Monday, June 8, 2009

СЬВЯТА ТРОЙЦЫ І ЦАРКОЎНАЯ НАВУКА


Сёньня, браты, мы пачынаем сьвята ў гонар Усясьвятой Тройцы. Гэтае сьвята адзначаецца ад іншых богаслужбаў тым, што пасьля Службы Божай адразу служыцца і Вячэрня, на якой чытаюцца тры малітвы з каленасхіленьнем, а ў царкоўным жыцьці тым, што хаты на гэтае сьвята ўпрыгожваюцца сьвежай зелянінай, галінкамі, кветкамі, усьцілаюцца сьвежай травой, таму і завецца ў нас гэтае сьвята “Зялёнымі сьвятамі”. Чаму ж у гэта сьвята Вячэрня адпраўляецца адразу пасьля Службы Божай? Таму, што сьвята Усясьвятой Тройцы ёсьць як бы сканчэньнем аднаго “нявячэрняга”, як ён завецца ў царкоўнае песьні, дня Пяцідзесятніцы, што пачынаецца з Хрыстовага Ўваскрошаньня Ранішняй, працягваецца Ўзьнясеньнем Хрыста на неба, і сканчаецца Зыходам Сьвятога Духа на апосталаў, як поўным выяўленьнем Усясьвятой Тройцы, і менавіта гэтае заканчэньне адзначаецца Вячэрняй пасьля Службы Божай.

А таму, што праў усю гэтую Пяцідзесятніцу, ад Вялікадня да Зялёных сьвятаў, паводле царкоўнага статутам забараняецца ўставаць на калені пры малітве, зараз пасьля сканчэньня Пяцідзесятніцы на Вячэрняй у сьвята Тройцы ўрачыста чытаюцца тры малітвы за ўсіх жывых і памёршых, у часе якіх мы ўстаём на калені і гэтым, як бы атрымліваем дазвол далей ужо маліцца на каленях. Таму, браты, ведайце, што ад Вялікадня да Зялёных сьвятаў, пакуль сьвятар у часе Вячэрняй на сьвята Тройцы не агалосіць: Яшчэ і яшчэ, стаўшы на калені, Госпаду памолімся – ставаць на калені царкоўны статут забараняе.

Аб гэтым неяк забыліся людзі, і шмат прыходзіцца бачыць, што ў першы дзень Вялікадня ўстаюць людзі на калені, робяць паклоны прад абразамі. Гэта не патрэбна рабіць, бо, як кажа Сьвятое Пісьмо, усяму ёсьць час: Ёсьць час плакаць, і ёсьць час весяліцца; ёсьць час каяньня – духоўнага прыніжэньня, і ёсьць час бадзёрасьці – духоўнага ўздыму, якое мусіць выяўляцца і ў адпаведных царкоўных рухах.

Усе пяцьдзесят дзён ад Вялікадня да Тройцы ёсьць час духоўнай радасьці, духоўнага ўздыму, і таму царкоўны статут забараняе ў гэты час прыніжаць сябе, уставаць на калені. Чаго ж у дзень Сьвятой Тройцы Вячэрня служыцца адразу пасьля Літургіі, і гэтым як бы сканчае кола богаслужбовых службаў? Таму, што ў гэта сьвята Зыходу Сьвятога Духа сканчаецца яшчэ адно бязьмежна важнае кола – кола поўнага выяўленьня Боскасьці ў Яго трох Асобах – Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – поўнага выяўленьня Усясьвятой Тройцы, праз гэта і першы дзень Зялёных Сьвятаў называецца яшчэ дзень Сьвятой Тройцы.

Што ж гэта ёсьць Сьвятая Тройца? Гэта ёсьць Госпад Бог, што выявіў сваю любоў да людзей, свой клопат у трох Асобах: Бог Айцец, стварыў сусьвет і ім кіруе, Ён ёсьць Творца і Ўсятрымаючы, Бог Сын – Госпад Ісус Хрыстос – выратаваў людзей і сусьвет, Ён ёсьць Выратавальнік, Бог Дух Сьвяты дае жыцьцё сусьвету, духоўна ажыўляе людзей, Ён ёсьць Госпад жыватворчы. Усе гэтыя тры асобы Боскасьці роўныя паміж сабою; маюць роўныя ўласьцівасьці боскай сутнасьці, але розьніца між імі тая, што Бог Айцец ні ад каго не нараджаецца і не выходзіць, Бог Сын ад веку нараджаецца ад Айца, Бог Дух ад веку выходзіць ад Айца, а разам гэтыя тры Асобы складаюць адну сутнасьць Боскасьці – Тройцу адзінасутную і непадзельную.

