Saturday, April 2, 2011

АКАФІСТ НОВАМУЧАНІКАМ, СПАВЯДАЛЬНІКАМ І ПАКУТНІКАМ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ

Кандак 1
Абраныя авечкі статку Хрыстовага, Беларусі ўпрыгожаньня і слава вечная, як нівы сваёй крывёй напаілі вы, крыніцамі саду райскага зьяўляючыся. Верай і праўдай Ісусу Хрысту паслужыўшыя, нават жыцьцё свае на ахвярнік паклаўшыя, у жыцьці вечным адвагу стаяць прад пасадам Яго атрымаўшыя. Каля яго стоячы, прад Уладыкам за нас маліцеся, каб Беларусь Сьвятую, Царкву і народ як ад нападу ворага і падкопаў злога захаваў, ад усіх бед і смутку вызваліў народ яе, зь пашанай вам сьпяваючы: Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Ікас 1
Анёлаў Творца, неба і зямлю стварыўшы, сьветлымі зоркамі новамучанікаў Беларускай Царквы небасхіл упрыгожыўшы. Праславіў уславіў вас, звышгодныя мучаніцы, сьвятамучанікі, мучанікі, спавядальнікі і пакутнікі беларускія. Вы ж Уладара славу сьвету бязбожнаму паказалі цярпеньнем пакуты сваёй і ўсталі па правую руку Бога Айца. Сёньня, вас праслаўляючы, сьпяваем так:
Радуйцеся, за веру Хрыстову пакутнікі у Богу шчасьлівыя; радуйцеся, набожнага жыцьця Ісуса Хрыста прапаведнікі.
Радуйцеся, славу сьвету гэтага адкінуўшыя; радуйцеся, зямное жаданьне плоці зьняважыўшыя.
Радуйцеся, голас Пастыра Ісуса Хрыста пачуўшыя; радуйцеся, больш усяго ў сьвеце гэтым Госпада ўпадабаўшыя.
Радуйцеся, крыж на плечы свае ўзяўшыя; радуйцеся, добры цяжар гэты да сьмерці насіўшыя.
Радуйцеся, душы свае напоўніўшыя жаданьнем даброт Царства Боскага; радуйцеся, гэтых дабротаў дасягнуўшыя.
Радуйцеся, дзеля Хрыста сьмерць прыняўшыя; радуйцеся, дзеля Яго ўсю мітусьню сьвету адкінуўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.

ПАМІНАНЬНЕ ПРЭЗЫДЭНТА БНР ВАСІЛЯ ЗАХАРКІ

 Цяжкое й цёмнае, як восеньская ноч, было жыцьцё страціўшага сваю незалежнасьць Беларускага Народу.
Прыгнечаны палітычна, зьнішчаны эканамічна й зьняслаўлены культурна, ён стагодзьдзі стагнаў у ланцугох няволі.
Надышоўшая пара вызваленьня прыгнечаных народаў падняла на барацьбу й Беларускі Народ за лепшую будучыню.
Набываючы з кожным днём усё больш і больш сілы, ён з кожным крокам упарта пасоўваецца наперад у сваёй вызвольнай барацьбе.
Заваяваныя ім да гэтага часу пазыцыі гавораць аб тым, што ўжо хутка праб'е шчасьлівая гадзіна, калі Беларускі Народ стопча на шляху незалежнасьці сваіх і чужых здраднікаў і стане самастойным гаспадаром на сваёй зямельцы.
Васіль Захарка ("Галоўныя моманты беларускага руху" 1926 год.)
Сёньня, першага красавіка, праваслаўныя беларусы малітвай памінаюць памяць слаўнага сына беларускага народу, прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі, сьв. пам. Васіля Захарку.
Памінальную паніхіду для праваслаўных беларусаў на Заходней Украіне адслужыў у Бруховічах прат. Сяргей Горбік. Таксама быў прачытаны Акафіст новамучанікам, спавядальнікам і пакутнікам зямлі Беларускай і малітва за беларускі народ. Богаслужэньне завяршылася сьпевам беларускага рэлігійнага гімну “Магутны Божа”.

