Saturday, June 22, 2013

ПРОПАВЕДЗЬ У ТРАЕЦКУЮ БАЦЬКОЎСКУЮ СУБОТУ


Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё. Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе; і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага, і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі - на ўваскрэсеньне асуды. Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне
Ян. 5:24 - 30
Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня наша Сьвятая Праваслаўная Царква сабрала нас для таго, каб усе мы зьдзейсьнілі шчырую малітву аб усіх памерлых бацькоў, братоў, маці і сясьцёр нашых. Гэты дзень зьяўляецца памінальнай суботай і не выпадкова менавіта ў суботу Царква заклікае нас на малітву усіх памерлых праваслаўных хрысьціян. Менавіта ў суботу Гасподзь і Збаўца наш Ісус Хрыстос нежывым Сваім целам знаходзіўся ў труне. Але гэты суботні дзень таксама называецца бацькоўскім днём, таму молячыся за спачын таго ці іншага чалавека, перш за усё, мы успамінаем нашых бацькоў, якія далі нам жыцьцё і выхавалі нас, пра якіх мы памятаем і аб якіх мы молімся, узносячы старанныя малітвы Госпаду аб тым, каб Ён дараваў ім і падаў ім Сваё Нябеснае Бясконцае Дабрашчаснае Царства.