Sunday, October 4, 2009

ТЫМ ХТО ПРЫХОЎВАЕ СВАЕ ГРАХІ НА СПОВЕДЗІ

На няшчасьце ёсьць людзі, якія прыхоўваюць свае грахі на споведзі. Так, адны праз памылковы страх, іншыя праз фальшывы сорам, трэці праз гонар, іншыя, зрэшты, проста праз няведаньне прыхоўваюць свае беззаконьня пры споведзі ад сьвятара, а праз гэта не толькі не атрымліваюць прабачэньня ў сваіх грахах, але і падвойваюць іх, таму што няпраўду гавораць прад Самім Госпадам Ісусам Хрыстом, Які споведзь іх прымае. Каб на будучыню адвярнуць такіх людзей ад згубнае звычкі ўтойваць грахі і навучыць Каяньню адкрытага, шчырага і некрывадушнага, мы ўкажам ім на адзін выпадак таго, як калісьці каяліся ў сваіх грахах хрысьціяне ў старажытныя часы.

У адным месцы быў япіскап, які, па навучэньню злога, адзіна раз упаў у сьмяротны грэх. Горка раскаяўшыся ў сваім падзеньні, япіскап для таго, каб атрымаць прабачэньне, зрабіў аднаго разу так: калі ў царкву сабралася шмат народу, ён выйшаў на сярэдзіну храму і перад усімі адкрыта спавядаў свой грэх. Пасьля гэтага, лічачы сябе, па свайму глыбокаму сумленьню, нягодным сану сьвяціцеля, ён зьняў зь сябе амафор, паклаў яго на пасад і потым сказаў народу: “Прабачце мяне, браты, цяпер я больш няздольны быць у вас япіскапам”.

Бачачы вялікую пакору і сум свайго пастыра, усе, хто быў у царкве, з плачам выгукнулі: “Хай грэх твой на нас ляжа ойча, толькі не пазбаўляй нас свайго пастырства”. І доўга, доўга ўмольвалі япіскапа застацца зь імі. Паступаючыся, зь аднаго боку, маленьню свайго статку, а зь іншага; жадаючы нечым спакутваць свой грэх прад Богам, япіскап нарэшце выгукнуў: “Ну, калі ўжо неадменна жадаеце, каб я застаўся ў вас, то я зраблю гэта, але толькі пры адной умове, калі вы дасі мне слова без спрэчак выконваць тое, што я вам зараз загадаю”.

Усе далі слова. Тады япіскап загадаўшы зачыніць браму царквы, сказаў: “Ведайце ж цяпер, што той зь вас не будзе мець часткі ў Бога, хто зараз не патопча мяне сваімі нагамі”. І з гэтымі словамі лёг на зямлю. Усе жахнуліся, але, не маю дзёрзкасьці парушыць дадзенага слова і збаяўшыся пакараньня япіскапа пачалі праходзіць праз яго. І што ж? Калі пераступіў праз яго апошні чалавек з тых, хто стаяў у царкве, голас зь неба прамовіў: “Праз вялікую яго пакору Я прабачыў яго грэх!” Усе пачулі гэты голас і ўславілі Бога.

Ці ж бачыце цяпер вы, хто прыхоўвае на споведзі свае грахі, як каяліся калісьці, у старажытныя часы, хрысьціяне і як уласьціва і цяпер, і заўсёды патрэбна каяцца ў грахах сваіх усялякаму сапраўднаму хрысьціяніну? Архірэй, які павінны быць бы прыкладам свайму статку, упаўшы, як чалавек, па навучэньню злога, у сьмяротны грэх, усё ж не прыхоўвае гэтага граху прад статкам, паддае сябе крайняму прыніжэньню, лічыць сябе прад усімі найбольшым з грэшнікаў, і пры гэтым цудоўным чынам прабачаецца і атрымоўвае незвычайнае памілаваньне ад Бога.

Ці ж вам пасьля гэтага, дзеля ўласнай жа згубы, рабіцца непраўдзівымі прад Богам! Замест пакоры, калі яна асабліва патрэбна вам, задавальняць свой гонар і праз гэта зноў аддаваць сябе пад уладу злога і забываць – хто вы, Чаі вы пасьлядоўнікі і Каму з клятвай пры хросьце абяцалі служыць? Браты, апамятайцеся, падумайце хто вы, Каго вы падманваеце, прыхоўваючы на споведзі свае грахі, каму дагаджаеце гэтым прыхоўваньнем і на якую сьмерць сваёй няпраўдай кідаеце свае душы?

Ды зразумейце ж, нарэшце, што вы дзеці Божы, выкуплены Усячыстай Крывёй адзінароднага Сына Ягонага. Калі вы прыхоўвайце на споведзі свае грахі, тады падманвайце Адзінароднага Сына Боскага, Які цярпеў жахлівыя пакуты дзеля вашага выратаваньня, і да згубы кідаеце свае душы вечнай, горкай, настолькі горкай, што яна называецца другой сьмерцю, і, нарэшце, прыхоўваньнем сваіх грахоў дагаджаеце ворагу вашага выратаваньня, што “як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць” (1 Петр. 5:8), і, звычайна, найперш праглынае непраўдзівых, як ў гэтым пераконвае нас і Сам Выратавальнік, гаворачы аб іх: “Ваш бацька д'ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды.” (Ян. 8:44).

Таму, браты, хай жа не будзе пасьля гэтага між вамі няпраўды ніколі, а тым больш на споведзі. Таму што вы цяпер ведаеце, як гэта няпраўда згубная для вас. Кайцеся ж так, як Давыд, якой усялякай ночы вымываў ложка сваё, як блудніца, якая вымыла сьлязамі ногі Госпаду, і як Пётр, які горка плакаў за свой грэх, і тады толькі Госпад несумненна прабачыць вас і зробіць вас зь дзяцей гневу сьвятымі дзяцьмі дабраслаўленьня.