Friday, August 21, 2009

ПЕРАМЯНЕНЬНЕ ГОСПАДА (ДРУГІ СПАС)


Ісус Хрыстос у бяседах з Сваімі вучнямі часта казаў ім, што Яму патрэбна крочыць у Ерусалім. Па шляху ў Ерусалім Ён ім абвясьціў: “Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.” (Мц. 20:18,19)


Ісус даў магчымасьць некаторым Сваім вучням бачыць Яго боскую веліч і славу. Сярод вучняў было тры, якіх Ён найбольш любіў. Гэта былі Пятро, Якаў і Ян. Знаходзячыся ў Галілеі, Хрыстос, узяўшы іх з сабой, пайшоў на высокую гару Фавор і пачаў маліцца. У часе малітвы Ісус перамяніўся на вачах апосталаў. Яго твар раптоўна перамяніўся і зазьзяў, як сонца, а вопратка Яго пабялела, як сьнег. І вось зьявіліся да іх Майсей і Ільля і размаўлялі з Ім. М адклікнуўся Пётр і прамовіў да Ісуса: “Госпадзі, добра знаходзіцца нам тут! Калі жадаеш, пастаўлю тут тры намёты: для Цябе адзін, і адзін для Майсея, і адзін для Ільлі!” Калі ён гэта казаў, сьветлая хмара надышла на іх, і голас з хмары пачуўся, які казаў: “Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце!” А пачуўшы гэта, пападалі вучні на зямлю і моцна спужаліся. А Ісус падышоў, дакрануўся да іх і прамовіў: “Уставайце і не бойцеся!” Узьняўшы ж вочы свае, нікога яны не пабачылі, апрача Самога Ісуса. А калі х гары сыходзілі, зьвярнуўся да іх Ісус і прамовіў: “Нікому не кажыце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.” (Мц. 17:3-9). Апосталы прамаўчалі і нікому нічога не казалі аб пабачаным.

У словах Пятра: “Госпадзі, добра нам тут быць…” апосталы на хвіліну адчулі асалоду Царства Нябеснага, якое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Прыйдзе час, калі Госпад Ісус зноў зьявіцца ў славе, у якой Ён тады зьявіўся Сваім вучням, з Ім прыйдуць усе збаўленыя Ім.

Чаму Ісус Хрыстос толькі тром вучням паказаў славу сваёй Боскасьці? На думку сьв. Яна Дамаскіна, Хрыстос узяў з сабой Пятра, каб ён, які на людзях вызнаў Боскасьць Хрыста, пачуў пацьверджаньне свайго вызнаньня і ад Нябеснага Айца. Госпад ўзяў на Фавор Якава, бо ён меўся быць першым япіскапам Ерусаліму і першы з апосталаў меўся аддаць сваё жыцьцё за Хрыста. Выратавальнік зрабіў сьведкам Свайго перамяненьня і апостала Яна, бо ён быў Яго ўлюблёным вучням.

Усе тры апостала, сьведкі Хрыстовай славы на Фаворы, будуць пасьля сьведкамі і Ягонай агоніі ў Аліўнам Садзе. Як глыбока перамяненьне Хрыста ўразіла іх сэрцы, гаворыць тое, што яны аб ім пісалі пасьля шматлікіх гадоў. Апостал Пётр у сваім другім пасланьні веру ў Хрыста ўмацоўвае ўспамінам аб Ягоным слаўным перамяненьні, кажучы, што яны былі “відавочнымі” сьведкамі Ягонай велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі да Яго прыйшоў такі голас ад вялікай славы: “Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў”. І гэты голас мы чулі, як сыходзячы з нябёсаў, калі мы былі зь Ім на сьвятой гары. А сьв. Евангеліст Ян з захапленьнем напісаў у сваім Евангельлі: “І мы славу Яго бачылі – славу Адзінароднага ад Айца, дабрынёй і праўдай напоўненага”.

Сьвята Перамяненьня Госпада належыць да вялікіх двудзесятых сьвятаў нашай Царквы. Яно мае адзін дзень прад і сем дзён пасьлясьвята. Гэтае сьвята прыпадае на той час, калі пасьпяваюць плады зямлі. І ад старажытных часоў у Праваслаўнае Царкве ў гэты дзень у падзяку Богу адбываецца дабраслаўленьне першых зямных пладоў. Гэты звычай пераняла хрысьціянская Царква ад Старога Запавету, які загадваў прыносіць першыя плады да Храма Госпада. У канцы Выхаду чытаем: “Самае лепшае з першых пладоў зямлі тваёй прынясеш у дом Госпада, Бога твайго”. “Як увойдзеце ў зямлю – пішацца ў кнізе Левіт – што хачу вам даць, і там будзеце жаць жніво, то прынясеце сноп, першы плод вашага жніва, сьвятару”.

Звычай дабраслаўляць у царкве першыя плады прыпісваюць Апостальскія правіла з канца ІІІ стагодзьдзя. Апостальскія пастановы (IV стагодзьдзе) маюць малітву на асьвячэньне першых пладоў. Шосты Сусьветны сабор 691 году гаворыць аб дабраслаўленьні першых пладоў вінаграду і пшаніцы.

У Грэцыі ў жніўні дасьпяваюць вінаград і пшаніца. У Беларусі іх замяняем вінаград яблыкамі і іншай садавіной.

Калісьці праваслаўныя сяляне да гэтага дня не ўжывалі садавіны, бо гэта лічылася грахом. Павярнуўшыся з царквы, сям’я садзілася за стол і абедала: спажывалі яблыкі з мёдам і запівалі вінаградным альбо яблычным віном – “каб садавіна радзіла”.

Трапар сьвята:

Зьмяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, / паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, / наколькі гэта было для іх магчыма. / Ды зазьзяе і нам, грэшным, / сьвятло вечны Тваёй, / па малітвах Багародзіцы; / Падавец сьвятла, слава Табе!