Sunday, March 27, 2011

ТРЭЦЯЯ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Уступаючы на подзьвіг і сканчаючы яго, мы звычайна бываем натхнёныя. Спачатку — сьвядомасьцю сілы ў сабе яшчэ сьвежай і нявыпрабаванай, а напрыканцы — надзеяю блізкага і пасьпяховага заканчэньня. Але сярэдзіна нівы часта бывае для нас небясьпечным каменьнем перапоны. Так Царква, ніколі не пакідаючы дзяцей сваіх без суцяшэньня і падбадзёрваньня, сярод подзьвігаў Вялікага посту, якімі трымаючыя пост і прыносячыя пакаяньне павінны крыжаваць цела свае зь запалам і юрлівасьцю, з трэцяга тыдня Чатырохдзесятніцы пачынае асабліва падбадзёрваць і умацоўваць крочачых па шляху посту, паказваючы сэрцу і позірку нашаму прыклады набожнага падзьвіжніцтва, самаадданасьці і цярпеньня. Такім чынам на трэцім тыдні Вялікага паста яна, скіроўваючы нас забіваць запал і юрлівасьці, заклікае нас перамагаць іх падобна Гедыёну, зваяваўшаму мадыямлян; перамагаць іх, падобна Самсону, забіўшаму зьвера; забіваць іх, як Галіяфа; зьміраць іх падобна Даніілу, які утаймаваў зьвяроў у рове, і больш усхваляе пост, чым прадпісвае; часьцей апявае ягоныя жаданыя плады, чым агаляе нашы язвы грахоўныя, якія лекуюцца постам. “Скарбу айца, сялібы цудоўнай, маці ўсіх паслужыўшых Уладару Хрысту прыйдзіце, насалодзімся, браты, постам: бо ён умацоўвае цела, асьвятляе розум і сэрца. Упадабаем Пост, забіваючы лютыя запалы душэўныя дзеяй духу моцнага, і боскіх дзеячаў дзеі ўмацоўваючы, і розум на нябёсы ўздымаючы, прабачэньня вымольваючы ў Бога шчодрага”.
Чытаньнем Апостала на Літургіі ў суботу трэцяга тыдня Чатырохдзесятніцы, Царква вучыць нас не зьнясільвацца ў цярпеньні ва імя Госпада Хрыста (Жыд. 10:32–38); а зь Эвангельля дабравесьціць словы аб тым, што не патрабуе здаровы лекара, але хворы (Мк. 2:14–17).
Асабліва ж для суцяшэньня і падбадзёрваньні прыносячых пакаяньне сярод Чатырохдзесятніцы Царква паказвае ў трэці тыдзень Вялікага посту на Жыватворчы Крыж Гасподні, пачынаючы сынаксарый у гэту нядзелю вершамі:
Ды паклоніцца ўся зямля Крыжу,
Праз які пазнала слова аб пакланеньні Табе
Дрэва пакут і сьмерці Госпада, якое прадстаўляецца Царквой трымаючым пост сярод Чатырохдзесятніцы, па тлумачэньні Царквы, падобна райскаму дрэву жыцьця; падобна дрэву, якое падчас шматгадовага падарожжа народа Боскага ў пустэльні, пакладзена было сярод горкіх вод Мерры для іх салодкасьці; падобна цяністаму дрэву, пад ценем якога спыняюцца для прахалоды і адпачываньня стомленыя вандроўнікі, кочачыя ў запаветную зямлю вечнай спадчыны. Нагадваючы трымаючым пост пра пакуты і сьмерці Госпада, для выратаваньня сьвету добраахвотна прынятых Ім, Годны і Жыватворчы Крыж добра натхняе вернікаў і для працягу посту, малітвы і для асьвячэньня. Калі Гасподзь нас дзеля раскрыжаваны, то ці не павінны і мы Яго дзеля зрачыся ад сьвецкіх задавальненьняў, якія перашкаджаюць подзьвігам набожнасьці? “Раскрыжуемся разам зь дзеля нас Раскрыжаваным, зьнішчым ўсе благія плоці жаданьні ў посьце і малітве, і мальбах”.
Дабравесьціўшы пра Крыж і глыбокай пашане Яму сярод нівы Чатырохдзесятніцы, натхняючы трымаючых пост прыкладам раскрыжаванага Выратавальніка, суцяшальна нагадвае нам і пра надыходзячае сьветлае сьвята хвалебнага уваскрэсеньня Хрыстова. Крыж ёсьць прадвесьнікам сьвяткаваньня Вялікадня. Пры урачыстых сустрэчах пераможца звычайна папярэднічаюць яму ягоныя пераможныя знакі: так Вялікадню Хрыстоваму шэсьце Пераможца граху і сьмерці папярэднічае знак Ягонай перамогі — Жыватворчы Крыж. Такім чынам, калі мы з Хрыстом прымаем пакуты, то зь ім і праславімся, калі зь Ім паміраем, то зь Ім і уваскрэсьнем.
Да суцяшэньня нашага, пакуты Выратавальніка малююцца ў царкоўных сьпевах трэцяй нядзелі Чатырохдзесятніцы сукупна з радасным уваскрэсеньнем Выратавальніка. Гэта прадказаньне уваскрэсеньня Хрыстовага, гэтулькі суцяшальнае для вернікаў, складаюць велікодныя ірмасы, пакладзеныя ў каноне на ранішняй нядзелі Ушанаваньня Крыжа. На вялікі жаль, гэта важная асаблівасьць, якая мае, па намеру сьвятой Царквы, мэту высокую, застаецца амаль незаўважанай, бо і самі велікодныя ірмасы рэдка дзе ў гэты час сьпяваюцца.
