Wednesday, September 16, 2009

ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯЦЕЙШАГА ПАТРЫЯРХА ВАРФАЛАМЕЯ



Улюблёныя дзеці ў Госпадзе! Пачынаецца новы царкоўны год, мы зноў задумваемся аб стане Боскага тварэньня. Мы думаем аб мінулым і каемся за ўсё тое, што мы зрабілі альбо забыліся зрабіць дзеля захаваньня зямлі. Мы глядзім у будучае і молімся аб тым, каб нам была дадзена мудрасьць, якая будзе скіроўваць нашы думкі і дзеі. Апошнія дванаццаць месяцаў былі часам вялікай няўпэўненасьці для ўсяго сьвету. Фінансавая і грашовая сыстэмы, якім давярала шмат людзей, і спадзяваліся, што яны зробяцца крыніцай дабротаў іх жыцьця, нараджалі страх, няўпэўненасьць і беднасьць. Ад глябалізаванай эканомікі пацярпелі ўсе, нават найбольш бедныя, хто не браў аніякага ўдзелу ў гандлёвых дамовах вялікіх карпарацый.

Сапраўдны крызыс дае нам магчымасьць пашукаць іншы падыход да вырашэньня праблем, таму што мэтады, якія стварылі праблемы, ужо няздольны лічыцца іх найлепшым вырашэньнем. Трэба ўвесьці любоў ва ўсе нашы справы, любоў, якая выклікае сьмеласьць і спачуваньне. Чалавечы прагрэс не значыць проста накапленьня багацьця і безразважнае выкарыстаньне рэсурсаў зямлі. Барацьба зь сапраўдным крызысам выявіла каштоўнасьць тых, хто вызначае долю нашага грамадства.

Тых, хто можа знайсьці фантастычныя сумы грошаў для падтрымкі здрадзіла іх фінансавая і грашовая сыстэма, але не гатовы надаць нават маленькую частку гэтых коштаў, каб вылечыць той бядотны стан, у якім апынулася тварэньне менавіта праз тыя каштоўнасьці, альбо для таго, каб нагадаваць галадаючых альбо напаіць смаглых, якія зрабіліся ахвярамі менавіта гэтых каштоўнасьцяў. У асобе кожнай галоднай дзяціны вымалёўваецца адно пытаньне да нас, і мы не павінны адвесьці свой погляд унікаючы адказу. Чаму гэта адбылося? Гэта вынік чалавечай няздатнасьці альбо чалавечай волі?

Мы зрабілі рынак эпіцэнтрам нашай зацікаўленасьці, нашай дзеі і, з рэшты, нашага жыцьця, забыўшы, што наш выбар уплывае на жыцьцё будучых пакаленьняў і абмежаваць колькасьць нашых магчымасьцяў, якія могуць быць скіраваны на дабрабыт чалавека і тварэньня. Чалавечая эканоміка, якая пераўтварыла нас ў спажыўцоў – кульгае. Боская іканомія, стварыла нас па вобразу любячага Творцы, заклікае нас любіць і клапаціцца аб усім тварэньні.

Вобраз, які маем для саміх сябе, адлюстроўваецца ў нашым стаўленьні да тварэньняў. Калі мы лічым, што мы ёсьць спажыўцамі, тады мы прагнем да самасьцьвярджэньня праз спажываньне ўсяго тварэньня. Аднак калі мы лічым, што мы створаны за вобразам Боскім, тады мы выяўляем у нашых дзеях турботу і міласэрнасьць і намагаемся зрабіцца такімі, якімі мы былі створаны.

Памолімся ў часе Канфэрэнцыі Аб’яднаных Нацый па кліматычным зьменам, якая адбудзецца ў сьнежні ў Капэнгагене, за Боскае дабраслаўленьне, каб усе разьвітыя краіны супрацавалі з краінам, якія разьвіваюцца ў вобласьці абмежаваньня шкодных выкідаў. Каб у іх была воля для збору і разумнага выкарыстаньня неабходных коштаў, былі прыняты ўсе неабходныя захады і ўсе працавалі разам для таго, каб гарантаваць нашым дзецям, што яны змогуць насалоджвацца дабром гэтай зямлі, якую яны атрымаюць у спадчыну ад нас. Справядлівасьць і любоў павінны быць прысутнымі ва ўсіх асьпектах эканамічнае дзейнасьці. Карысьць, а тым больш кароткатрывалая, не можа быць і не павінна быць адзіным матывам нашых дзей.

