Friday, June 5, 2009

Відэа Белсату аб звышгоднай Еўфрасіньні Полацкай

http://www.belsat.eu/archiwum.php?p=3214&oid=2550&ret=main&data=

Чытаньні Звышгоднай.

Чытаньне Апостальскае звышгоднай

Пасланьне Да Галятаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 208а

Браты, да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера. Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю; а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса; усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся! Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.

Гал 3:23–29

Чытаньне Евангельскае звышгоднай

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 104

Кажа Госпад прычу гэту: Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога. пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых; 3. неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею; а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі; і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі. Але апоўначы крык пачуўся: “вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму”. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае. А неразумныя мудрым сказалі: “дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць”. А мудрыя сказалі ў адказ: “каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе”. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы. Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: “спадару! спадару! адчыні нам”. Ён жа сказаў ім у адказ: “праўду кажу вам: ня ведаю вас”. Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы

Мц. (25:1-13)

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 23 траўня/ 5 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 50а

У тыя дні: калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем. Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі. На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем. Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў, і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія. Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго. Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы; і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея. Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў, кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю. Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам. А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць. Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта. Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон. Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям. І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку; падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся. На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз. а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы. Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне. І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды; а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель; бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою. Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана: нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу. У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі, і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў. Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня. А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа, Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца. Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала. На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога; Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы. Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці. Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу; а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ. І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём. І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага. Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў. А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю, а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.

Дзеі 27:1–44

Чытаньне Евангельля на 23 траўня/ 5 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 57

У той час, Ісус узяўшы вочы Свае да неба і сказаў: Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет; і за іх я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю. Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага: хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, - каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет; Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне; і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.

Яна (17:18-26)

Звышгодны мучанік Міхал Эдэскі

Звышгодны мучанік Міхал Эдэскі

Звышгодны мучанік Міхал, вучань сьвятога Хфёдара Эдэскага, у ІХ стагодзьдзі быў абязгалоўлен за спавяданьне веры з Хрыста.

Сьвяціцель Міхал. (+ каля 821)

СЬВЯЦІЦЕЛЬ МІХАЛ СІНАДСКІ

Сьвяціцель Міхал спавяданьнік з юных гадоў імкнуўся да манаскага жыцьця і быў накіраваны найсьвяцейшым патрыярхам Тарасіям (784 - 806) у манастыр, разьмешчаны на беразе Чорнага мора. З ім разам паступіў у мясьціну і сьвяты Феафілакт , будучы япіскап Нікамідзійскій. Абодва манаха з стараннасьцю праходзілі ў манастыры подзьвігі выратаваньня і неўзабаве былі услаўленыя дабрадатнымі здольнасьцямі ад Госпада. Аднойчы падчас жніва, калі людзі зьнемагалі ад смагі, па малітве манахаў пустая мэдная пасудзіна пачала струменіць ваду.

Найсьвяцейшы патрыярх Тарасій пасьвяціў сьвятога Міхала ў япіскапы горада Сынад. За сваё сьвятое жыцьцё і мудрасьць сьвяціцель Міхал набыў глыбокую любоў у набожнага народу і адмысловую увагу імпэратараў Нічыпара I (802 - 811) і Міхала I Рангава (811 - 813). У 787 году сьвяціцель Міхал прысутнічаў на Сёмым Сусьветным Саборы ў Нікеі.

Калі на пасад уступіў іконазмагар-ерэтык Лёваў Армянін (813 - 820), ён стаў выганяць праваслаўных архірэяў з іх кафедраў, прызначаючы на іх месца сваіх аднадумцаў-ерэтыкоў. Сьвяціцель Міхал у гэты час цвёрда абараняў Праваслаўе, мужна процідзейнічаючы ерэтыкам і выкрываючы іх памылкі. Леў Армянін асудзіў сьвяціцеля Міхала, але ён, не страшачыся пакут, цвёрда адказваў: "Я шаную сьвятыя абразы Выратавальніка майго Ісуса Хрыста і Усячыстай Дзевы, Маці Яго, і усіх сьвятых і пакланяюся ім. Тваё распараджэньне аб выдаленьні абразаў з храмаў не выканаю". Тады Лёваў Армянін адправіў сьвяціцеля Міхася ў зьняволеньне ў горад Еўдакіяду, дзе спавяданьнік памёр каля 821 гады. Галява сьвяціцеля Міхала захоўваецца ў Лаўры сьвятога Апанаса на Афоне, частка мошчаў - у Мінгрэльскім манастыры.

ЗВЫШГОДНАЯ ЕЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ


ЗВЫШГОДНАЯ ЕЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ, АСЬВЕТНІЦА БЕЛАРУСІ.

Звышгодная Еўфрасіньня, у сьвеце – Прадслава, была дачкой полацкага князя Георгія Ўсялавіча. Ад дзяцінства яна палюбіла боскія кнігі і па іх навучылася скіроўваць свае думкі да Адзінага Бога, знаходзіцца ў страху Божым.

