Saturday, March 31, 2012

Сынксар у суботу пятага тыдня Вялікага Посту, пахвала Усясьвятой Багародзіцы (Субота Акафіста)

У гэты дзень мы сьвяткуем акафіст (пахвальны сьпеў) Усясьвятой Уладарцы нашай Багародзіцы па наступным чыньніку. У гады самадзяржаўнага кіраваньня ў Бізантыі імпэратара Іраклія пэрсідзкі цар Хазрой, бачачы, што грэцкая дзяржава паслабленая пасьля цараваньня тырана Фокі, паслаў аднаго са сваіх ваявод, па імі Сарвар, са шматтысячным войскам, каб скарыць сабе усе усходнія правінцыі імпэрыі. Хазрой спрабаваў зрабіць гэта і раней, загубіўшы каля ста тысяч хрысьціян, якіх юдэі выкуплялі ў яго і забівалі.
Галоўны ваявода Сарвар, захапіўшы увесь Усход, дасягнуў самога Халкідону, які зараз завецца Ускюдар. Цар Іраклій праз малыя залатых запасы пераплавіў царкоўныя сьвятыя сасуды на манэты для большай і дасканалай платы. Прыйшоўшы па Чорным моры ў пэрсідзкія краіны, ён скарыў іх, зусім перамогшы Хвзроя зь астатнімі войскамі. Неўзабаве Сіратлівай, сын Хазроя, здрадзіўшы свайго бацьку, захапіў уладу і, забіўшы Хвзроя, заключыў саюз з царом Іракліем. Але аварскі каган, які кіраваў і скіфамі, пазнаўшы, што цар адплыў па Чорным моры, — парушыўшы мірную дамову з грэкамі, прывёў стотысячнае войска і падышоў да Канстантынопаля зь заходняга боку, прамаўляючы богазьневажаньні (і пагрозы). Раптам усё мора напоўнілася караблямі, а зямля — незьлічонымі пешымі і коннымі ваярамі.

Thursday, March 29, 2012

Са злом дамаўляцца нельга…

У 20-х гадах ХХ стагодзьдзя, пасьля ўсталяваньня поўнага панаваньня бальшавікоў у Расеі, сьвяты Сілуян Афонскі напісаў наступныя радкі: Калі да мяне зьвярнуўся адзін рускі эмігрант з пытаньнем маім стаўленьні да падзей у Расеі, я адказаў, што патрэбна на гэта глядзець ў сьвятле Хрыстовай праўды і маралі. Натуральна, нельга моўчкі глядзець на баляваньне зла, бо зло – гэта не тая рэч, зь якой магчыма дамаўляцца. Калі пачынаецца панаваньне новага Бабілёну – гэта час вызначыцца ў сваім стаяньні ў Хрысьце, у сваім стаяньні ў праўдзе. Новы Бабілён можа ўладарыць толькі ў становішчы страху прад ім ды адсутнасьці мужнасьці ў статку Хрыстовы. У гэтым мы мусім кіравацца словамі Выратавальніка: “Ведайце праўду, а праўда вас вызваліць”. Таму рэжым і ягоных кіраўнікоў ды слуг трэба судзіць па праўдзе Эвангельля – тады рабы сатанінскія будуць выкрыты і не могуць лічыцца “царуючымі па волі Боскае”. І тут абарона Боскае праўды – гэта супраціў уладзе новага Бабілёна, супраціў сваім жыцьцём у праўдзе Хрыстовай… Супраціў тым, што сапраўдны хрысьціянін ніколі не пагодзіцца на стан раба сатаны, цара новага Бабілёну. Вернасьць Хрысту – гэта наш першы крок – ніколі не пагодзіцца на стан раба, нявольніка, адсутнасьці мужнасьці ацаніць рэчаіснасьць з пункту гледжаньня хрысьціяніна....

Wednesday, March 21, 2012

Петыцыя супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Amnesty International выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння.

Мы лічым, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Смяротнае пакаранне мы расцэньваем як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цвёрда перакананыя: нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы.