Давайце ўсе адновім нашы абавязкі супрацоўнічаць, каб выканаць тыя зьмены, аб якіх мы молімся, адмовіцца ад усяго таго, што шкодзіць тварэньню, зьмяніць спосаб нашага мысленьня і, такім чынам, радыкальна зьмяніць наша жыцьцё.

Дабрыня Бога Творцы і Прамысьліцеля і нашы бацькоўскія пажаданьні, і патрыяршае дабраслаўленьне хай будуць зь усімі вамі.

† Варфаламей


Міласьцю Боскай АПХІЯПІСКАП Канстантынопальскі – Новага Рыму і Сусьветны ПАТРЫЯРХ ЎСЁЙ ПАЎНАТЫ ЦАРКВЫ: ДАБРЫНІ І СУСЬВЕТУ СТВАРАЛЬНІКА ЎСІХ ТВАРЭНЬНЯЎ Госпада і Бога, і Выратавальніка нашага Ісуса Хрыста.

верасень 2009 л.Б.


http://uaoc.net/?p=2975

ЦАРКОЎНЫ ГОД РУХОМЫ І НЕРУХОМЫЯ СЬВЯТА




Госпад Бог у надпрыродным раю Царквы пасадзіў цудоўнае дрэва, вечна жывое і зялёнае, якое падае нам шчодрыя плады на вечнае жыцьцё. Гэтым дрэвам ёсьць наш царкоўны год. Ён нагадвае велічную панараму, на якой іскравымі барвамі намалявана гісторыя збаўленьня чалавечага роду. Назіраючы яе, маем нагоду задумацца і нанава перажыць сьветлыя таямніцы з жыцьця Ісуса Хрыста і Ўсясьвятой Багародзіцы. Тут паўстаюць прад намі гераічныя подзьвігі і даброты шматлікіх сьвятых, мучанікаў і праведнікаў. Тут мы перажываем дні духоўнае радасьці і узьняцьця, а таксама дні сьвятога смутку, посту, плату за грахі і пакуты.

У царкоўным годзе замыкаецца царкоўны каляндар, які дзесь сыходзіцца, а дзесь адрозьніваецца ад грамадзянскага каляндарнага году. Царкоўны год Праваслаўнай Царквы, у тым ліку і нашай Беларускай Царквы (БАПЦ), не пачынаецца адначасна зь цывільным годам, г.з. першага студзеня, а Царкоўным Новым Годам, які пачынаецца першага верасьня. Наш царкоўны літургічны год цягнецца ад першага верасьня да 31 жніўня. Айцы І Сусьветнага сабору ў Нікеі 325 года, вызначылі дзень першага верасьня як пачатак Новага Царкоўнага Году. Гэтая дата засталася ў нашай Царкве і да сёньня.

Зь Візантыі, ад якой Кіеўская Русь прыняла Сьвяты Хрост, прыйшла традыцыя называць Новы год пачаткам індыкту. У перакладзе зь лаціны, “індыкт” – гэта “падатак”. У час імпэратара Канстанціна ў арміі служылі 15 гадоў. Калі тэрмін службы канчаўся, ваяры павярталіся да дому і жылі на дзяржаўную дапамогу, якая складалася з падатку (індыкту). Падатак зьбіралі першага верасьня, пасьля сканчэньня збору ўраджаю. Паколькі слова “індыкт” і 15 гадоў успрымаліся як павязаныя паміж сабой паняцьця, індыктам пачалі называць кожны новы год пятнаццаці гадовага адрэзку часу і само пятнаццацігодзьдзе.

Існуе думка, што рахунак 15-ці гадовымі адрэзкамі быў уведзены імпэратарам Канстанцінам замест старажытнага, паганскага ліку алімпіядамі (яны былі скасованы Феадосіям Вялікім у 394 г.). Яшчэ існавала паняцьце аб адрэзку часу ў 19 пятнаццацігадовых адрэзкаў, альбо 532 гады. Пэрыяд у 532 гады называецца Вялікім індыктам.

Справа ў тым, што праз кожныя 532 гады паўтараецца стан, калі колабег Сонца і Месяцу пачынаюцца разам. Дзеля хрысьціян гэта ёсьць істотным, бо менавіта такі астранамічны стан быў у той дзень, калі Хрыстос пачаў прапаведаваць.

