Wednesday, June 29, 2011

ЛІТУРГІЯ, СЫМБАЛЬ І ТАЯМНІЦА

прат. А. Шмеман
Я не ведаю, колькі праваслаўных сьвятароў ужо прамаўлялі з гэтае трыбуны, і не ведаю, колькім яшчэ будзе выступаць у будучыні, пасьля таго, як я сёньня зраблю свой выступ. Аднак, паколькі сэмінарыя разьмешчана на поле бітвы (Увосені 1863 г., падчас грамадзянскай вайны, у Геттысбурге адбылася кровапралітная бітва, якое прынесла перамогу войска паўночнікаў. — заўв. перакладчыка.), верагодна, варта ўспомніць, што экумэнічны рух — гэта не проста павярхоўна—ветлівыя адносіны, пры якіх мы зьмяшчаем побач езуіта, рабіна, пратэстанта, праваслаўнага і вялікі амэрыканскі сьцяг і усё усьміхаемся адзін аднаму ў духу новай эры, але ў яго ёсьць і іншы бок. І заўсёды варта памятаць пра два бакі гэтага руху. Па-першае, трэба паглядзець, наколькі мы сапраўды адзіныя, адзіныя ў Хрысьце, а па-другое — наколькі мы сапраўды разьяднаны. Думаю, што калі мы разарвём сувязь паміж гэтымі двума пытаньнямі, то зьмесьцім экумэнічны рух у няправільную пэрспэктыву.