Saturday, June 13, 2009

“Па веры вашай хай будзе вам…” (Мц.9:29)


Л'юбыя браты і сёстры! Усясьвяты, усямудры і усямагутны Ўладар Неба і Зямлі ёсьць творцам Сусьвету. Бясспрэчная ісьціна ёсьць тое, што нечалавечымі рукамі, а Боскай воляй створаны сусьвет, – а які ж гэта сусьвет прыгожы! Каб пабачыць усю прыгажосьць гэтага сьвету, трэба ранкам да сьвітанку выйсьці на нейкую высокую гару і паглядзець навокал сябе. Што за прыгажосьць! Вон там, у даліне, шырокія нівы хвалююцца збожжам, а палі ўпрыгожаны зелянінай і палявымі кветкамі; а там, вось – вось пад лесам, паміж пагоркамі, срэбнай стужкай уецца рэчка і імчыць кудысь далёка – далёка, а плынь буркуе, няйначай прамаўляе ранішнюю малітву…

Дрэва на ўзьлеску стаяць ціха і бязмоўна, узьняўшы ў гару свае галіны, няйначай аддаючы падзяку Госпаду – іх Творцы… А над шырокімі нівамі, квітнеючымі садамі і зялёнымі лясамі – другі сьвет прыгажосьці і Божай хвалі: салодкі водар шыкоўных кветак, шум хвалюючых палёў, шчэбет вясёлых птушак і жужэньне працавітых пчол. І ўсё гэта зьліваецца ў адну магутную сымфонію, гімн хвалы і падзякі Усямагутнаму Творцы Сусьвету.

А яшчэ вышэй – трэці сьвет прыгажосьці Боскай славы: прыгожае блакітнае неба, што шырокім паўшар’ем зачыняе гарызонт. Гэта ёсьць усьміхаючыся ласкавае неба, якім вандруе яскравае сонца, крыніца сьвятла і цяпла – радасьць жыцьця і слава Боскай ўсямагутнасьці. Гэта тое таямнічае неба, што вечаровай парой зазьзяе мільёнамі мігатлівых зорак, што няйначай шэпчуць трымцячымі вуснамі няспынную хвалу Госпаду… Гэта – сьвет вечнай прыгажосьці і сьвет вечнай загадкі. Паглядзіш на гэта зоркавае неба і падумаеш, што кожная зорка – гэта магутнае сонца з сваім месяцам і плянетамі…

А падобных сонцаў – мільёны, і працяг іх шляхоў бясконцы, а адлегласьць да іх вылічаецца мільёнамі і мільярдамі міль, і іх рух вылечаны да сэкунды… Цябе ахінае такое кола думак, напаткае цябе нейкі невядомы жах; жах, што сам схіляе твае калені, узносіць твае рукі да неба і проста прымушае цябе вызнаць у пакоры і набожнасьці: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты ёсьць, Госпад сіл нябесных! Твой сьвет – сьвет вечнай прыгажосьці і вечнай таямніцы!” Паглядзіш на неба – узгадаеш словы нашай прыгожай песьні: “Гляну на неба і думаю думу: Чаму я не сокал, чаму не лятаю? Чаму мне, Божа, Ты крылаў не даў? Я б зямлю пакінуў і ў неба ўзьляцеў…”

Сусьвет Боскі – гэта вечная сьвятыня, якую пабудаваў Сам Бог Сіл Нябесных. Гэта – прыгожая сьвятыня, у якой не вядома што больш захоплівае: ці ўсямагутнасьць і мудрасьць Творцы, ці дабрыня і любоў Яго… Бо ўсё гэта Бог стварыў для ўжываньня чалавеку. Сусьвет – гэта адчыненая кніга Сьвятога Пісьма, кніга, поўная прыгожых вобразаў і глыбокай навукі. Гэта – той сусьвет, у якім мы жывем, усё гэта назіраем уласнымі вачамі, і душа наша напаўняецца радасьцю і ўдзячнасьцю Госпаду за тое, што мы маем магчымасьць на ўсё гэта з асалодай глядзець…. На жаль, ёсьць у сусьвеце тысячы людзей, што ня здольны гэтай прыгажосьці бачыць, бо сьляпыя…

З Сьвятога Евангельля, запісаным Сьвятым евангелістам Мацьвеям, мы даведаліся аб двух сьляпых, якіх вылечыў Ісус, адчыніўшы ім вочы. Пры гэтым запытаў іх Ісус: “Ці верыце, што Я магу гэта зрабіць?” Яны адказалі: “Так, Госпадзі!” Тады Хрыстос датыкнуўся да іх вачэй, і адчыніліся ім вочы на сьвет Божы! Бо людзі, што не здольны бачыць прыгажосьць Божага сусьвету, сапраўды няшчасны. Міласэрны Ісус Хрыстос вылечваў такіх няшчасных, адчыняў ім вочы. Але што мы бачым вакол сябе?

