Monday, June 8, 2009

ЧЫТАНЬНІ ДНЯ

Чытаньне Апостальскае на 26 траўня/ 8 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Эфэсянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 229

Браты, плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне. Шукайце таго, што да спадоб75ы Богу, і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце, бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло. Таму сказана: “устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!”. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя, цэнячы дорага час, бо дні - ліхія. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.

Эф 5:9–19

Чытаньне Евангельля на 26 траўня/ 8 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 75

Госпад кажа: Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася? і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся. Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго; калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова; калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік. Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах; бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.

Мц. (18:10-20)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.