Час ад стварэньня сусьвету да нараджэньня Хрыста на зямлі – гэта ёсьць пераважна выяўленьне Бога Айца ў жыцьці сусьвету. Час зямнога жыцьця Хрыста ёсьць час выяўленьня Сына Боскага ў выратаваньні сусьвету, з часу ж Зыходу Сьвятога Духа пачынаецца выяўленьне Бога Духа з жыцьці сусьвету і людзей. Такім чынам, як я ўжо казаў, Зыход Сьвятога Духа на апосталаў выканалася кола выяўленьня ўсіх трох Асобаў Боскасьці ў Яго адносінах да сусьвету і людзей. Таму і ў гэты дзень прысьвечаны ўслаўленьню Ўсясьвятой Тройцы, а ўслаўленьню асабіста Сьвятога Духа прысьвечаны 2-гі дзень Зялёных Сьвятаў.

Безумоўна, розум чалавечы вельмі слабы, абмежаваны, і сваім абмежаваным розумам чалавек няздольны зразумець бязмежнай існасьці Боскасьці. Таму ў Усясьвятую Тройцу мы мусім верыць, як навучае нас Сьвятое Пісьмо не намагаючыся цалкам зразумець таго, што вышэй нашага розуму. Калі чалавек цялеснымі вачамі не здольны глядзець на сонца, бо сьвятло сонца сьляпіць яму вочы, то тым больш сваімі духоўнымі вачамі, сваім розумам, чалавек не здольны ясна глянуць на бязьмежнае сьвятло Боскасьці, а лепш з верай і набожнасьцю схіліцца прад Яго бязмежнай дасканаласьцю.

Сьвятыя Айцы, каб хоць крыху наблізіць да нашага розуму недасягальную таямніцу Усясьвятой Тройцы, шукалі ў прыродзе такія рэчы, якія ў нейкай меры тлумачылі б нам гэтую вялікую таямніцу. Так казалі: Душа чалавека ёсьць вобраз Божы, таму, як у душы ёсьць тры галоўныя сілы: розум, воля і пачуцьці, так і ў Бога тры Асобы – Айцец, Сын і Дух Сьвяты. Іншыя нешта падобнае да Сьвятой Тройцы знаходзілі ў прыродзе расьлін: Як расьліны маюць корань, ствол і галіны, так Бог ёсьць Айцец, Сын і Сьвяты Дух. Іншыя падабенства жыцьця Боскага знаходзілі ў сонцы. Як ад сонца нараджаецца сьвятло і выходзіць цяпло, так ад Бога Айца нараджаецца Сын Божы і выходзіць Дух Сьвяты. Але бясспрэчна, усе гэтыя прыклады толькі ў слабай меры набліжаюць да нашага розуму таямніцу Усясьвятой Тройцы, у сваёй жа бязмежнай паўнаце Яна для чалавечага абмежаванага розуму застаецца незразумелай.

Але дзеля чаго ж тады, запытаеце, нам трэба вызнаваць Бога ў Сьвятой Тройцы і так у Яго верыць, калі мы не здольны гэтага зразумець? А дзеля таго, адказваю, і трэба нам верыць, што мы не здольны гэтага зразумець. Тое, што мы цалкам разумеем, у тое верыць няма чаго, тое мы ведаем. А чаго мы не ведаем і не здольны ведаць, але без яго не можам жыць, у тое мы мусім верыць, каб мець жыцьцё. Чым жа так важная для нас вера ў Усясьвятую Тройцу, што без яе мы не здольны мець жыцьцё? А тым, што ісьціна, ці як па навуковаму кажуць, догмат Усясьвятой Тройцы – гэта галоўная ісьціна, галоўны догмат нашай хрысьціянскай веры, што дае людзям вечнае жыцьцё і выратаваньне. Хрыстос Выратавальнік, калі пасылаў сваіх апосталаў на сусьвентную пропаведзь, казаў: “Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа”(Мц. 28:19), “Хто будзе верыць ( у Ўсясьвятую Тройцу) і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.”(Мк. 16:16)

Мы мусім верыць у Бога Айца, што, як гаворыць Сьвятое Пісьмо, так палюбіў сусьвет, што і Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў бы жыцьцё вечнае (Ян. 3:16). Мы мусім верыць у Бога Сына, што з любові да людзей зышоў з неба, зрабіўся чалавекам і жыцьцё свае паклаў за жыцьцё сусьвету і выратаваньне людзей, што казаў: “Я - хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.” (Ян. 6:51). Мы мусім верыць і ў Бога Духа Сьвятога, што з любові да нас і за заслугі Хрыста, і з волі Айца Нябеснага зышоў з неба, зьяднаўся з духам нашым на наша вечнае жыцьцё, што аб Ім апостал Павал кажа: “Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.” (Рым. 8:11)

Таму мы мусім верыць ў Усясьвятую Тройцу, як найбольш каштоўны падмурак нашага выратаваньня і жыцьця вечнага і ўслаўляць Бога ў Усясьвятой Тройцы за Яго невымоўны клопат аб нас і ўвесь сусьвет. Усясьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе!

