Friday, August 7, 2009

ЗАЯВА ПАТРЫЯРХІІ ЎКРАІНСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ З НАГОДЫ ЗАКАНЧЭНЬНЯ ВІЗЫТУ ВА ЎКРАІНУ ПАТРЫЯРХА МАСКОЎСКАГА І ЎСЁЙ РУСІ.


Шчыра жадаючы аднаўленьня еднасьці Ўкраінскае Царквы, Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква лічыць, што адзіным шляхам да еднасьці ёсьць брацкі дыялёг паміж падзеленымі галінамі ўкраінскага праваслаўя.

Менавіта таму наша Царква сёньня глыбока занепакоена публічнымі выступамі і дзеямі Патрыярха Кірылы, сьведкамі якіх зрабілася ўкраінская грамада ў часе візыту Патрыярха Маскоўскага ў нашу краіну.

Мільёны праваслаўных украінцаў спадзяваліся, што візыт новага Патрыярха Рускай (Расейскай) Праваслаўнай Царквы адчыніць новыя магчымасьці для дыялёгу аб аднаўленьні еднасьці ўкраінскага праваслаўя. Але патрыярх Кірыла не толькі адмовіўся ад сустрэч і перамоваў з прадстаўнікамі ўкраінскага аўтакефальнага руху, але і прадэманстраваў, што ён зьяўляецца суцэльным і прынцыповым праціўнікам украінскай царкоўнай незалежнасьці.

Візыт Патрыярха Кірылы ва Ўкраіну засьведчыў, што мэты вышэйшага кіраўніцтва РПЦ адносна Ўкраіны ёсьць далёкімі ад тых мэтаў, якія мусіць ставіць прад сабой Сьвятая Праваслаўная Царква. Аналіз дзеяў і прамоў Патрыярха Кірылы сьведчыць аб тым, што ягоны візыт мае не толькі пастырскі, але і выразны палітычны характар.

Публічныя заявы Патрыярха Кірылы сьведчаць аб тым, што, параўнальна з памёршым Патрыярхам Алексіям ІІ, ён заняў новую, больш радыкальную пазыцыю адносна ўкраінскага царкоўнага пытаньня. У прыватнасьці, відавочна, што Патрыярх Кірыла:

1. Не бачыць а ні ва Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а ні ва ЎПЦ Кіеўскага Патрыярхату паўнавартасных партнёраў у справе дыялёгу і аднаўленьня еднасьці Ўкраінскае Царквы;

2. Лічыць украінцаў і расейцаў не дзьвюма братнімі народамі, а адзіным народам (у прыватнасьці ў часе выступаў у Крыму Патрыярх неаднаразова выкарыстоўваў выслоўе “наш народ” адносна сучасных украінскага і расейскага народаў);

3. Без належнай павагі ставіцца да ўкраінскае дзяржавы, што выяўляецца, у прыватнасьці, у некарэктным стаўленьні да Прэзыдэнта Ўкраіны (выступ 27.07.2009 пасьля пакладаньня кветак да помніка ахвярам Галадамору);

4. Фармальна асуджаючы “палітычнае праваслаўе”, напраўду прытрымліваецца гэтай памылковай царкоўнасьці, што, у прыватнасьці, выявілася ў тым, што Патрыярх дазваляе сябе ўмешвацца ў палітычнае жыцьцё Ўкраіны робячы адпаведныя заявы і дзеі;

5. Заклікае грамадзян Украіны да акцый грамадзянскай непакоры ў выпадку абвяшчэньня ва Ўкраіне аўтакефаліі (выступ у Данецку);

6. Прытрымліваўся выразна акрэсьленай палітычнай гістарычна -філязоўскае канцэпцыі, згодна якой Расея, Украіна і Беларусь разам мусяць складаць ядро “расейскага сьвету” альбо “цывілізацыі”, якая супрацьстаўляецца Захаду;

7. Лічыць немэтазгоднай не толькі аўтакефалію Ўкраінскае Царквы, але і сучасны статус УПЦ як самакіраванай Царквы з правам шырокай аўтаноміі (аб гэтым сьведчыць той факт, што Патрыярх у працягу свайго візыту публічна амаль не згадваў аб тым, што ЎПЦ ёсьць самакіраванай Царквой з правам шырокай аўтаноміі, але націскаў на ідэю еднасьці і непадзельнасьці Маскоўскага Патрыярхату);