Калі ёй было 12 гадоў і яна даведалася, што бацькі жадаюць выдаць яе замуж, яна пайшла да сваёй родзічкі, ігуменьні Рамане, і пачала маліць яе, каб тая пастрыгла яе ў манахіні. Не адразу пагодзілася Рамана, бо баялася князя, але бачыўшы неадступнасьць Прадславы, пастрыгла яе і назвала Еўфрасіньня. Дазнаўшыся аб гэтым, яе бацькі прыйшлі ў манастыр і шмат плакалі над ёй. Але яна суцяшала іх, заклікаўшы радавацца разам з ёй.

Застаўшыся ў манастыры, звышгодная пачала працаваць з сёстрамі, прыслугоўваючы ім і ва ўсім ім скараючыся. Маючы пасьпяховасьць ў пакоры і іншых дабрадзеях, Еўфрасіньня, па дабраслаўленьню, Полацкага япіскапа Ільлі, асялілася ў каменнай кельлі царквы Сьвятой Сафіі ў перайманьне Самой Усясьвятой Багародзіце і пачала жыць ў малітве і пасьце. У вольны ад малітвы час яна перапісвала і перакладала богаслужбовыя кнігі, прадавала іх і раздавала грошы жабракам. Праз невялікі час да яе ў сьне зьявіўся анёл і прывёў Еўфрасіньню на месца, названае Сяльцом, што належала Полацкім япіскапам, і прамовіў ёй: “Належыць табе быць тут, таму што Бог праз цябе шматлікіх прывядзе да выратаваньня!”. Еўфрасіньня адказала: “Гатовае сэрца мае, Божа, гатовае сэрца мае!”. Тройчы зьяўляўся ёй анёл. Калі ж ён зьявіўся да япіскапа і апавясьціў яму волю Божу о том, каб на тым месьце быў дзявочы манастыр, япіскап ў прысутнасьці князёў і шматлікага народу перадаў гэтае месца ва ўладаньне Еўфрасіньні, і быў там пабудаваны дзявочы манастыр, і сышлося туды шмат дзеў. Звышгодная Еўфрасіньня была абрана ігуменьняй і пачала кіраваць імі, скіроўваючы да выратаваньня.

Кіравала яна і шматлікімі сьвецкімі, асабліва сям’ёй свайго брата Вячаслава. Яны ж пераймалі яе набожнаму жыцьцю. Яна ўзяла да сябе сваю малодшую сястру Градзіславу і пастрыгла яе з імям Яўдакія. Потым да яе прыйшла стрэчная сястра Зьвяніслава, аддала ёй свае багацьця і пастрыглася з імям Еўпраксія. Са сьлязамі малілася звышгодная, каб не загінула ніводная з авечак яе статку, – аб гэтым сьведчыць захаваўшыся яе запавет сёстрам.

Калі звг. Еўфрасіньня будавала для свайго манастыра каменную царкву ў гонар Выратавальніка, не хапіла для яе цэглы. Звышгодная стала на малітву, і раніцай знайшлі печ поўную абпаленымі і ўжо гатовымі цэглінамі. Гэтай цэглай і скончылі пабудову царквы. Царква ў гонар Выратавальніка, што пабудавала звг. Еўфрасіньня, захавалася да нашых дзён; яна невялікая, з вялікім слупам у сярэдзіне і з адным купалам, а на харах былі кельлі самой звышгоднай і сястры яе Еўпраксіі. У часе пабудовы царквы, дойлід Ян неаднойчы, яшчэ да сьвітанку, чуў голас, прамаўляючы да яго: “Ян устань, ідзі і глядзі за пабудовай храму ў імя Выратавальніка!” Ян меркаваў, што Еўфрасіньня дасылае нейкага будзіць яго, але яна адказала яму: “Не я дасылаю будзіць цябе, але ты чуў голас, заклікаючы цябе да працы, і скарайся яму, бо гэта справа Боская!”

Грэцкі імпэратар Мануіл даслаў ёй для манастыра абраз Корсуньскай Боскай Маці – адзін з трох напісаных сьв. евангелістам Лукашам. Гэты абраз шмат год упрыгожваў храм у Полацку. Таксама, па загадзе звышгоднай Еўфрасіньні, полацкі майстар Лазар зрабіў каштоўны крыж, што сёньня лічыцца хрысьціянскім сымбалям Беларусі.