Браты! Цяпер часта кажуць так: “На што мне тая альбо іншая вера? Абы справы мае былі добрымі. Навошта мне верыць у Тройцу, альбо Хрыста? Што за карысьць ад гэтага, калі жыцьцё ад гэтай веры лепш не робіцца? Вось, калі я буду добра жыць, людзям даваць карысьць – гэта галоўнае. А без веры магчыма і абыйсьціся”.

Безумоўна, тут ёсьць доля праўды. І апостал Якаў кажа “Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго? Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку, а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць? Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе… Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць. Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая? … Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.” (Як. 2:14-26)

Але і добрыя справы самі па сябе без той, альбо іншае веры, як карэньня жыцьця, быць ня здольны. Мы бачым, як справы тых, што называюць сябе бязвернікамі, але і яны без веры спраў сваіх не робяць. Не вераць яны ў Бога, у слова Сьвятога Пісьма, то яны вераць у Маркса, Энгельса, вераць іх словам. Без веры чалавек нічога рабіць не можа. Справы, гэта як гавораць, ёсьць кветкі і плён нашага жыцьця. Але кветкі і плады на нейчым мусяць расьці, з нейкага карэньня мусяць даставаць сябе сілкаваньне. Без карэньня ніводная расьліна жыць не можа, якія карэньні такія будуць і кветкі, і гародніна на ім.

Вось таму, калі справы чалавека ёсьць кветкі і гародніна жыцьця, то вера чалавека ёсьць карэньні жыцьця, з якіх тыя, альбо іншыя справы толькі і могуць вырасьці, толькі і здольны браць сілкаваньне. Але на веры ў Маркса-Энгельса, на іх словах, толькі і могуць вырасьці справы дзеля гэтага зямнога часовага жыцьця, бо і гэтыя людзі, як і ўсялякі чалавек, ёсьць як тая ж трава, кажа Сьвятое Пісьмо, “што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне” (Пс. 89:6 б), а Бок ва ўсе стагодзьдзя жыве і слова Яго вечна існуе.

Таму толькі на веры ў Бога ў Сьвятой Тройцы могуць вырасьці справы, што давядуць нас да вечнага жыцьця. І калі мы на сьвята Тройцы ўпрыгожваем свае хаты зелянінай, галінкамі, кветкамі, гэтым мы выяўляем, што Ўсясьвятая Тройца ёсьць наша вечная, неўміручая надзея на жыцьцё вечнае. Зялёны колер ёсьць колер надзеі, а сьвежыя зялёныя галінкі, сьвежыя жывыя кветкі, ёсьць адзнакай жыцьця неўміручага. Таму толькі на хрысьціянскай веры ў Сьвятую Тройцу вечна зелянее і квітнее надзея на жыцьцё вечнае і дасьць плады годныя гэтага жыцьця. А калі лісьця і кветкі на дрэве не растуць, што гэтае значыць? Гэта значыць, што карэньні ў яго хворыя, альбо мёртвыя. А калі на веры ў Усясьвятую Тройцу не растуць добрыя справы, што гэта значыць? Не інакш, як тое, што Хрыстову веры ў сябе чалавек скарыў альбо цалкам забіў.

Браты, Сумна бачыць, калі нават тыя, што вераць у людзей, іх слоў, іх навукі не выконваюць, і вера іх у тых людзей ёсьць мёртвая. Які ж цяжкі сум бачыць, што вера ў вечнага, жывога Бога, у Яго любоў, міласэрнасьць, сьвятасьць, ёсьць у чалавеку мёртвая, не дзеючая, што слова Боскае, вечнае і жывое, пакідаецца для хрысьціяніна голасам, што гучыць у пустэльні, што хрысьціянін мае веру, але спраў не мае. “Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, – кажа апостал Павал, – пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью, дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?” (Жыд. 10:28-29)

Уславім жа, браты, Госпада Бога нашага, Бога хрысьціянскага, што ў Тройцы славіцца найперш за ўсё справамі, годнымі нашай веры, “Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія - Божыя.” (1 Кар. 6:20). А ў гэта вялікае сьвята ў славу Ўсясьвятой Тройцы ўславім Бога нашага шчырай, удзячнай за ўсё малітвай да Яго: Усясьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе. — Амін!

Сьвятамучанік Васіль Ліпкіўскі, мітрапаліт Кіеўскі

http://uaoc.net/?p=2621&page=1

СЬВЯЦІЦЕЛЬ ЯН ЗАЛАТАВУСТ


БЯСЕДА 51

“У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі; хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, “з чэрава пацякуць рэкі вады жывое.”

