Sunday, October 10, 2010

ІЛЮМІНАЦЫЯ ТУРАЎСКАГА ЭВАНГЕЛЛЯ ХI СТАГОДДЗЯ

Васіль Пуцко
Агульная колькасьць раньніх славянскіх рукапісаў, датаваных часам да 1100 г., у цэлым невялікая, і кожная зь іх даўно заслугоўвае усебаковага вывучэньня. Пакуль што такі гонар мелі зусім нямногія помнікі, а са знойдзеных на гістарычнай тэрыторыі Беларусі — толькі Супрасьльскі рукапіс 1 . Тураўскае эвангельле, вядомае як сьпіс ХI ст., ужо хутка пасьля яго адкрыцьця не раз прыцягвала да сябе увагу розных дасьледчыкаў. Што да мастацкага аблічча кнігі, то наконт яго выказваліся надзвычай рэдка і невыразна 2. Прычынай была фрагмэнтарная захаванасьць кнігі, аформленай даволі сьціпла, як, зрэшты, і іншыя сучасныя ёй славянскія кодэксы.

АБ ЛЮБОВІ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы закліканы любіць адзін аднаго. Любоў пачынаецца зь моманту, калі мы бачым у чалавеку нешта такое каштоўнае, такое сьветлае, такое дзівоснае, што варта забыць сябе, забыцца пра сябе, і аддаць усё сваё жыцьцё — свой розум, сваё сэрца на тое, каб гэтаму чалавеку было сьветла і радасна. Гэта не абавязкова толькі звычайная, зямная радасьць, гэта можа быць нешта большае. У стаўленьні да Бога, напрыклад, калі мы кажам, што мы Яго любім, мы павінны паставіць перад сабой пытаньне: ці зьяўляецца Ён сам вялікай каштоўнасьцю ў маім жыцьці? Ці гатовы я так пражыць, каб Ён мог за мяне цешыцца? Ці здольны я на тое, каб адмовіцца ад сябе дзеля таго, каб толькі аб Ім думаць? Гэта не значыць не думаць ні аб чым іншым, але думаць так, каб Яму радасьць была ад думак маіх і ад наступных дзеяньняў...