Tuesday, April 13, 2010

СЁНЬНЯ – РАДАЎНІЦА

У аўторак наступнага пасьля Вялікадня тыдня - найбольш шанаванае ў шэрагу памінальных гадавых сьвятаў. Назва яго паходзіць ад слова “радасьць”, радасьць, якую прынесла і жывым і мёртвым Уваскрэсеньне Хрыстова.

Гэта дзень, калі жывыя нібыта дзеляцца ёй зь мёртвымі ў надзеі усеагульнага уваскрэсеньня.

Пасьля памінальнай літургіі ў царкве праваслаўныя беларусы разам зь сьвятарамі ідуць на могілкі, дзе адбываецца чын парастасу і прыватнага памінаньня. У шматлікіх месцах Беларусі магілы блізкіх накрываюцца сьветлым абрусам, крыжы абвязваюцца каляровымі вышытымі рушнікамі, на іх вешаюць вяночкі са штучных кветак.

Ля магіл застаюцца даволі доўга, успамінаюць блізкіх, што пакінулі гэты сьвет. Раней на сьвежых магілах галасілі, такім чынам выказваючы нястрымны боль страты. Па народным звычаі, каля пахавальных крыжоў звычайна пакідалі асьвячоныя Велікодныя яйкі і кавалак пасхальнага куліча.

Памінальная трапэза звычайна пачынаецца пасьля палудня. Сярод абавязковых абрадавых страў яе посная куцьця, кулічы, велікодныя яйкі. Рэшткі страў звычайна аддавалі жабракам, бо верылі, што аддадзенае ім так ці інакш дойдзе да нябожчыкаў.

Сьвяткаваньні Радаўніцы звычайна завершваліся прыватнай малітвай за памёршых сваякоў у сямейным коле.