Wednesday, May 4, 2011

СЛОВА I НА ПАСХУ. СЬВЯЦІЦЕЛЬ ЛЕЎ ВЯЛІКІ (V ст.)

1. Умілаваныя, у апошняй пропаведзі, наколькі магу судзіць, я належным чынам пераканаў вас удзельнічаць у крыжы Хрыстовым, каб само жыцьцё вернікаў мела ў сабе велікодную таямніцу і услаўлялася норавамі тое, што шануецца на сьвяце. А наколькі гэта карысна, вы выпрабавалі самі і дзякуючы свайму самаахвяраваньню пазналі, якую карысьць дастаўляюць душы і целу працяглыя пасты, частыя малітвы і шчодрыя міласьціны. Сапраўды, няма, мабыць, нікога, хто не атрымаў бы карысьць ад гэтага практыкаваньня і не набыў бы ў глыбіні сваёй душы нешта такое, пра што ён па праве мог бы пацешыцца. Але гэты здабытак варта захоўваць з пільнай строгасьцю, каб з—за паслабленьні нашых прац нянавісьць сатаны не выкрала тое, што даравала Боская мілата, і не прывяла да бязьдзейнасьці.