Ян. (7:32-38)

1. Слухачы Словы Боскага павінны мець гарачую смагу да яго. – 2. Дух Святой быў ужо дадзены людзям Старога Запавету, але апосталы атрымалі яго найбольш цалкам. – 3. Наступствы злосьці. – Жадаючы рабіць зло іншым, людзі робяць пагібель самім сабе. – Зло вылечваецца не злом, а дабром.

1. Прыступаючыя да Боскай пропаведзі і уважлівыя да веры павінны выказваць увагу прагнучых і распальваць у сабе такое ж, як у іх, жаданьне. Праз гэта яны будуць у стане дакладней утрымаць у сабе пропаведзь. Прагнучыя, узяўшы чару, выпіваюць яе з запалам, і тады толькі сьцішваюцца. Так і тыя, якія слухаюць Боскія словы, калі будуць прымаць іх з смагаю, ніколі не адстануць ад іх першых, чым цалкам насыцяцца. А што заўсёды павінны прагнуць і прагнуць, аб гэтым сказана: “Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.” (Мц.5:6).

І тут Хрыстос кажа: “хто прагне, ідзі да Мяне і пі”. Гэтыя словы азначаюць: Я нікога не ваблю прымусам і гвалтам; але хто мае вялікую стараннасьць, хто палымнее жаданьнем, таго Я заклікаю. Але чаму евангеліст заўважыў, што (гэта было) “у апошні вялікі дзень”? Таму, што першы і апошні дні былі вялікімі, а сярэднія паміж імі большаю часткай пражытыя былі ў забавах. Чаму жа кажа: “у апошні”? Таму, што ў гэты дзень усе былі ў зборы. У першы дзень (Госпад) яшчэ не прыйшоў, растлумачыўшы Сваім вучням і чыньнік гэтага. У другі жа і ў трэці дзень, Ён не кажа нічога такога, каб не марнаваць дарма слоў, бо (жыды ў гэтыя дні) аддаваліся забавам. Але ў апошні дзень, калі яны вярталіся дадому, Ён дае ім пажаданьне да выратаваньня і гучна кажа, часткай для таго, каб паказаць Сваю адвагу, часткай па чыньніку вялікай шматлюднасьці.

А каб паказаць, што Ён кажа аб піцьці духоўным, далучае: “хто верыць у Мяне, у таго, як сказанае ў Пісаньні, з улоньня пацякуць рэкі вады жывой”. Улоньнем называе тут сэрца, падобна таму, як і ў іншым месцы гаворыцца: “і закон Твой у мяне ў сэрцы” (Пс.39:9). Але дзе сказанае ў Пісаньні: “у таго з улоньня пацякуць рэкі вады жывой”? Нідзе. Што жа значаць словы: “хто верыць у Мяне, як сказанае ў Пісаньні”? Тут трэба паставіць кропку, так каб словы – “у таго з улоньня пацякуць рэкі” – былі выслоўем самога Хрыста. Бо шматлікія казалі: “гэта Хрыстос” (верш. 41), і яшчэ: “калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць больш знакаў” (верш.31), то Ён паказвае, што павінна мець права спазнаньня і пераконвацца не толькі цудамі, колькі Пісаньнем. Сапраўды, шматлікія, хоць і бачылі Яго цуды робячым, аднак жа не прымалі за Хрыста, а наадварот гатовыя былі сказаць “ці не сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давыдава” (Ян.7:42)?

Таму Хрыстос вельмі часта зьвяртаўся да Пісаньня, жадаючы паказаць, што не пазьбягае доказаў ад Пісаньня; Таму жа і зараз адсылае іх да Пісаньня. Такім чынам, вышэй Ён казаў: “дасьледуйце Пісаньні” (Ян.5:39), і яшчэ: “у прарокаў напісана: і будуць усё навучаныя Богам” (Ян.6:45), таксама: “ёсьць на вас абвінаваўца Майсей” (Ян.5:45). Роўным чынам і тут кажа: “у таго, як сказанае ў Пісаньні, з улоньня пацякуць рэкі”, паказваючы гэтымі словамі на багацьце і веліч дабрыні. Гэта жа самае Ён і ў іншым месцы выяўляе словамі: “зробіцца ў ім крыніцай вады, бягучай у жыцьцё вечнае” (Ян.4:14), г.з. (верачы ў Яго) будзе мець вялікую дабрыню. Такім чынам, у тым месцы Ён заве яе жыцьцём вечным, а тут вадою жывою. Жывою жа заве яе таму, што яна заўсёды дзейсная. Дабрыня Духу, калі увойдзе ў душу і зацьвердзіцца ў ёй, цячэ мацней усякай крыніцы, не спыняецца, не высільваецца і не скончыцца.