Даведка “Беларускай Аўтакефаліі”:
ЗАХАРКА Васіль Іванавіч
[1.4.1877, в. Дабрасельцы Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. — 14.3.1943, Прага], паліт. дзеяч, публіцыст. З 1895 настаўнік царкоўнапрыходзкай школы. У 1898—1902, 1904—17 на вайсковай службе. Член БСГ; член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў—фэдэралістаў. На 1-м Усебеларускім зьезьдзе 1917 абраны членам Рады. Арыштаваны бальшавікамі ў студзені 1918. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыята (урада) БНР, скарбнік. Пасьля займаў розныя міністэрскія пасады. У чэрвені 1920 старшыня Надзвычайнай беларускай дыпляматычнай місіі ў Маскве. З ліст. 1923 жыў у Празе. Пасьля 2-й Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрлін (10.10.1925) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. Застаўся ў эміграцыі ў Празе, захаваўшы непарыўнасьць традыцыі БНР. Нам. старшыні Рады БНР, з 8.3.1928 да 6.3.1943 Прэзыдэнт Рады. Па некаторых зьвестках, зьбіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л.Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і пэтыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР. Аўтар прац Галоўныя моманты беларускага руху (1926, часткова апублікавана ў кнізе: Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York, 1988), «Беларусь — роль і значэньне на усходзе Еўропы» (не апублікавана).

Thursday, March 31, 2011

ФІЯСКА ЎНІЯЦКАЙ МІТАТВОРЧАСЬЦІ …

прат. Сяргей Горбік
Апошнія падзеі рэальна паказалі слабасьць аргумэнтацыі уніятаў пра сваю пасьпяховасьць і адзінстве, якое СМІ УГКЦ будавалі досыць доўга і зацята. Улічваючы, што менавіта на падставе дадзенай аргумэнтацыі ішла асноўная крытыка Праваслаўя наогул і УАПЦ у прыватнасьці, прыйшоў і наша гадзіна правесьці невялікае дасьледаваньне некаторых пытаньняў жыцьця УГКЦ.
Сярод розных мітаў, якія прадстаўнікі УГКЦ імкнуцца насадзіць у сьвядомасьці людзей, ці ледзь не самым галоўным зьяўляецца міт пра “адзінства япіскапата і вернікаў УГКЦ”. І, як рэфрэн на фоне адбываючыхся выбараў часткі УГКЦ, агульны уніяцкі хор панэгірыкаў пра “пасьпяховасьць дзейнасьці кардынала Гузара”. Гэтыя два міту сёньня настолькі злучаны, што можна казаць пра іх аб'яднаньне ў адзін “перадвыбарны” міт…

Sunday, March 27, 2011

ТРЭЦЯЯ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Уступаючы на подзьвіг і сканчаючы яго, мы звычайна бываем натхнёныя. Спачатку — сьвядомасьцю сілы ў сабе яшчэ сьвежай і нявыпрабаванай, а напрыканцы — надзеяю блізкага і пасьпяховага заканчэньня. Але сярэдзіна нівы часта бывае для нас небясьпечным каменьнем перапоны. Так Царква, ніколі не пакідаючы дзяцей сваіх без суцяшэньня і падбадзёрваньня, сярод подзьвігаў Вялікага посту, якімі трымаючыя пост і прыносячыя пакаяньне павінны крыжаваць цела свае зь запалам і юрлівасьцю, з трэцяга тыдня Чатырохдзесятніцы пачынае асабліва падбадзёрваць і умацоўваць крочачых па шляху посту, паказваючы сэрцу і позірку нашаму прыклады набожнага падзьвіжніцтва, самаадданасьці і цярпеньня. Такім чынам на трэцім тыдні Вялікага паста яна, скіроўваючы нас забіваць запал і юрлівасьці, заклікае нас перамагаць іх падобна Гедыёну, зваяваўшаму мадыямлян; перамагаць іх, падобна Самсону, забіўшаму зьвера; забіваць іх, як Галіяфа; зьміраць іх падобна Даніілу, які утаймаваў зьвяроў у рове, і больш усхваляе пост, чым прадпісвае; часьцей апявае ягоныя жаданыя плады, чым агаляе нашы язвы грахоўныя, якія лекуюцца постам. “Скарбу айца, сялібы цудоўнай, маці ўсіх паслужыўшых Уладару Хрысту прыйдзіце, насалодзімся, браты, постам: бо ён умацоўвае цела, асьвятляе розум і сэрца. Упадабаем Пост, забіваючы лютыя запалы душэўныя дзеяй духу моцнага, і боскіх дзеячаў дзеі ўмацоўваючы, і розум на нябёсы ўздымаючы, прабачэньня вымольваючы ў Бога шчодрага”.

