Saturday, May 29, 2010

ГАРА АФОН І КІЕЎСКАЕ (БЕЛАРУСКАЕ) МАНАСТВА

архіяпіскап Афанасій (Мартас)

У бягучым годзе адзначаецца 1000—годзьдзе сьвятой Афонскай гары — цэнтру праваслаўнага манаства і сьвяцейшага месца пасьля Палестыны. Гэты юбілей супадае з беларуска—украінскім праваслаўным юбілеем. Дагэтуль на Афоне захаваліся манастыры Кіеўскае Царквы, беларускія і украінскія пустэльнікі, сьвятыні і званы, якія зьнішчаныя ў нас на радзіме. На вялікі жаль, шматлікія праваслаўныя на чужыне мала або наогул нічога не ведаюць аб Афоне. Задачай гэтага артыкула, хоць сьцісла пазнаёміць нашых чытачоў, якое значэньне мае гэтая сьв. Гара для Беларусі і беларускага манаства. Да часу прыняцьці Кіеўскае Русьсю Хрысьціянства, Афон ужо меў славу сьвятой Гары, месца высокіх аскетычных подзьвігаў і сузіральнага жыцьця. Неўзабаве пасьля асьветы сьвятлом Хрыстовым Кіеўскае Русі сюды пацягнуліся беларусы і украінцы, аматары бязьмоўя і духоўнага жыцьця. Прылучаючыся да высокай аскетычнай культуры сьвятой Гары, некаторыя зь іх вярталіся і пераносілі на радзіму досьвед строгіх манаскіх подзьвігаў і статутаў манаскага жыцьця. Такім чынам, усталявалася цесная духоўная сувязь беларускага і украінскага манаства зь Афонам. Гэтая сувязь не слабела на працягу стагодзьдзяў.

Першым падзьвіжнікам быў заснавальнік Кіева—Пячорскае лаўры звышгодны Антоній. Вярнуўшыся ў Кіеў, звышгодны Антоній перанёс правілы афонскага жыцьця на радзіму. Звышгодны Хвядос Пячорскі працягваў у Кіеўскае Русі дзела звышгоднага Атанія. Ужо пачынаючы з 12—го стагодзьдзя зносін беларускага і украінскага манаства зь Афонам робяцца вельмі ажыўленымі. Вялікае Княства Літоўскае (Беларусь) наведваюць афонскія манахі, якія знаёмяць сваіх беларускіх і украінскіх братоў з творамі Сьвятых Айцоў, жыцьцяпісамі сьвятых, закладаюць тут манастыры, у якіх уводзяць афонскія статуты.

Моцным было узьдзеяньне Афона на манаства Кіеўскае Царквы і глыбока пранікала яно ў яго асяродзьдзе. І не толькі на манаства уплываў Афон, але таксама на узьнікаючую арыгінальную старажытную беларускую літаратуру, якую узбагачалі афонскія манахі: Япіфаній Прамудры, Пахомій Сэрб, сталы самым пладавітым пісьменьнікам Кіеўскае Русі. Над перакладамі сьвятаайцоўскае літаратуры на беларускую мову шмат папрацавалі не толькі беларускія манахі, якія зыходзілі для гэтай мэты на Афон, але і манахі Афонскай гары. Характэрным для усіх гэтых перакладаў і рукапісаў зьяўляецца тое, што усе яны маюць аскетычны зьмест, які сьведчыць аб патрэбе беларускіх манахаў менавіта ў літаратуры такога кірунку. Афон, як узор і кіраўнік манаства, не згубіў сваё значэньні для Беларусі і ў далейшым. Нязгодныя зь духоўным прыгнётам Расейскага праваслаўя, беларускія падзьвіжнікі сыходзілі на Афон і папаўнялі лік манахаў грэцкіх манастыроў.

Цяпер у Беларусі манаства зьнішчана бязбожнікамі, а на Афоне яно высілілася. Пад уплывам матэрыялістычнай культуры нашага часу моцна саслабеў прыток новых кандыдатаў, якія шукаюць падзьвіжніцкага жыцьця, што значна паменшыла колькасьць манахаў у манастырах сьвятой Гары Афон.

Прытоку новых сіл няма. Верым, што Беларусь духоўна і дзяржаўна адродзіцца, а зь ёю заквітнее і беларускае манаскае жыцьцё на Афоне.

першая субота пасьля Пяцідзесятніцы 1959 г.