Бачым, што ёсьць людзі, якія хваляцца сваімі здаровымі вачамі. Але чамусьці не бачаць Бога ў гэтым прыгожым сусьвеце. Але ж менавіта Бог стварыў усю гэтую прыгажосьць і ёй кіруе, бо Ён сапраўдны Цар Сусьвету і Ўладар душаў нашых. Шмат ёсьць сьляпых паміж нашым пакутным народам, што маюць вочы, але не жадаюць бачыць прыгажосьць Боскага сусьвету і адмаўляюць Бога, Творцу гэтай прыгажосьці. Гэта – няшчасныя бязвернікі – атэісты, што жылі больш сямідзесяці гадоў пад атэістычным рэжымнай камандай, якая ўбівала бязвер’е ў галовы няшчасных нашых зьняволеных братоў. Казалі яны: “У нас няма Бога, мы прагналі Яго за межы нашага царства”. О, гэта было царства злога, у якім загінула ў той час больш дваццаці мільёнаў нашых братоў і сёстраў, у тым ліку тысячы япіскапаў, сьвятароў, манахаў, дыяканаў і верных, якім спрабавалі вырваць з душы веру ў Бога.

Але тым злым духам гэта не ўдалося, бо гэта “імпэрыя зла” пала, а народу нашаму адчыніліся вочы, людзі павяртаюцца да Бога і Яго сьвятой праўды. Наш шматпакутны народ выратоўвае свае душы, вяртаючыся да сваёй роднай, ні ад каго незалежнай, а толькі ад Бога, нашай Царквы – бацькоў і прабацькоў. Адчыняюцца новыя Царквы, аднаўляюцца Царквы, забраныя нашымі ворагамі, народ робіцца відушчым і ажывае! Заклікаю вас усіх: наведвайце нашы сьвятыя Храмы Божы, прыступайце да Сьвятых Таямніц – Споведзі і Сьвятога Прычасьця; прамываем нашы хворыя вочы, ачышчаем свае душы. Няхай ласка Божа – гэта раса нябесная – прамые нашы хворыя вочы і душы і зробіць іх здаровымі.

Божа дабрыня вылечыць наш прытуплёны слых і дасьць нам дар сардэчную мову – шчырага пакаяньня і павароту да Роднага дому – да Айца Нябеснага.

Любыя, Кожны чалавек вучыцца з досьведу жыцьця. Ужо маленькія дзеці вучацца чытаць, пісаць, лічыць, вучацца гісторыі ўласнага народу. Зараз яны маюць магчымасьць пачуць з вуснаў сваіх настаўнікаў сапраўдную гісторыю Ўкраіны, а не такую, як прад тым вывучалі ў школах бязвернікі. І не толькі дзеці, увесь наш народ, зрабіўшыся відушчым целам і духам, цяпер вучыцца пазнаваць сваю гісторыю, рэлігію, нашы спрадвечныя звычаі й абрады.

І дзяцей, і дарослых трэба навучаць рэлігіі, бо яна ўказвае мэту нашага жыцьця: пазнаньня, любові, шанаваньня Бога, служэньне Богу і народу ўкраінскаму і наша ўдасканаленьне. Рэлігія вучыць аб нашым будучым жыцьці, аб неўміручасьці і вечным шчасьці.

Рэлігія – гэта ежа душаў нашых. Не фальшывая псэўдарэлігія нашых ворагаў, якія сваю акупацыю праводзілі таксама і праз непраўдзівую царкву, а наша родная, украінская, незалежная рэлігія, што ставіць Аўтакефальную Ўкраінскую Царкву ў першыя шэрагі змаганьня за Незалежнасьць нашай Дзяржавы. Наша рэлігія сее ў душах маленькіх дзяцей здаровае збожжа, плодзячы думкі, што даюць парасткі добрага хрысьціянскага быцьця. Наша рэлігія зьбірае ў нядзелі і ў сьвята: і старэйшых, і моладзь вакол сьвятых пасадаў, навучае, заахвочвае, падтрымлівае ў духу і нагадвае аб тым, што трэба па Боскай Волі жыць і Яго ўслаўляць.