Такім чынам, каб паказаць і бясконцасьць падарунка дабрыні і разам невымоўную яе дзейснасьць, Ён назваў яе крыніцай і рэкамі, – не адною ракою, але незьлічонымі. А у тым месцы (Ян.4:14) багацьце Ён прадставіў пад выявай плыні. І усялякі ясна убачыць ісьціну сказанага, калі прадставіць сабе мудрасьць Стэфана, мову Пятра, сілу Паўла, – як нішто іх не спыняла, нішто не утрымлівала, ні лютасьць народная, ні паўстаньні тыранаў, ні падкопы дэманаў, ні штодзённыя сьмерці, і як, наадварот, яны, падобна рэкам, якія нясуцца з вялікім імкненьнем, усё захаплялі усьлед за сабою. “Гэтае сказаў Ён аб Духу, Якога”, кажа, “мелі прыняць верныя: бо яшчэ не было на іх Духу Сьвятога” (Ян.7:39). Як жа прарокі прарочылі і дзеялі незьлічоныя цуды? Апосталы выганялі (дэманаў) не Духам, але уладай, атрыманай ад Хрыста, як Ён сам кажа: “калі Я [сілаю] злога выганяю нячысьцікаў, то сыны вашы чыёю [сілаю] выганяюць” (Мц.12:27)? А гэта Ён казаў з тым. каб паказаць, што перш крыжа не усё выганялі (дэманаў) Духам, але атрыманаю ад Яго (Хрыста) уладай. Таму, калі Ён жадаў паслаць іх, то сказаў: “прыміце Духа Сьвятога”(Ян.20:22), як і ў іншым месцы сказанае: “зышоў на іх Дух Сьвяты” (Дз.19:6), і тады сталі дзеяць цуды.

2. А калі пасылаў іх (перш пакуты), тады не сказанае, што Ён даў ім Духа Сьвятога, але – “даў ім уладу”, кажучы: “пракажоных чысьціце, мёртвых уваскрашайце, нячысьцікаў выганяйце; дарма атрымалі, дарма давайце” (Мц.10:1-8). Адносна жа прарокаў усімі прызнана, што яны мелі падарунак Сьвятога Духа; але гэтая дабрыня высілілася, адступіла і вычарпалася на зямлі з таго дня, як сказанае было: “пакідаецца вам дом ваш пусты” (Мц.23:38). Зрэшты, і перш гэтага дня, яна ужо пачала рабіцца рэдкай. Бо ў іх (жыдоў) не было ужо прарока, і дабрыня не ахінала іх сьвятыні.

Такім чынам, Дух Сьвяты быў адняты, а паміж тым пасьля Ён меў выліцца багата, і гэтае выліваньне пачалося пасьля крыжа, не толькі з багацьцем, але і з вялікімі здольнасьцямі [ды і сапраўды цудоўней быў падарунак, калі, напрыклад, сказанае: “не ведаеце, якога вы духу” (Лк.9:55); і ізноў: “таму што вы не прынялі духу рабства, але прынялі Духу усынаўленьня” (Рым.8:15); старажытныя, хоць самі і мелі Духа, але іншым не паведамлялі; наадварот, апосталы напоўніліся Духам незьлічонае мноства], – таму, кажу, (вернікі) меліся атрымаць такую дабрыню, але яна не была яшчэ падараваная, то і сказанае: “бо яшчэ не было Духа Сьвятога”.

Такім чынам, паказваючы на гэтую дабрыню, евангеліст сказаў: “бо яшчэ не было Духа Сьвятога”, г.з. не быў яшчэ падараваны, “таму што Ісус яшчэ не быў услаўлены” (Ян.7:39), – называючы славай крыж. Мы былі ворагамі і грэшнікамі, былі пазбаўленыя падарунка Боскага і зрабіліся ненавіснымі Богу; а дабрыня ёсьць сьведчаньне прымірэньня, і падарунак падаецца не ворагам і асобам ненавісным, але сябрам і людзям добрадагадзіўшым. Таму належала перш прынесьціся за нас ахвяру, разбурыцца варожасьці ў целе, і нам зрабіцца сябрамі Боскімі, і тады ужо атрымаць гэты падарунак. Калі так было пры зароку, дадзеным Аўрааму, то тым больш пры дабрыні. Паказваючы гэта, Павел кажа: “калі зацьверджаныя на законе ёсьць спадчыньнікі, то дарэмная вера, бо закон вырабляе гнеў” (Рым.4:14-15). Словы яго значаць наступнае: абяцаў Бог Аўрааму і насеньню яго даць зямлю; але нашчадкі зрабіліся нявартымі гэтага зароку і не маглі добрадагадзіць уласнай працай.

