Saturday, November 30, 2013

КІЕЎСКІ ПАТРЫЯРХАТ ЗЬ УКРАІНСКІМ НАРОДАМ. ЗАЯВА ПАТРЫЯРХА КІЕЎСКАГА І ЎСЁЙ РУСІ-УКРАІНЫ ФІЛАРЭТА ПА ПАДЗЕЯХ 30 ЛІСТАПАДА 2013 г. У КІЕВЕ

Паважаныя суайчыннікі!
Дарагія браты і сёстры!
Сёньня наша грамадзтва перажывае адзін з самых складаных момантаў найноўшай гісторыі, таму Царква не можа моўчкі стаяць баку.
Падзеі папярэдніх месяцаў і тыдняў пераконваюць, што пераважная большасьць нашых суграмадзян падтрымліваюць эўрапейскую інтэграцыю Украіны. У абарону сваіх імкненьняў яны выйшлі на публічныя масавыя акцыі. Гэтыя акцыі праводзіліся ў цэлым мірна і без гвалту, да чаго грамадзян таксама заклікала і наша Царква, і іншыя Царквы і рэлігійныя арганізацыі.
Кіеўскі Патрыярхат разам з украінскім народам падтрымліваў і працягвае падтрымліваць эўрапейскую інтэграцыю і бачыць будучыню Украіны ў крузе незалежных дзяржаў аб'яднанай Эўропы.
Пасьля пачатку масавых грамадзянскіх акцый мы неаднаразова зьвярталіся таксама і ў праваахоўныя органы і іншых прадстаўнікоў дзяржавы з заклікам забясьпечыць грамадзянам гарантаванае Канстытуцыяй права мірна выказваць сваю пазыцыю. На жаль, гэты наш заклік не быў пачуты.

Wednesday, November 27, 2013

КАЗАНЬ НА ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ (УГОДКІ СЛУЦКАГА ПАЎСТАНЬНЯ 1920 г.)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня мы, як і ўсе сьвядомыя беларусы ва ўсім сьвеце, сабраліся тут, каб малітоўна памянуць усіх тых, хто аддаў свае жыцьця ў змаганьні за свабоду нашае Бацькаўшчыны – Сьвятой Беларусі.
Кожнаму народу ягоную зямлю, мову – усё тое, што мы называем словам Бацькаўшчына дае Бог. Гэтая думка ясна выкладзена ў Новым Запавеце: “Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога мѓе найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі” (Эф. 3:14 – 15). Таму немагчыма ўявіць сябе сапраўднага праваслаўнага, якому не ўласьціва любоў да сваёй Радзімы.
Любоў – гэта не абстракцыя, гэта служэньня. Таму любоў да Радзімы, таксама як і сапраўдная любоў да сваёй сям’і: маці, бацька, жонкі, дзяцей, ёсьць любоўю ахвярнай. Бо вучыць нас Хрыстос: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13).

Tuesday, November 26, 2013

ЗАЯВА ПАТРЫЯРХА КІЕЎСКАГА І УСЁЙ РУСІ-УКРАІНЫ ФІЛЯРЭТА ЗЬ НАГОДЫ ГРАМАДЗКІХ ВЫСТУПАЎ У ПАДТРЫМКУ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ІНТЭГРАЦЫІ УКРАІНЫ

У апошнія дні ў сталіцы і многіх іншых гарадах Украіны, а таксама за мяжой адбыліся і цяпер працягваюцца грамадзкія выступы ў падтрымку эўрапейскай інтэграцыі Украіны.
Наша Царква, як і шэраг іншых вядучых Цэркваў і рэлігійных арганізацый Украіны, у сумесным звароце яшчэ ў канцы верасьня гэтага года паказалі падтрымку эўрапейскіх імкненьняў украінскага народа. За гэты час на многіх сустрэчах у Украіне і за мяжой з палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі як асабіста Патрыярх, так і прадстаўнікі нашай Царквы адзначалі, што Украіна - эўрапейская краіна, што выбар нашага народа на карысьць прыналежнасьці да эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі быў ажыцьцёўлены яшчэ больш за 1000 гадоў таму падчас Хрышчэньня Кіеўскай Русі.
Царква мы спадзяемся, што духоўны патэнцыял Украіны, наша супрацоўніцтва са здаровымі эўрапейскімі сіламі ў захаваньні традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў - рэлігійных, сямейных, культурных і іншых - дапамогуць Эўропе ў пераадоленьні разбуральных праяў агрэсіўнага сэкулярызму.