Усім нам патрэбна памятаваць Божы словы: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых” (Мц. 4:4). Гэтыя словы і нагадваюць Вам штораз ваш душпастыр. Кажа Хрыстос: “Хто мае вочы, няхай бачыць, а хто мае вуха – хай чуе!” Слухайце, бачце і вучыцеся Праўдзе Божай! Амін.

http://uaoc.net/?p=108">

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 31 траўня/ 13 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 79б

Браты, усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Найперш за ўсё дзякую Богу майму празь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера вашая абвяшчаецца па ўсім сьвеце; сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у зьвеставаньні Сына Ягонага, што бесьперастанку ўспамінаю пра вас, заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб воля Божая хоць цяпер паспрыяла мне прыйсьці да вас, бо я вельмі прагну ўбачыць вас, каб падаць вам які дар духоўны на ўмацаваньне вашае, гэта значыцца, суцешыцца з вамі верай супольнаю, вашаю і маёю.

Рым 1:7–12

Чытаньне Евангельля на 31 траўня/ 13 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 15

Кажа Госпад: Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. Вы чулі, што сказана: “Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі? Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Мц. (5:42-48)

МУЧАНІК ФІЛЁЗАФ АЛЕКСАНДРЫЙСКІ

Сьвяты мучанік Філёзаф папакутаваў за Хрыста ў Александрыі ў ганеньне імпэратара Дзекія (249 - 251). Юнака прымушалі зрачыся Хрыста, але ён заставаўся непахісным. Тады каты вырашылі схіліць яго да граху. Сьвятога прывялі ў квітнеючы сад і зьвязанага пакінулі сам-насам з распуснай жанчынай. Каб не паддацца граху, сьвяты адкусіў сабе язык і гэтым страшным болем захаваў сябе ад цялеснага запалу. Ён выплюнуў скрываўлены язык ў твар блудніцы. Каты, бачачы мужнасьць і бясстрашнасьць мучаніка, адсеклі сьвятому мячом галяву.

МУЧАНІК ЯРМІЙ КАМАНСКІ

Сьвяты мучанік Ярмій папакутаваў за Хрыста ў горадзе Каманы ў часы ганеньняў пры імпэратары Антаніне Піі (138 - 161). Кіраўнік Севасьціян, прыбылы ў Кападакію для выкананьня загаду аб перасьледзе хрысьціян, прапанаваў сьвятому прынесьці ахвяру паганскім багам, абяцаючы за гэта ушанаваньні і літасьць імпэратара. Але пасрэбраны сівізной ваяр мужна спавядаў сваю веру ў Хрыста. Пасьля доўгіх дамаганьняў кіраўнік загадаў мучыць сьвятога. Яго білі па твару так, што злупілі з твару скуру, а потым кінулі ў распаленую печ. Калі праз 3 дня печ адчынілі, мучанік Ярмій выйшаў зь яе цэлым. Кіраўнік Севасьціян загадаў вяшчуну атруціць сьвятога Ярмія ядам. Атручанае пітво не прынесла сьвятому ніякай шкоды. Гэтак жа і другі кубак з наймоцным ядам не забіў мучаніка. Вяшчун паверыў, прынёс пакаяньне Хрысту Выратавальніку і быў неадкладна абезгалоўлены, хрысьціўшыся уласнай крывёй і успрыняўшы пакутніцкі вянок. А сьвяты Ярмій быў адданы на яшчэ больш жорсткія пакуты: зь яго выцягвалі жылы, кідалі ў кіпячы цын, выкалалі вочы, але ён пакорліва дзякаваў Госпаду Ісусу Хрысту. Потым мучаніка Ярмія павесілі галявой уніз. Тры дня вісеў ён так. Людзі, пасланыя кіраўніком пераканацца ў сьмерці пакутніца, знайшлі яго жывым. Здзіўленыя цудам, яны асьлеплі ад жаху і пачалі заклікаць да сьвятога, каб ён дапамог ім. Сьвяты мучанік загадаў падысьці асьлеплым да яго, усклаў на іх рукі і вылечыў Імем Ісуса Хрыста. У лютасьці кіраўнік загадаў злупіць з цела сьвятога усю скуру, але пакутнік па-ранейшаму заставаўся жывым. Тады звар'яцелы Севасьціян уласнаручна адрэзаў яму галяву нажом. Хрысьціяне таемна пахавалі цела мучаніка Ярмій, ад сьвятых мошчаў якога падаваліся шматлікія вылячэньні.

АПОСТАЛ ЭРМ

Сьвяты апостал Эрм быў япіскапам у Філіппаполе Фракійскім. Сьвяты апостал Павел у Пасланьні да Рымлян прывітаў яго (Рым. 16:14). Прапаведуючы Евангельле, апостал Эрм пацярпеў шмат зла ад паганаў, але памёр мірна.

Сёньня сьвяткуем памяць:

Апостала Эрма;

Мучаніка Ярміі Каманскага;

Мучаніка Філёзафа Александрыйскага.

Сёньня 31 траўня / 13 чэрвеня 2009 л. Б.

Адданьня сьвята Пяцідзесятніцы.