Усё жыцьцё ў Еўрасіньні было вялікае жаданьне скончыць сваё жыцьцё ў Сьвятой Зямлі. Дасягнуўшы пахілага веку, яна даручыла манастыр сваёй сястры Еўдакіі, а пляменьніц сваіх – дачок брата Вячэслава – Кірынію і Вольгу загадала пастрыгчы і надала ім імёны Агафія і Еўфімія, бо Госпад падаў ёй дабрынб бачыць схільных да духоўнага жыцьця. Сама ж узяла з сабой свайго брата Давыда і стрэчную сястру – манахіню Еўпраксію і, разьвітаўшыся з родзічамі, сёстрамі манастыра свайго і народам Полацка, пайшла ў Сьвятую Зямлю. Прыбыўшы ў Канстанцінопаль, яна пакланілася ўсім ягоным сьвятыням, а імпэратар і патрыярх з вялікім гонарам прынялі яе.

У Ерусаліме яна найперш пакланілася Труне Госпада і паставіла прад ёй залатое кадзіла, потым наведала Патрыярха і пакланілася іншым сьвятыням. Асялілася звг. Еўфрасіньня ў манастыры пры царкве Ўсясьвятой Багародзіцы. Наведаўшы Труну Госпада, яна малілася аб тым, каб ёй тут скончыць сваё зямное жыцьцё, і, павярнуўшыся ў манастыр, захварэла. Тады яна даслала свайго брата Давыда і Еўпракісію на Ярдан, дзе не пасьпела пабываць, за сьвятой вадой і акрапіла ёй сябе. І зьявіўся ёй анёл і абвясьціў ёй аб блізкай сьмерці і прыгатаваным ад Бога спакоі. Моцна ўзрадавалася яна, пазваўшы, што месца для яе пахаваньня ўжо прызначана ў манастыры звышгоднага Хфядоса, у царкоўным прытворы, – у гэтым манастыры хавалі жанчын, і там былі магілы: мацяроў звыг. Савы і сьв. бязсрэбранікаў Касьмы і Дземьяна. Праз два дні, пасьля прычасьця Сьвятых Таямніц, звг. Еўфрасіньня перадала сваю душу Богу. Гэта адбылося 23 траўня 1173 г.

У 1187 г., калі хрысьціяне пакідалі Ерусалім, сьвятыя мошчы звг. Еўфрасіньні былі перанесяны ў пячоры Кіева-Пячорскага манастыра, а ў 1910 г. – у Полацак.

Трапары і кандакі звышгоднай Еўфрасіньні Полацкай.

Трапар. сьпеў 8: Прыкладам тваім, маці, Асьветніца Беларусі, можна ўратавацца, бо ты ўзяла крыж і пайшла за Хрыстом і прыкладна вучыла, як трэба грэбаваць целам, а ходацца за душу несьмяротную. Дзе-ля гэтага, дастойная Еўфрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая, твой дух будзе цешыцца разам з анёламі.

Другі трапар, тон 4: Пераймаючы дванаццацігадоваму Хрысту, што прапаведаваў у Ерусалімскай сьвятыні, сьвятая Ефрасіньня, Ты пераймала прыкладу Ягонаму, пакінуўшы зямнога жаніха і славу чалавечую. Хрыста Бога палюбіла над усё, і Яму шлюб склала. Узяўшы крыж, і шляхам анёльскага жыцьця за Ім ішла, і многіх да Яго навяртала. У манастыры Хрыста Ратаўніка ў Сельцах, сабраўшы дзевы знатныя, прасьвятліла Дабравесьцем зямлю Полацкую, як сонцам раньняе вясны й тым жа сьвятлом веры ў Хрыста, асьвятліла Беларускі народ. Сьвятая й чэсная Ефрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая слава табе.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Кандак, тон 2: Зь любасьцю да Госпада, дастойная, жаданьне супакою ты пагрэбавала, постам прасьвяціўшы душу сваю, моцных ворагаў пераадолела ты; але малітвамі тваімі ворагаў зухаватасьць зьнішч.

Другі кандак, тон 8: Выбраную Хрыстом дзеву чыстую, песьнямі ўславім верныя у сёньняшні дзень Ефрасіньню Вялікую, княжну Полацкую, бо яна прасьвятліла зямлю нашую і дабрадзейнасьцю, запаліўшы сьветач, лямпаду міра вечнага каля труны Хрыста Ратаўніка за наш народ. Узыйшоўшы ў горны Ерусалім духам, там жа не пакідаючы нас, моліш за нас Хрыста Богу, каб ўратавацца душам нашым.

Трэці кандак, тон 8: Выбраная Богам ад самага нараджэньня й паклікана да служэньня Яму ў стане анёльскім сьвята паслужыўшай Госпаду, і дастойна пражыўшы, і цяпер з нябеснымі сіламі Госпада хваліць. I за нас грэшных прад Госпадам молішся; з радасьцю й любасьцю ўсклікаем: Радуйся, Ефрасіньня Полацкая, дзева Хрыстова ўсягодная

Сёньня сьвяткуем памяць:

Звышгоднай Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі;
Сьвяціцеля Міхала Сінадскага.

Сёньня 23 траўня / 5 чэрвеня 2009 л.Б.

Пятніца 7 тыдня пасьля сьвятой Пасхі.
Аданьне сьвята Узьнясеньня Госпада.