Калі юдэі сьвяткавалі Рош-ха-шана (даслоўна – “галава году”, значыцца Новы год), выратавальнік прыйшоў у сынагогу ў Назареце і прачытаў словы прарока Ісаі: “Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне… абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня” (Лк. 4:18-19). Тады Хрыстос упершыню засьведчыў аб тым, што выконваюцца прароцтвы Старога Запавету аб прыход Мэсіі, што прыйшоў канец Старому Запавету і пачаўся Новы. Таму лічыцца, што 1 верасьня – спрыяльны час для пачатку шляху духоўнага выратаваньня.

Царкоўны год складзены так, што ў яго цэнтры знаходзіцца наш Боскі Выратавальнік, Усячыстая Дзева Марыя, якая ў справе збаўленьня займае першае месца пасьля Хрыста, стаіць найболей блізка ад Яго. Вакол асобы Хрыста Госпада і Яго Ўсясьвятой Маці мы бачым веліч услаўленай Царквы, менавіта ўсіх сьвятых Старога і Новага Запавету.

Сьвятая Царква, як добрая маці, заўсёды памятае аб сваіх дзецях, што адышлі ў вечнасьць, а таксама тых, якія зь волі Боскай пакутаваюць за свае грахі ў апраметнай. Таму яна вызначыла асаблівыя дні, якія называюцца памінальнымі, на маленьня і службы па памёршым, а таксама адводзіць у царкоўным годзе пэўныя часы на свае духоўныя подзьвігі, малітвы, пасты і пакуты. Такім чынам, наш царкоўны год гэта магутны гімн гонару і славе Боскай, ён быццам барвістая вясёлка, што яднае зямлю зь небам, а нас саміх адукоўвае, ачышчае, асьвячае і ўздымае да Бога.

Сьвята і памяці нашага царкоўнага году, на думку Царквы, не маюць быць для нас толькі звычайнымі ўспамінамі гістарычных падзей. Мы мусім іх кожны раз зноў і зноў перажыць у нашым сэрцы, значыцца, на праўду, непасрэдна браць у іх удзел, быццам быць жывымі сьведкамі і ўдзельнікамі тых падзей, якія сьвяткуем. Ісус Хрыстос не ёсьць мёртвай асобай, якая калісьці жыла, дзеяла і перайшла ў гісторыю. Ісус Хрыстос вечна жывы і дзейны. Ён і сёньня навучае нас і нагадвае нам, асьвячае нас і прабачае нам, на нас ахвяруецца, нас выратоўвае. Сьвяты Апостал Павал кажа: “Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы” (Жыд. 13:8).

Царкоўны год для нас не толькі жыватворчая крыніца любові да Ісуса Хрыста, але і крыніца глыбокага шанаваньня Яго Ўсясьвятой Маці. Ісус і Марыя непадзельныя і таму нельга любіць Хрыста і не любіць Багародзіцу. “Хто шануе Хрыста, – кажа сьвяты Епіфан Кіпрыскі, – шануе таксама і Марыю: хто не шануе Марыю, не шануе Хрыста”. У адной грэцкае песьні сьпяваецца: “Тых, хто не цалуе Твой Сьвяты абраз, Багародзіца Дзева, лічы бязбожнікамі і перадай іх полымю апраметнай”. А мітрапаліт Кіеўскае Царквы Георгій (1069 – 1072) у сваіх “Запаветах” кажа: “Хто не моліцца зь даверам да Сьвятой Багародзіцы, хай будзе пракляты.”

Вялікую частку царкоўнага календара аддадзена памяці ўсялякіх Сьвятых. Сваім жыцьцём Сьвятыя пераканаўча засьведчваюць: яны асьвяціліся таму, што пераймалі прыклад Ісуса Хрыста і Багародзіцы, жылі па навуцы, апісанай у Сьвятым Евангельлі. Сьвятыя ўласным прыкладам вучаць нас, што сьвятасьць даступна для людзей усіх часоў і ўсякага чыну. Трэба толькі так любіць Бога, як любілі яны, і так ва ўсім жадаць падабацца Богу і выконваць Яго волю, як выконвалі яны. Рэлігійныя сьвята, памяці заўсёды шмат значылі ў жыцьці народаў, падаючы людзям суцяшэньне, сьветлую радасьць. Усе сьвята царкоўнага году падзяляюцца на дзьве вялікія групы: на сьвята рухомыя і нерухомыя.

