Thursday, June 18, 2009

МУЧАНІК КАНКОРДЗІЙ

Сьвяты мучанік Канкордзій, сын прэсьвітэра Гардзіяна, быў выхаваны ў набожнасьці і веры Хрыстовай, таму япіскап рымскі Пій паставіў яго ва іпадыякана. Разам зь айцом сьвятой Канкордзій нёс подзьвігі паста і малітвы, раздаваў шчодрую міласьціну жывучым у нястачы. З дазволу айца ён пасяліўся непадалёк ад Рыму ў свайго сваяка Яўціхія і пачаў праводзіць дні ў малітве і добрых справах. Слава аб яго набожным жыцьці дайшла да начальніка Тускай вобласьці Тарквата. Заклікаўшы сьвятога, ён пераконваў яго зрачыся Хрыста, абяцаючы зрабіць жрацом паганскіх богаў, а сьвяты Канкордзій пераконваў Тарквата навярнуцца да праўдзівага Бога - Ісуса Хрыста. Мучаніка білі і кінулі ў вязьніцу. Сьвяты япіскап Анфім, сябар Тарквата, упрасіў адпусьціць да яго вязьня. Сьвяты Канкордзій пражыў у яго доўгі час і быў высьвечаны ў прэсьвітэра. Калі Таркват зноў заклікаў сьвятога і спытаў яго, што ён думае аб сваім жыцьці, сьвяты адказаў, што жыцьцё для яго - Хрыстос. Яго прывязалі да ганебнага слупа, а затым кінулі ў вязьніцу, прыкаваўшы за шыю і рукі да сьцяны. Праз тры дня Таркват паслаў у вязьніцу збраяносцаў, загадаўшы перадаць мучаніку, што калі ён не прынясе ахвяру багам, то будзе адданы сьмерці. Сьвяты вымавіў: “Слава Табе, Госпад Ісус Хрыстос”, плюнуў на прынесенага ваярамі ідала Зеўса і сам схіліў галаву пад меч. Ягоны мучаніцкі подзьвіг адбыўся каля 175 году. Мошчы ў Італіі, недалёка ад горада Спалета.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.