8. Лічыць дэкаратыўнай пасаду Кіраўніка ЎПЦ (аб гэтым, у прыватнасьці, сьведчыць той факт, што ў часе візыту расейскі бок сыстэмна парушала царкоўны пратакол такім чынам, каб штучна зьменшыць годнасьць Кіраўніка ЎПЦ);

9. Намагаецца распрацаваць і зацьвердзіць уласную гісторыясофію Кіева як агульнага дзеля Ўкраіны і Расеі “Ерусаліму” і “Канстанцінопаля”. Разам з тым, Патрыярх прагне замацаваць у царкоўнай сьвядомасьці значэньне старажытнага Хэрсанэсу як альтэрнатыўнага Кіеву старажытнага хрысьціянскага горада;

10. Лічыць сябе сапраўдным (на супрацьвагу Сусьветнаму Патрыярху Варфаламею) духоўным лідэрам праваслаўнага сьвету і “расейскай цывілізацыі”. Штучна і насуперак гістарычным дадзеным інтэрпрэтуе тытуляцыю Патрыярха Маскоўскага (“Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі, і ўсіх Паўночных краін”) такім чынам, каб апраўдаць сваю кананічную ўладу над краінамі СНД;

11. Сьцьвярджае, што РПЦ ўваходзіць да Пентархіі – сыстэмы вяршэнства ў непадзельнай Царквы пяці патрыярхаў (Рыму, Канстанцінопаля, Александрыі, Анціохіі і Ерусаліму). Аднак, сыстэма Пентархіі склалася пасьля IV Сусьветнага Сабору (451 г.), а заснаваньне Маскоўскага Патрыярхату адбылося больш чым на тысячагодзьдзе пазьней (1593 г.). Апрача гэтага, рашэньня аб уключэньні Маскоўскага Патрыярхату да сыстэмы Пентархіі ніколі не прымалася ўсяправаслаўнай паўнатой, а багаслоўская думка РПЦ у часы патрыярха Алексія ІІ не лічыла Пентархію актуальнай сыстэмай царкоўнага кіраваньня, падкрэсьліваючы, што ўсе аўтакефальныя Цэрквы ёсьць роўнымі ў сваёй годнасьці;

12. Лічыць кананічна немэтазгоднымі аўтакефаліі краінаў балканскага рэгіёну, у прыватнасьці, Балгарскай, Сэрбскай і Румынскай (выступ Патрыярха Кірылы 29.07.2009 г. у часе сустрэчы з клірыкамі, выкладчыкамі і студэнтамі КДАіС)

Асобнай згадкі варта ідэя, якая была абвешчана ў часе абмеркаваньня набліжанымі да Патрыярха Кірылы расейскімі журналістамі – прапазыцыя адносна да заснаваньня ў Кіеве рэзыдэнцыі Патрыярха Маскоўскага. Няцяжка зразумець, што ў выпадку падобнага кроку, вышэйшае кіраўніцтва РПЦ будзе ставіць пытаньне аб зьмене тытулу “Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі” на “Патрыярха Маскоўскага, Кіеўскага і ўсёй Русі”. Зразумела і іншае – уводзячы да тытулу Кіраўніка РПЦ дадатковы тытул “Кіеўскі”, РПЦ будзе намагацца скасаваць пасаду Мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Украіны, для кананічнага кіраваньня горадам Кіевам можа быць прызначаны патрыяршы Вікарый. Такім чынам, рашыўшыся на такі некананічны крок, першагерарх РПЦ:

· зьнішчыць любыя адзнакі самастойнасьці і незалежнасьці ў кіраваньні ЎПЦ, ператварыўшы яе з самакіраванай Царквы ў складзе Маскоўскае Патрыярхіі на супольнасьць япархій РПЦ на тэрыторыі Ўкраіны;

  • правакуе глябальны канфэсійны канфлікт ва Ўкраіне;
  • узмацняе падзел паміж заходнімі і ўсходнімі рэгіёнамі Ўкраіны;

· ператварае сёньняшнюю ЎПЦ на цалкам залежную ад Масквы структуру і прыладу імпэрскага палітычнага ўплыву з мэтай вяртаньня Ўкраіны да палітычнага і дзяржаўнага поля Расеі.