Два вялікіх сьвята займаюць асабліва пачэснае месца ў нашым царкоўным годзе: гэта сьвята Хрыстовага Нараджэньня і сьвята Хрыстовага Ўваскрошаньня, альбо Вялікдзень. Бо Хрыстова Нараджэньне – гэта пачатак, а Вялікдзень – сканчэньне збаўленьня чалавечага роду. І менавіта з гэтымі дзьвюма сьвятамі шчыльна павязаны пэўныя сьвята, нядзелі і асьвячоныя гадзіны.

У царкоўным годзе ёсьць сьвята, якія прыпадаюць на розныя чысла году. Гэта тлумачыцца тым, што яны залежаць ад сьвята Пасхі, якое не мае сталай даты. Падобныя сьвята, што не маюць сталай даты, называюцца рухомымі.

Ёсьць сьвята, якія кожны год адзначаюцца ў адзін і той жа дзень. Гэтыя сьвята называюцца нерухомымі. Як сьвята ёсьць асяродкам сьвятаў рухомых, так і сьвята Хрыстовага Нараджэньня ёсьць асяродкам сьвятаў нерухомых, хоць не ўсе нерухомыя сьвята ёсьць залежнымі ад гэтага сьвята. Шэраг сьвятаў, што залежны ад Хрыстовага Нараджэньня, утвараюць каляднае кола.

Сьвята Хрыстовага Ўваскрошаньня, які належыць да найбольшых сьвятаў у гаду, характэрна надзвычайнай і доўгай падрыхтоўкай, а таксама трывалым сьвяткаваньнем яго пасьлясьвята, што ёсьць быццам працягам сьвята Вялікадня. Пасхальны цыкл пачынаецца нядзеляй Мытара і Фарысэя за 10 тыдняў прад Вялікаднём, а скончаецца праз 8 тыдняў пасьля Пасхі нядзеляй Усіх Сьвятых. Ён падзяляецца на час прадпасхальны і пасьляпасхальны.

Час прадпасхальны – гэта чатыры тыдня прад постам: нядзеля Мытара і Фарысэя, Блуднага Сына, Мясапусная і Сырапусная; Вялікі Пост, альбо Чатырохдзесятніца – ад нядзелі Сырапуснай да нядзелі Вербнай, ды ў канцы Пакутны Тыдзень, які звычайна залічаецца да Вялікага Посту.

Час пасхальны доўжыцца 8 тыдняў. Яны ідуць у такім парадку: Нядзеля Тамаша, Міраносіц, Расслабленага, Самаранкі, Сьлепанароджанага, нядзеля сьв. Айцоў, нядзеля Пяцідзесятніцы, альбо Зыходу Сьвятога Духа, і нядзеля Усіх Сьвятых.

Пасьля сьвята Пасхі ідуць дванаццаць сьвятаў Госпада і Багародзіцы, якія называюцца дванадзесятымі. Адны зь іх рухомыя, іншыя – нерухомыя.

Нерухомых сьвятаў дзевяць: Нараджэньне Ўсясьвятой Багародзіцы – 8 верасьня; Уздыманьне Годнага і Жыватворчага Крыжа Госпада – 14 верасьня; Увядзеньне ў храм Усясьвятой Багародзіцы – 21 лістапада; Нараджэньне Хрыстова – 25 сьнежня; Хрост Госпада, альбо Богазьяўленьне – 6 студзеня; сустрэча Ісуса Хрыста (Грамніцы) – 2 лютага; Дабравешчаньне Ўсясьвятой Багародзіцы – 25 сакавіка; Зьмяненьня Госпада – 6 жніўня; Спачын Маці Боскай (Усьпеньне) – 15 жніўня.

Рухомых сьвятаў тры: Уваход Госпада ў Ерусалім, Узьнясеньне Госпада, Зыход Сьвятога Духа на апосталаў альбо Тройца.


Малюнак: Рука Яна Дамаскіна” – старажытны спосаб (VIII ст.) для вылічэньня пасхаліі, і рухомых сьвятаў гадавога кола Праваслаўнае Царквы.