.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.