Sunday, November 27, 2011

ПРАВАСЛАЎНЫЯ БЕЛАРУСЫ ЛЬВОВА ПАМЯНУЛІ АХВЯР ГАЛАДАМОРУ

26 лістапада, па дабраслаўленьню кіруючага архірэя Львоўска-Самбірскае япархіі, Правялебнага уладыкі Іяана (Швеца), старшыня япархіяльнага прэс-цэнтру прат. Сяргей Горбік адслужыў у Львове 26 лістапада паніхіду па ахвярах Галядамору на беларускай мове для праваслаўных беларусаў горада і вобласьці.
У час служэньня протаіерэй Сяргей зьвярнуўся да вернікаў зь наступнымі словамі:

Слова ў дзень памяці ахвяр Галядамору на Украіне

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!

І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны. І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?  … і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.
(Адкр. 6:9 - 11).

Мы сёньня сабраліся, каб памоліцца за украінскіх мучанікаў: мужчын, жанчын, дзяцей - усіх тых, хто зрабіўся ахвярай Галядамору. Ён не быў стыхійным бедзтвам ці сьледзтвам няўмелага гаспадараньня на зямлі. Гэта было добра сплянаванае і ажыцьцёўленае злачынства камуністычнага кіраўніцтва СССР. У Крамлі, у цяпле і сытасьці, кіраўнікі дзяржавы старанна прадумвалі плян зьнішчэньня мільёнаў украінцаў.