СЫНАКСАР У ТРЭЦЬЦЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Ды паклоніцца ўся зямля Крыжу,
Праз які пазнала слова аб пакланеньні Табе
У гэты дзень, у трэцьцю Нядзелю посту, мы сьвяткуем глыбокую пашану Годнаму і Жыватворчаму Крыжу па наступным чыньніку. Паколькі падчас саракадзённага посту і мы нейкім чынам прымаем раскрыжаваньне, забіваючы запал, і адчуваем гаркату, смуткуючы і зьнемагаючы, то і пакладаецца перад намі Годны і Жыватворчы Крыж, які ахалоджвае і умацоўвае нас, які нагадвае нам пра пакуты Госпада нашага Ісуса Хрыста і суцяшаючы: калі Бог наш раскрыжаваўся дзеля нас, то колькі ж нам належыць рабіць дзеля Яго, — робячы палёгку нашай працы уяўленьнем і успамінам смутку Уладара, і надзеяй на славу Крыжа. Бо як Выратавальнік наш, узьняўшыся на Крыж, праславіўся праз зьнеслаўленьне і засмучэньне, так і нам належыць рабіць, каб і праславіцца зь Ім, калі некалі пацерпім нешта сумнае (журботнае). Інакш кажучы, як праходзячыя доўгі і цяжкі шлях стомленыя падарожнікі, адшукаўшы нейкае цяністае дрэва, адпачываюць, прысеўшы пад ім, і са сьвежымі сіламі ідуць далей, так і зараз, падчас посту, на шляху жальбы і подзьвігу, пасярэдзіне яго сьвятыя айцы пасадзілі падаючае жыцьцё дрэва Крыжа, што дае нам палягчэньне і прахалоду, і якое робіць нас, стомленых, моцнымі і здольнымі да далейшай працы. Ці як пры набліжэньні [прышэсьці] цара спачатку нясуць яго сьцягі і скіпэтры, а потым і сам ён прыходзіць, цешачыся і вяселячыся пра перамогу, і людзі ягоныя вяселяцца разам зь ім. Так і Гасподзь наш Ісус Хрыстос, жадаючы паказаць канчатковую перамогу над сьмерцю і са славаю прыйсьці ў дзень Уваскрэсеньня, раней паслаў нам Свой скіпэтар, царскі сьцяг — Жыватворчы Крыж, які напаўняе нас шматлікай уцехай і суцяшэньнем і падрыхтоўвае нас належным чынам прыняць наколькі можам зьмясьціць [наколькі можна магутна] Самага Цара і радасна праславіць як Пераможца.

АКАФІСТ ЖЫВАТВОРЧАМУ КРЫЖУ

Кандак 1
Абранаму Царом Славы і асьвячонаму крыжовай сьмерцю Выратавальніка сусьвету, дзівосную моц маючаму Дрэву складзем, праваслаўныя, пахвалу і радасна засьпяваем: Радуйся, Годнае Дрэва, бо на ім зьдзейсьнілася таямніца сусьветнага выратаваньня.
Ікас 1
Анёльскія сілы, як Боскія служыцелі, вакол Крыжа Госпада нябачна стаячыя, жахнуліся і зьдзейсьненаю на зямлі сьмерць Ісуса на Нябёсах апявалі. Мы ж, нягодныя, знакам Годнага Крыжа Госпада асьвячаючыся, радасна сьпяваем:
Радуйся, Годнае Дрэва, Крывёй Богачалавека асьвячонае; радуйся, Годнае Дрэва, праслаўленае послухам Хрыстовым.
Радуйся, Годнае Дрэва, вызваліўшае нас ад пекла; радуйся, Годнае Дрэва, зьнішчэньне палкоў нячысьцікаў.
Радуйся, Годнае Дрэва, абвяшчэньне сілы Ісуса; радуйся, Годнае Дрэва, знак перамогі Гасподняй.
Радуйся, Годнае Дрэва, бо на ім зьдзейсьнілася таямніца сусьветнага выратаваньня.

УШАНАВАНЬНЕ ЖЫВАТВОРЧАГА КРЫЖА

3 нядзеля Вялікага посту
Зь ласкі Боскай мы дасягнулі паловы Вялікага Посту. Напэўна, шматлікія зь нас ужо пачынаюць адчуваць нейкую стому ад подзьвігаў посту, а ёсьць, быць можа, і такія, якія дайшоўшы да сярэдзіны сьв. Чатырохдзесятніцы, яшчэ і не пачыналі як належыць таго подзьвігу, які складае сутнасьць і мэту сьв. Посту.
Для тых і іншых, сьв. Царква выносіць цяпер Жыватворчы Крыж Хрыстовы. Адным — у суцяшэньне і падбадзёрваньне, іншым — у абвінавачаньне і строгае папярэджаньне. Як усе мы ведаем, у гэты дзень сьв. Крыж асабліва урачыста выносіцца на сярэдзіну храма для глыбокай пашаны, каб гэтым падняць наш дух, а таксама для таго, каб кожнаму праваслаўнаму хрысьціяніну нагадаць, што усё наша жыцьцё — гэта нясеньне крыжа.
Праваслаўны шлях хрысьціян — гэта шлях крыжа і подзьвігу. Ад стагодзьдзя Творца і Прамысьліцель прадвызначыў Крыжам выратаваць палае чалавецтва ад сілы варожай, выратаваць Крыжам праз расьпяцьце на ім Сына Боскага.

