Sunday, June 14, 2009

Сьвяціцель Феафан Затворнік.

Сьвятая Царква усякі дзень сьвяткуе памяць сьвятых. Але былі дагаджальнікі Божы, невядомыя, не паказаныя Царквой, то, каб не пакінуць і іх без ушаноўваньня, сьв. Царква усталявала дзень, у які услаўляе усіх ад стагодзьдзя дагадзіўшых Богу, каб не засталося нікога не услаўленага ёй. Дзеяць жа гэта адразу пасьля спасланьня Сьвятога Духа узаконіла яна таму, што усё сьвятыя рабіліся і робяцца сьвятымі дабрынёй Сьвятога Духа: дабрыня Сьвятога Духа прыносіць пакаяньне і прабачэньне грахоў, яна ж уводзіць у змаганьне з запалам і жаданьнямі цела і вянчае гэты подзьвіг чысьцінёю і набожнасьцю. І такім чынам зьяўляецца новае стварэньне, прыдатнае для новага неба і новай зямлі. Давайце ж і мы пакрочым усьлед сьвятых Божых. Як гэта рабіць - вучыць сёньняшняе Евангельле: яно патрабуе сьмелага спавяданьня веры ў Госпада, пераважнай любові да Яго, узьняцьця крыжа самаадданасьці і сардэчнага ад усяго адхіленьня. Пакладзем жа пачатак па гэтым указаньням.

МУЧАНІКІ ІЎСЬЦІН, ХАРЫТОН, ЭЎЕЛПІСТ, ЯРАКС, ПЯЁН, ВАЛЕРЫЯН, ІЎСТ І МУЧАНІЦА ХАРЫТА

Сьвятыя мучанікі Іўсьцін, Эўелпіст, Яракс, Пяён, Валярыян, Іўст і пакутніца Харыта папакутавалі адначасова са сьвятым Іўсьцінам Філосафам, у 166 годзе. Яны былі прыведзеныя ў Рым і кінуты ў вязьніцу. Перад судом кіраўніка горада Русьціка сьвятыя адважна спавядалі сваю веру ў Хрыста. Русьцік спытаў сьвятога Іўсьціна, ці сапраўды ён думае, што пасьля перанесеных пакут узыдзе на неба і атрымае узнагароду ад Бога. Сьвяты Іўсьцін адказаў, што не толькі думае, але дакладна ведае і упэўнены ў гэтым.

Кіраўнік горада прапанаваў усім хрысьціянам-вязьням прынесьці ахвяру паганскім багам, але атрымаў адмову і вынес сьмяротны прысуд. Сьвятыя былі абезгалоўленыя.

Трапар мучаніку Іўсьціну Філёзафу і пацярпеўшым зь ім, тон 4

Мучанікі Твае, Госпадзі, / у пакутах сваіх вянцы прынялі нятленныя ад Цябе, Бога нашага: / бо мелі крэпасьць Тваю, / катаў перамаглі, / разбурылі і злога нямоглую дзёрзкасьць. / Іх малітвамі, Божа, / выратуй душы нашы.

Кандак мучаніку Іўсьціну Філёзафу, тон 2

Прамудрасьцю Боскай тваіх слоў, Іўсьцін, / Царква Божа ўся ўпрыгожылася, / сьветласьцю жыцьця сусьвет асьвячае, / праз праліцьцё крыві вянец прыняўшы / і зь Анёламі прадстоячы Хрысту, / малі няспынна аб выратаваньні ўсіх наш.

МУЧАНІК ІЎСЬЦІН ФІЛЁЗАФ


Сьвяты мучанік Іўсьцін Філёзаф нарадзіўся ў Сыхеме - старажытным горадзе Самарыі. Бацькі Іўсьціна, грэкі, былі язычнікамі. Сьвяты з дзяцінства адрозьніваўся глыбокім розумам, любоўю да навук і гарачым імкненьнем да спазнаньня Ісьціны. Ён у дасканаласьці вывучыў розныя кірункі грэцкай філязофіі: стоікаў, пэрыпацецікаў, піфагарэйцаў, платонікаў - і пераканаўся, што ні адно з гэтых паганскіх вучэньняў не адчыняе шляхі да спазнаньня Праўдзівага Бога.

