Thursday, March 10, 2011

ГІСТОРЫЯ БАПЦ НА ЭМІГРАЦЫІ: КРЫНІЦЫ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ

Гарбінскі Юры, Варшава
Як ведама, падзеі Другой Сусьветнай вайны й яе вынікі паклалі пачатак чарговай хвалі эміграцыі зь Беларусі, што доўжылася ад 1944 г. да другой паловы 1950—х гг. і мела палітычны характар. Як слушна заўважыў доктар Вітаўт Кіпель, пры выразна акрэсьленай сацыяльнай неаднастайнасьці гэтую хвалю, якую складалі сяляне, інтэлігенцыя, вайскоўцы, характарызавала “моцная беларуская нацыянальная сьвядомасьць, незалежніцкая ідэалёгія й абсалютная бескампраміснасьць да камуністычнае сыстэмы”. Паводле канфэсійнай прыналежнасьці пераважная большасьць эмігрантаў была праваслаўная, адна пятая ад агульнай колькасьці — каталікі, і невялікі адсотак — пратэстанты. Першапачаткова гэтая хваля эміграцыі затрымалася ў Заходняй Нямеччыне, Аўстрыі, Бэльгіі, Ангельшчыне, Францыі. Аднак ужо на пачатку 1950—х гг. большасьць беларусаў—эмігрантаў з гэтых краінаў перабралася за акіян — у ЗША, Канаду, Аўстралію, а таксама ў Аргентыну. Час паказаў, што ў складаных варунках эміграцыйнага жыцьця царква й рэлігія, нягледзячы на закалоты й крызысы, сталіся для многіх важнымі фактарамі захаваньня беларускага традыцыяналізму й нацыянальнай саматоеснасьці. Галоўную ролю пры гэтым адыгралі новазарганізаваныя парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, адноўленай у чэрвені 1948 году ў Канстанцы (Нямеччына), і першыя беларускія прыходы ў грэцкай юрысдыкцыі ў ЗША й Канадзе.

ТРЫЁДЗЬ ПОСНАЯ І ЯЕ АЎТАРЫ Ў ПЭРЫЯД ПЕРШАПАЧАТКОВАГА ЗБОРУ ГІМНАГРАФІЧНАГА МАТЭРЫЯЛУ

Рыгор Бітбунаў
Гімнаграфія сьвятых Андрэя Крыцкага, Яна Дамаскіна і Косьмы Маіўмскага ў Трыёдзі поснай
Першым па часе з гэтых творцаў сьпеваў зьяўляецца сьвяты Андрэй, спачатку манах ерусалімскага храму сьвятога Уваскрэсеньня, потым дыякан вялікай Канстантынопальскай Царквы і нарэшце япіскап Крыцкі († кал. 720). Адных толькі ягоных канонаў па старажытных ірмалёгіям налічваецца звыш 70. Сярод іх ёсьць каноны на нядзельныя дні, на памяці сьвятых, на сьвята Госпада і Багародзіцы.
Яго творы важныя, першым чынам, таму, што зьяўляюцца зыходнымі, дайшоўшымі да цяперашняга часу тэкстамі такога роду, хоць ён наўрадцы быў першым іх складальнікам. У сучаснай друкаванай Трыёдзі захаваліся наступныя каноны сьвятога Андрэя: у сераду сырнага тыдня – пра пост, Вялікі канон чацьвярга пятага тыдня, канон суботы Лазара, трысьпевы для пяці дзён Пакутнага тыдня. У рукапісных крыніцах знаходзяцца таксама каноны на Вербную нядзелю і чатырохсьпеў Вялікай суботы. Пералічаныя творы складаюць у сьвятога Андрэя толькі палову цыклу ягоных канонаў на рухомыя богаслужбовыя дні: яны працягваюцца канонамі на Вялікдзень, нядзелю Тамаша, міраносіц. На тыя ж дні каноны Яна Дамаскіна і Косьмы Маіўмскага выцясьняюць тэксты сьвятога Андрэя. Так, Студыйскі статут патрыярха Алексія (1025–1043) ужываньне канону апошняга на Вербную нядзелю заве ужо старым звычаем, а яго трысьпевы прадпісвае ужываць толькі да Вялікага чацьвярга. Значна скарочаны і трысьпевы Пакутнага тыдня: зь аднаго толькі трысьпеву пятніцы вылучана каля дзесяці трапароў. Не пазьбег скарачэньняў і Вялікі канон: славянскія крыніцы XII–XIV стагодзьдзяў у ягонай дзевятай песьні прыводзяць тры асаблівых трапара, якіх няма ў грэцкіх арыгіналах.