Таму прыйшла вера – справа не цяжкая, каб прыцягнуць дабрыню і каб не адпалі зарокі. “Такім чынам па веры”, працягвае апостал, “каб [было] па міласьці, каб зарок быў няўхільны” (Рым.4:16). Таму – “па міласьці”, што не маглі (прыдбаць гэтага) справамі. Але чаму, сказаўшы: па Пісаньні, не прыводзіць самога сьведчаньня? Таму, штожыды былі заражаныя зьменлівымі паняцьцямі. Адны казалі: “Ён прарок”, іншыя: “спакушае народ2, іншыя: не ад Галілеі “Хрыстос прыйдзе”, але “з Віфляема", яшчэ іншыя: “Хрыстос жа калі прыйдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён”; словам – меркаваньні былі разнастайныя, як звычайна бывае ва усхваляваным народзе. Так, яны і ўслухоўваліся ў тое, што гаварылася, не належным чынам і не з тым, каб пазнаць ісьціну. Таму-та Ён нічога не адказвае ім, хоць яны кажуць: “няўжо з Галілеі Хрыстос прыйдзе” (Ян.7:41)? А Нафанаіла, які выказаўся мацней і ашаламляючы – “з Назарэта ці можа быць што добрае” (Ян.1:46)? – пахваліў, як праўдзівага ізраільцяніна. Яны, роўна як і тыя, адказваючыя Нікадзіму: “разгледзь і убачыш, што з Галілеі не прыходзіць прарок” (Ян.7:52), казалі гэта не з тым, каб пазнаць ісьціну, але каб толькі аспрэчыць меркаваньне аб Хрысьце; а ён (Нафанаіл) казаў гэта таму, што любіў ісьціну і ў дакладнасьці ведаў усе старажытныя Пісаньні.

Такім чынам, яны мелі адну толькі мэту - аспрэчыць тое, што Ён ёсьць Хрыстос, то Ён нічога і не адкрыў ім. Прытым, тыя, якія і сабе самім супярэчылі, кажучы часам: "ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён", а часам – “з Віфляема”, відавочна сталі бы пярэчыць і пасьля таго, як пазналі б ісьціну. Хай яны не ведалі месца, менавіта - што Ён з Віфляема, бо Ён жыл у Назарэце, хоць і гэта для іх не выбачальна, таму што Ён не тамака нарадзіўся: але няўжо яны не ведалі і роду Яго, менавіта – што Ён з дому і племя Давыда? Як жа яны казалі: “ці не сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давыда” (Ян.7:42)? Але тымі словамі яны і гэта жадалі схаваць, таму што аб усім казалі зламысна. Чаму б ім, прыйшоўшы да Яго, не сказаць: мы усяму іншаму дзівімся ў Табе, але ты загадваеш верыць у Цябе па Пісаньнях, то скажы, якім чынам Пісаньні кажуць, што Хрыстос павінен прыйсьці з Віфляема, паміж тым як Ты прыйшоў з Галілеі? Але яны нічога такога не сказалі, а наадварот усё кажуць з злым намерам. А што яны не шукалі ісьціны і не жадалі пазнаць яе, евангеліст адразу далучыў: “некаторыя жадалі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук” (Ян.7:44). Калі ужо нішто іншае, прынамсы гэта магло прывесьці іх у замілаваньне; але яны не замілаваліся, як кажа прарок: “панасілі і не спыняліся” (Пс.34:15).

3. Такая-т злосьць! Нічаму не жадае саступіць, да аднаго толькі імкнецца – загубіць таго, хто падвергнуўся нянавісьці. Але што кажа Пісаньне? “Хто рые яму, той зваліцца ў яе” (Прып.26:27). Гэта спраўдзілася і тады. Яны жадалі загубіць Хрыста, каб зьнішчыць Яго пропаведзь; а здарылася адваротнае. Пропаведзь, па дабрыні Хрыстовай, квітнее; а ў іх усё зьнікла і загінула: яны і пазбавіліся і айчыны, і волі, і бясьпекі, і Богаслужэньні, страцілі усякі дастатак, і зрабіліся рабамі і палонным. Такім чынам, ведаючы гэта, ніколі не будзем злыя намеры выдумляць супраць іншых, памятаючы, што мы вышукоўваем праз гэта меч супраць сябе саміх і наносім сабе найглыбокую рану. Але цябе абразіў хто-небудзь, і ты жадаеш яму адпомсьціць?

Не помсьці. Такім толькі чынам ты сапраўды будзеш у стане адпомсьціць. Калі жа будзеш сам помсьціць, тады не адпомсьціш. І не думай, што гэтыя словы - загадка; не, гэта - ісьціна. Як і якім чынам? Так, што калі ты не помсьціш, тады робіш Бога ворагам яму (крыўдніку); а калі сам помсьціш, тады гэтага ужо не бывае. “Мне помста, Я адплачу, кажа Гасподзь.” (Рым.12:19). Калі мы маем рабоў, і яны, пасварыўшыся паміж сабою, не нам пададуць расправу і пакараньне, а прысвояць іх сабе самім, то хоць бы яны пасьля тысячу разоў прыступалі да нас, мы не толькі не помсьцім за іх, а наадварот яшчэ гневаемся на іх, называючы іх валацугамі і забіякамі. Усё, кажы мы ім, мусілі падаць нам; але паколькі ты перш адпомсьціў сам за сябе, то ужо не дакучай нам.