Аднойчы, шпацыруючы ў адасобленым месцы за горадам і разважаючы аб тым, дзе шукаць шлях да спазнаньня Ісьціны, ён сустрэў старца, які ў працяглай гутарцы расчыніў Іўсьціну сутнасьць хрысьціянскага вучэньня і параіў шукаць вырашэньня усіх пытаньняў жыцьця ў кнігах Сьвятога Пісаньня. “Але першым чынам - прамовіў старац, - маліся рупліва Богу, каб Ён адкрыў табе дзьверы Сьвятла. Ісьціну ніхто не можа спасьцігнуць, калі не дасьць яму разуменьня Сам Бог, Адчыняючы яе кожнаму, хто шукае Яго з малітваю і любоўю”.

На 30-м годзе жыцьця Іўсьцін прыняў сьвяты Хрост (паміж 133 і 137 гадамі). З таго часу свае здольнасьці і шырокія філязофскія спазнаньні сьвятой Іўсьцін прысьвяціў пропаведзі Евангельлі сярод язычнікаў. Ён пачаткаў вандраваць па Рымскай імпэрыі, усюды сеючы насеньне выратавальнай веры. “Хто можа узьвяшчаць Ісьціну і не ўзьвяшчае, той будзе асуджаны Богам”, - пісаў ён.

Іўсьцін адкрыў вучылішча, дзе прапаведаваў хрысьціянскую філязофію. Сьвяты Іўсьцін пасьлядоўна адстойваў праўдзівасьць і выратавальнасьць хрысьціянскага вучэньня, пераканаўча аспрэчваючы і паганскія мудрасьці (як, напрыклад, у спрэчцы з філёзафам-кінікам Крыскентам), і ерэтычныя скрыўленьні хрысьціянства (у прыватнасьці, ён выступаў супраць вучэньні Маркіёна-гностыка).

Каля 155 году, калі імпэратар Антанін Пій (138 - 161) адкрыў ганеньне на хрысьціян, сьвяты Іўсьцін асабіста падаў яму “Апалёгію” у абарону невінавата асуджаных на пакараньне сьмерцю хрысьціян - Пталямея і Лукія, імя трэцяга засталося невядомым. У “Апалёгіі” ён даказваў памылковасьць пакладзеных на хрысьціян абвінавачваньняў “ад імя несправядліва ненавідных і гнаных хрысьціян”. “Апалёгія” аказала гэтакае дабратворнае узьдзеяньне на імпэратара, што ён спыніў ганеньне. З рашэньнем імпэратара сьвятой Іўсьцін адправіўся ў Азію, дзе асабліва моцна перасьледавалі хрысьціян, і сам распаўсюджваў радасную вестку аб імпэратарскім указе па навакольных гарадах і краінах.

У Эфэсе адбыўся дыспут сьвятога Іўсьціна з рабінам Трыфанам. Праваслаўны філёзаф на аснове старазапаветных прароцкіх пісаньняў даказваў ісьціну хрысьціянскага веравучэньня. Гэтая спрэчка выкладзеная сьвятым Іўсьцінам у кнізе “Гутарка з Трыфанам-жыдавінам”.

Другая “Апалёгія” сьвятога Іўсьціна была зьвернута да рымскага сената. Напісаная яна была ў 161 годзе, неўзабаве пасьля уступа на пасад Марка Аўрэлія (161 - 180).