Пасьля вялікага славаслоўя, пры сьпеве “Сьвяты Божа”, Крыж упрыгожаны кветкамі і зялёнымі расьлінамі, знакамі жыцьця, выносіцца на сярэдзіну храму да вернікаў для ўшанаваньня і цалаваньня яго. Пры ўшанаваньні Крыжа і цалаваньні яго, Царква сьпявае: “Крыжу Твайму пакланяемся, Уладыка, і сьвятое Уваскрэсеньне Твае славім” Гэты ж сьпеў сьпяваецца на Літургіі замест “Сьвяты Божа”.
Чытаньнем Апостала Царква прапаведуе, што нясеньне крыжа аблягчае нам Сам Раскрыжаваны за нас на Крыжы: “Браты, вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага. Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху. Таму прыступайма зь адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу. Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі, каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу, і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі. І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон. Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: “Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”; як і ў іншым месцы кажа: “Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка”” (Жыд. 4:14 – 5:6). Чытаньнем Эвангельля Царква дабравесьціць, словамі Госпада, аб абавязку самаахвярнасьці і перайманьні Яму для выратаваньня: “Кажа Госпад: Хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам; бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе; бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі. І сказаў ім: праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не памершы яшчэ, ужо ўбачаць Царства Божае, што прыйшло ў сіле” (Мк. 8:34—9:1)
Ад дабравесьця пра Крыж і  пакланеньня Жыватворчаму Крыжу трэцяя нядзеля Вялікага паста завецца Нядзеляй Пакланеньня Крыжу. Пачатак усталяваньня яе датчыцца старажытных часоў хрысьціянства. Паміж творамі сьв. Яна Залатавуснага ёсьць павучаньне на гэтую нядзелю, у якім ён між іншым кажа: “вярнуўся да нас штогадовы дзень, усімі шанаваны і сьветлы, сярэдні тыдзень сьв. посту, прыносячы трыдобры і Жыватворчы Крыж Спасу нашага Ісуса Хрыста, — прапануючы яго для глыбокай пашаны яму і шануючых шчырым сэрцам і чыстымі вуснамі асьвячаючы і робячы больш падрыхтаванымі і мужней да зьдзяйсьненьня шляху сьв.посту”. У іншай сваёй гутарцы сьв. Залатавуст не ухваляе радасьць антыёхіян пра тое, што зьдзейсьнілі палову Чатырохдзесятніцы. Сьв. Сафроній, патрыярх ерусалімскі, у 7 стагодзьдзі ў нядзелю Пакланеньня Крыжу ў слове сваім казаў: пагледзіце на падарожніка, які ідзе да вызначанай мэты. Штодня праходзячы вядомую частку шляху, ён, хоць і зьнемагае часам ад працягласьці пакладзенага шляху, аднак, маючы на увазе адпачынак, зь жаданьнем працягвае пачаты шлях. І усе мы зараз што іншае, як не вандроўцы? Чалавекалюбца Бог, праз паданьне ад сьвятых айцоў, Сам адкрывае прад намі будучы шлях, — кажу, сьвятога і выратавальнага посту для таго каб мы, папрацаваўшы на ім, хоць колькі—небудзь, удастоіліся атрымаць прабачэньне ў грахах, і ад стамляючай нас грахоўнай смагі і згрызоты запалаў пазбаўляе, праз дакрананьне і цалаваньне Годнага і Жыватворчага Крыжа. Той і іншы сродак зь аднолькаваю карысьцю могуць прыгатаваць нас да годнай сустрэчы сьвятога дня Уваскрэсеньня; пост таму, што падтрымае добрую бадзёрасьць у целе, а глыбокая пашана Жыватворчаму Крыжу адцягне думкі нашы ад ганебных намераў і спраў і накіруе позірк наш да нябеснага жыльля. Таму ўсхвалім пост, але ўсхваляючы яго і ўсе даброты, надыходзячыя ад яго для чалавека, усхвалім таксама і прапанаванае нам для пакланеньня Годнае Дрэва Крыжа і паклічам да яго сэрцам і вуснамі: Радуйся Крыж, на ім Сын Боскі раскінуўшы рукі, прыняў усіх у свае абдымкі і прымірыў зь Айцом нябесным! Радуйся, наша ачышчэньне ад бруду грахоўнага! Радуйся, шчыт вялікага Цара, пад абаронай якога падрыхтавана перамога! Асьвяці нас, годны Крыж, схаванаю ў сябе сілай; — ствары, каб і мы добраахвотна пажадалі пацярпець, хоць крыху, дзеля Таго, Які першы паклаў жыцьцё Свае на цябе аддаў за нас, зрабі нас годнымі з радасьцю сустрэць сьветлы дзень Уваскрэсеньня, як заклад спадчыны падрыхтаваных нам вечных даброт.
У размовах Хвядора Студыта, пісьменьніка ІХ стагодзьдзя, указваецца на пакланеньне Крыжу сярод Вялікага Посту, як на старажытны звычай Царквы. У тым жа стагодзьдзі Іосіф і Хвядор Студыт напісалі шматлікія хвалебныя песьні на трэці тыдзень Вялікага Посту, якія цяпер выконваюцца Царквой.

Пераклад на беларускую мову “Беларускай Аўтакефаліі” паводле: Протоиерей Г. С. Дебольский Дни Богослужения Православной Церкви 1901 г.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.