Thursday, September 8, 2011

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ СЛАЎНАЕ ПЕРАМОГІ ПАД ВОРШАЙ – 8 ВЕРАСЬНЯ 1514 ГОДА

прат. Сяргей Горбік
Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх
Ян. 15:13
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Гісторыя Беларусі і Украіны, двух братэрскіх народаў, якія стварылі Кіеўскую Русь і  Вялікае Княства Літоўскае, багатая вайсковымі перамогамі, якія здабылі незгасальную славу беларускаму і украінскаму народам. Задумам Божым Беларусі і Украіне пасылаліся шматлікія выпрабаваньні, але яны заўсёды выходзіла зь іх з гонарам і славай, узыходзячы ад сілы ў сілу. Гэтыя выпрабаваньні сталі горнам, у якім выкоўваўся і гартаваўся дух беларускага і украінскага народаў.
Адмысловае месца ў гэтым шэрагу займае бітва пад Оршай, якая была сапраўды лёсавызначальнай у гісторыі Беларусі і Украіны. У цяжкі час, калі шматлікія орды усходніх варвараў, маскоўскіх захопнікаў, паганілі сьвятыні Кіеўскага праваслаўя і спусташалі землі Беларусі і Украіны, пагражалі самаму існаваньню нашых народаў, Усядобраму Задуму Божаму заўгодна было выявіць вялікую літасьць. Успомнім: стотысячнаму войску маскоўскіх захопнікаў супрацьстаяла толькі трыццаць тысяч адважных праваслаўных рыцараў пад ваярскім кіраваньнем князя Кастуся Астроскага, нашчадка хвалебнага роду вялікіх ваяроў і сьвятых падзьвіжнікаў Кіеўскага праваслаўя. На аршанскім полі было сапраўды паказана веліч Праваслаўнага духу нашых продкаў, паказаны прыклад любові да Бога і Радзімы, прыклад самаахвяраваньня ў імя Хрыста і Айчыны.