У сваю чаргу наша Царква разглядае падобныя пляны РПЦ як непрыхаваную агрэсію адносна ЎПЦ і ўкраінскага праваслаўя цалкам. Адначасна мы з сумам канстатуем, што калі вышэйшае кіраўніцтва РПЦ рашыцца на падобнае кананічна неапраўданае рашэньне, гэта прывядзе толькі да новых царкоўных падзелаў і спыненьню дыялёгу аб аднаўленьні еднасьці ўкраінскага праваслаўя паміж УПЦ і нашай Царквой. Зьмена тытулу Маскоўскага Патрыярха не зьніме з парадку дзённага пытаньне стварэньня ва Ўкраіне Памеснай Праваслаўнай Царквы. Аднак, такі імпэрскі палітычны крок здолее яшчэ больш ускладніць кананічнае становішча ва Ўкраіне, правакуючы завастрэньне адносін паміж украінскім аўтакефальным рухам і РПЦ.

Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква заклікае ўкраінскіх царкоўных, дзяржаўных і палітычных дзеячаў зьвярнуць увагу на такі плян вышэйшага кіраўніцтва РПЦ і адэкватна адрэагаваць на новыя абставіны царкоўна-канфэсійнага жыцьця ў краіне. Украіна – шматканфэсійная і мульцікультурная краіна, і яе грамадзяне з павагай ставяцца да ўсіх канфэсій і культур, якія існуюць на нашай дабраслаўлёнай зямлі. Аднак, у лёсавызначальны для нашай краіны час, калі існуюць намаганьні зьнішчыць нашу дзяржаўную і царкоўную незалежнасьць, украінская грамада мусіць мужна выступіць на абарону царкоўных і нацыянальных вольнасьцяў.

Беручы да ўвагі ўсё вышэй выкладзенае, мы з сумам канстатуем, што характар візыту Патрыярха Кірылы сьведчыць аб тым, што гэты герарх не налагоджаны на правядзеньне дыялёгу адносна аднаўленьня царкоўнай еднасьці ўкраінскага праваслаўя. Дзеі і словы Патрыярха Кірылы сьведчаць, што ён не лічыцца з думкай япіскапату ЎПЦ, які асудзіў “палітычнае праваслаўе” у сьнежні 2007 году, а сьвядома намагаецца навязаць гэтай Царкве ролю прылады выкананьня ва Ўкраіне палітычнага ўплыву Расеі.

У часе свайго візыту ва Ўкраіну Патрыярх Кірыла шмат казаў аб еднасьці. Але царкоўная еднасьць разумецца Патрыярхам Кірылам выключна ў адміністрацыйным асьпэкце: як юрысдыкцыйная еднасьць Маскоўскага Патрыярхату. Больш таго, сама па сябе кананічная еднасьць Украінскай Царквы з Маскоўскім Патрыярхатам для Патрыярха ёсьць недастатковаю. У большасьці сваіх прамоў патрыярх Кірыла згадваў аб тым, што Расея, Украіна і Беларусь ёсьць “адзіная расейская цывілізацыя”, аднаўленьню якой, на ягоную думку, мусіць спрыяць РПЦ. Такім чынам, пазыцыя Патрыярха Маскоўскага фактычна ёсьць наскрозь палітычнай, а ідэалёгія, якую ён прапагандуе – крыху падноўленай вэрсіяй расейскай імпэрскай ідэалёгіі.

Падмена хрысьціянскага вучэньня сьвецкай ідэалёгіяй, замена праваслаўнага царкоўнага мышленьня на геапалітычнае, сытуацыйная інтэрпрэтацыя кананічнай традыцыі Праваслаўнай Царквы, усё гэта – характэрныя адзнакі шматлікіх прамоў і публічных выступленьняў Патрыярха Кірылы ва Ўкраіне. Мы глыбока занепакоены гэтай тэндэнцыяй штучнай палітызацыяй царкоўнага жыцьця. На нашу думку, палітыка і геапалітычныя інтарэсы не мусяць вызначаць жыцьцё Царквы.

Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква з сумам канстатуе, што гэтую новую пазыцыю вышэйшага кіраўніцтва РПЦ не можа быць узята за падмурак яднаньня праваслаўных хрысьціян у нашай краіне. Геапалітычны міф аб “расейскай цывілізацыі” альбо “сьвет” не здольны аб’яднаць Украіну. Наадварот яго прапаганда з дапамогай царкоўных структур прынясе новы разлад у царкоўнае жыцьцё Ўкраіны, узмоцніць супрацьстаяньне паміж праваслаўнымі хрысьціянамі з украінскай і расейскай культурнай ідэнтычнасьцю, паглыбяць рэлігійны, моўны і палітычны падзел, які існуе ва ўкраінскім народзе.

Праграма Патрыярха Кірылы нечым нагадвае праграму аднаго з ягоных папярэднікаў на маскоўскай катэдры – Патрыярха Нікана, які намагаўся мадэрнізаваць Расейскую Царкву, зацьвердзіць яе лідэрства ў праваслаўным сьвеце. Патрыярх Нікан лічыў сябе саўладаром Расейскай дзяржавы і называў сябе “вялікім спадаром і ўладаром”. Аднак, за гэтую часовы ўдзел Патрыярха ў кіраваньні дзяржавай Расейская Царква і асабіста Патрыярх Нікан заплаціў занадта высокую цану. Пасьпешная і павярхоўная мадэрнізацыя прывяла да маштабнага падзелу ў Расейскай Царкве, а яе кіраўніка – сустрэў кананічны суд усходніх патрыярхаў, якія бачылі ў дзейнасьці Нікана небясьпечныя для еднасьці праваслаўнага сьвету гегемонскія тэндэнцыі.

Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква заклікае Патрыярха Кірылу адмовіцца ад спакусы палітычнага лідэрства і пераглядзець свае погляды адносна ўкраінскага царкоўнага пытаньня. Украіна стамілася ад палітызацыі царкоўнага жыцьця. Мы разумеем, што палітызацыя праваслаўя дыскрэдытуе Праваслаўную Царкву і немінуча прывядзе да маргіналізацыі яе ўплыву на грамадскае жыцьцё.

Украіна не чакае ад Маскоўскага Патрыярха казаньня “палітычнага праваслаўя” і каштоўнасьцяў расейскай геапалітычнае дактрыны. Праваслаўная грамада Ўкраіны чакае ад праваслаўнага сьвету, і, у тым ліку, ад Маскоўскага Праваслаўя не прынясеньня ў наша жыцьцё новых спакусаў, а ахвярнага пастырскага стаўленьня: разуменьня нашых праблемаў, братэрскай любові і шчырага жаданьня дапамагчы вылечыць царкоўны падзел.

Мы перакананы, што рана ці позна з дапамогай альбо актыўнай супраціўленьні Маскоўскага Патрыярхату ва Ўкраіне паўстане адзіная Памесная Праваслаўная Царква. Госпад пашле падзеленаму ўкраінскаму праваслаўю Добрага самараніна, які вылечыць ягоныя раны. І калі гэтым Добрым самарянінам з прыпавесьці Хрыста адмовіўся зрабіцца Патрыярх Маскоўскі, ім зробіцца герарх іншай Памеснае Царквы, які працягне Ўкраіне руку дапамогі і здабудзе сябе і сваёй Царкве ўдзячнасьць мільёнаў праваслаўных украінцаў.

Мы канстатуем, што ў сучасных умовах ва Ўкраіне значнай актуальнасьці набывае падыход да царкоўнага жыцьця, які дэманструе сёньня Сусьветны Патрыярх і лідэр праваслаўнага сьвету Сьвяцейшы Патрыярх Варфаламей: воля ад спакусы этнафілітызму, адчынены да праблемаў сучаснага чалавецтва, вернасьць царкоўнай традыцыі і апостальскаму ідэалу пастыра, які мусіць быць “усім для ўсіх”.

7 жніўня 2009 л. Б.

Прэс-служба Патрыярхіі УАПЦ

http://uaoc.net/?p=2799