Вяртаючыся ў Італію, сьвяты Іўсьцін, падобна Апосталам, усюды прапаведаваў Евангельле і сваім Боганатхнённым словам шматлікіх навярнуў да хрысьціянскай веры. Калі сьвяты прыйшоў у Рым, маючы зайздрасьць да яго Крыскент, якога Іўсьцін заўсёды перамагаў у спрэчках, узьвёў на яго шмат ілжывых абвінавачваньняў перад рымскім судом. Сьвяты Іўсьцін быў узяты пад варту, падвергнуты катаваньням і прыняў пакутніцкую сьмерць (+ 166).

Акрамя згаданых твораў, сьвятому мучаніку Іўсьціну Філёзафу прыналежыць яшчэ шэраг казаньняў “Зацемкі аб душы”, “Абвінавачаньні супраць элінаў”, “Прамова супраць элінаў”. Сьвяты Ян Дамаскін захаваў значную частку не дайшоўшай да нас кнігі сьвятога Іўсьціна “Аб уваскрэсеньні”. Царкоўны гісторык Яўсевій сьведчыць, што сьвятым Іўсьцінам былі напісаныя кнігі “Сьпявак”, “Абвінавачаньне усіх былых ерасяў” і “Супраць Маркіёна”.

Мошчы сьвятога Іўсьціна Філосафа спачываюць ў Рыме. У Кіеўскай (беларуска-украінскай) Царкве памяць мучаніка асабліва услаўляецца ў храмах на яго імя.

ЗВЫШГОДНЫ АГАПІТ КІЕВА-ПЯЧОРСКІ

Звышгодны Агапіт Кіева-Пячорскі быў манахам Кіева-Пячорскай лаўры, вылечыў хворых травой, якой і сілкаваўся – за гэта яго клікалі лекарам. Так, ён вылечыў аднаго прырэчнага на сьмерць, якому далі выпіць атруту, і шмат іншых сьмяротна хворых. І зайздросьцілі яму ілжывыя лекары іншаслаўныя ды падманам далі выпіць вялебнаму манаху сьмяротную атруту. Але выпіў яе звышгодны без шкоды здароўю ўласнаму. Бо Госпад ведае як выратоўваць ад злой сьмерці дабрачэсных: “... і калі што сьмяротнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.” (Мк. 16, 18)

Калі захварэў князь Уладзімір Усеваладавіч (Манамах), у часе свайго чарнігаўскага княжаньня, паслалі прасіць пячорскага ігумена Іаана, каб апошні адпусьціў звышгоднага Агапіта да князя. Але звышгодны Агапіт адмовіўся, прамаўляючы: “Калі я пайду да князя, тады мушу ісьці да ўсіх. Да ня будзе таго, каб я дзеля славы людскай з брамы манастыра выйшаў, у якім прад Богам прысягаўся заставацца да апошняга подыху.” Княскі пасланец пачаў пра­сіць звышгоднага даць травы дзеля лекаваньня князя. Калі князь пакаштаваў прысланай манахам травы, ён адразу вылечыўся. Адразу паехаў ён у Кіеў, каб пабачыць і ўзнагародзіць свайго выратавальніка. Але звышгодны Агапіт мовіў: “Усё, чым валодаў ты, зрабілася непатрэбным табе, калі паміраў ты і нічога не здольны быў забраць з сабой. Цяпер жа раздай усё тым, хто патрабуе, таму што дзеля гэтага і пазбавіў цябе Госпад ад сьмерці. Я б нічога сам не дасягнуў. І не задумаў мяне не паслухацца, каб зноў не пазнаць злога.” І ўзяўшы прынесенае золата, вынес усё з кельлі і кінуў, а сам схаваўся. Князь быў вымушаны аддаць прынесеныя дары ігумену ды распавесьці словы вялебнага манаха. І ўсе зразумелі – ёсьць Агапіт слугой Боскім. Ды ніколі не сьмелі выявіць няпослух словам звышгоднага манаха-лекара.