Тым больш кажа гэта Бог, Які загадаў усё падаваць Яму. Ды і ці не сорамна, што мы ад сваіх рабоў патрабуем такой любамудрасьці і паслухмянства, а Госпаду не прадстаўляем таго, чаго патрабуем сабе ад рабоў? Гэта я кажу таму, што вы схільныя помсьціць адзін аднаму; паміж тым, хто праўдзіва любамудруе, той не павінен гэтага рабіць, а наадварот павінен прабачаць і пакідаць грахі, хоць бы за гэта і не было той вялікай узнагароды - адпушчэньня уласных грахоў. Калі ты асуджаеш зграшыўшага, то навошта ж, скажы мне, сам грашыш і упадаеш у тое ж самае? Ці абразіў хто цябе? Не абражай яго узаемна; інакш сам сябе абразіш. Ці стукнуў хто цябе? Не плаці яму тым жа; інакш паміж вамі не будзе адрозьненьня. Ці засмуціў хто цябе? Не засмучай яго з свайго боку, таму што прыбытку ад гэтага няма ніякай, паміж тым ты ізноў зробісься падобным яму. Толькі тады ты ў стане будзеш разумець яго, калі перанясеш крыўду спакойна і з пакорнасьцю; толькі праз гэта ты засароміш яго і утаймуеш яго гнеў. Ніхто не вылечвае зло злом, але зло дабром. Так любамудруюць і некаторыя з язычнікаў. Калі жа ў недасканалых розумам язычнікаў такая любамудрасьць, то пасаромеемся быць горш за іх.

Шматлікія з іх былі пакрыўджаныя, і пераносілі крыўды. Шматлікія былі абгавораныя, і не помсьцілі; падвяргаліся паклёпам, і дабрадзеялі. Але я баюся не мала, каб некаторыя з іх не апынуліся вышэй нас па жыцьці і праз тое не павялічылі нашага пакараньня. На самай справе, калі мы, якія атрымалі Духу, чакаем царства, любамудрагелім аб нябёсах, не баімся пекла, маем наказ быць анёламі, карыстаемся таемніцамі, - калі мы не дасягнем нават да іх дабрадзейнасьці, то якое будзем мець выбачэньне? Калі нам павінна пераўзыходзіць жыдоў, бо сказанае: “калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.” (Мц.5:20), то тым больш язычнікаў. Калі (павінны мы пераўзыходзіць) фарысэяў, то тым больш - няверных. Калі жа і ў тым выпадку. Калі мы не перасягнем па жыцьці жыдоў, для нас прыгатавана царства нябеснае, то як спадобімся дасягнуць яго, калі апынёмся горш і язычнікаў?

Выдалім жа ад сябе усякую раздражняльнасьць, і гнеў, і лютасьць. “Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна” (Піл.3:1). І лекары ужываюць некалькі разоў адны і таксама лекі. Так і мы не перастанем адно і таксама выклікаць, аб адным і тым жа нагадваць, вучыць, умольваць. Бо ў нас шмат жыцьцёвых клопатаў, якія могуць прыводзіць нас у забыцьцё; а таму і навучаньне нам трэба сталае. А што мы не дарма і не без карысьці зьбіраемся тут, сапраўдны доказ на гэта ў справах, каб праз тое спадабніцца і будучых выгод, па дабрыні і чалавекалюбству Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога і з Якім Айцу з Сьвятым Духам слава цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

ЧЫТАНЬНІ ДНЯ

Чытаньне Апостальскае на 26 траўня/ 8 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Эфэсянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 229

Браты, плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне. Шукайце таго, што да спадоб75ы Богу, і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце, бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло. Таму сказана: “устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!”. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя, цэнячы дорага час, бо дні - ліхія. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.

Эф 5:9–19

Чытаньне Евангельля на 26 траўня/ 8 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 75

Госпад кажа: Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася? і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся. Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго; калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова; калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік. Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах; бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.