ЗВАРОТ УСЯЛЕНСКАГА ПАТРЫЯРХА БАРТАЛАМЕЯ ДО УКРАІНЦАЎ У УГОДКІ ГОЛАДАМОРУ

Упадабаныя ў Хрысьці, мілата Госпада і мір зь усімі вамі!
З пачуцьцём вялікай павагі і адначасова з глыбокім болем у сэрцы, мы зьвяртаемся ад імя гістарычнай і мучаніцкае Маці-Царквы Канстантынопаля да усіх вас у гэты смутны дзень васьмідзесятай гадавіны Голадамору украінскага народа.
У той час, калі мы малітоўна успамінаем аб тых трагічных нечалавечых падзеях 1932-1933 гадоў, калі мноства чалавечых жыцьцяў было перапынена штучным і жорсткім голадам, мы таксама молімся аб супакоі душ памерлых ахвяраў Голадамору і гаеньня балючых душэўных ран вашага дабраслаўлёнага народа.
Цяжка, немагчыма уявіць сабе памеры і зацятасьць лютасьці, з якой чалавечыя істоты зьнішчалі сабе падобных, створаных па вобразу і падабенству Бога. Усё гэта нібыта дзеля палітычнае ідэалёгій, але на самой справе з-за няпраўды і бязбожнасьці.

Saturday, November 23, 2013

КАЗАНЬ У ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯР ГОЛАДАМОРУ ВА УКРАІНЕ

Бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым - усё. Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.
Экл.12:13 – 14
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня мы сышліся на гэтую памінальнаю малітву, каб прасіць Госпада за душы тых, хто зрабіўся ахвярай жахлівага генацыду ХХ стагодзьдзя – Голадамору.
Жахлівы генацыд ва Украіне быў старана сплянаваны, падрыхтаваны і зьдзейсьнены сатанінскім камуністычным рэжымам, які ўжо прынёс ва Украіну сьмерць і голад 1918-1923 гадоў. Мы ўсе ведаем і цудоўна ўсьведамляем гэты факт…
Але сёньня, у дзень памяці мільёнаў ахвяр антычалавечага камуністычнага рэжыму, мусім таксама зьдзейсьніць жорсткі рахунак сваёй гістарычнай памяці. Бо ніякі дыктатар, ніякая ўлада катаў не зьяўляецца на пустым месцы.

Wednesday, November 13, 2013

ДА ПЫТАНЬНЯ ВЫЗНАЧЭНЬНЯ КАНФЭСІЙНАСЬЦІ ТЭКСТАЎ: ЯШЧЭ РАЗ АБ СЛОВЕ “ПРАВАВЕРНЫ”


Праблема канфэсійнага (праваслаўна–уніяцкага) вызначэньня аўтарства богаслужбовых ды і наогул рэлігійных тэкстаў XVIIXVIII выяўляецца часам досыць складанае. Пераважна вызначэньня адбываецца па належнасьці друкарні або месцу стварэньня, але не сакрэт, што ў XVII – пачатку XVIII стагодзьдзя мы назіраем ўзаемныя “пазычаньні” тэкстаў. Таму частка гісторыкаў і мовазнаўцаў даўно спрабуе стварыць нейкія маркэры, якія мусяць спрасьціць задачу распазнаваньня канфэсійнага аўтарства. Адным з такіх маркэраў, які сёньня спрабуюць увесьці ў навуковы абарот уніяцкія дасьледчыкі, ёсьць слова “прававерны”.
Пасьля пэўных гістарычных досьледаў, можна заўважыць, што выкарыстаньне слова “прававерны” менавіта як маркера для вызначэньня ўніяцкае літаратуры пачалося толькі пасьля выхаду ў сьвет грэка-каталіцкага малітоўніка “Госпаду памолімся”, дзе яго ўжыў у сваіх перакладах а. Аляксандр Надсан. Але рэальнага абгрунтаваньня гэтага тэрміну а. Аляксандр не прыводзіць. Гэтае абгрунтаваньня зьяўляецца крыху пазьней, у камэнтарах беларускіх уніяцкіх сьвятароў у сацыяльных сетках, а таксама прафэсара Марозавай. Падмуркам гэтага абгрунтаваньня зьяўляецца вэрсія аб тым, што базыльяне не ўспрымалі слова “праваслаўны”, якое выкарыстоўвалі “схізматыкі”, і пачалі ўжываць слова “прававерны”.