Sunday, March 18, 2012

Слова ў Крыжапаклону нядзелю

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня, у сярэдзіне Вялікага пасту, Сьвятая Праваслаўная Царква шануе Сьвяты Крыж Гасподні, той Крыж, на якім Хрыстос Выратавальнік прынёс Сябе ў ахвяру за выратаваньне роду чалавечага. Гэта глыбока сымбалічна, бо, калі сілы падзьвіжнікаў слабеюць і хрысьціяне стамляюцца, Царква усталявала вынесьці Сьвяты Крыж на сярэдзіну сьвятога храма для сузіраньня і цалаваньні. Выносіцца ён для таго, каб з глыбокай павагай гледзячы на яго і прыкладваючыся да яго, чэрпалі мы ад гэтай сьвятыні для сябе бадзёрасьць духу і ішлі на далейшае зьдзяйсьненьне цяжкага, але дабрадатнага подзьвігу Вялікага посту.
Бо перад вачамі нашымі ляжыць для поўнай глыбокай пашаны і цалаваньня Крыж Гасподні, сіла якога часта услаўляецца ў царкоўных малітвах і гімнах; то я жадаю, дарагія браты і сёстры, сказаць вам некалькі слоў пра ягоную сілу, месца ў нашым праваслаўным жыцьці. Калі думаем пра Сьвяты Крыж Гасподні, то зь аднаго боку усюды бачны яго дзіўную сілу і не ведаем на чым спыніцца, які выпадак узяць для прыкладу жыватворчай сілы Крыжа, яго вечнага месца ў справе нашага выратаваньня.

Sunday, March 11, 2012

АКАФІСТ УСІМ ЗВЫШГОДНЫМ АЙЦАМ НАШЫМ КІЕВА–ПЯЧОРСКІМ

Кандак 1
Богам абраны хор і сабор прыгожы, айцы нашы Кіева–Пячорскія, шматлікіх цудаў крыніца, манаскага подзьвігу ў Кіеўскае Русі першыя настаўнікі, мы вам, праз душэўнае жаданьне, імкнёмся прынесьці пахвальны сьпеў. Вы ж, маючы адвагу прад заснавальнікам подзьвігу Хрыстом і Богам нашым, маліцеся Яму, молім вас, каб ад усялякай бяды і скрухі былі мы вызвалены, каб з падзякай сьпявалі Вам: Радуйцеся, усе звышгодныя айцы нашы Кіева – Пячорскія, усясьветныя сьвяцільнікі, вялікія і ўсяслаўныя цудатворцы.
Ікас 1
Жыцьця падобнага анёльскаму пажадалі вы, айцы богамудрыя, мітусьню сьвету адкінуўшы, у пячорах цёмных і цесных пасяліліся, дзе працу вялікую і подзьвігі зьдзяйсьнялі, каб Хрыста праславіць, таму і чуеце, ад нас грэшных і нямоглых, такі сьпеў:
Радуйся, Антоні, стрыманьня, зьмераньня, послуху і маўчаньня прыклад, моцны шчыт веры праваслаўнай.
Радуйся, Феадосій, манахаў пахвала; радуйся, манастыра твайго надзвычайнае ўпрыгожаньне.
Радуйся, Міхайла, наш першы архіпастыр і настаўнік; радуйся, веры Хрыстовай стараны насаджальнік і паганства зьнішчальнік.
Радуйся, Прохар, цудатворца дабрашчасны, ты хлебам з белены ды сольлю з попелу галодных нагадаваў.

Monday, March 5, 2012

МАЛІТВА ЗА БЕЛАРУСКІ НАРОД

Сёньня над нашае Бацькаўшчынай хмары, бо перасьледуюецца і зьнішчаецца ўсё лепшае, усё самае сьветлае, што ёсьць на нашае Беларускае зямлі.... Стан беларусаў на Беларусі найлепш ілюструе апавяданьне ў аднаго афонскага манаха: "Падчас наведвання Афона адзін зняможаны вернік падышоў да іераманаха і папрасіў памаліцца за палітзняволеных сваёй краіны. Пры гэтым ён абавязкова прасіў памянуць па невялікім спісе кожнага з іх.
Іераманах уважліва паглядзеў на яго, вярнуў паперку зь імёнамі, і адмовіўся выканаць просьбу. Пілігрым разгубіўся: “Чаму, ойча? Вось жа аркуш з імёнамі...”
Святар з сумам растлумачыў: “Мне не хопіць жыцця, каб пералічыць па імёнах УСІХ ЖЫХАРОЎ ТВАЁЙ КРАІНЫ. Бо там, дзе чалавек не мае свабоды, дзе нехта прысвоіў сабе права адзінаасобна вырашаць іхнія лёсы — там зняважаная воля Госпада нашага, і ўсе вы зняволеныя. Проста большасць жыхароў тваёй краіны гэтага яшчэ не разумее...."