Мц. (18:10-20)

МУЧАНІК ГЭОРГІ НОВЫ


Сьвяты мучанік Георгій Новы нарадзіўся ў шляхетнай баўгарскай сям'і, якая жыла ў сталіцы Баўгары горадзе Срэдцы (цяпер горад Сафія). Сьвяты Георгій быў выпрашаны ў Бога стараннай малітвай яго бацькоў, Яна і Марыі, якія да старэчых гадоў заставаліся бяздзетнымі. Немаўля хрысьцілі ў імя сьвятога вялікамучаніка Гэоргія. Юнак Гэоргій атрымаў добрую адукацыю, уважліва вывучыў Сьвятое Пісаньне, быў набожны і цнатлівы. Бацькі яго памёрлі, калі Георгію было 25 гадоў. У то час Баўгары знаходзілася пад уладай турак, якія сілай зьвярталі хрысьціян у мусульманства. Аднойчы некалькі мусульман паспрабавалі зьвярнуць Гэоргія. Яны надзелі на галяву сьвятога ярмолку, круглы капялюшык, у якім мусульмане уваходзяць у свае малітоўныя дамы. Але Гэоргій кінуў ярмолку на зямлю. Туркі з зьбіцьцём і лаянкай павялі мучаніка да свайго кіраўніка. Кіраўнік быў здзіўлены мужным абліччам і прыгажосьцю асобы сьвятога Гэоргія і стаў ласкава пераконваць яго прыняць мусульманства, абяцаючы разнастайныя ушанаваньні і багацьце ад султана Сяліма (1512 - 1520). Але сьвяты сьмела і цвёрда спавядаў веру ў Госпада Ісуса Хрыста і ганіў мусульманства. Кіраўнік у гневе загадаў бязьлітасна зьбіць сьвятога Гэоргія палкамі, але сьвяты цвёрда трымаўся ў спавяданьні Хрыстовай веры. Кіраўнік загадаў узмацніць катаваньні. Мучанік цярпліва пераносіў усе пакуты, заклікаючы на дапамогу Госпада Ісуса Хрыста. Потым мучаніка павялі па горадзе пад барабанны бой з крыкамі: "Не лай Магамэта і не зьневажай веру мусульман". Нарэшце, пасярод горада распалілі вялікае вогнішча, каб спаліць сьвятога Гэоргія, але ён, саслабеўшы ад ран, зваліўся на зямлю. Яшчэ жывога яго кінулі ў агонь, а зьверху накідалі трупы сабак, каб хрысьціяне не змаглі потым знайсьці рэшткі мучаніка. Але раптам паліў моцны дождж і загасіў вогнішча. З наступам цемры месца, дзе было кінута цела мучаніка, асьвяцілася яркім сьветам. Аднаму хрысьціянскаму сьвятару дазволілі узяць годныя рэшткі мучаніка для пахаваньня. Павядамлёны аб здарэньні, мітрапаліт Ярамія ў суправаджэньні кліру накіраваўся да месца пакараньня сьмерцю. У згаслым вогнішчы было знойдзена цела сьвятога мучаніка Гэоргія і перанесена ў храм сьвятога вялікамучаніка Гэоргія ў горадзе Срэдцы.

АПОСТАЛ АЛФЭЙ, МУЧАНІКІ АВЭКІЙ І АЛЕНА

Сьвяты апостал Алфэй (з ліку 70-ці) адбываўся з галілейскага горада Капэрнаўма і быў айцом апосталаў Якава Алфэява і Мацвея.

Сьвятыя мучанікі Авэркій і Алена, па адданьні, былі дзецьмі сьвятога апостала Алфэя. За спавяданьне веры ў Ісуса Хрыста сьвятой Авэркій быў прывязаны голым сярод пасекі і па пакутніцкі сканаў ад укусаў пчол. Сястра яго, сьвятая Алена, была пабітая камянямі.

АПОСТАЛ КАРП


Вучань і спадарожнік сьв. апостала Паўла. у 2-М Пасланьні да Цімафея апостал Павел згадвае імя Карпа, у доме якога ў Традзе ён пакінуў фелонь і кнігі (2 Цім. 4:13). Ведаючы Карпа як чалавека, які валодаў узьнёслай чысьцінёй розуму і дабрадзейнага, апостал Павел паставіў яго япіскапам Берыі Фракійскай. Апостал Карп хадзіў з пропаведзьдзю Евангельлі на выспу Крыт. Тут яго наведаў сьвяты Дзіянісій Арэапагіт (+ 96 г.). У сваіх успамінах Дзіянісій распавядае аб цудоўным бачаньні апосталу Карпу.

У Берыі апостал Карп навярнуў да Хрыста шматлікіх язычнікаў. Выкрываючы жыдоў, ён казаў ім, што укрыжаваны імі Хрыстос ёсьць Бог праўдзівы і Творца усяго. Пасьля апостал быў з жорсткасьцю забіты жыдамі (па іншых крыніцах, ён мірна адышоў да Госпада).

Сёньня сьвяткуем памяць

Апостала Карпа;
Апостала Алфэя і мучанікашў Авэркія й Алёны;
Мучаніка Гэоргія Новага.

Сёньня 26 траўня / 8 чэвеня 2009 л.Б.

ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ДУХУ.