АКАФІСТ УСЯГОДНАМУ І ЖЫВАТВОРЧАМУ КРЫЖУ ГОСПАДА

Кандак 1
Прыходзь, люд хрысьціянскі, складзем пашану Жыватворчаму Крыжу, на ім Хрыстос, Уладар Славы, рукі раскінуў, узносячы нас да першаснае дабрыні, з якой праз зьмея скінутыя былі. Ты ж, о ўсясьвяты Крыж, як маючы належную табе моц Укрыжаванага Хрыста, выратуй і захавай ад усялякіх бед з пашанай сьпяваючых табе: Радуйся, Жыватворчы Крыж, радасны сымбаль нашага выратаваньня.
Ікас1
Анёлы, як Бога слугі, Крыж абступілі, добраахвотную пакуту Хрыста Жыцядаўца праслаўляючы. Мы ж праз пакуты Твае вечнай сьмерці пазбаўлены, пераймаючы Вышэйшым Сілам, радасна клічам:
Радуйся, Крыж, бо на табе Хрыстос Бог наш, добраахвотна рукі раскінуў, збаўленьня наша праз пакуты творачы; радуйся, бо ўкрыжаваным на табе Хрыстом злачынства Адама і Евы, працягнуўшых рукі да дрэва забароненага, пакутай зьнішчаны.
Радуйся, бо праз ўкрыжаванага на табе, як злачынца, Законатворцы, старажытная клятва, на нас ляжачая, зьнятая; радуйся, бо зьдзейсьнілася на табе невымоўнай таямніцай, род чалавечы ад тленьня сьмяротнага вызваліўся.
Радуйся, бо праз Пацярпеўшага і Памёршага на табе жала сьмерці зламанае; радуйся, праз гэтыя пакуты Бог з чалавекам замірыўся.
Радуйся, Жыватворчы Крыж, усярадасны сымбаль нашага выратаваньня.

СЛОВА Ў ТРЭЦЬЦЮ НЯДЗЕЛЮ ПОСТУ – КРЫЖАПАКЛОНУЮ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
У адным са старажытных твораў Кіеўскай Царквы адзін падзьвіжнік разважаў пра тое, якім чынам зьдзейсьнілася тварэньне сьвету. Чаму Бог не толькі стварыў сьвет, а прыйшоў яго ратаваць? І ён уяўляе гэта разважаньне як гутарку паміж Айцом і Сынам: І сказаў Айцец: “Сын Мой! Створым сьвет і чалавека, і падзелім зь ім усё, што ў Нас ёсьць”. І Сын адказаў: “Ды будзе так, Ойча”. І Айцец сказаў: “Так, але чалавек не выканае свайго пакліканьня, ён здрадзіць яму, і тады Табе, Сын Мой, прыйдзецца зрабіцца чалавекам і памерці за яго”. І Сын адказаў: “Ды будзе так, Ойча”. І сьвет быў створаны.
Мы сёньня успамінаем сьвята Крыжа Гасподняга, дзень, калі усё стварэньне замірае як бы ў маўчаньні, трымціць у жаху аб тым, што Бог зрабіўся чалавекам для таго, каб памерці, і памерці за нас, памерці зь намі і усю сьмяротнасьць землі панесьці ў Сябе.

БОГАСЛУЖЭНЬНЕ Ў 3 НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

у суботу на вялікай вячэрняй

Пасьля прадначартальнай псальмы – першая кафізма цалкам. На “госпада клічу:” вершыры на 10: нядзельных Актоіха 3; усходніх 3; з Трыёдзі 4, сьвятому Крыжу:
Тон 5
Зазьзяй, Госпада Крыж, / прамяністымі маланкамі Тваёй дабрыні / сэрцы Цябе шануючых / і з боганатхненнай любоўю абдымаючых, сусьвету жаданы! / Табою зьнікла сьлёзная маркота, / і ад сетак сьмерці мы пазбавіліся, / і перайшлі да няспыннай радасьці. / Пакажы прыгажосьці Тваёй дабрыню, / адплату за устрыманьне падаючы слугам Тваім, / зь вераю молячых аб шчодрым заступніцтве Тваім, / і вялікай міласьці
Радуйся, жываносьбітны Крыж, / Царквы выдатны рай, дрэва нятленьня, / узрасьціўшае нам вечнай славы асалоду; / Табою д'ябальскія полчышчы адганяюцца, / і весяляцца Анёлаў палкі, / і зборы верных сьвяткуюць. / Зброя непераможная, цвярдыня непарушная, / цароў перамога, сьвятароў хвала, — / цяпер падай і нам дасягнуць / Хрыстовай пакуты і уваскрэсеньня.