У імя Айца, і Сына, і Сьвятога
Духа.
Упадабаныя браты і сёстры, сёньняшняе
Эвангельле раскрывае нам галоўную запаведзь Хрыста: “Любі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, і усёю душою тваёю, і усёю
сілаю тваёю, і усім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе. На гэтых
дзьвюх запаведзях грунтуецца увесь закон і прарокі” (Лк 10:27; Мц. 22:40).
Але для поўнага разуменьня усёй
паўнаты пачутага сёньня Эвангельля, варта нам акунуцца ў павучальную сілу Біблейскай
гісторыі.
Вось , у далёкім мінулым , на
гары Сінай, падаў Бог прароку Майсею каменныя скрыжалі , на якіх былі высечаныя
Дзесяць запаведзяў — Закон Божы , па якім павінен быў жыць кожны набожны чалавек.
Аднак народ Ізраіля , закліканы да служэньня Адзінаму Госпаду, не выстаяў ў праўдзе.
Сьляпыя правадыры народа — фарысэі падмянілі жывую веру мёртвым фармальным законам,
пахавалі жыватворчы дух Запавету пад грудай непатрэбных і складаных абрадаў, звычаяў
і правілаў. Лічачы сябе праведнікамі , гэтыя гордыя крывадушнікі рэчаіснасьці затапталі
запаведзі Божыя. Ім было сказана: не стварай куміра і не красьці, а яны любілі першымі
на банкетах і ў сынагогах сядзець і кіраваць на народных сходах (Мц. 23:6—7), стваралі
куміраў з саміх сябе і абкрадалі Самога Бога, прысвойваючы гонар, які належыць толькі
Яму. Ім было сказана не забівай, а яны духоўна забівалі блізкіх пагардай і асуджэньнем,
абыякавасьцю і жорсткасьцю. Вонкава яны былі узорамі прыстойнасьці, але ў душах
іх, падобна хеўры зьмей, клубіліся атрутныя страсьці і юрлівасьці.