РАЗЬВІЦЬЦЁ ЎКРАІНСКАГА АЎТАКЕФАЛЬНАГА РУХУ НА ПАЧАТКУ НЯМЕЦКА–САВЕЦКАЙ ВАЙНЫ

Сьмірноў Андрэй

Арганізацыйнае афармленьне ўкраінскага аўтакефальнага руху на пачатку нямецкае акупацыі да сёньня застаецца маладасьледаванай старонкай у гісторыі Ўкраінскага Праваслаўя. Часткова да яе асьвятленьня зьвярталіся В. Баршчэвіч [1], І Ўласоўскі [2], Ю. Валошын [3], а. Т. Мінэнка [8], В. Пашчанка [9], С. Саўчук і Ю. Мулік–Луцык [10], Н. Стакалас [12], аднак гэта праблема яшчэ не была прадметам асобнага дасьледаваньня ўкраінскіх гісторыкаў.
Мэтаю дакладу ёсьць высьвятленьня пачатку канструяваньня Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (УАПЦ) фармацыі 1942 г. Гэты працэс быў цесна павязаны зь актыўнае дзейнасьцю ўкраінскае інтэлігенцыі, якая адкідала магчымасьць падпарадкаваньня праваслаўных парафій Украіны Маскоўскаму патрыярхату. Адразу пасьля ўсталяваньня нямецкае акупацыйнае ўлады, у шматлікіх мясцовасьцях Украіны пачалі стыхійна вынікам самадзеяльныя грамадзка– царкоўныя арганізацыі, іх найбольш часта называлі парафіяльнымі ініцыятыўнымі групамі альбо царкоўнымі камісіямі. У вялікіх гарадах яны, як правіла, атрымлівалі назву царкоўных рад. У канцы 1941 г. у гарадах Украіны функцыянавала ўжо 8 япархіяльных царкоўных рад. Былыя сьвятары і праваслаўныя інтэлігенты, якія дамінавалі ў іх складзе, дбалі аб памяшканьні для богаслужбы, аб усім неабходным для ўладкаваньня паўнацэннага парафіяльнага жыцьця [12, б. 317].

ВЯЛIКI КАНОН ЗВЫШГОДНАГА АЙЦА НАШАГА АНДРЭЯ КРЫЦКАГА, ЕРУСАЛIМСКАГА (4)

СЛУЖБА Ў ПЕРШЫ ТЫДЗЕНЬ ПОСТУ

У ЧАЦЬВЕР НА ПАВЯЧЭР’І

Робім на кожны трапар тры вялікая паклоны, прамаўляючы: Памілуй мяне, Божа, Памілуй мяне.
Уладару нябесны, Суцяшальнік Духу ісьціны, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыцьцядаўца, прыйдзі і ўсяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце паклонімся й прыпадзем да Хрыста, Уладара, нашага Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
ПСАЛЬМА 69
Пасьпяшайся, Божа, вызваль мяне, пасьпяшайся, Госпадзе, на дапамогу мне. Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць загубы душы маёй! Няхай адхіснуцца і абсьмяяныя будуць тыя, што зычаць мне ліха! Няхай адхіснуцца за паганьбаваньне мяне і тыя, што кажуць мне: “добра! добра!”. Няхай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што Цябе шукаюць, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць заўсёды: вялікі Гасподзь! А я гаротны і ўбогі: Божа, пасьпяшайся да мяне! Ты — дапамога мая і Збаўца мой; Госпадзе! не спазьніся.