Saturday, November 27, 2010

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ УГОДКАЎ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ – ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ

прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сабраліся мы сёньня малітвай ушанаваць нашых беларускіх герояў. Дзевяноста гадоў таму яны “пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Але ці паміраць яны пайшлі? Ці было іх змаганьня, як кажуць малаверы і нашы ворагі, “бязглуздым”, бо было іх “жменя”? Чаму мы памінаем “пераможаных”? Чаму і сёньня, нягледзячы на ўсе выселкі бязбожнае камуністычнае ўлады ды “дабразычліўцаў” зь Усходу і Захаду, памяць аб іх жыве?
Ды таму, браты і сёстры, што пайшлі яны не паміраць, а перамагаць! Пайшлі зь малітвай, верай, ахвярнасьцю. Пайшлі па неўміручаму і сьвятому шляху Госпада нашага Ісуса Хрыста. Бо сказаў Гасподзь: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13). І яны пайшлі ахвярна... Пайшлі за кожнага зь нас, сёньняшніх, тады яшчэ ненароджаных… Пайшлі… не думаючы аб сваім лёсе і нейкіх тленных узнагародах зямных, пайшлі не азіраючыся, бо “ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.” (Лк. 9:62).

СЛУЦКІ ФРОНТ БНР (СЛУЦКАЕ ПАЎСТАННЕ)

Юры Віцьбіч
Ёсьць паміж адвечных сузор'яў зоры—альфы, зоры найбольш вялікія, зоры найбліскучыя і найяскравыя, па якіх калісьці навукоўцы вызначалі лёс народаў і краінаў, зоры, якімі кіраваліся падарожнікі ў акіянах і пустынях у пошуках зямлі й вады. Нам заўсёды прыгадваюцца гэтыя зоры пры ўспаміне аб Слуцкім паўстаньні. Паміж шматлікіх антыбальшавіцкіх паўстаньняў на Беларусі яно зьяўляецца паўстаньнем—альфай. Меліся ў нас паўстаньні і больш колькасныя па ліку змагароў, як Вяліжскае, і ня горш арганізаваныя, як Гомельскае, і ня менш зацятыя, як Парэцкае, Барысаўскае, Івянецкае, Койданаўскае, Мірскае, Рагачоўскае, Панькоўска—Будаўскае, Бешанковіцкае і шмат іншых. Аднак ні адно з гэтых паўстаньняў не адбіла ў такой ступені наш нацыянальны супраціў расейскаму акупанту, як Слуцкае, што пакінула найбольшы, найбліскучы і найяскравы сьлед у гісторыі беларускага вызвольнага змаганьня. Таму нездарма ні адно зь нашых паўстаньняў ня сустрэла такога хуткага супрацьдзеяньня з бальшавіцкага боку, як Слуцкае. Бальшавікі зь самага пачатку хацелі зьліквідаваць яго праз сваю агентуру знутры, яны потым абвалілі на яго ўсю сваю рэпрэсіўную сілу, яны нарэшце дагэтуль прабуюць у сваёй літаратуры усяляк зганьбіць яго.