Таму памолімся, браты і сёстры, за нашу краіну - Сьвятую Беларусь:


Выратуй, Гасподзь, народ Свой і выратуй мяне.
Але калі не выратуеш народ Твой, а выратуеш мяне, я і ў раю буду як ў вязьніцы цёмнай.
Пачуй, Гасподзь, малітву сьвятых і праведнікаў Тваіх, сьвяціцеля Кірылы і сьвятой маці нашае Еўфрасіньні, ды грэшнікаў народу Твайго выратуй, разам са мной, грэшным і нямоглым.
Як Ты выратоўваў Ерусалім ад бязбожніка і крыўдаў, так выратуй і Беларусь ад згубы нягоднага, ды апяюць усе выратаваньне ад Цябе, а не ад чалавека.

Sunday, March 4, 2012

Слова ў Нядзелю Урачыстасьці Праваслаўя

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня адмысловы дзень — дзень Урачыстасьці Праваслаўя, дзень імпрэзы Сьвятой Праваслаўнай, Саборнай і Апостальскай Царквы, Царквы Пераможнай — Нябеснай і Царквы ваяўнічай — зямной.
Сёньня, у век плюралізму, гэта значыць усеагульнай абыякавасьці, абыякавасьці да Праўды, гэта Урачыстасьць Царквы шмат каму можа здаецца архаічным і нават небясьпечным сьвятам. Бо нават тыя, хто не часта адкрывае Эвангельле, ведаюць, што ў ім гаворыцца пра любоў. Ці не самае галоўнае ў хрысьціянстве — любоў? Ці не з—за недахопу любові варожасьць і падзелы сярод хрысьціян? Так, крыніца падзелаў — у недахопе любові, але не хапае, першым чынам, не любові да блізкага свайго, але менавіта любові да Бога, — і таму азмрочваецца духоўны позірк чалавека і ужо не пазнае ён Нябеснага Айца свайго. А не ведаючы Айца, не ведае і не пазнае братоў.

Saturday, March 3, 2012

БАГАСЛУЖЭНЬНЕ У СУБОТУ ПЕРШАГА ТЫДНЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

На ранішняй

Пасьля шасьціпсальмаў сьпяваем: Бог Госпад:, на тон 2, і трапар сьвятога Хведара двойчы: Вялікія веры зьдзяйсьненьня: Слава: Цяпер: Багародзічны: Усё вышэй розуму: І звычайнае вершаслоўе. Пасьля 1 вершаслоўя сьпяваем сядальны мучанікам бягучага тону Актоіха з Багародзічным.

Пасьля 2 вершаслоўя сядальны сьвятога Хведара, тон 3

Кіпячы вераю праваслаўнай, / згасіў ты памылку ганебную, / бязбожнасьць ідаласлужэньня скасаваўшы; / і стаўшы усяспаленьням боскім, / цудатворствам абрашаеш сусьвету канцы; / пакутнік хвалебны, Хрыста Бога молі, / падаць нам вялікую міласьць.
 

Friday, March 2, 2012

БАГАСЛУЖЭНЬНЕ Ў ПЯТНІЦУ ПЕРШАГА ТЫДНЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Пасьля прадначартальнай псальмы чытаем кафізму 18

На “Госпада клічу:”вершыры на 10, тон 5

Прыйдзіце, праваслаўныя, / будзем рабіць у сьвятле справы Боскія, / як у дзень будзем рабіць набожна, / усялякую несправядлівую распіску бліжэйшага адрынем ад сябе, / не даючы яму прытулку альбо спакусы. / Пакінем задаволеньня цела, / узрасьцім душэўныя здольнасьці, / дадзім хлеб патрабуючым, / і прыступім да Хрыста ў пакаяньні кліча: / “Божа наш, памілуй нас!” (2)
Затым сьпяваем чатыры вершыры зь актоіха, належнага тону.

Затым саматоныя 4, сьвятога Хведара, тон 2

Прыйдзіце ўсе, любячыя мучанікаў, / духоўна ўзьвяселімся і ўзрадуемся, / бо прапануе ў гэты дзень трапэзу таямніча мучанік Хведар, / весялеючы нас, любячых сьвяткаваць, / і тым падахвочвае заклікаць да яго: / “Радуйся пакутнік непераможны, / пагрозы тыранаў на зямлі зваяваўшы. / Радуйся, тленнае тваё цела за Хрыста Бога аддаўшы на мучэньня. / Радуйся ў розных бедах выявіўшыся / сапраўдным ваяром нябеснага войска. / Таму молім цябе, мучанікаў упрыгожаньня, / замаўляй аб душах нашых.