У той жа час жыў у Кіеве адзін армянін, які называў сябе лекарам і заўпэўніваў, што можа прадказаць дзень сьмерці хворага. Прад сваёй цялеснай сьмерцю, звышгодны Агапіт вылечыў аднаго хворага, прыгаворанага армянінам. Калі ж захварэў сам вялебны ойча Агапіт, прыйшоў да яго армянін і сказаў: “Ты памрэш праз тры дні, альбо я прыму пострыг у гэтым манастыры.” Звышгодны з вераю адказваў яму: “Вось якое твае лекарскае мастацтва: размаўляць аб сьмерці, замест таго каб дапамагаць хворым. Калі гэта ў тваёй уладзе, дай мне жыцьцё, замест таго каб прадракаць сьмерць праз тры дні! Госпад паведаў мне, што я праз тры месяцы пайду да Яго!”. У гэты час унесьлі хворага. Звышгодны з малітвай даў яму пакаштаваць траву і хворы зрабіўся цалкам здаровым. Пасьля гэтага Агапіт зьвярнуўся да армяніна і сказаў: “Паглядзі і скажы, што гэта за трава.” Паглядзеў армянін і адказаў: “Яна не з нашых траваў, а зь Александрыі”. І, пасьмяяўшыся зь ягонага невуцтва, адказаў армяніну звышгодны лекар Агапіт: “Як жа ты пасьмеў, ерэтык армянскі, увайсьці і апаганіць маю кельлю і трымаць маю грэшную руку? Выйдзі ад мяне, іншаверны і нячысты.” І армянін, засароміўшыся выйшаў. А звышгодны Агапіт, пражыўшы яшчэ тры месяцы, з малітвай адышоў да Госпада.

Пасьля сьмерці звышгоднага манаха-лекара Агапіта, прышоў армянін у манастыр і кажа ігумену: “Ад гэтага дня прыму я манаскія абетніцы, адмаўляюся ад армянскае веры, праваслаўна веру ў Госпада Ісуса Хрыста. Бо явіўся мне звышгодны Агапіт і мовіў: “Абяцаў ты прыняць манаскі вобраз і, калі абяцанку парушыш, загінеш целам і душой загінеш.” І ўвераваў я, бо калі б гэты Звышгодны пажадаў яшчэ доўга жыць тут, то Госпад не забраў бы яго з гэтага сьвету. Калі ж і прыняў яго Госпад, даў яму жыцьця вечнае. Веру, што ён яшчэ мог жыць з намі, але пайшоў ад нас зь уласнай волі – Нябеснага Ўладара жадаючы. Як раней я думаў, што не вытрымаць яму тры дні, то ён дадаў сябе тры месяцы. А кілі б я мовіў “тры месяцы”, то і тры гады пражыў бы ён. Але калі і памёр ён тут, то асяліўся ў нябёсах, дзе трывае жыцьцё вечнае і там жывы ён”. І прыняў армянін пострыг у Пячорскім манастыры Кіеўскім і тут ў добрай славе свае жыцьця скончыў.

Пасьля цялеснай сьмерці, звышгодны Агапіт быў пахованы ў пячорах Кіева-Пячорскай лаўры. Ад ХІ ст. да сёньня згублены лік хворых, што вылечыўся па малітве да сьвятога і ад датыканьня да ягоных сьвятых мошчаў. Таксама сьвяты Агапіт лічыцца патронам беларускіх і ўкраінскіх праваслаўных мэдыкаў.


Сёньня сьвяткуем памяць:

ЗВЫШГОДНАГА АГАПІТА КІЕВА-ПЯЧОРСКАГА

Мучаніка Іўсьціна Філёзафа;

Мучанікаў Іўсьціна, Харытона, Эўелпіста, Яракса, Пяёна, Валерыяна, Іўста і мучаніцы Харыты

Сёньня 1/14 чэрвеня 2009 л. Б.

Нядзеля, Усіх сьвятых